Перайсьці да зьместу

Павал Шарамет

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Павал Шарамет
Дата нараджэньня 28 лістапада 1971(1971-11-28)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 20 ліпеня 2016(2016-07-20)[1][2] (44 гады)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак журналіст, вядовец, тэлевядовец, рэдактар, галоўны рэдактар, тэлежурналіст, праваабаронец
Навуковая сфэра журналіст
Маці Людміла Шарамет[d]
Узнагароды

Па́вал Шараме́т (28 лістапада 1971, Менск — 20 ліпеня 2016, Кіеў) — беларускі журналіст, супрацоўнік Першага каналу расейскай тэлевізіі, адзін з арганізатараў вэбсайту «Беларускі партызан», аўтар (сумесна са Сьвятланай Калінкінай) кнігі «Случайный президент». Аўтар дакумэнтальных фільмаў «Чачэнскі дзёньнік», «Дзікае паляваньне», «1991 — апошні год імпэрыі», «Апошняя вышыня генэрала Лебедзя», «Карэйскі капкан», «Споведзь ката», «СНІД. Сьмерць з адкрытай датай».

Нарадзіўся 28 лістапада 1971 году ў Менску. Скончыў тры курсы гістфаку БДУ. Затым паступіў на факультэт міжнародных адносінаў Беларускага эканамічнага ўнівэрсытэту. Дыплёмная праца — афшорны бізнэс. Вольна валодаў ангельскай мовай.

У 1994—1995 гадох быў аўтарам і вядучым штотыднёвай аналітычнай праграмы «Праспэкт» на Беларускім тэлебачаньні. Атрымаў у 1995 годзе прэмію Беларускага ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча як найлепшы тэлевізійны журналіст Беларусі.

У жніўні 1995 — жніўні 1996 — галоўны рэдактар «Беларускай дзелавой газэты».

Зь верасьня 1996 — супрацоўнік тэлекампаніі ОРТ: кіраўнік Беларускага бюро ОРТ, шэф-рэдактар аддзелу карэспандэнцкай сеткі ОРТ, намесьнік дырэктара Дырэкцыі інфармацыйных праграм ОРТ. Зь ліпеня 1999 па сакавік 2000 быў вядоўцам аналітычнай праграмы «Время» ОРТ, пасьля — кіраўніком аддзелу спэцыяльных праектаў Дырэкцыі дакумэнтальнага кіно расейскага Першага каналу.

Месца пахаваньня Паўла Шарамета на Паўночных могілках Менску

У 1998 годзе быў асуджаны беларускім судом на тэрмін два гады ўмоўна за рэпартаж зь беларуска-летувіскай мяжы.

З 2012 году пачаў весьці блог журналіста ў інтэрнэт-газэце «Украінская праўда». З 2015 году быў вядоўцам на ўкраінскай радыёстанцыі Радыё «Вести»(uk), спачатку па выходных у праграме «Шоу Павла Шеремета»[3], потым па буднях у праграме «Ранок Павла Шеремета»[4].

У апошнім сваім запісе ў блогу на сайце «Беларускі партызан» ад 17 ліпеня 2016 году Павал Шарамет адзначыў, што ў Кіеве пастаянна знаходзіцца ва ўкраінскамоўным асяродзьдзі і заклікаў беларусаў размаўляць на беларускай мове[5].

Забіты 20 ліпеня 2016 году ў Кіеве. У аўтамабілі, на якім ехаў Павал Шарамет, здэтанавала закладзеная бомба[6]. У студзені 2021 г. ініцыятыва «Беларускі народны трыбунал» апублікавала аўдыёзапіс размовы 2012 году, на якім старшыня КДБ Беларусі Вадзім Зайцаў ставіў супрацоўнікам КДБ задачы па забойствах апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку Паўла Шарамета. У дачыненьні да Шарамета Зайцаў гаварыў менавіта пра забойства з дапамогай бомбы[7]. Ігар Макар, былы намесьнік камандзіра баявой групы падразьдзяленьня па барацьбе з тэрарызмам МУС «Алмаз», заявіў, што Іван Церцель быў адным з распрацоўшчыкаў пляну замаху, які адбыўся ў 2016 годзе[8].

Пахаваны на Паўночных могілках у Менску[9].

Узнагароды і намінацыіі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Намінант прэміі ТЭФІ Акадэміі расейскай тэлевізіі як «найлепшы рэпартэр» 1999 году, фіналіст ТЭФІ-2001 у намінацыі «журналісцкае расьсьледаваньне» за фільм «Дзікае паляваньне». За ўнёсак у разьвіцьцё свабоды слова ў 1999 годзе стаў ляўрэатам Міжнароднай прэміі за свабоду прэсы(en) ад Камітэту па абароне журналістаў. У 2002 годзе атрымаў прэмію Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ «За журналістыку і дэмакратыю».

Быў жанаты, меў двух дзяцей.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]