Перайсьці да зьместу

Беларускае фэнтэзі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Белару́скае фэ́нтэзі — мастацкія творы, напісаныя беларускімі аўтарамі ў жанры фэнтэзі.

Фэнтэзі як асобны жанр пачаў фармавацца на мяжы XIX—XX стст. У аснове жанру закладзеныя казачныя і міталягічныя матывы. Сярод асноўных герояў звычайна людзі з чароўнымі здольнасьцямі (чараўнікі, друіды, празорцы і г. д.) ці з чароўнымі прадметамі (рыцары з зачараванай зброяй), мітычныя стварэньні, нярэдка запазычаныя зь сярэднявечных бэстыяраў (цмокі, аднарогі, пярэваратні).

У беларускай літаратуры элемэнты фэнтэзі можна знайсьці нашмат раней да зьяўленьня жанру. Асабліва ярка гэта адлюстравана ў творы Яна Баршчэўскага — «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» (1844—1846). Найбольшае разьвіцьцё ў беларускай літаратуры жанр атрымаў у XXI стагодзьдзі.

XIX стагодзьдзе. Заснавальнікі жанру ў беларускай літаратуры

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фэнтэзійныя элемэнты прысутнічалі ў беларускае культуры яшчэ з даўніх часоў, бо жанр цесна зьнітаваны і з фальклёрам, і зь міталёгіяй. Элемэнты містыцызму і вобразы міталягічных істот выкарыстоўваў у сваёй творчасьці яшчэ Адам Міцкевіч. Падчас працы над сваімі балядамі ў 1819—1821 роках Міцкевіч зьвяртаўся да багацьцяў беларускага фальклёру[1]. Так, да вобразу Сьвіцязянак (насельніцы возера Сьвіцязь, белатварыя дзяўчыны з даўгімі распушчанымі валасамі, у якіх ператварыліся жанчыны места Сьвіцязь, затопленага багамі па іх просьбе вадой, каб пазьбегнуць зганьбаваньня варожым маскоўскім войскам) і легендаў, зьвязаных зь імі, паэт зьвяртаўся ў сваіх балядах «Сьвіцязь» (1820), «Сьвіцязянка» (1821), «Рыбка» (1822)[2].

Вокладка «Шляхціц Завальня» выданьня 1884 году

Але ж найбольш ярка беларуская міталёгія адлюстравана ў творы Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» (1844—1846), у якім аўтар нас пераносіць у фантастычную, выдуманую Беларусь, у якой чытач спаткаецца зь пярэваратнямі і ваўкалакамі, з волатамі і цмокамі, пачварамі, чараўнікамі і чарнакніжнікамі. Ягоныя пэрсанажы прыйшлі ў твор з нацыянальнай міталёгіі, шчодра населенай русалкамі, вадзянікамі, лесунамі, ваўкалакамі, але некаторых пэрсанажаў Баршчэўскі прыдумаў сам — Сына Буры, Белую Сароку, Плачку. Акурат Ян Баршчэўскі лічыцца заснавальнікам жанру фэнтэзі ў беларускае літаратуры. Ён, як запраўдны пісьменьнік-фантаст, глядзеў наперад, у будучыню, і як бы прадбачыў зьяўленьне прозы жахаў, фэнтэзі, навуковай фантастыкі[3]. Паводле міталягічнай асновы твораў Баршчэўскага ягоную творчасьць варта аднесьці да такога субжанру, як славянскае фэнтэзі, у аснове якога ляжыць спалучэньне славянскага фальклёру (паданьняў, былінаў, мітаў) і стандартных фэнтэзійных канонаў.

На прэзэнтацыі сваёй фэнтэзійнай аповесьці на пытаньне пра традыцыі беларускай фантастыкі беларускі паэт і філёляг Серж Мінскевіч сказаў: «Мы самыя першыя напісалі фэнтэзі, калі яшчэ і не прыдумалі гэтаму жанру назву. Яшчэ не было Толкіна, а ў нас ужо быў Ян Баршчэўскі…»[4].

