Перайсьці да зьместу

Вадзім Зайцаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вадзім Зайцаў
Старшыня КДБ РБ
15 ліпеня 2008  9 лістапада 2012
Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі
Папярэднік Юры Жадобін
Начальнік галоўнага кіраваньня Памежнага камітэту Беларусі
29 верасьня 2007  15 ліпеня 2008
Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка
Папярэднік Аляксандар Паўлоўскі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся1964(1964)
Жытомірская вобласьць, УССР
Адукацыя

Вадзі́м Ю́р’евіч За́йцаў (рас. Вадим Юрьевич Зайцев; нарадзіўся ў 1964) — вайсковы і дзяржаўны дзяяч рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, кіраўнік КДБ РБ (з 15 ліпеня 2008 да 9 лістапада 2012).

Нарадзіўся ў 1964 годзе ў Жытомірскай вобласьці Ўкраіны ў сям’і вайскоўца.

У 1986 годзе скончыў Маскоўскую вышэйшую памежную камандную вучэльню КДБ СССР, у 1997 годзе — Акадэмію Фэдэральнай памежслужбы Расеі, у 2004 годзе — Вайсковую акадэмію Генштабу Ўзброеных сілаў РФ. Праходзіў службу на розных пасадах у памежных войсках: ад намесьніка начальніка памежнай заставы да начальніка памежнага атраду, ад старэйшага афіцэра аддзелу штабу да першага намесьніка начальніка штабу Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў Рэспублікі Беларусь (ДКПВ). Зь ліпеня 2005 году — намесьнік старшыні ДКПВ — начальнік галоўнай управы, з красавіка 2007 году — першы намесьнік старшыні ДКПВ — начальнік штабу.

29 верасьня 2007 году прызначаны ўказам Аляксандра Лукашэнкі першым намесьнікам старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту (ДПК) — начальнікам галоўнай управы. 15 ліпеня 2008 зьняты з гэтай пасады і прызначаны кіраўніком КДБ Рэспублікі Беларусь.

У пачатку кастрычніка 2008 году Лукашэнка падпісаў указ № 551, якім у чарговы разь зьмяніў склад Савету бясьпекі. У яго ўведзеныя Вадзім Зайцаў, генпракурор Рыгор Васілевіч, кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей і міністар фінансаў Андрэй Харкавец. Са складу Савету бясьпекі выведзеныя Віктар Шэйман, Генадзь Нявыглас, Пётар Міклашэвіч і Мікалай Корбут[1].

Званьне — генэрал-лейтэнант (2 ліпеня 2009)[2].

15 кастрычніка 2008 году ўзнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь[3].

У 2012 годзе Зайцаў быў звольнены з пасады старшыні КДБ. У 2013 годзе ён прызначаны генэральным дырэктарам расейска-беларускага тэлекамунікацыйнага правайдэра «Космас-ТБ».

4 студзеня 2021 году ў СМІ быў апублікаваны аўдыёзапіс меркавана 2012 году, на якім Зайцаў абмяркоўвае з афіцэрамі КДБ пляны забойства некалькіх палітычных уцекачоў зь Беларусі, у тым ліку Алега Алкаева, палкоўніка Ўладзімера Барадача й Паўла Шарамета. Праз чатыры гады, у 2016 годзе, Шарамет быў забіты ў Кіеве менавіта такім чынам, які абмяркоўваўся ў размове на аўдыёзапісе, праз выбух бомбы[4]. Экспэртыза пацьвердзіла сапраўднасьць голасу Зайцава з размовы 11 красавіка 2012 ў КДБ РБ[5].

Наконт прызначэньня Вадзіма Зайцава на пост кіраўніка КДБ РБ, былы падпалкоўнік КДБ Валеры Костка ў інтэрвію прэс-цэнтру Хартыі’97 заявіў:

« Новага старшыню КДБ Вадзіма Зайцава я асабіста ня ведаю, але бачу, што шмат у чым яго біяграфія зьвязаная з Расеяй. Нарадзіўся ва Ўкраіне, а ўсе вучэбныя ўстановы скончыў у Расеі. Гэта насьцярожвае, паколькі спэцслужбу нацыянальнай бясьпекі павінен узначальваць чалавек, зьвязаны з Беларусьсю. Я думаў, што ў біяграфіі Зайцава ёсьць хоць радок пра тое, што ён працаваў, напрыклад, опэрупаўнаважаным у КДБ. Але я ня бачу, што яго кар'ерны рост праходзіў праз спэцслужбы. Ён працаваў толькі ў памежных войсках. Ня ўпэўнены, што гэта правільны выбар кіраўніка КДБ з пункта гледжаньня прафэсіяналізму. Яго адукацыя і досьвед працы выклікаюць зьдзіўленьне. Затое з біяграфіі Зайцава праглядаецца, што яго кар'ерны рост цесна зьвязаны з кар'ерным ростам старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага. Яны відавочна ішлі ў адным зьвязку. Усім вядома, што Рачкоўскі набліжаны да малодшага Лукашэнкі »

Валеры Костка, Лукашэнка не давярае сілавікам

У 2012 годзе быў уключаны ў Чорны сьпіс Эўразьвязу. Рада Эўрапейскага зьвязу[прыбраць шаблён] прызнала Зайцава адказным за пераўтварэньне КДБ у галоўны орган рэпрэсіяў супраць грамадзянскае супольнасьці й дэмакратычнае апазыцыі(be); за распаўсюд праз сродкі масавай інфармацыі ілжывае інфармацыі пра ўдзельнікаў Плошчы 2010, у якой гаварылася, што яны прынесьлі матэрыялы, якія будуць выкарыстоўвацца ў якасьці зброі; за тое, што ён асабіста пагражаў жыцьцю й здароўю жонкі й дзіцяці былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава; за тое, што ён зьяўляецца галоўным ініцыятарам распараджэньняў па незаконнаму перасьледаваньню дэмакратычнае апазыцыі, катаваньням палітычных апанэнтаў і жорсткім абыходжаньні са зьняволенымі[6].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]