Беларуская дзіцячая літаратура

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Белару́ская дзіця́чая літарату́ралітаратура на беларускай мове, прызначаная для дзяцей і падлеткаў, іх выхаваньня і адукацыі праз мову мастацкіх вобразаў.

Бярэ свой пачатак з даўніх часоў ад дзіцячага фальклёру (казкі, калыханкі, прыгаворы, загадкі, песьні, дзіцячыя гульні і г. д.). Станаўленьне, як жанру літаратуры, адносіцца да XVI стагодзьдзя, часу ўзьнікненьня беларускага кнігадрукаваньня. Спачатку разьвіваецца пераважна як літаратура рэлігійнай скіраванасьці. Больш выразна накіраванасьць на дзіцячую аўдыторыю фармуецца ў XIX стагодзьдзі. Найбольшы росквіт адносіцца да XX стагодзьдзя, калі зарадзіўся і стаў разьвівацца рух беларускага нацыянальнага адраджэньня. У гэты час дзіцячая літаратура ўзбагацілася новымі яркімі імёнамі, жанрамі і творамі, якія даходзілі да юнага чытача празь дзіцячыя газэты, часопісы, кнігі, сцэнічныя пастаноўкі. Багата разьвіваецца і ў XXI стагодзьдзі, папаўняючыся ня толькі новымі імёнамі і яркімі творамі, але і новымі формамі падачы матэрыялу з дапамогай сучасных сродкаў і інавацыяў.

Станаўленьне беларускай дзіцячай літаратуры празь беларускі дзіцячы фальклёр[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Беларускія казкі

Вытокі беларускай дзіцячай літаратуры ляжаць у вуснай народнай творчасьці. Вусна-паэтычная творчасьць на Беларусі з даўніх часоў спрыяла выхаваньню высокіх грамадзкіх ідэалаў, здаровых маральных прынцыпаў і мастацкага густу народа. Гэтую ж функцыю выконваў і дзіцячы фальклёр[1]. Тэрмін «дзіцячы фальклёр» зьявіўся ў пачатку ХХ стагодзьдзя[2][a]. Пад яго паняцьцем разумелася тая частка вусна-паэтычнай творчасьці, якая была даступнай, цікавай і карыснай у павучальным пляне самім дзецям, і адпавядала пэўным асаблівасьцям іх узроставага ўспрыманьня. Але карані дзіцячага фальклёру ляжаць значна глыбей, і яго жанры часьцяком зьвязаны з замоўнай паэзіяй. У дзіцячым фальклёры можна вылучыць тры асноўныя групы, якія склаліся гістарычна і замацаваліся ў фальклярыстыцы:

  1. творы, якія складаліся адмыслова для дзяцей (забаўлянкі, калыханкі, песьні, дзіцячыя гульні, некаторыя казкі, пястушкі і т. п.);
  2. творы, якія страцілі сваё значэньне для дарослых і перайшлі да дзяцей (прыгаворы, загадкі, лічылкі, заклічкі, казкі, некаторыя песьні, гульні і пад.);
  3. творы, якія прыдумалі самі дзеці[2].

Такім чынам тэрмін «дзіцячы фальклёр» робіцца вельмі шырокім. Бо ён аб’ядноўвае ў сабе ўсе віды вуснай народнай паэзіі, створанай дарослымі для дзяцей, а таксама і творчасьць саміх дзяцей. Сюды ж уваходзяць і тыя творы, якія хоць спачатку і ствараліся для дарослых, але зь цягам часу так ці інакш перайшлі ў разрад творчасьці для дзяцей[4].

Гісторыя зьбіраньня і вывучэньня дзіцячага фальклёру пачынаецца ў першай палове XIX стагодзьдзя. Найбольш раньнімі зьяўляюцца запісы Яна Чачота[5] і Аляксандра Рыпінскага[6]. У іх працах можна знайсьці хай і не шматлікія, але прыклады беларускіх калыханак і дзіцячых песень. Вельмі каштоўныя і дастаткова поўныя калекцыі дзіцячага фальклёру пакінулі П. В. Шэйн, Е. Р. Раманаў, М. А. Федароўскі, У. М. Дабравольскі. П. В. Шэйн уключыў у свае зборнікі «Беларускія народныя песьні» (1874 г.) і «Матэрыялы для навучаньня быту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (1887 г.) калыханкі, забаўлянкі, дражнілкі, рознага зьместу дзіцячыя песьні, а таксама апісаньні гульняў з адпаведнымі ім песьнямі і лічылкамі. У гэтыя працы ўвайшло звыш 100 узораў творчасьці для дзяцей[7].

Таксама багата прадставіў дзіцячы фальклёр Е. Р. Раманаў у I—II выпусках «Беларускага зборніку» (1886 г.), прысьвечанага народным песьням[7]. А ў VIII выпуску ён зьмясьціў звыш 70 апісаньняў беларускіх гульняў і забаваў, якія суправаджаюцца песенькамі. М. А. Федароўскі ў V томе сваёй працы «Lud białoruski» (1958 г.) падаў багаты песенны матэрыял: калыханкі, дзіцячыя песенькі і прыпеўкі, апроч таго — дражнілкі і забаўлянкі. У. М. Дабравольскі ў працы «Смаленскі этнаграфічны зборнік» (1903 г.) зьмясьціў калыханкі, дзіцячыя песьні, дражнілкі, апісаньне гульняў, дзіцячыя прыгаворы, заклічкі. З найбольш поўных збораў дзіцячага фальклёру трэба адзначыць запісы С. П. Сахарава. У яго зборніку «Народная творчасьць Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў» (1940 г.) багата песень, апісаньняў гульняў, карагодаў і іншых жанраў дзіцячага фальклёру[8].

Пісьменьнік Васіль Вітка, які таксама цікавіўся дзіцячым фальклёрам і яго літаратурнай апрацоўкай, у сваёй кнізе «Дзеці і мы» (1977 г.) адвёў гэтай тэматыцы асобны разьдзел — «Дыялёгі з унукамі». На пытаньне — што ж такое дзіцячы фальклёр? — сам Васіль Вітка адказвае так: «Гэта і мастацтва, і літаратура, і самая дасканалая пэдагогіка»[2]. А дасьледчыца дзіцячага фальклёру Т. В. Зуева адзначала: «Дзіцячы фальклёр — спэцыфічная галіна мастацкай творчасьці, якая мае, у адрозьненьне ад фальклёру дарослых, сваю паэтыку, свае формы бытаваньня і сваіх носьбітаў. Агульная родавая прыкмета дзіцячага фальклёру — суаднясеньне мастацкага тэксту з гульнёй»[1][9].

Зараджэньне беларускай літаратуры для дзяцей. XVI стагодзьдзе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы аркуш Псалтыра, біблейскай кнігі старазапаветнага цыклу, выдадзенага Ф. Скарынам (6.8.1517, Прага)

З узьнікненьнем беларускага кнігадрукаваньня пачалі распаўсюджвацца і вучэбныя кнігі. Першымі такімі кнігамі былі «Псалтыр» Францішка Скарыны (1517 г., «Детям малым початок всякое доброе науки…»), «Катэхізіс» Сымона Буднага (1562 г., кніга для дарослых і падручнік для дзетак), «Наука ку читаню и розуменю писма словенского» Лаўрэнція Зізані (1596 г.)[10].

XVII стагодзьдзе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Верш С. Полацкага у форме зоркі «Шчырапрывітаньне цару Аляксею Міхайлавічу з нагоды нараджэньня царэвіча Сімяона» 1680

Першыя старонкі беларускай (ды і расейскай) дзіцячай паэзіі зьвязаны зь імем Сімяона Полацкага[11]. Яе нараджэньню спрыяла яго актыўная пэдагагічная дзейнасьць — пасьля вучобы ў Кіева-Магілянскім калегіюме атрымаў званьне «дыдаскала» (настаўніка), пасьля чаго працаваў настаўнікам брацкай пачатковай школы пры Богаяўленскім манастыры Полацку. На выпадкі грамадзкіх і царкоўных урачыстасьцяў ён даваў вучням заданьні складаць вершы. Ён і сам складаў дэклямацыі — панэгірычныя вершы, якія былі прызначаны для публічнага выкананьня адным або некалькімі вучнямі, напрыклад — прывітальныя вершы на прыезд цара Аляксея Міхайлавіча ў Полацак і Віцебск былі разьлічаны на чытаньне дванаццацьцю «отракамі». Большасьць яго вершаў на польскай і лацінскай мовах можна аднесьці да гэтак званай «школьнай паэзіі», якая ўяўляла сабой выклад тагачаснай унівэрсытэцкай навукі сылябічным вершам. Пад час свайго знаходжаньня ў Маскве пры царскім двары ён заснаваў гэтак званую «Верхнюю друкарню». І сярод першых надрукаваных у ёй кніг быў падручнік для дзяцей «Букварь языка славенска»[12].