Выкарыстаньне шматлікіх міталягічных пэрсанажаў прысутнічае ў нашаніўскай паэзіі Янкі Купалы. Некаторыя дасьледчыкі (напр. канд. філ. навук Г. М. Мятліцкая) нават ужываюць такі тэрмін, як купалаўскі міталягізм. Пэўны час міталягічная вобразнасьць у творчасьці паэта была ледзьве не дамінантнай[5]. «Цемнатворцы» ды такія мітычныя і паганскія істоты, як ведзьмы, ваўкалакі, чэрці, вадзянікі, русалкі ды іншыя, пануюць у яго вершах «Ў вечным боры…» (1912), «Русалка» (1912), «Хохлік» (1911), «Дзе ні вылеці зь няволі…» (1906), «Забытая карчма» (1907), «Люлі, люлі, мужычок!» (1905—1907), «Ноч за ночкай» (1909), паэме «Сон на кургане» (1910). Чаго толькі варты ўрывак зь ягонага верша «Забытая карчма»: «Жэняць ведзьму з ваўкалакам, сватае шынкар, попам — рабін, ведзьма — дзякам, а чорт — гаспадар. Так гуляюць, покуль недзе ня кігне пятух… Гіне ўсё, і па бяседзе пуста, сумна ўкруг».

«Лябірынты» Вацлава Ластоўскага. Выданьне 1944, Бэрлін

Дапаўняе нацыянальную ўтопію Вацлаў Ластоўскі, які ў 1923 року выдаў споўненую загадкамі аповесьць «Лябірынты», якой, напэўна, і на сёньня няма жанравых аналягаў ні ў беларускай, ні ў сусьветнай літаратурах[6]. Жанр твору займае пагранічнае становішча паміж утопіяй і навуковай фантастыкай, у ім назіраецца паяднаньне гістарычнага і фантастычнага. У творы мы бачым перапляценьне некалькіх сьвядомых аўтарскіх містыфікацый, галоўная зь якіх зьвязаная з існаваньнем Полацкага лябірынту. І як у старажытнагрэцкай міталёгіі існаваў міт пра лябірынт на Крыце і пра Мінатаўра, які паслужыў тэмай для шэрагу літаратурных твораў, так і Полацкі лябірынт у трактоўцы Ластоўскага стаў для яго адным з цэнтральных артэфактаў, на якім грунтавалася ягоная крэўская тэорыя[7].

У кантэксьце стварэньня новых мастацкіх сусьветаў праводзіць асацыяцыю Ўладзімера Караткевіча з Толкінам дасьледчык Андрэй Хадановіч. Па словах Хадановіча, Беларусь Караткевіча — ідэальная краіна, населеная шляхетнымі рыцарамі, мужнымі патрыётамі і нацыянальна сьвядомымі арыстакратамі з паэтычнымі здольнасьцямі. І стваральнікам беларускага фэнтэзі Хадановіч лічыць менавіта Караткевіча[8]. І насамрэч, для творчасьці Караткевіча характэрны ня толькі гістарызм, але і наданьне ёй асобных міталягічных рыс. Крытык Аляксей Ненадавец у артыкуле «Міталёгія ў творах Уладзімера Караткевіча» заўважае, «што ў творах пісьменьніка самі паняцьці „чарадзейка“, „чараўнік“, „знахар“, „варажбіт“ амаль не адрозьніваюцца па сэнсе, хаця тут былі, адпаведна свае тонкасьці, выпрацаваныя шматвяковым практычным вопытам народа»[9].

