Эдуард Шыркоўскі
Эдуард Шыркоўскі | ||||
Старшыня КДБ Рэспублікі Беларусь | ||||
---|---|---|---|---|
16 лістапада 1990 — 25 студзеня 1994 | ||||
Прэм’ер-міністар: | Вячаслаў Кебіч | |||
Наступнік: | Генадзь Лавіцкі | |||
Асабістыя зьвесткі | ||||
Нарадзіўся: |
18 красавіка 1932 Новы Сьвержань, Наваградзкае ваяводзтва | |||
Памёр: |
11 сакавіка 2002 (69 гадоў) Масква | |||
Партыя: | ||||
Адукацыя: |
Менскі юрыдычны інстытут школа №304 КДБ | |||
Узнагароды: |
|
Эдуа́рд Іва́навіч Шырко́ўскі (18 красавіка 1932, вёска Новы Сьвержань Стаўпецкага павету, Наваградзкае ваяводзтва, Другая Рэч Паспалітая — 11 сакавіка 2002, Масква) — беларускі вайсковы і дзяржаўны дзяяч, першы старшыня КДБ РБ (1990—1994). Генэрал-палкоўнік (1993).
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў вёсцы Новы Сьвержань (цяпер у Стаўпецкім раёне Менскай вобласьці Беларусі). Беларус.
Скончыў Менскі юрыдычны інстытут (1954). Чалец КПСС з 1954. Працаваў сьледчым пракуратуры ў Камсамольску-на-Амуры, у 1955—1957 — на камсамольскай рабоце (сакратар райкаму УЛКСМ Камсамольску-на-Амуры).
У органах дзяржбясьпекі ад 1957 року. У 1959 року скончыў школу КДБ №304 пры Савеце міністраў СССР. Служыў у аддзеле УКДБ па Сьвярдлоўскай вобласьці (РСФСР), з 1961 року — супрацоўнік апэратыўнае ўправы КДБ Уральскай ваеннай акругі.
У 1968 пераведзены ў Маскву, працаваў у сьледчым аддзеле КДБ пры Савеце міністраў СССР. У 1973—1985 — начальнік аддзяленьня, намесьнік начальніка аддзелу, начальнік аддзелу 2-е Галоўнае ўправы КДБ па барацьбе з кантрабандай і незаконнай валютнай дзейнасьцю.
З 1985 року ў БССР, генэрал-маёр. У 1985—1988 — начальнік УКДБ па Віцебскай вобласьці, у 1988—1990 — першы намесьнік старшыні КДБ БССР. На выбарах у Вярхоўны Савет БССР XII скліканьня балятаваўся па 184-й Віцебскай-Першамайскай акрузе, ды саступіў галоўнаму рэдактару часопіса «Полымя» Сяргею Законьнікаву[1].
З 16 лістапада 1990 — старшыня КДБ БССР (зь верасьня 1991 — КДБ РБ). Прысутнічаў у Віскулях падчас падпісаньня Дамовы пра стварэньне Садружнасьці незалежных дзяржаваў, адкуль 7—8 сьнежня рэгулярна інфармаваў Міхаіла Гарбачова пра хаду падзеяў, гатовы ў выпадку загаду да арышту «змоўшчыкаў»[2].
25 студзеня 1994 на закрытым паседжаньні Вярхоўнага Савету Беларусі вызвалены ад займанай пасады разам зь міністрам унутраных справаў Уладзімерам Ягоравым. Прычынай іхняе адстаўкі стала падпісаньне імі дазволу на экстрадыцыю былых лідэраў летувіскай кампартыі Буракявічуса і Ермалавічуса, затрыманых 15 студзеня 1994 року ў Беларусі[3]. Дэпутаты парлямэнцкай апазыцыі ж сапраўднай прычынай адстаўкі Эдуарда Шыркоўскага і Ўладзімера Ягорава называюць іхняе супрацьстаяньне з тагачасным прэм’ер-міністрам Вячаславам Кебічам. Напрыканцы 1993 року абодва міністры зьвярнуліся да парлямэнту з адкрытым лістом, дзе абвінавацілі атачэньне Кебіча ў неканстытуцыйных дзеяньнях, у прыватнасьці ў стварэньні неканстытуцыйных структураў і спробе прысабечыць КДБ[4]. Неўзабаве яны былі вызваленыя ад пасадаў, а сьледам за імі і Станіслаў Шушкевіч.
З 31 сакавіка 1994 на пэнсіі, пераехаў у Маскву, дзе і памёр. За два рокі да сьмерці, у 2000 року, у інтэрвію маскоўскай газэце «Трыбуна» выказаў шкадаваньне, што не арыштаваў у 1991 у Віскулях «гэтую тройку»[3][5] (маюцца на ўвазе падпісанты Белавескіх пагадненьняў Станіслаў Шушкевіч, Леанід Кучма і Барыс Ельцын).
Пахаваны 14 сакавіка 2002 року на Траякураўскіх могілках[5].
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ордэн Чырвонай Зоркі
- Ордэн Знак Пашаны
- 12 мэдалёў
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Сяргей Навумчык. (4 сакавіка 2010) Калі генэрал КДБ казаў пра сумленьне Блогі. Радыё «Свабода». Праверана 12 лістапада 2012 г.
- ^ Шутов А.Д. На руинах великой державы, или Агония власти. 1991—2003 годы. — М.: Вече, 2004. — (Ракурс). — 5000 ас. — ISBN 978595330191
- ^ а б КДБ на пачатку незалежнасьці Esperanto. Польскае радыё (19 жніўня 2007). Праверана 12 лістапада 2012 г.
- ^ Сяргей Навумчык. Сем гадоў Адраджэньня // ARCHE Пачатак. — 2006. — № 3 (43).
- ^ а б Юры Весялкоўскі. Рэакцыянэры ў дзеяньні // Ад Гарбачова да Белавежы (1985—1991). — Беласток — Лёндан: 2004.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Надтачаев В.Н. Военная контрразведка Беларуси: Судьбы, трагедии, победы. — Мн.: Кавалер, 2008. — 432 с. — 3100 ас. — ISBN 978-985-6053-36-1
- Ширковский Эдуард Иванович // Генералы органов государственной безопасности Беларуси. Краткий биографический справочник (1918—2001) / Авторы-составители И.З. Юркин, А.И. Ильюшенко, А.С. Горохов. — Мн.: Арнелла, 2001. — С. 47.