XVIII стагодзьдзе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У XVIII стагодзьдзі зьяўляюцца такія драматургічныя творы, як школьная драма-маралітэ, інтэрмэдыя, камэдыя і батлейка. Большасьць школьных драмаў былі напісаны на польскай альбо царкоўнаславянскай мовах, і ня мелі моцнага ўплыву на вучнёўскае ўспрыманьне. Але дзякуючы ім зьявіліся інтэрмэдыі, якія пісаліся пераважна самімі навучэнцамі, якія былі знаёмыя і зь мясцовым фальклёрам і валодалі гутарковай мовай. Пэрсанажамі такіх інтэрмэдыяў былі: студыёзус (студэнт), вучоны-літаратар, вучань-уцякач, селянін, ліцьвін, шляхціч, маскаль, жыд, чорт, драгун[13]. Інтэрмэдыі былі папулярныя сярод вучнёўскай моладзі і стымулявалі да літаратурнай творчасьці на роднай мове. На аснове інтэрмэдыі ўзьнікла камэдыя, якая ўзяла ад школьнай драмы павучальна-рэлігійны зьмест, а ад інтэрмэдыі і народнай драмы сатырычнае гучаньне, гумар, займальную фабулу, і хуткае разьвіцьцё дзеяньня. Усё гэта зьявілася каштоўным матэрыялам і для батлейкавай драмы. Адна з найбольш папулярных батлеечных пастановак была сцэнка пра Мацея і лекара-шарлятана, якая непасрэдна была зьвязана з інтэрмэдыяй «Мацей і лекар-шарлятан»[13].

XIX стагодзьдзе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пачатку XIX стагодзьдзя зьяўленьне кожнага новага твору ў беларускай літаратуры было сапраўднай грамадзкай падзеяй[14]. Таму адзіны з твораў Паўлюка Багрыма, якому пашанцавала дайсьці да нас, зьяўляецца вельмі каштоўным увогуле як для беларускай літаратуры, так і для дзіцячай у прыватнасьці. Адзіны зь яго вершаў «Зайграй, зайграй, хлопча малы…» захаваўся дзякуючы публікацыі ў кнізе «Аповесьць майго часу» (Лёндан, 1854 г.) польскага літаратара Ігнацыя Яцкоўскага[b]. Верш вылучаўся паэтычнасьцю і глыбокім грамадзянскім зьместам. Герой верша, дзіця, у ім шкадуе, што ня можа навек застацца малым дзіцём і ня бачыць пакут родных і блізкіх. У сваіх вершах Паўлюк Багрым падымаў тэму абяздоленага дзяцінства, а таксама ўжываў фальклёрныя матывы і нацыянальны калярыт[14]. Так, у вершы паэт узгадвае пра павер’е, што калі кажан сядзе на галоўку дзіцяці, то яно перастане расьці[15].

«Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях», Ян Баршчэўскі. Вокладка выдання 1884 году

Фальклярыст Міхаіл Дзьмітрыеў, які займаўся зьбіраньнем беларускай вусна-паэтычнай творчасьці, міталягічных легендаў, апісваў народныя звычаі і цікавіўся жывой беларускай мовай, выдаў зборнікі беларускай паэзіі «Вопыт зьбіраньня песень і казак сялян Паўночна-Заходняга краю» (1868 г.) і «Збор песень, казак, абрадаў і звычаяў сялян Паўночна-Заходняга краю» (1869 г.). У дадзеныя зборнікі ўвайшлі 277 сямейна-бытавых, каляндарна-абрадавых і пазаабрадавых песень, 8 казак і апісаньні абрадаў[16].

У XIX стагодзьдзі для дзяцей пісалі Францішак Багушэвіч, які ў свой час казаў пра неабходнасьць стварэньня кніжак для дзяцей на роднай мове. Сувязь з фальклёрам была адной з характэрных асаблівасьцяў яго творчасьці[17]. Самым блізкім да дзіцячага фальклёру можна назваць яго верш «Калыханка». А ў аснове яго паэмы «Кепска будзе!» закладзены драматычны лёс хлопчыка, які з раньніх гадоў пазнаў сіроцтва і несправядлівасьць уладаў. Гэты твор выхоўвае спачуваньне, міласэрнасьць і неабыякавасьць да цяжкай долі. Мае сацыяльны падтэкст і яго байка «Воўк і авечка», у якой у вобразе ваўка выступае аканом, які адпраўляе сына сялянкі ў рэкруты[18].

Думку пра «сонца навукі» для дзяцей выказаў у вершы «Роднай старонцы» Янка Лучына[17]. Прыдатнай для дзіцячага чытаньня можна лічыць і творчасьць Яна Баршчэўскага. Найбольш вядомы яго польскамоўны празаічны збор беларускіх народных апавяданьняў і казак у літаратурнай апрацоўцы «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях», які ў XIX стагодзьдзі быў надзвычай папулярны[18]. Беларускамоўны пераклад легенды са зборніка быў апублікаваны ў віленскай газэце «Гоман». У творы вельмі прыкметна цяга аўтара да «страшнай» фантастыкі і містыкі, што прыцягвае прагнага да казачных цудаў падлетка. У сучасных умовах захапленьня жанрам фэнтэзі гэты мастацкі твор вабіць беларускамоўных юнакоў і дзяўчатаў сваёй таямнічай загадкавасьцю, аповедам пра лесуноў, ваўкалакаў, ведзьмакоў, русалак. Сучасьнікі ж пісьменьніка былі схільны ў апавяданьнях Баршчэўскага бачыць «беларускі гафманізм» (ад імя нямецкага казачніка Гофмана), зь яго сымболіка-фантастычнай формай паказу барацьбы сьветлых ды цёмных сілаў, высакародзтва ды хцівасьці[15].

У рамантычным кірунку разьвівалася і паэзія Яна Чачота, які займаўся зьбіраньнем фальклёру і ўвасабляў фальклёрныя сюжэты ў мастацкім слове[19]. Мовазнавец і фальклярыст XX стагодзьдзя Кастусь Цьвірка адзначаў, што творчасьць такіх дзеячаў таго часу, як Ян Баршчэўскі, Ян Чачот, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч стала «прадвесьнем нашага нацыянальнага адраджэньня» і, адпаведна, дзіцячай літаратуры. А за імі крочылі такія майстры слова, як Францішак Багушэвіч, Адам Гурыновіч, Янка Лучына[20]. У другі парэформенны пэрыяд умовы для разьвіцьця беларускай літаратуры значна пагоршыліся. Гэтаму прычынай быў вялікадзяржаўны ўціск пасьля паўстаньня 1863—64 гадоў. Беларускае кнігадрукаваньне было забаронена. Паплечнік генэрала Мураўёва-вешальніка Іван Карнілаў, які ў тыя часы ўзначальваў Віленскую вучэбную акругу, і іншыя прадстаўнікі царскай улады, ставілі сваёй галоўнай задачай русіфікацыю краю[20]. І толькі ў канцы XIX стагодзьдзя зноў на беларускай зямлі загучаў беларускі верш — верш паэта-дэмакрата і асьветніка Францішка Багушэвіча, намаганьнямі якога беларускае слова было пастаўлена ў адзін шэраг зь іншымі эўрапейскімі мовамі[21].

XX стагодзьдзе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачатак XX стагодзьдзя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Беларускі лемантар» — першая кніга для навучаньня дзяцей на беларускай мове, 1906 г.

Пачатак XX стагодзьдзя адзначыўся беларускім культурна-нацыянальным адраджэньнем, якое пашырылася пасьля рэвалюцыі 1905 году[22]. У гэты час пачалі адкрывацца нацыянальныя школы, быў легалізаваны беларускі друк (пачалі выходзіць такія газэты як «Наша доля» і «Наша ніва»). У 1906 годзе выходзіць першая кніга для навучаньня дзяцей на роднай мове «Беларускі лемантар» (аўтар невядомы)[17].

Але ў той жа час адчуваўся недахоп менавіта мастацкай літаратуры на роднай мове, асабліва для дзяцей і падлеткаў. З гэтай прычыны Аляксандар Уласаў (былы рэдактар «Нашай Нівы») зьвярнуўся да менскага губэрнатару з прашэньнем «дазволіць выданьне беларускамоўнага месячніка для дзяцей і моладзі „Лучынка»[23]. Першы нумар гэтага літаратурнага і навукова-папулярнага выданьня ўбачыў сьвет у 1914 годзе (рэдактар Аляксандар Уласаў). А першы яго нумар адкрываўся вершам Цёткі «Лучынка». Гэтая аўтарка і вызначыла мэту часопіса ў звароце «Да вясковай моладзі беларускай», надрукаваным у другім нумары: «Лучынка будзе старацца заглянуць у кожны куток нашай Беларускай Старонкі, пазнаць усе яе балючкі, паказаць іх Табе, Моладзь, растлумачыць, якім спосабам з гэтых балючак вылячыць Родную Старонку»[24]. Алаіза Пашкевіч (Цётка) падняла праблему выхаваньня ў юнага пакаленьня любові да роднага слова. Яе асьветніцкая дзейнасьць адыграла пэўную ролю ў станаўленьні літаратуры для дзяцей. У 1906 годзе выйшла яе кніга вершаў «Першае чытаньне для дзетак беларусаў», у якой яна закранула тэму жыцьця беларускай вёскі. Таксама яна надавала ўвагу фальклёрнай тэматыцы (казкі, прыказкі, загадкі, прыпеўкі), закранала маральна-этычную праблематыку (кніга «Гасьцінец для малых дзяцей», 1906 г.). Цётка стала пачынальніцай навуковай бэлетрыстыкі для дзяцей (пісала артыкулы на старонках часопіса «Гутаркі аб птушках»: «Жаваранак», «Пералётныя птушкі» і інш.)[17].