На думку старшыні сэкцыі «Прыгоды і фантастыка» СПБ Уладзімера Кулічэнкі, беларускія фантасты больш атрымалі посьпех у жанры «фэнтэзі», чым у жанры «навуковай» фантастыкі, бо «фэнтэзі» і ягоныя паджанры больш даступныя для ўспрыманьня сучаснага чытача, чым творы «навуковай» фантастыкі, і таму хутчэй знаходзяць водгук[10]. Напэўна, найбольш ярка ў гэтым жанры вылучаецца Вольга Грамыка, чые кнігі (выдаецца з 2003 году) створаныя часам у жанры гумарыстычнага фэнтэзі, адрозьнівае іронія, месцамі пераходзячая ў сарказм. Галоўнымі героямі яе кніг зьяўляюцца пэрсанажы, якія ў традыцыйным фэнтэзі адносяцца да адмоўных: ведзьмы, вампіры, пярэваратні, цмокі, тролі й іншыя[11]. А фэнтэзійны сьвет, створаны пісьменьніцай, дзесьці нагадвае беларускія землі. Так, назва яе выдуманай краіны Белорыя відавочна адпавядае Беларусі, назва сталіцы Белорыі Стармін сугучна Мінску, гораду Віцяга — Віцебску.

Яшчэ па адной краіне прыдуманай дзяржавы, на гэты раз заснаванай на легендах і паданьнях Вялікага Княства Літоўскага, мы можам павандраваць у рамане «Ганітва» пісьменьніцы Нікі Ракіцінай (напр. імя — Людміла Багданава). Гэроі раману — запраўдныя беларускія пэрсанажы. І таксама пазнаецца тапаніміка беларускіх гарадоў. Прататыпам Омеля зьяўляецца Гомель, родны горад пісьменьніцы. Назвы ж вёсак і сяліб напроста пераносіліся з мапы Беларусі на старонкі кнігі: Строчыцы, Макееўка, Наўліца. А самі падзеі разгортваюцца ў краіне, якая завецца Лейтавай — як гістарычная Літва, ВКЛ[12]. На кангрэсе «Эўракон-2008», заснаваным Эўрапейскім саюзам навуковай фантастыкі, экспэрты прызналі беларуску Ніку Ракіціну найлепшай маладой пісьменьніцай-ф


-фкайтастам[13].

На беларускіх землях разгортваюцца прыгоды ў нізцы казак Пятра Васючэнкі «Прыгоды паноў Кубліцкага ды Заблоцкага» («Прыгоды паноў Кубліцкага і Заблоцкага» (1997) і «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі» (2003)). Твор часам і абсурдны, і камічны, і філязафічны, дазваляе нам з боку зірнуць на нелягічнасьць чалавечых празьмерных жаданьняў. І ўсё гэта падаецца з народным гумарам. Гэта добра бачна, напрыклад, ва ўрыўку, дзе паны даюць парады Куры-Шчабятуры пра то, якое яна мае прынесьці кураняці («[Заблоцкі] Каб сала на тым кураняці было з далонь таўшчынёю… [Кубліцкі] Дый ростам каб яно было з ладнага парсюка… [Заблоцкі] Не з парсюка, а з быка, каб было велічынёю! Во!»). Але замест жаданага паны атрымліваюць яйка памерам з бочку, зь якога вылупляецца Страшыдла, што патрабуе есьці. У 2003 за кнігу «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі» Пятро Васючэнка ганараваны прэміяй «Гліняны Вялес» (за найлепшую мастацкую беларускамоўную кнігу году)[14]. А ў 2013 годзе аўтар зьвярнуўся і да міталёгіі старажытнай Грэцыі, распавёўшы ва ўласьцівай яму манеры, займальна і з гумарам, пра подзьвігі вядомага асілка Гэракла («Дванаццаць подзьвігаў Гэракла»)[15].

