Перайсьці да зьместу

Белавеская пушча

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Белавеская пушча
Bielavieskaja Pušča / Białowieża Forest*
Сусьветная спадчына ЮНЭСКО

Краіна Беларусь
Польшча
Тып прыродны
Крытэры vii
Спасылка 33bis
Рэгіён** Эўропа і Паўночная Амэрыка
Гісторыя ўключэньня
Уключэньне 1979  (3-я сэсія)
* Назва ў афіцыйным сьпісе па-ангельску
** Рэгіён паводле клясыфікацыі ЮНЭСКО

Белаве́ская пу́шча — адзін з самых старых запаведных лясных масіваў Эўропы, найбуйнейшы астатак рэліктавага першабытнага раўніннага лесу, які ў дагістарычны час рос на тэрыторыі Эўропы. Паступова ён быў высечаны і ў адносна непарушаным стане ў выглядзе буйнога масіву захаваўся толькі ў Белавескім рэгіёне (тэрыторыя Берасьцейскай вобласьці, Гарадзенскай вобласьці Беларусі і Падляскага ваяводзтва Польшчы. У 1992 годзе рашэньнем ЮНЭСКО Дзяржаўны нацыянальны парк «Белавеская пушча» ўключаны ў Сьпіс Сусьветнай спадчыны чалавецтва. У 1993 годзе яму прысвоены статус біясфэрнага запаведніка.

Эўрапейскі зубар

Белавеская пушча зьяўляецца ўнікальным і буйнейшым масівам старажытных лясоў, тыповых для раўнін Сярэдняй Эўропы. Сярэдні ўзрост лясоў Белавескай пушчы складае больш за 100 гадоў, асобныя ўчасткі лесу маюць узрост 250—350 гадоў. У пушчы зарэгістравана больш за тысячу дрэваў-волатаў (400—600-гадовыя дубы, 250—350-гадовыя ясені і хвоі, 200—250-гадовыя елкі). Белавеская пушча па ліку відаў расьлінаў і жывёлін ня мае сабе роўных у Эўропе. Тут растуць 958 відаў судзінкавых споравых і насенных расьлінаў, зарэгістравана 260 відаў імхоў і мохападобных, больш за 290 відаў лішайнікаў і 570 відаў грыбоў. У сьпісе фаўны Белавескае пушчы налічваецца 59 відаў млекакормячых, 227 відаў птушак, 7 відаў гадаў, 11 відаў земнаводных, 24 віды рыб і больш за 11 000 беспазванковых жывёлін. Тут жыве самая буйная ў сьвеце папуляцыя зуброў. З буйных траваедных жывёлін тут сустракаюцца высакародны алень, дзік, эўрапейская казуля і лось, з драпежнікаў насяляюць воўк, лісіца, рысь, барсук, лясная куніца, выдра і іншыя. У Пушчы захаваліся ўнікальныя супольнасьці беспазванковых — насельнікаў мёртвай і гнілой драўніны, кнотавых грыбоў, верхавых і нізінных балотаў. Флёра і фаўна прадстаўленыя вялікім лікам рэдкіх відаў расьлінаў (піхта, скальны дуб, лілея-саранка, астранцыя вялікая, ліліелісны званочак), жывёлін (зубар, рысь, барсук) і птушак (арлан белахвосты, арол-вужаед, чорны бусел, шэры журавель, малы арлец, пугач, барадатая кугакаўка[1], вераб’іны сычык, беласьпінны дзяцел, жоўтагаловы дзяцел, сіваграк, вяртлявая чарацянка і шматлікія іншыя), занесеных у Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь.

Як стары суцэльны лес, Пушча згадваецца яшчэ ў Іпацьеўскім летапісе 983 г.[2]. У кіеўскіх летапісах зазначаецца, што тэрыторыя сучаснай Пушчы была заселена племем яцьвягаў, якія займаліся паляваньнем і рыбнай лоўляй.

Камянецкая вежа у сяр. ХІХ ст., Н. Орда

У XII стагодзьдзі на тэрыторыі Белавескай пушчы падоўгу жыў Уладзімер Манамах, а ў 1276 г. князь Уладзімер Валынскі заснаваў тут горад-крэпасьць Камянец. У канцы XIII — пачатку XIV стагодзьдзяў Пушчай валодаюць літоўскія князі: Трайдзень, Кейстут, Ягайла і інш. У 1413 г., паводле Гарадзельскай вуніі, Белавеская пушча перайшла ў польскае валоданьне. Неўзабаве тут усталёўваюцца строгія правілы аховы дзікіх зьвяроў, хоць польскія каралі Жыгімонт I Стары, Стэфан Баторы, Аўгуст III — пераемнікі Ягайлы — ператварылі Пушчу ў месца сваіх раскошных паляваньняў.

Першая спроба атрымаць ад Пушчы прыбытак мела месца ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя пры вялікім князі літоўскім і каралю польскім Жыгімонце Аўгусьце, калі на яе тэрыторыі былі пабудаваныя 4 жалезаапрацоўчыя заводы. Тут жа дабывалі смалу, турылі дзёгаць, выпальвалі вугаль, спрабавалі наладзіць сплаў лесу.