А ў літаратуру прыходзяць такія будучыя клясыкі беларускай літаратуры, як Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч. У 1909 годзе Якуб Колас напісаў навучальны дапаможнік «Другое чытаньне для дзяцей беларусаў», у якім у вершах паэтызаваў прыроду, апісваў вясковы побыт[17]. Закладае фальклёрную аснову Колас у сваю павучальную казку «Дзед і мядзьведзь» (1918 г.)[17]. Фальклёрная першааснова была закладзена і ў арніталягічны цыкл вершаў Кандрата Лейкі («Сарока», «Бусел» «Журавель» і інш.) — пачынальніка нацыянальнай драматургіі для дзяцей[25]. Пісаў песенна-лірычныя творы для дзяцей, а таксама казкі, Карусь Каганец («Журавель і чапля», «Ваўчок», «Адкуль зязюля ўзялася»). Вялікую ўвагу пытаньням школьнага навучаньня надаваў Вацлаў Ластоўскі («Родныя зярняты», 1915 г.; «„Незабудка“ — першая пасьля лемантара чытанка», 1918 г.; «„Сейбіт“ — другая пасьля лемантара чытанка», 1918 г.). У яго творах прасочваліся таксама і фальклёрныя матывы («Варона і рак», «Пра зязюлю», «Зайчык», «Бяздоннае багацьце»)[25].

Зьвяртаўся да фальклёрных матываў і Максім Багдановіч, які далучае дзяцей да асноў маралі ў сваёй казцы «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык» (1915 г.)[25].

20-я — 40-я гады XX стагодзьдзя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пачатку 1920-х гадоў разгортваецца пэрыядычны друк для дзяцей. Першым беларускамоўным выданьнем для дзяцей пасьля Кастрычніцкага перавароту стаў часопіс «Зоркі» (1921—22 гг.)[c][25]. На зьмену «Зоркам» са сьнежня 1924 году прыходзіць «Беларускі піянэр»[d] (1924—29 гг.); выходзіць газэта «Піянер Беларусі» (з 1929 г.)[25].

Выказвае пашану да роднай мовы ў зборніку «Матчына мова» (1918 г.) Алесь Гарун. Пішуць свае першыя юнацкія аповесьці Міхась Чарот («Сьвінапас», 1924 г.), Анатоль Вольны («Два», 1925 г.). Пісьменьнікі Андрэй Александровіч, Анатоль Вольны і Алесь Дудар разам ствараюць прыгодніцкі раман «Ваўчаняты» (1925 г.), у якім адлюстроўваюць змаганьне юных герояў за свабоду свайго народу. Зьяўляюцца і драматычныя творы для дзяцей — п’еса «Пастушкі» Міхась Чарота (1921 г.), «Цудоўная ноч» (1927 г.) і «Ёлка Дзеда Мароза» (1927 г.) Сяргея Новіка-Пяюна.

Вокладка часопісу «Заранка», № 8-9

Зьяўляецца пэрыядычны друк на тэрыторыі Заходняй Беларусі — пачынае сваю дзейнасьць часопіс «Заранка» (1927—31 гг.) пад рэдакцыяй Зоські Верас, на старонках якога папулярызуюць роднае слова Алесь Гарун, Канстанцыя Буйло, Якуб Колас, Міхась Машара і інш. Крыху пазьней выходзяць заходнебеларускія часопісы «Пралеска» (1934—35 гг.), «Снапок» (1937 г.), «Беларускі летапіс» (1933—39 гг.)[26].

Маладыя беларускія пісьменьнікі працуюць над стварэньнем новага вобразу юных герояў тагачаснай сучаснасьці — аповесьці «Перамога» (1930 г.), «Незвычайны мядзьведзь» (1930 г.) Алеся Якімовіча, «Пастка» (1935 г.) Сымона Баранавых. У сваім артыкуле «Праблемы сучаснай беларускай дзіцячай літаратуры» (1931 г.) Алесь Якімовіч адзначыў, што недахоп тагачаснай літаратуры для дзяцей быў у ігнараваньні запатрабаваньняў самога дзіцяці як чытача, бо, на яго думку, многія пісьменьнікі таго часу глядзелі вельмі спрошчана на гэтую літаратуру, маўляў, дзеці неразборлівыя, і таму ўсё спажывуць. Засяродзіў ён ўвагу на праблеме спэцыфікі дзіцячай літаратуры і ў сваім выступленьні на I Усебеларускім зьезьдзе пісьменьнікаў (чэрвень 1934 г.), на якім падкрэсьліў, што літаратура для дзяцей раўнацэнная частка ўсёй беларускай літаратуры, але са сваёй спэцыфікай. І спэцыфікай не ў спрашчэньні, а наадварот — у адборы найбольш важнага і цікавага матэрыялу для дзяцей, які павінен мець яркае афармленьне з улікам узроставых і псыхалягічных асаблівасьцяў дзяцей[27]. Таксама Якімовіч выдаў першую ў беларускай савецкай дзіцячай літаратуры азбуку (вершаваную) «Слухай — запамінай», у 1948 годзе. І толькі значна пазьней, пачынаючы зь 70-х гадоў, былі напісаны беларускімі аўтарамі дзясяткі азбук, у якіх аўтары праяўлялі вынаходлівасьць, фантазыю, уменьне ўключыць у іх пазнавальныя зьвесткі, эфэкты гульні, прыгоды[28].

Завастраў увагу на значнасьці дзіцячай літаратуры і Якуб Колас. Ён казаў аб тым, што дзяцей змалку трэба прывабіць кнігай, і выклікаць у іх устойлівую цікавасьць да чытаньня, што далучэньне да кніжнай культуры пачынаецца ўжо зь дзіцячага садку. У сваёй «Мэтодыцы роднай мовы» (1926 г.) ён падкрэсьліваў, што працэс далучэньня да кніжнай культуры актывізуецца ў пачатковых клясах. А Васіль Вітка пісаў, што зь першых дзён праз гульню трэба далучаць дзяцей да словаў роднай мовы, чаму актыўна спрыяе выкарыстаньне на занятках і пазаклясных занятках твораў беларускай дзіцячай літаратуры[28]. Якуб Колас яшчэ й апрацоўвае народныя казкі («Дудар», «Як пеўнік ратаваў курачку», «Зайкіна хатка» і інш.), а таксама стварае і вершаваныя казкі («Рак-вусач», 1926 г.). У юнацкай аповесьці «На прасторах жыцьця» (1926 г.) аўтар упершыню ў беларускай літаратуры паспрабаваў распрацаваць жанр юнацкай аповесьці. Яго паэма «Міхасёвы прыгоды» (1934 г.) ўражвае мэтафарычнасьцю мовы, сваім лірычна-эпічным пачаткам, і апісаньнем прыроды. Якуб Колас стаў тэарэтыкам дзіцячай літаратуры, а традыцыі яго майстэрства ўжываюцца і ў сучаснай літаратуры для юнага чытача[29].

Вокладка і тытульны ліста зборніку аповядаў Я. Маўра «Сьлёзы Тубі», 1938 г.

Зьяўляюцца новыя гучныя імёны беларускай культуры, узбагаціўшыя мастацкі досьвед дзіцячай літаратуры сваімі творамі — Янка Маўр («Палескія рабінзоны», 1930 г.), Міхась Лынькоў («Міколка-паравоз», 1936 г.), Кузьма Чорны («Насьцечка», 1940 г.). Ствараюць паэзію для дзяцей Янка Купала (верш «Дзіцячае»), Якуб Колас (вершы «За навуку», «Дзед-госьць»), Зьмітрок Бядуля (верш «Маладая вясна»). Пачынае разьвівацца і жанр казкі ў дзіцячай літаратуры — у творах Алеся Якімовіча («Каваль Вярнідуб», 1935 г.), Міхася Лынькова («Пра сьмелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў», 1935), Зьмітрака Бядулі («Мурашка Палашка», 1939 г.; «Сярэбраная табакерка», 1940 г.)[26].

На старонках часопісу «Зоркі» друкуюцца вершы для дзяцей Янкі Купалы («Песьня і казка», «Мароз», «Сын і маці» і інш.). Апроч напісаньня сваіх твораў, ён займаецца перакладам дзіцячай паэзіі (верш «Ёлачка» Раісы Кудашавай, «Дзед і баба» Юзафа Крашэўскага). У сваіх вершах Купала нярэдка выкарыстоўвае фальклёрныя матывы (верш «Дзіцячае»). Фальклёрную аснову заклаў і Віталь Вольскі ў свае п’есы («Цудоўная дудка» і «Дзед і жораў», 1939 г.)[30].