Андрэй Жвалеўскі падчас раздачы аўтографаў

З 2002 року з-пад пяра суаўтараў Андрэя Жвалеўскага і Ігара Міцько выходзіць цыкл фэнтэзійных раманаў-пародый на вядомую ва ўсім сьвеце сэрыю гісторый пра Гары Потэра — «Поры Гатэр» («Поры Гатэр і Каменны Філёзаф»; «Асабістая справа Мергіоны ці чатыры Чортавы тузіны»; «Дзевяць подзьвігаў Сэна Аесьлі»). Пародыя пабудавана на «перагортваньні» сюжэту: амаль кожная рэч, апісаная ў арыґінале, вывернута навыварат. Поры Гатэр тут звычайны хлопчык, які зьявіўся ў вядзьмарскай сям’і, але да засмучэньня сваіх бацькоў, зусім не валодае магічнымі здольнасьцямі[16]. Напачатку пародыі падабенства з арыґіналам праглядаецца досыць выразна, нават вытрымліваецца адпаведнасьць сюжэтных лініяў. Але ўжо прыкладна пасьля чвэрці кнігі сюжэт пачынае заўважна адхіляцца ад арыґінала.

Вельмі плённа творыць для дзяцей у навукова-фэнтэзійным жанры Раіса Баравікова. Напэўна, асабліва вылучаецца ейная трылёгія для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту «З казак старога астранаўта» (2005). Тут і касьмічныя прыгоды, і авантурны сюжэт, рэальны сьвет існуе недзе побач з выдуманым. Кніга адметная тым, што аўтарка надае свайму фантастычнаму твору нацыянальны калярыт. Напрыклад, касмадром у творы знаходзіцца пад Раўбічамі, а экіпаж астранаўтаў сумуе не па плянэце Зямля, а па беларускай прыродзе[17].

Людміла Рублеўская з трылёгіяй «Авантуры Пранціша Вырвіча»

Умоўна да жанру фэнтэзі можна аднесьці «аповесьць-міт» Людмілы Рублеўскай «Дзеці гамункулуса» (2000), у аснову якой пакладзена легенда пра чарнакніжніка пана Твардоўскага, стваральніка штучнага чалавека — гамункулуса. У той жа час для творчасьці Рублеўскай больш характэрны зварот да міталягічнай спадчыны, як, напрыклад, у ейнай кнізе «Старасьвецкія міты гораду Б.», у якой прыгожыя гісторыі старажытнарымскіх і грэцкіх мітаў нібы пераносяцца і накладаюцца на рэаліі жыхароў звычайнага беларускага мястэчка XIX стагодзьдзя[18]. І ў пэўнай ступені аўтарцэ атрымалася стварыць сьвет гістарычнага беларускага фэнтэзі ў цыклу гісторый пра Пранціша Вырвіча. Нават мова твора месцамі вытрымана на старажытны, напышліва барочны манер. Вельмі гэта адчуваецца ў першай частцы («Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега», 2012), насычанай гістарычнымі показкамі. Напрыклад, гісторыя, да якой нельга адносіцца без гумару — гісторыя пра спатканьне Караля Радзівіла Пане Каханку з русалкай, і што «вынікам шлюбу былі селядцы». На працягу прыгод Вырвіча згадваецца і сусьветнае дрэва Ігдрасіль, і лябірынты зь Мінатаўрам, і вынаходніцтвы Леанарда да Вінчы[19].

Сьвет прыгод чакае і ў цыклі фэнтэзійна-прыгодніцкіх рыцарскіх раманаў «Кароль і Судзьдзя» Інны Сударавай, які распачынае раман «Судзьдзя каралеўскага дома» (2006), гэроі змагаюцца зь ляснымі разбойнікамі, і іх чакаюць сутычкі і інтрыгі, здрада сяброў і каханьне прыгожых дам, бітвы і слава[20].

Блізкі да эпічнага фэнтэзі цыкль раманаў Натальлі Новаш «Здабыцьцё мінулага» (2009), у якім пасьля сутыкненьня велізарнай камэты зь Зямлёй адчыняюцца «дзьверы» паміж сьветам людзей і сьветам эльфаў[21].

У сьвет магіі, эльфаў, пярэваратняў, людажэраў, вампіраў, ваяроў і драконаў пераносіць чытача і Сьвятлана Ўласевіч, таксама аўтарка цэлага цыклю раманаў, але ўжо пра драконаў — «Сагі пра Драконаў», які распачынае раман «Паўтара мэтра непаразуменьняў, ці Не будзіце сьпячага Дракона!» (2009)[22].

Яшчэ адна кніга, гэроі якой драконы — раман Эльвіры Вашкевіч «Дарога да срэбных вадаспадаў» (2014), у якім з далёкай плянэты, дзе жывуць драконы, на нашу Зямлю накіроўваецца пасланец у пошуках патэнцыйнага кантакцёра з магічнымі здольнасьцямі[23].

Чароўны сьвет міталягічных істот сустракае нас і ў рамане-фэнтэзі Генадзя Аўласенкі «Палонныя чорнага лесу» (2011). У страхотным і таямнічым Чорным лесе жыве мноства самых разнастайных пачвар, а непраходныя Паўночныя скалы засяляюць гномы. І паміж лесам і гарамі, на шырокай даліне жывуць варагуючыя паміж сабою чалавечыя плямёны[24]. У 2014 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў зборнік ягоных містычна-фантастычных апавяданьняў «Ключ, які нічога не адмыкае»[25].

Кніга Сержа Мінскевіча «Ўсьмешка жалобнай каралевы, альбо Таямніца магнітнага замка» (2013) заснаваная ўжо на беларускай міталёгіі. У вобразе гэроя гэтае казкі, мастаку-вандроўніку Дроздічы, які ходзіць у ботах з чырвонага саф’яну, з чароўным парасонам-кіёчкам, і малюе не ўсьмешкі, а «усмуткі», які забірае сум людзей, лёгка пазнаецца легендарны беларускі мастак Язэп Драздовіч. Галоўныя гэроі аповесьці — Алеола, «будучая яснапанна», і Арцін, будучы віцязь са Сьветлаазёрнай краіны. Іхніх бацькоў разам з усімі жыхарамі мястэчка выкрала «Жалобная Каралева Паляндра», і дзеці адпраўляюцца перамагаць злую чараўніцу[26].

У жанры прыгодніцкага фэнтэзі кніга Аляксея Шэіна «Сем камянёў» (2015). Хлопчык Ясь, галоўны герой, трапляе ў чароўную краіну Эферыю, дзе становіцца ўдзельнікам барацьбы за свабоду. Галоўнаму гэрою трэба разгадаць загадку крышталяў, каб выратаваць жыцьцё сваёй сяброўкі і вызваліць чароўную краіну ад прыгнёту злога самазванца[27]. Кніга пра веру, свабоду і каханьне, за якія часам трэба змагацца зь мечам у руках[28]. Кніга была адзначана Эўрапейскім таварыствам навуковай фантастыкі за лепшы літаратурны дэбют[29].

У 2017 годзе на Нацыянальную літаратурную прэмію ў галіне дзіцячай літаратуры было намінавана адразу два фэнтэзійных твора — фэнтэзі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой «Канікулы з прыгодамі, альбо Зваротны візіт Зорнічка да хлопчыка Стасіка» і фэнтэзійныя гісторыі Анатоля Караленкі «Дзецям пра нафту»[30]. У тым жа годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў зборнік казак «Нявеста для Базыля», у складзе якога было надрукавана некалькі фэнтэзійных апавяданьняў: стылізаванае пад фальклёр прыгодніцкае фэнтэзі «Жаўнер і вужалка» Алега Грушэцкага, чараўнічае фэнтэзі «Чорная закавыка» Сержа Мінскевіча і фэнтэзійная гісторыя «Нявеста для Базыля» Галіны Пшонік[31][32].

Алег Грушэцкі з трылёгіяй «Рыцар Янка і каралеўна Мілана»

У 2020 годзе выйшла кніга Святланы Аўдзейчык «Кніга Здольных» — першая частка трылёгіі пра Наследнікаў Сакрума, якая ўвайшла ў паўфінал міжнароднага конкурсу «Новая дзіцячая кніга — 5» у намінацыі «Фэнтэзі. Фантастыка. Прыгоды»[33].