Галоўным рэдактарам часопіса «Зоркі» быў Зьмітрок Бядуля. Яго творы для дзяцей адрозьніваліся драматызмам і ў той жа час прастатой і лаканічнасьцю апісаньня, вастрынёй канфліктаў і глыбокім псыхалягізмам («Малыя дрывасекі», «Дзе канец сьвету?»). Апроч таго ён пісаў артыкулы аб разьвіцьці дзіцячай літаратуры і пэрыядычнага друку («Справа старэньня новых школьных падручнікаў і выданьня дзіцячага часопіса», «Аб дзіцячым друку» і інш.)[29]. Зьвяртаўся ён і да матываў вуснай народнай творчасьці (казкі «Іванка-прастачок», «Скарб» і інш.).

Шматграннасьцю таленту адзначыўся Янка Маўр. Яго першая ў беларускай літаратуры навукова-фантастычная аповесьць на беларускай мове «Чалавек ідзе» (1926 г.) дала пачатак фантастычнаму і прыгодніцкаму жанрам у беларускай літаратуры[31]. Распрацоўку жанру прыгодніцкай літаратуры ён працягнуў у сваіх аповесьцях «У краіне райскай птушкі» (1928 г.), «Сын вады» (1928 г.), рамане «Амок» (1929 г.). Зьвяртаўся ён і да нацыянальнай тэматыкі («Палескія рабінзоны», 1930 г.), і да праблемы выхаваньня (аповесьць «ТВТ», 1934 г.)[32]. Янка Маўр падкрэсьліваў, што беларускім пісьменьнікам трэба клапаціцца аб тым, каб дзеці, сёньняшнія і заўтрашнія малыя чытачы маглі сказаць калі вырастуць, што ўсім добрым яны абавязаны кнігам[33].

Дзіцячая беларуская літаратура ваеннага часу адрозьніваецца патрыятычнай накіраванасьцю, уласьцівай усёй мастацкай літаратуры ваеннага пэрыяду (вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Пятруся Броўкі, апавяданьні Кузьмы Чорнага, Міхася Лынькова). У гэты пэрыяд адчувалася арганічнае збліжэньне літаратуры для дарослага чытача і дзяцей. Асобна з твораў для дзяцей, напісаных у вайну, варта адзначыць верш Янкі Купалы «Хлопчык і лётчык на вайне», апавяданьне Алеся Якімовіча «Піянэр Геня», зборнік вершаў Эдзі Агняцьвет «Міхасёк», а таксама лібрэта дзіцячай опэры «Джанат»[34].

Але і пасьля вайны прасочваецца ваенная тэматыка, якая ў літаратуры пераважае. У 1948 годзе выходзіць кніга «Ніколі не забудзем», якая была складзена Янкам Маўрам разам зь Пятром Рунцом па пісьмах-успамінах дзяцей, якія непасрэдна перажылі тыя страшныя гады. Усяго да аўтараў кнігі паступіла каля чатырохсот дзіцячых твораў[35]. Выходзіць цэлы шэраг на тэму «дзяцінства і вайна» — аповесьць «Андрэйка» Паўла Кавалёва (1948 г.), «Самыя юныя» Івана Сіўцова (1949 г.), паэма «Песьня пра піянэрскі сьцяг» (1949 г.) Эдзі Агняцьвет[34].

50-я — 70-я гады XX стагодзьдзя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пачатку 1950-х гадоў таксама назіраецца тэматыка вайны ў творах беларускіх пісьменьнікаў. Выходзяць паэмы Кастуся Кірэенкі («Алёнчына школа», 1951 г.), Антона Бялевіча («Ідзі, мой сын», 1953 г.), Эдзі Агняцьвет («Будзем сябраваць», 1955 г.), Анатоля Астрэйкі («Прыгоды дзеда Міхеда», 1956 г.)[34].

У той жа час выходзяць і новыя творы, на мірную тэматыку. Распрацоўваюць школьную тэму Янка Брыль («Лета ў Калінаўцы», 1950 г.; «Добры дзень, школа», 1953 г.), Алесь Якімовіч («Гаворыць Масква», 1954 г.), Павал Кавалёў (зборнік апавяданьняў «Згублены дзёньнік», 1954 г.), Міхась Даніленка («Вернасьць слову», 1956 г.), Алена Васілевіч («Заўтра ў школу», 1956 г.) і інш.[36]

Значна ўзбагаціла пасьляваенную дзіцячую прозу навукова-фантастычная аповесьць Янкі Маўра «Фантамабіль прафэсара Цылякоўскага» (1954 г.), якая стала працягам распрацоўкі ім фантастычнага жанру[36].

У пачатку свайго творчага шляху да мінуўшчыны і набыткаў фальклёру зьвярнуўся Ўладзімер Караткевіч, сьведкам чаго сталі яго «Казкі і легенды маёй Радзімы», якія ён даслаў для ацэнкі Якубу Коласу летам 1952 году. Караткевіч добра разумеў вялікае выхаваўчае значэньне казкі і яе ролю ў фармаваньні любові да радзімы, да беларускай мовы[37]. Патрыятычнай па зьместу стала яго казка «Лебядзіны скіт», у якой апавядаецца пра падзеі даўніны, калі татары рабавалі рускія землі. У завяршэньні казкі пісьменьнік прыводзіць дзьве вэрсіі пра ўзьнікненьне назвы «Белая Русь» — ад лебядзінага апярэньня стала белай вопратка ў яе людзей, а яшчэ яна таму «белая», што не была пад татарамі[37]. На беларускім фальклёры заснавана і яго казка «Вужыная каралева», у якой апавядаецца аб трагічнай гісторыі прыгажуні Яліны і яе мужа, вужынага караля. Караткевіч шмат вывучаў, запісваў, і творча выкарыстоўваў фальклёр, які ўспрымаў як духоўны скарб народу[38].

Вокладка кнігі Івана Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага» (Мал. І. Волкавай; Мінск : Беларусь, 1970)

Вяртаецца ў літаратуру пасьля працяглага перапынку Ўладзімер Дубоўка. Выходзяць яго зборнікі казак «Цудоўная знаходка» (1960 г.), «Мілавіца» (1962 г.), «Кветкі — Сонцавы дзеткі» (1963 г.), «Залатыя зярняты» (1975 г.), якія адметны сваёй маральна-этычнай праблематыкай і філязаафічнасьцю зьместу. Апроч Дубоўкі вяртаюцца на радзіму пасьля сталінскіх рэпрэсіяў пісьменьнікі Сяргей Грахоўскі, Алесь Пальчэўскі, Станіслаў Шушкевіч, Алесь Звонак, Язэп Пушча[39].

Раскрывае ў сваіх кнігах паэзіі вобразы роднага краю Аляксей Пысін («Матылёчкі-матылі», 1962 г.; «Вясёлка над плёсам», 1964 г.), паказвае прыгажосьць прыроды Еўдакія Лось («Абутая ёлачка», 1961 г.; «Казка пра Ласку», 1963 г.; «Вяселікі», 1964 г.)[40].

Ізноў падымае тэму Вялікай Айчынай вайны, паказваючы жахі акупацыі вачыма дзяцей, Іван Сяркоў, у трылёгіі: «Мы з Санькам у тыле ворага» (1968 г.), «Мы — хлопцы жывучыя» (1970 г.), «Мы з Санькам — артылерысты» (1989 г.)[39].

У 1971 годзе выходзіць знакавая гістарычная аповесьць Алеся Якімовіча «Кастусь Каліноўскі», а ў 1976 годзе — «Цяжкі год». Піша Якімовіч і казкі, заснаваныя на фальклёрных матывах («Пра сьмелага Вожыка», «Вераб'ёвы госьці» і інш.), а таксама перакладае на беларускую мову казкі Аляксандра Пушкіна, Сяргея Маршака, Карнея Чукоўскага[41].

Зьвяртаецца да навукова-пазнавальнага жанру з элемэнтамі публіцыстыкі Віталь Вольскі, які выдае такія краязнаўчыя кнігі, як «Падарожжа па краіне беларусаў» (1968 г.), «Палесьсе» (1971 г.), а таксама такі цыкл прыродазнаўчых нарысаў, як «Лёс Дункана» (1978 г.), «Дзень добры, Бяроза» (1984 г.). Прыгожа апісвае прыроду Белавескай пушчы ў аднайменным нарысе Ўладзімер Караткевіч («Белавеская пушча», 1975 г.), які апроч таго раскрывае і свой талент казачніка-наватара праз традыцыйныя вобразы і матывы ў сваім зборніку «Казкі» (1975 г.). У той жа пэрыяд выходзіць яго эмацыянальна-ўзьнёслы сказ пра Беларусь «Зямля пад белымі крыламі» (1977 г.).