Знакавым стаў для беларускамоўнага фэнтэзі і 2021 год. На падставе беларускага фальклёру выйшла першая кніга з фэнтэзійнай трылёгіі Алега Грушэцкага «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства», гэроі якой — мітычныя персанажы беларускіх паданьняў, а падзеі разгортваюцца ў сьвеце, падобным на беларускае Сярэднявечча. Галоўным гэроям, юным брату і сястры, належыць выратаваць каралеўства ад чарадзея, які падступна захапіў трон[34]. Кніга ўнікальная тым, што яе можна назваць запраўдным беларускім фэнтэзі[35]. У траўні 2021 года ў Нацыянальнай акадэміі навук прайшоў II Міжнародны форум дасьледчыкаў беларускае казкі, да якога было падрыхтавана адразу некалькі дакладаў, прысьвечаных фэнтэзі ў беларускай літаратуры, сярод якіх, напрыклад, даклад навукоўца-літаратуразнаўцы Тацьцяны Барысюк «Ідэйна-вобразныя пошукі ў кнізе казак Алега Грушэцкага „Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства“». Таксама быў праведзены круглы стол (мадэратарам якога стаў Серж Мінскевіч), на якім, сярод іншых, была асобна разгледжана тэма «Казка і фэнтэзі»[36]. У гэтым жа годзе зьявіўся і твор Альгерда Бахарэвіча «Тэатр шчасьлівых дзяцей», які сам аўтар ахарактыразаваў, як «беларускае фэнтэзі з элементамі палітычнага трылеру»[37]. Юныя гэроі нечакана апынуліся ў таямнічым краі, не маючы ані тэлефона, ані зброі, і вымушаны знайсьці сяброў што зьніклі і выбрацца з пасткі. Твор выйшаў у электронным фармаце, а ў друкаваным варыянце кніга была выдадзена толькі ў адным экзэмпляры і выстаўлена на аўкцыён. У 2023 годзе кніга была агучана і зьявілася на плятфломе «Кніжны воз»[38].

А ў 2022 годзе выйшаў працяг папулярнага[39][40] прыгодніцкага фэнтэзі Алега Грушэцкага — «Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Каралеўству патрэбны героі», у якім юныя гэроі перад ад’ездам дадому вырашаюць яшчэ раз наведаць таямнічае каралеўства Сварга, але даведваюцца, што яго захапіў яшчэ больш магутны вядзьмак, якім рухае толькі помста, і яны зноў уступаюць у барацьбу за вызваленьне каралеўства, у яшчэ больш складаных умовах[41]. Таксама ў 2022 годзе выйшла і другая частка запланаванай трылёгіі Сьвятланы Аўдзейчык «Кніга здольных 2. Нашчадкі агрыяў»[42].

  1. ^ Лойка, А.А. Адам Міцкевіч і беларускі фальклор // Адам Міцкевіч і Беларусь / Уклад. В. Грышкевіч, навук. рэд. А. Мальдзіс, Т. Нягодзіш. — Мн.: ННАЦ імя Ф. Скарыны, 1997. — С. 109. — 320 с. — 1000 ас. — ISBN 985-6419-06-9
  2. ^ Лойка, А.А. Адам Міцкевіч і беларускі фальклор // Адам Міцкевіч і Беларусь / Уклад. В. Грышкевіч, навук. рэд. А. Мальдзіс, Т. Нягодзіш. — Мн.: ННАЦ імя Ф.Скарыны, 1997. — С. 110–111. — 320 с. — 1000 ас. — ISBN 985-6419-06-9
  3. ^ Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Ян Баршчэўскі // Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. — Санкт-Пецярбург: 2014. — С. 52. — 374 с.
  4. ^ Карацупа, В. Мінскевіч Серж (рас.). Архив фантастики. Праверана 10 сакавіка 2015 г.
  5. ^ Мятліцкая, Г. М. Сімвалічная функцыя міталягічных пэрсанажаў у паэзіі Янкі Купалы / Г. М. Мятліцкая // Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Сер.4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. — 2005. — № 3. — С. 13-18.
  6. ^ Васючэнка, П.В. Першаадкрывальнік з роду Ластаў. Мастацкія адкрыцці Вацлава Ластоўскага // Ад тэксту да хранатопа : артыкулы, эсэ, пятрогліфы / Пад рэд. М. Тычыны. — Мн.: Галіяфы, 2009. — С. 54. — 200 с. — 300 ас. — ISBN 978-985-6906-13-1
  7. ^ Васючэнка, П.В. Першаадкрывальнік з роду Ластаў. Мастацкія адкрыцці Вацлава Ластоўскага // Ад тэксту да хранатопа : артыкулы, эсэ, пятрогліфы / Пад рэд. М. Тычыны. — Мн.: Галіяфы, 2009. — С. 56. — 200 с. — 300 ас. — ISBN 978-985-6906-13-1
  8. ^ Хадановіч, А.В. Уладзімер Караткевіч і філязофскі камень // ARCHE : Часопіс. — 2006. — В. 41, 42. — № 1, 2. — С. 106.
  9. ^ Ненадавец, А.М. Міфалогія ў творчасці Уладзіміра Караткевіча // Маладосць : Часопіс. — 2005. — № 11. — С. 136.
  10. ^ «Ды@блог. Пра літаратуру». Госьць – Уладзімер Кулічэнка. Навуковая фантастыка. Беларусь 3 (11 сьнежня 2014). Праверана 10 сакавіка 2015 г.
  11. ^ Ольга Громыко (рас.). Лаборатория Фантастики. Праверана 10 сакавіка 2015 г.
  12. ^ Ника Ракитина — новые книги (рас.). LiveLib.ru. Праверана 10 сакавіка 2015 г.
  13. ^ Гуляева, М. Я пишу неформат  (рас.) // БелГазета : Газэта. — Мн.: 2 ліпеня 2008. — В. 643. — № 22.
  14. ^ «Вялес» — Васючэнку. Наша Ніва (5 сакавіка 2004). Праверана 10 сакавіка 2015 г.
  15. ^ Рублевская, Л.И. Кисть и меч  (рас.) // Советская Белоруссия : Газэта. — 9 студзеня 2014. — № 4 (24387).
  16. ^ Порри Гаттер (рас.). Лаборатория Фантастики. Праверана 10 сакавіка 2015 г.
  17. ^ Бязьлепкіна, А.П. (1 лютага 2012) Раіса Баравікова. «Казкі астранаўта: касмічныя падарожжы беларусаў». ВясёлкаПраверана 10 сакавіка 2015 г.
  18. ^ Жених панны Дануси (рас.). LiveLib.ru. Праверана 10 сакавіка 2015 г.
  19. ^ Янкута, Г.В. (21 лютага 2013) Як напісаць гісторыю. Budzma.orgПраверана 10 сакавіка 2015 г.
  20. ^ Судья королевского дома (рас.). Лаборатория Фантастики. Праверана 10 сакавіка 2015 г.
  21. ^ Обретение прошлого (рас.). LiveLib.ru. Праверана 10 сакавіка 2015 г.