Прыгожы сьвет дзяцінства адкрываецца ў апавяданьнях Вісарыёна Гарбука (зборнік «Незнарок і знарок», 1969 г.; «Такіх кветак не бывае», 1971 г.; «Горад без папугайчыкаў», 1983 г.) і Ўладзімера Юрэвіча («Тараскавы турботы», 1966 г.; «Дзе начуе сонца», 1970 г.; «Нястрашны страх», 1986 г.). Пазнавальны і выхаваўчы патанцыял праз апавяданьні пра прыроду паказаў Павал Місько («Восеньскім днём», «Лясныя дарункі» і інш.). Маральна-этычныя пытаньні ён падымае праз апавяданьні «Добры чалавек», «Каляндар сумленьня». У сваёй гумарыстычнай аповесьці «Навасёлы, або Праўдзівая, часам вясёлая, часам страшнаватая кніга пра незвычайны месяц у жыцьці Жэні Мурашкі» ён вучыць дзяцей пачуцьцю адказнасьці і навучае кантраляваць свае ўчынкі і паводзіны. Падымае праблемы сяброўства і чалавечых узаемаадносінаў праз паўфантастычныя аповесьці «Прыгоды Бульбобаў» (1977 г.) і «Грот афаліны» (1985 г.)[40].Апроч таго, ён перакладае на беларускую мову паэмы Мікалая Гогаля «Мёртвыя душы», казкі Пятра Яршова «Канёк-гарбунок», асобныя творы Ўладзімера Цендракова, Уладзімера Лічуціна, Яўгена Носава, Васіля Бялова, Карнея Чукоўскага.

Не застаецца ўбаку і драматургія — адна за адной зьяўляюцца гераічныя п’есы Алеся Махнача «Шпачок» (1963 г.) і «Гаўрошы Брэсцкай крэпасьці» (1969 г.), Валянціна Зуба «Марат Казей» (1963 г.) і «Юнацтва рыцара» (1972 г.)[42].

80-я — 90-я гады XX стагодзьдзя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тыя сацыяльна-палітычныя зьмены ў грамадзтве, якія адбываліся ў 80—90-ых гадах XX стагодзьдзя, паўплывалі ня толькі на асаблівасьці разьвіцьця беларускай дзіцячай літаратуры гэтага пэрыяду, але і на прынцыпы адбору твораў для чытаньня ў дашкольных выхаваўчых установах і школах. Былі выключаны з рэкамэндацыйных сьпісаў для дзіцячага чытаньня творы, якія ў новых умовах страцілі сваю актуальнасьць, тыя, што вызначаліся дакучлівым дыдактызмам, спрошчанасьцю, і чые літаратурная якасьці былі далёкія ад мастацтва. Але актуальнымі і да сёньняшняга часу засталіся творы для дзяцей Андрэя Аляксандровіча, Зьмітрака Бядулі, Алеся Якімовіча, Уладзімера Дубоўкі, Янкі Маўра, Міхася Лынькова, Кузьмы Чорнага, Віталя Вольскага, Васіля Віткі, Станіслава Шушкевіча і іншых. Дзіцячая літаратура савецкага пэрыяду стала важнай часткай нацыянальнага пісьменства, а яе найлепшыя набыткі — дарагім скарбам беларускага народу. У гэты час беларуская дзіцячая літаратура выйшла на больш шырокія тэматычныя абсягі, і паўней і глыбей загучала тэма Бацькаўшчыны[43].

Нацыянальнай адметнасьцю вылучаюцца творы Васіля Жуковіча (зб. «Гуканьне вясны», 1992 г.), Уладзімера Карызны «Іграй, жалейка, не змаўкай», 1998 г.), Леаніда Пранчака («Дзяўчынка-беларуска», 1993 г.)[44].

Займальна піша для дзяцей Артур Вольскі, адзін з заснавальнікаў часопісу «Вясёлка», сааўтар падручнікаў па літаратурным чытаньні для пачатковай школы «Бусьлянка». На працягу 1980-90 гадоў ён напісаў даволі шмат кніг для дзяцей («Сонца блізка ўжо зусім», 1984 г.; «Дабяруся да нябёс», 1984 г.; «Ад А да Я — прафэсія мая», 1987 г. і інш.). За кнігу «Карусель» (1996 г.) пісьменьнік у 1997 годзе быў ушанаваны званьнем ляўрэата Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра[45]. Таксама нельга не адзначыць і яшчэ аднаго пісьменьніка, цесна зьвязанага зь «Вясёлкай» — Уладзімера Ліпскага, таксама ляўрэата прэміі імя Янкі Маўра. Яго творчасьць вылучаецца арыгінальнасьцю сюжэта, казачнасьцю, і прыгодніцкімі элемэнтамі («Клякса-Вакса і Янка зь Дзіўнгорска», 1982 г.; «Пра Андрэйку Добрыка і чорціка Дуроніка», 1993 г.; «Каралева белых прынцэс», 2000 г.)[46].

Цікава і ўдала спалучаюць фантастычнае з рэальным у сваіх творах Раіса Баравікова («Галенчына "Я", або Плянэта Цікаўных Хлопчыкаў», 1990 г.) і Алесь Савіцкі («Радасьці і нягоды залацістага карасіка Бубліка», 1993 г.)[44].

Жанравай разнастайнасьцю вылучаецца паэзія Рыгора Барадуліна, які віртуозна карыстаўся гукапісам, гуляў словам, ды калямбурыў («Індыкала-кудыкала», 1986 г.; «Кобра ў торбе», 1990 г.; «Трышка, Мішка і Шчыпаў ехалі на чоўне», 1996 г.). Адрозьніваюцца своеасаблівасьцю і яго азбукі («Азбука не забаўка», 1985 г.; «Азбука — вясёлы вулей», 1994 г.)[47].

У 1990-х гадах выходзіць беларускамоўны рэлігійны каталіцкі часопіс для дзяцей «Маленькі рыцар Беззаганнай», дадатак да каталіцкага выданьня «Ave Maria», заснаванага Менска-Магілёўскай архідыяцэзіяй. Галоўны пэрсанаж ў часопісе — хлопчык, «Маленькі рыцар Беззаганнай»[48].

У пачатку 1990-х гадоў у пэрыядычным друку выходзяць навукова-папулярныя нарысы пра даўнюю беларускую гісторыю Сяргея Тарасава, Уладзімера Арлова, Кастуся Тарасава, Вітаўта Чаропкі. Апроч таго выходзяць і кнігі на дадзеную тэматыку, якія адаптаваны да ўспрыняцьця малодшымі школьнікамі[49].

У 1995 годзе выходзіць фотачасопіс «Лесавік» (рэдактар і выдавец — Уладзімер Ягоўдзік), які вызначыў сваёй мэтай экалягічнае выхаваньне дзяцей. Адрозьненьне ад іншых выданьняў — тэматычныя нумары-фотарэпартажы пра нацыянальныя паркі Беларусі. Апроч таго часопіс вядзе экалягічнае выхаваньне падрастаючага пакаленьня на літаратурна-мастацкім матэрыяле, праводзяцца прэзэнтацыі новых беларускамоўных кніг пра прыроду[50]. Рэдактар часопісу Ягоўдзік і сам прысьвячаў свае творы роднай прыродзе, закладаючы ў іх фальклёрную аснову («Ці вернецца князь Кук», 1993 г.; «У царстве Вадзяніка», 1995 г.; «Дзівосны карабель», 1995 г., «Птушыная дарога», 2002 г.)[46].

Закранае аспэкты выхаваньня дзяцей Эдуард Луканскі ў зборніку «Госьць з Чырвонай кнігі» (1997 г.), дзе аўтар паказвае чытачу, як трэба выхоўваць у сабе беражлівыя адносіны да грамадзкіх здабыткаў, паважлівасьць і далікатнасьць у адносінах са старэйшымі, і іншыя станоўчыя якасьці характару[51] Разьвіцьцю фантазіі і творчых здольнасьцяў маленькага чытача садзейнічае шэраг займальных азбук: Р. Барадулін «Азбука не забаўка» (1985 г.) і «Азбука — вясёлы вулей» (1995 г.), С. Сокалаў-Воюш «Елачка і ёлачка: забаўная азбука» (1991 г.), У. Мацьвеенка «Азбука ў загадках» (1992 г.), М. Танк «Лемантар» (1993 г.), А. Дзеружынскі «Жывая азбука» (1995 г.)[52].

Пачатак XXI стагодзьдзя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Проза пачатку XXI стагодзьдзя характарызуецца ўстойлівасьцю і пасьлядоўным засваеньнем традыцыяў канца XX стагодзьдзя. Таксама, як і раней, на першым пляне застаецца станаўленьне гарманічна разьвітай асобы чалавека, выхаваньне пачуцьця супольнасьці і ўласнай годнасьці. Маральна-этычныя пытаньні раскрываюцца ў большасьці твораў розных жанраў[49].

Так, напрыклад, аповесьць Валера Гапеева пра школьнае жыцьцё «Пастка на рыцара» (2002 г.) прысьвечана сыстэме маральна-этычных каштоўнасьцяў пакаленьня «next»[53]. За кнігу аўтар ганараваны літаратурнай прэміяй імя Ўл. Калесьніка Берасьцейскага аблвыканкаму. У 2013 годзе выйшлі яго кнігі — казка «Сонечная паляна»[54] і зборнік апавяданьняў для падлеткаў «Я размалюю для цябе неба». А ў 2018 годзе аўтар стаў ляўрэатам Прэміі Цёткі ў намінацыі «Найлепшы твор для дзяцей або падлеткаў» за кнігу «Мая мілая ведзьма: школьны раман»[55].

Друкуецца цэлы шэраг матэрыялаў на гістарычную тэматыку. Сяргей Тарасаў публікуе замалёўкі пра найбольш значныя падзеі ў старажытнай Беларусі і гістарычных асобаў — Францішка Скарыну, Льва Сапегу, Канстанціна Астроскага і іншых. Уладзімер Арлоў і Кастусь Тарасаў публікавалі яшчэ ў канцы мінулага стагодзьдзя легенды і паданьні, на аснове чаго пазьней напісаны нарысы-падарожжы па гісторыі Беларусі («Беларусь. Гістарычнае падарожжа для дзяцей» (Кастусь Тарасаў, 2000 г.)). На гістарычныя тэмы піша і Уладзімер Бутрамееў («Вялікія і славутыя людзі зямлі Беларусі», 2002 г.; «Славутыя родам сваім», 2006 г.)[56].Прыродазнаўчым характарам вызначаюцца казкі са зборніку Расьціслава Бензерука «Зайцаў кажушок» (2004 г.), выкарыстоўвае пісьменьнік і арыгінальную форму «казкі-загадкі»[57]. Паводле аднаго з прынцыпаў літаратуры — прыдуманае ў прыдуманым (як у творах мюнхгаўзыяды) напісаны твор Васіля Шырко «Дзед Манюкін і ўнукі» (2003 г.), у якім дзядуля распавядае гісторыі фантастычнага характару, якія нібыта здарыліся з самім старым. У гэтых гісторыях схаваны філязофскі зьмест, а таксама прытчавая павучальнасьць[58].

Істотны ўклад у беларускую дзіцячую літаратуру ўносіць Алесь Бадак[59], які шмат піша для дзяцей вершаў, аповесьцяў, казак і пазнавальнай літаратуры («Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў», 2001 г.[60]; «Адзінокі васьміклясьнік хоча пазнаёміцца», 2007 г.; «Жывёлы: заалягічныя этуды», 2009 г.; «Неверагодныя гісторыі з жыцьця чараўнікоў», 2011 г.). За кнігу «Расьліны: батанічныя этуды» (2008 г.) з сэрыі для дзяцей «Усім пра ўсё» Алесь Бадак стаў ляўрэатам прэміі «Залаты купідон» за найлепшую кнігу году ў намінацыі «Публіцыстыка»[61].

Прытчавасьцю, сюжэтнай займальнасьцю і своеасаблівай манэрай пабудовы інтрыгі вызначаюцца казкі Алены Масла[57] («Таямніцы закінутай хаты», 2005 г.; «Каляды ў хроснай», 2005 г.; «Пацучок Фэлік падарожнічае», 2013 г.). У вельмі арыгінальнай форме прыпаднесла Аксана Спрынчан сваю кнігу «Таташ Яраш, мамана Аксана, дачэта Альжбэта. Поўны эксклюзыў» (2013 г.) — пазытыўная і пазнавальная кніга пра сям’ю, словы і сваю краіну. Кніга арыгінальная тым, што гісторыямі ў ёй дзеліцца зусім не маці Аксана, а менавіта яе дачка Альжбэта[62]. Таксама Аксана Спрынчан зьяўляецца ўкладальніцай кніжак для дзяцей «Вершаваная энцыкляпэдыя жывёльнага сьвету» (таксама аўтар канцэпцыі, тэксту; 2013 г.), «Зорная Кася» (зборнік казак; 2014 г.), «Нявеста для Базыля» (зборнік казак; 2017 г.) і іншыя.

У 2012 годзе ўбачыла сьвет кніга Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега», першая кніга з прыгодніцка-фантасмагарычнай сэрыі кніг пра вучня Менскага езуіцкага калегіюма Пранціша Вырвіча[63]. Беларуская літаратуразнаўца і крытык А. Бязлепкіна адзначыла, што апавяданьне кнігі праяўляе адразу дзьве тэндэнцыі: з аднаго боку, рамантычна-прыгодніцкае асьветніцтва У. Караткевіча, а з другога — пастуляваньне традыцыйных каштоўнасьцяў як процівага постмадэрнізму[64]. У 2014 годзе выйшлі яшчэ дзьве кнігі з сэрыі — «Авантуры студыёзуса Вырвіча» і «Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча». Частка «Авантуры Пранціша Вырвіча» абрана «Кнігай года — 2015» (арганізатар праекту Беларускі ПЭН-цэнтр)[65]. А ў 2017 годзе аўтар стала ляўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі у намінацыі «Найлепшы празаічны твор» за кнігу «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфэдэрата»[66].

У 2013 годзе выйшла кніга Вольгі Гапеевай «Сумны суп», якая складаецца зь пяці казачных гісторыяў. З кнігай Гапеева стала ляўрэаткай прэміі СБП і Пэн-цэнтру «Экслібрыс» імя Янкі Маўра[67]. У тым жа годзе Тацяна Сівец атрымала літаратурную прэмію Саюзу пісьменьнікаў Беларусі «Залаты купідон» у галіне дзіцячай літаратуры за сваю прыгодніцкую кнігу для дзяцей «Куды прапала малпа Маня?»[68].

Са жніўня 2013 году дзіцячы часопіс «Вясёлка» пачаў выпускаць свой дадатак — чытанку-маляванку «Буся»[69]. А сам часопіс «Вясёлка» працягвае літаратурную адукацыю і маральна-этычнае выхаваньне сваіх чытачоў. На старонках часопісу перавага аддаецца казкам, якія прапагандуюць дабро і справядлівасьць, узаемадапамогу. Таксама часопіс вядзе сайт (з 2011 году), на якім зьмешчаны казкі і дзіцячыя вершы. Пры гэтым ва ўсіх творах вельмі дакладна расстаўлены маральныя акцэнты, і гэта аднолькава адносіцца як да фальклёрных казак («Каралевіч, чараўнік і ягоная дачка», «Заяц і вожык», «Дзяцел, лісіца і варона» і іншыя), гэтак і да літаратурных твораў з казачным сюжэтам («Цямлівы кот і шляхецкі сын» Алега Грушэцкага, «Прынцэса Румзаніда ў Краіне Лялек» Алены Масла, «Пра кашэчага караля і мышку-прынцэсу» Раісы Баравіковай, «Бусел і бусьляняты» Язэпа Лёсіка і інш.)[70].

У канцы 2015 году была заснаваная Прэмія Цёткі, за найлепшую кнігу на беларускай мове для дзяцей і падлеткаў, а таксама за найлепшае мастацкае афармленьне кнігі для дзяцей (заснавальнікі прэміі — Беларускі ПЭН-цэнтар, фонд «Вяртаньне», Саюз беларускіх пісьменьнікаў). А ў 2016 годзе ёй былі ўзнагароджаныя першыя ляўрэаты. Адразу ў дзьвюх намінацыях перамагла кніга Надзеі Ясьмінскай «Сем ружаў» (мастак — Кацярына Дубовік)[71].

У 2015 годзе выйшлі кнігі, якія адзначыліся ня толькі зьместам, але і выдатным афармленьнем. Гэта фэнтэзыйны раман «Сем камянёў» Аляксея Шэіна і казка «Красамоўнае сэрца» пісьменьніка і мастака Алега Аблажэя. Абедзьве кнігі ў 2016 годзе намінаваны на Літаратурную прэмію Цёткі ў намінацыі «Найлепшая кніга для дзяцей і падлеткаў»[72], а кніга «Красамоўнае сэрца» яшчэ й на прэмію «Гліняны Вялес»[73].

Увагі заслугоўвае пазнавальна-адукацыйная літаратура для дзяцей, якая ў арыгінальны спосаб можа данесьці дзіцяці карысныя веды. Вядомы дзіцячы пісьменьнік Уладзімер Ліпскі, абапіраючыся на кансультацыі спэцыялістаў у галіне фінансавай і банкаўскай справы, стварыў шэраг аповедаў у сэрыі «Грошык і таямнічы кошык» (першая кніга з сэрыі выйшла ў 2017 годзе), празь якія аўтар знаёміць дзяцей з асновамі фінансавай граматы[74]. Па-свойму ўнікальнай[75] стала кніга Алега Грушэцкага «Краіна Вымярэнія» (2019 г.) — адукацыйная казка пра спосабы і адзінкі вымярэньня, у якой усе апавяданьні суправаджаюцца прыгожымі i пазнавальнымі малюнкамі, што дапамагае маленькім школьнікам хутчэй i не сумна засвоіць адзінкі вымярэньня[76]. У 2019 годзе кніга «Краіна Вымярэнія» увайшла ў ТОП-10 лепшых кніг для дзяцей на беларускай мове[77], у 2020 годзе — у ТОП-12 найлепшых беларускіх дзіцячых выданьняў[78].

Ствараюцца і добраілюстраваныя дзіцячыя энцыкляпэдыі. Тут вылучаюцца кнігі беларускага музыкі і гісторыка Яраша Малішэўскага — «Незвычайная энцыкляпэдыя беларускіх народных інструмэнтаў» (2010 г., у суаўтарстве з А. Спрынчан) і «Дзіцячы атлас Беларусі. Замкі, крэпасьці, бажніцы» (2019 г.)[79], а таксама «Дзіцячы атлас Беларусі» (2017 г.) Паліны Грынчанкі, выданьне якога кансультавалі супрацоўнікі Акадэміі навук[80]. «Дзіцячы атлас Беларусі» у 2018 годзе ўзначаліў рэйтынг кніг, якія найбольш прадаюцца[81].