  22. ^ Полтора метра недоразумений, или Не будите спящего Дракона! (рас.). Лаборатория Фантастики. Праверана 10 сакавіка 2015 г.
  23. ^ Малай, Г. Фэнтэзі: ёсць кантакт! // Літаратура і мастацтва : Газэта. — Мн.: СПБ, РВУ «Звязда», 11 ліпеня 2014. — В. 4776. — № 27. — С. 7.
  24. ^ Пленники чёрного леса (рас.). Лаборатория Фантастики. Праверана 10 сакавіка 2015 г.
  25. ^ Генадзь Аўласенка. Ключ, які нічога не адмыкае Нашы кнігі. Мастацкая літаратураПраверана 22 сакавіка 2015 г.
  26. ^ Рублевская, Л.И. Сказки запределья  (рас.) // Советская Белоруссия : Газэта. — 14 ліпеня 2014. — № 108 (24245).
  27. ^ Шэін А. Сем камянёў Праверана 14 красавіка 2015 г.
  28. ^ Дорская А. (13 сакавіка 2015) Стваральнік курсаў «Моваведа» Аляксей Шэін напісаў фэнтэзі для падлеткаў. СБППраверана 22 сакавіка 2015 г.
  29. ^ Аляксей Шэін атрымаў міжнародную прэмію за кнігу фэнтэзі. Новы час (21 чэрвеня 2017). Праверана 1 лютага 2019 г.
  30. ^ Гапееў В. А дзяўчынка малявала караблік… // Літаратура і мастацтва : газ.. — Мн.: СПБ», РВУ «Звязда», 1 сьнежня 2017. — В. 4951. — № 48. — С. 7.
  31. ^ Рублеўская Л. (22 снежня 2017) Люстэрка для песні. Советская БелоруссияПраверана 1 лютага 2019 г. Архіўная копія ад 23 снежня 2017 г.
  32. ^ Грушэцкі А. Казачная нявеста запрашае ў чароўны свет // Літаратура і мастацтва : газета. — Мн.: СПБ, РВУ «Звязда», 2018. — В. 4956. — № 1. — С. 7.
  33. ^ «Кніга здольных» — пра падлеткаў і для падлетк. Новы Час (2019-12-06). Праверана 2021-05-31 г.
  34. ^ Выйшла новая кніга Алега Грушэцкага. Гэта фэнтэзі на аснове беларускага фальклору. Новы Час (2021-05-04). Праверана 2021-05-31 г. Архіўная копія ад 31 мая 2021 г.
  35. ^ „Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства”. Беларускае Радыё Рацыя (2021-06-08). Праверана 2021-06-08 г. Архіўная копія ад 8 чэрвеня 2021 г.
  36. ^ II Міжнародны форум даследчыкаў беларускай казкі. — Мн.: НАН РБЦДБКМЛ, 2021. — С. 15, 17. — 20 с.
  37. ^ Кніга «Тэатр шчаслівых дзяцей» Бахарэвіча выдадзена ў адным экзэмпляры і выстаўлена на аўкцыён. Новы Час (2021-09-21). Праверана 2023-04-01 г. Архіўная копія ад 2021-11-10 г.
  38. ^ Кнігу Альгерда Бахарэвіча «Тэатр шчаслівых дзяцей» можна паслухаць у аўдыяфармаце. Будзьма беларусамі! (2023-03-29). Праверана 2023-04-01 г. Архіўная копія ад 2023-03-29 г.
  39. ^ Каралеўству патрэбны героі. Выйшаў з друку працяг дзіцячага беларускага фэнтэзі пра рыцара Янка і каралеўну Мілану. Новы Час (2022-06-24). Праверана 2022-06-26 г. Архіўная копія ад 26 чэрвеня 2022 г.
  40. ^ Героі беларускага фэнтазі вяртаюцца : газэта. — Ліда: ТБМ, 13 ліпеня 2022. — № 28. — С. 11—12.
  41. ^ Каралеўству патрэбны героі. Выйшаў з друку працяг дзіцячага беларускага фэнтэзі пра рыцара Янка і каралеўну Мілану. Budzma.org (2022-06-24). Праверана 2022-06-26 г. Архіўная копія ад 26 чэрвеня 2022 г.
  42. ^ Кніга здольных 2. Нашчадкі агрыяў. НВК “Тэхналогія” (2022). Праверана 2022-06-26 г.
  43. ^ Станіслава Ўмец на сайце Нацыянальнай літаратурнай прэміі