Сучасная беларуская проза для дзяцей імкнецца па магчымасьці задаволіць запатрабаваньні кніжнага рынку. Зьяўляюцца творы, адносна новыя для беларускай літаратуры паводле формы і зьместу (комікс, фэнтэзі, навуковая фантастыка і інш.[82][83][84]). Улічваючы рэаліі сучаснасьці, беларуская казка таксама насычаецца сучаснымі атрыбутамі. Напрыклад, у Анатоля Бутэвіча ёсьць казка «Прыгоды Віруса Шкодзі» (2009 г.) пра кампутарны вірус. таксама напісаны ў разьліку на цяперашніх дзяцей казкі Раісы Баравіковай «Казкі астранаўта: касьмічныя падарожжы беларуса» (2006 г.) і «Казачныя аповесьці пра прыгоды міжплянэтнага пажарнага і іншых мамырыкаў» (2010 г.). Адначасова з тым беларускія пісьменьнікі ікнуцца захаваць традыцыі клясычных узораў славеснага мастацтва — як стылявыя традыцыі, так і духоўныя. Казка была і застаецца вельмі запатрабаваным жанрам. У выдавецтве «Мастацкая літаратура» штогод выходзяць выдатныя зборнікі беларускіх аўтарскіх казак («Адзін кот i адзін год», «Зорная Кася», «Нявеста для Базыля» і іншыя), якія карыстаюцца нязьменным попытам[85].

У XXI стагодзьдзі істотным чынам зьмяняецца роля кнігі, якая замяняецца віртуальнай прасторай. І гэта павінна падштурхнуць беларускіх пісьменьнікаў да пошуку альтэрнатыўных спосабаў перадачы духоўнага і навуковага вопыту беларускага народу, напрыклад — праз стварэньне аўдыёкніг, фільмаў, кампутарных гульняў, віртуальных бібліятэк. І ва ўсім гэтым вядучую ролю павінна адыграць дзіцячая кніга[86].

Не застаюцца дзіцячыя беларускія пісьменьнікі і ў баку ад тых падзеяў, што адбываюцца ў краіне. Пасьля жорсткіх затрыманьняў і разгону мірных акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, дзіцячыя пісьменьнікі запісалі відэазварот, у якім асудзілі гвалтоўныя дзеяньні ўладаў, выступілі з патрабаваньнем спыніць гвалт і аднавіць закон. У відэазвароце выступілі Ганна Янкута, Вера Бурлак, Надзея Ясьмінска, Наталка Харытанюк, Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская, Дзіяна Балыка, Вольга Акуліч, Марыя Мартысевіч, Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастарнак. Зварот падтрымалі Андрэй Хадановіч, Марыя Бершадзкая, Юры Несьцярэнка, Ганна Зенькова, Алег Грушэцкі[87][88].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Не ўжываўся ў фальклярыстыцы сам тэрмін «дзіцячы фальклёр». Творы, якія збіральнікі фальклёру называлі «дзіцячымі песьнямі», «калыханкамі», «пацешкамі» і г. д., зьмяшчаліся ў фальклёрных зборніках побач з абрадавай паэзіяй, часьцей за ўсё далучаліся да радзінных, хрэсьбінных песень[3].
  2. ^ Па ўспамінах Яцкоўскага ў Багрыма такіх вершаў было шмат, але яны былі адабраныя па цэнзурных меркаваньнях. За чытаньне сваіх вершаў у часы Крошынскага бунту Багрым быў здадзены ў рэкруты, адкуль вярнуўся дадому ўжо пажылым чалавекам.
  3. ^ Да гэтага ў 1919 годзе была спроба выдаць дзіцячы часопіс у Вільні, «Зялёныя дрэўцы». Але захаваўся толькі адзін яго, першы нумар.
  4. ^ Напачатку часопіс меркавалася назваць «Чырвоныя зоркі».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Макарэвіч 2008. С. 25.
  2. ^ а б в Яфімава 1996. С. 7.
  3. ^ Барташэвіч Г. А. Дзіцячы фальклор / склад. Г. А. Барташэвіч, В. І. Ялатаў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1972. — С. 8.
  4. ^ Барташэвіч 1972. С. 8.
  5. ^ Jan Czeczot Piosnki wieśniacze z nad Niemna i Dźwiny, cz. 2. — Wilno: 1836—1839.
  6. ^ A. Rypiński Białorus. — Paryż: 1840.
  7. ^ а б Барташэвіч 1972. С. 5.
  8. ^ Барташэвіч 1972. С. 6.
  9. ^ Зуева Т. В. Детский фольклор // Литературная энциклопедия терминов и понятий / Под ред. А. Н. Николюкина. — М.: 2000. — С. 223.
  10. ^ Несьцяровіч 1972. С. 6.
  11. ^ Макарэвіч 2008. С. 41.
  12. ^ Макарэвіч 2008. С. 42.
  13. ^ а б Макарэвіч 2008. С. 45.
  14. ^ а б Макарэвіч 2008. С. 47.
  15. ^ а б Макарэвіч 2008. С. 48.
  16. ^ Белазаровіч В. А. Фарміраванне беларускай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі ў XIX — пачатку XX ст. // Гістарыяграфія гісторыі Беларусі / Пад агульн. рэд. І. П. Крэня, А. М. Нечухрына. — Гродна: Гродзенскі дзяржаўны універсітэт ім. Я. Купалы, 2006. — С. 163. — 346 с. — ISBN 985-417-858-7
  17. ^ а б в г д е Несьцяровіч 1972. С. 7.
  18. ^ а б Макарэвіч 2008. С. 53.
  19. ^ Макарэвіч 2008. С. 49.
  20. ^ а б Макарэвіч 2008. С. 51.
  21. ^ Макарэвіч 2008. С. 52.
  22. ^ Макарэвіч 2008. С. 14.
  23. ^ Гімпель Т. М. Святло «Лучынкі» : Часопіс. — 1994. — № 7—8. — С. 139.
  24. ^ Макарэвіч 2008. С. 14-15.
  25. ^ а б в г д Несьцяровіч 1972. С. 8.
  26. ^ а б Несьцяровіч 1972. С. 9.
  27. ^ Макарэвіч 2008. С. 4.
  28. ^ а б Макарэвіч 2008. С. 5.
  29. ^ а б Несьцяровіч 1972. С. 11.
  30. ^ Несьцяровіч 1972. С. 10.
  31. ^ Канэ Ю. М. Мавр, Янка // Краткая литературная энциклопедия(ru) / Под ред. А. А. Суркова(ru). — М.: Сов. энциклопедия(ru), 1967. — Т. 4. — С. 487.
  32. ^ Несьцяровіч 1972. С. 12-13.
  33. ^ Гілевіч М. С. «Хоць малыя, але — чалавекі!»: Інтэрв'ю з Я. Маўрам : Газета. — 10 жніўня 1965. — С. 3.
  34. ^ а б в Несьцяровіч 1972. С. 13.
  35. ^ Медзвядзькова А. Г. Ніколі не забудзем. Гісторыя стварэння кнігі. — Магілёў: Цэнтральная гарадская бібліятэка імя К. Маркса, 2013. — С. 2. — 4 с.
  36. ^ а б Несьцяровіч 1972. С. 14.
  37. ^ а б Макарэвіч 2008. С. 461.
  38. ^ Макарэвіч 2008. С. 463.
  39. ^ а б Несьцяровіч 1972. С. 16.
  40. ^ а б Несьцяровіч 1972. С. 17.
  41. ^ Несьцяровіч 1972. С. 15.
  42. ^ Несьцяровіч 1972. С. 18.
  43. ^ Макарэвіч 2008. С. 11.
  44. ^ а б Несьцяровіч 1972. С. 25.
  45. ^ Макарэвіч 2008. С. 495.
  46. ^ а б Несьцяровіч 1972. С. 24.
  47. ^ Несьцяровіч 1972. С. 23.
  48. ^ Макарэвіч 2008. С. 23-24.
  49. ^ а б Макарэвіч 2008. С. 482.
  50. ^ Макарэвіч 2008. С. 22-23.
  51. ^ Макарэвіч 2008. С. 484.
  52. ^ Сычова С.А. Дзіцячая літаратура на сучасным этапе: проза, паэзія, драматургія // Вучэбна-метадычны комплекс па дысцыпліне «Дзіцячая літаратура». — Мн.: БДПУ імя Максіма Танка, 2019. — С. 58. — 140 с.
  53. ^ Макарэвіч 2008. С. 483.
  54. ^ Сонечная паляна. Prastora.by. Праверана 23 ліпеня 2015 г. Архіўная копія ад 23 ліпеня 2015 г.
  55. ^ Лаўрэатам Прэміі Цёткі стаў Валер Гапееў. Наша Ніва (4 мая 2018). Праверана 6 ліпеня 2018 г.
  56. ^ Макарэвіч 2008. С. 485.
  57. ^ а б Макарэвіч 2008. С. 491.
  58. ^ Макарэвіч 2008. С. 490.
  59. ^ Ладуцька К. Літаратура для дзяцей, дзіцячая літаратура. МаладосцьПраверана 2014-04-20 г. Архіўная копія ад 2014-04-20 г.
  60. ^ Несьцяровіч 2008. С. 25.
  61. ^ Пакачайла А. (2014-04-04) Алесь Ба­дак: «Верш пі­шаш для ся­бе, пес­ню — для пуб­лі­кі». ЗвяздаПраверана 2014-04-28 г. Архіўная копія ад 2014-04-28 г.
  62. ^ Богуш С. (17 кастрычніка 2013) Крышку пра кніжку. ВясёлкаПраверана 2014-04-20 г. Архіўная копія ад 2014-04-20 г.
  63. ^ Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега. Выдавецкі дом «Звязда» (31 ліпеня 2013). Праверана 2014-04-20 г. Архіўная копія ад 2014-04-20 г.
  64. ^ Бязлепкіна А. П. (23 снежня 2012) Рублеўская Людміла. "Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега" Праверана 2014-04-20 г. Архіўная копія ад 2014-04-20 г.
  65. ^ ПЭН-цэнтр абраў пераможцаў першай прэміі "Кнігі года". TUT.BY (25 мая 2015). Праверана 28 мая 2015 г.
  66. ^ Цімошык Л. І. СЛОЎныя перавагі : газета. — Мн.: РВУ «Звязда», 8 верасня 2017. — В. 4939. — № 36. — С. 4.
  67. ^ Вызначаны пераможцы конкурсу “Экслібрыс” імя Янкі Маўра. СБП (2013-09-11). Праверана 2013-09-12 г. Архіўная копія ад 2013-09-12 г.
  68. ^ Явіч Я. Вітаем, пераможцы! : газета. — Мн.: СПБ, 5 верасня 2014. — В. 4784. — № 35. — С. 3.
  69. ^ “Буся” і “Вясёлка” – верныя сябры. Вясёлка (2013). Праверана 17 студзеня 2016 г. Архіўная копія ад 17 студзеня 2016 г.
  70. ^ Смаль В. М., Еўдакіменка М. Асаблівасці кантэнту сайта часопіса «Вясёлка» // СМИ. Культура. Молодежь / Под общ. ред. Л. В. Скибицкой.. — Брест: БрГУ имени А.С. Пушкина, 2015. — С. 187. — 226 с.
  71. ^ Шчарбакоў З. (2016-05-03) Названыя першыя лаўрэаты літаратурнай прэміі імя Цёткі. Наша НіваПраверана 25 снежня 2020 г.
  72. ^ Назван полный список Литературной премии Тётки. Наша Ніва (9 сакавіка 2016). Праверана 16 сакавіка 2016 г. Архіўная копія ад 16 сакавіка 2016 г.
  73. ^ Запольская Я. (19 студзеня 2015) Абвешчаны шорт-ліст сёлетняга „Глінянага Вялеса”. Беларускае Радыё РацыяПраверана 20 студзеня 2015 г. Архіўная копія ад 19 студзеня 2015 г.
  74. ^ Шычко С. (2019-04-17) Ужо трэцім выданнем пабачыла свет кніга «Грошык і таямнічы кошык». ЗвяздаПраверана 2019-08-10 г. Архіўная копія ад 2019-08-10 г.
  75. ^ «Краіна Вымярэнія». Вучым дзетак, чытючы казку. Настаўнік.info (31 жніўня 2019). Праверана 2019-09-08 г. Архіўная копія ад 2019-09-08 г.
  76. ^ Рублеўская Л. І. (6 верасня 2019) Обзор книги Олега Грушецкого «Краіна Вымярэнія». СБ. Беларусь сегодняПраверана 2019-06-28 г. Архіўная копія ад 2019-09-08 г.
  77. ^ Кісліцына Г. М. (2019-12-13) 10 лучших детских книг 2019 года. TUT.BYПраверана 2019-12-15 г. Архіўная копія ад 2019-12-15 г.
  78. ^ Рублеўская Л. І. (30 снежня 2020) Якую кнігу пакласці дзіцяці пад ёлачку? Топ-12 беларускіх дзіцячых выданняў — 2020. ЗвяздаПраверана 2020-12-30 г. Архіўная копія ад 2020-12-30 г.
  79. ^ Грушэцкі А. Л. (2019-06-07) З атласам замкаў – па Беларусі. Літаратура і мастацтваПраверана 2019-06-10 г. Архіўная копія ад 2019-06-10 г.
  80. ^ Выйшаў першы «Дзіцячы атлас Беларусі». Наша Ніва (2017-10-31). Праверана 2019-06-28 г. Архіўная копія ад 2019-06-10 г.
  81. ^ Шычко С. (2019-08-14) Гендырэктар ААТ «Белкніга»: Айчынныя выданні ў нашай гандлёвай сетцы займаюць 65 працэнтаў. Звязда. Праверана 2019-08-14 г. Архіўная копія ад 2019-08-14 г.
  82. ^ Макарэвіч 2008. С. 492-493.
  83. ^ Фіналістаў конкурсу “Экслібрыс” імя Янкі Маўра ўганаравалі ў Мінску. Саюз беларускіх пісьменнікаў (15 кастрычніка 2013). Праверана 2014-04-23 г. Архіўная копія ад 2014-04-23 г.
  84. ^ Ляйкоўская В. Фіналістаў конкурсу «Экслібрыс» уганаравалі : газета. — Мн.: ЗБС «Бацькаўшчына», кастрычнік, 2013. — № 22. — С. 4.
  85. ^ Поклонская О. В плену у сказки : газета. — Мн.: Мінгарвыканкам, 12 ліпеня 2018. — В. 12791. — № 28. — С. 15.
  86. ^ Макарэвіч 2008. С. 494.
  87. ^ Грушэцкі А.Л. (2020-09-29) Беларускія дзіцячыя пісьменнікі супраць гвалту. Новы Час (газета)Праверана 2020-09-29 г. Архіўная копія ад 2020-09-29 г.
  88. ^ Дзіцячыя пісьменнікі Беларусі выступілі супраць гвалту. Наша Ніва (2020-09-27). Праверана 2020-09-29 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На беларускай мове[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Алейнік Л. А., Лапіцкая А. М. Каму чытаць «Міколку-паравоза»? : газ.. — Мн.: РВУ «Выдавецкі дом "Звязда"», 15 жніўня 2014. — В. 4781. — № 32. — С. 8. — ISSN 0024-4686.
  • Барташэвіч Г. А. Дзіцячы фальклор / Пад. рэд. К. П. Кабашнікава. — Навука і тэхніка, 1972. — 736 с. — 15 400 ас.
  • Барсток М. М., Гурэвіч Э. С., Яфімава М. Б., і інш. Беларуская дзіцячая літаратура. Вучэб. дапам. для філал. фак. і фак. педагогікі і методыкі пачатковага навучання / Пад рэд. М. Б. Яфімавай, М. М. Барсток. — Мн.: Вышэйшая школа, 1980. — 350 с. — 4000 ас.
  • Грушэцкі А. Л. Шэсць стагоддзяў дзіцячай літаратуры : газ.. — Мн.: РВУ «Выдавецкі дом "Звязда"», 15 жніўня 2014. — В. 4781. — № 32. — С. 6. — ISSN 0024-4686.
  • Гурэвіч Э. С. Беларуская дзіцячая літаратура (1917 — 1967) / Пад рэд. В. В. Барысенка. — Мн.: Навука і тэхніка, 1970. — 312 с.
  • Гурэвіч Э. С. Юны чытач і дзіцячая літаратура // Сучасная літаратура і чытач. — Мн.: Навука і тэхніка, 1988.
  • Ляшук В. М., Яфімава М. Б. Беларуская дзіцячая літаратура: Хрэстаматыя / Рэцэнзент: В. М. Бігеза. — Мн.: Вышэйшая школа, 1996. — 655 с. — 6000 ас. — ISBN 985-06-0159-0
  • Макарэвіч А. М., Яфімава М. Б., і інш. Беларуская дзіцячая літаратура / Пад рэд. А. М. Макарэвіча, М. Б. Яфімавай,. — Мн.: Вышэйшая школа, 2008. — 688 с. — 3500 ас. — ISBN 978-985-06-1440-7
  • Несцяровіч В. Б., Шаўлоўская М. Ф. Беларуская дзіцячая літаратура. — Мн.: Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, 2008. — 27 с.
  • Шаўлоўская М. Ф. Беларуская дзіцячая літаратура: Хрэстаматыя. — Мн.: 2003.

На расейскай мове[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Голенченко Г. Я. Источники по истории белорусской культуры: (Старопечатные учебные книги XVI — первой половины XVII в.) // Из истории книги в Белоруссии. — Мн.: 1979.
  • Гуревич Э. С. Боль и тревоги наши: Дети, война, литература. — Мн.: Наука и техника, 1986. — 253 с.
  • Гуревич Э. С. Детская литература Белоруссии. — М.: Детская литература, 1982. — 239 с.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Nuvola apps kaboodle.svg Вонкавыя відэафайлы
Nuvola apps kaboodle.svg Канал «Беларуская Дзіцячая Літаратура» на YouTube