У 1795 г. Белавеская пушча ўвайшла ў склад Расейскай імпэрыі. Плошча яе тады складала 120 тыс. дзесяцін. Мала цікавячыся лёсам унікальнага лесу, Кацярына II раздала значную частку яго сваім набліжаным, якія ўдзельнічалі ў заваяваньні краю: графу Румянцаву, Міхаілу Кутузаву, палкоўніку Дрэнякіну і інш. У 1811 г. на тэрыторыі Белавескай пушчы адбыўся самы буйны за яе гісторыю пажар (з траўня па кастрычнік), выкліканы вельмі моцнай і працяглай засухай. У 1821 г. рушыў усьлед загад аб забароне ўсякай рубкі і паляваньні ў Пушчы, аднак падчас польскага паўстаньня (1831 г.) гэты парадак ізноў быў парушаны. У 1842—1847 гг. у Белавескай пушчы праведзена першае лесаўладкаваньне, пасьля чаго Пушча была падзеленая на квартальную сетку, а ў 1861—1862 гг. мінула другое лесаўладкаваньне. З гэтага моманту пачынаецца дакладны ўлік яе ляснога фонду.

У 1875 г. у інтарэсах захаваньня зуброў вылучаецца адмысловая частка Пушчы, з найстражэйшым рэжымам гаспадаркі ў ёй. У 1897 г. цар Мікалай II даў указаньне падбаць, каб Пушча захавала характар першабытнага лесу, і не імкнуцца да выманьня найбольшага прыбытку ў ёй.

Мапа Белавескай пушчы на пачатак ХХ ст.

Падчас Першай сусьветнай вайны з 1915 па 1918 гг. Белавеская пушча знаходзіцца пад акупацыяй нямецкіх войскаў. Гэты пэрыяд зьявіўся прыкладам наймоцнай эксплюатацыі яе багацьцяў. У гэты час пачынаецца інтэнсіўная пракладка вузкакалейных чыгунак (каля 300 км) з мэтай нарыхтоўкі каштоўнай драўніны, а для яе перапрацоўкі будуюцца 4 лесапільныя заводы. За два з паловай гады ў Нямеччыну было вывезена 4,5 млн куб. м драўніны, прычым самых каштоўных парод. Гэта амаль столькі ж, колькі нарыхтавана ў Пушчы за ўсю папярэднюю гісторыю (5 млн куб. м). Пасьля заканчэньня вайны Пушча перайшла ва ўласнасьць Польшчы. Аднак эксплюатацыя яе лясоў на гэтым ня скончылася.

У 1921 г. ля адміністрацыйнага цэнтру Пушчы — мястэчка Белавежа — на ўчастку 4594 га было адкрыта лесьнікоўства «Рэзэрват» і ахоплена абсалютна-запаведнай аховай 1061 га лясоў (астатняя частка Пушчы часткова ахоўвалася). У 1924 г. гэтае лесьнікоўства атрымала статут надлесьнікоўства, а з 1929 г. уся яго тэрыторыя (4640 га) стала абсалютна запаведнай. У 1932 г. на месцы гэтага надлесьнікоўства ўтвораны «Нацыянальны парк у Белавежы» (4693 га) са строгім рэжымам аховы, які існуе і па сёньняшнім дзень, толькі ў 1996 г. парк павялічаны ў памерах да 10502 га. У гэты пэрыяд у Пушчы пачынаюцца працы па ўзнаўленьні вольнай папуляцыі зубра (1929 г.), ствараецца гадавальнік тарпанавых коней (1936 г.), пачынае аднаўляцца колькасьць аленя, дзіка, казулі. Але суцэльныя рубкі лесу, хоць і ў некалькі спарадкаваным выглядзе, працягваліся.

У 1939 г. Белавеская пушча ўвайшла ў склад БССР і пастановай Рады Народных Камісараў БССР на яе тэрыторыі быў арганізаваны Беларускі дзяржаўны запаведнік «Белавеская пушча». У яго склад увайшлі ўвесь лясны масіў Пушчы, лугавая гаспадарка (700 га) і Сьвіслацкая лясное лецішча — усяго 129,2 тыс. га. Аднак гэтай пастановай поўная запаведнасьць усталёўвалася толькі для былога Нацыянальнага парка (4 760 га), зубрапітомніка (297 га), абмежаванай тэрыторыі (29,7 га), гэта значыць фактычна заставаўся той рэжым і ў тых жа межах, які існаваў у Белавескім Нацыянальным парку Польшчы. Празь некаторы час была прынята пастанова "Аб гаспадарчым парадкаваньні Беларускага дзяржаўнага запаведніка «Белавеская пушча», якім прадугледжвалася поўная запаведнасьць усёй тэрыторыі Пушчы. Але ажыцьцявіцца гэтаму не атрымалася з-за пачатку вайны з фашысцкай Нямеччынай.

Падчас Другой сусьветнай вайны пры акупацыі Пушчы нямецкімі войскамі яе багацьці практычна не эксплюатаваліся, бо па ініцыятыве блізкага паплечніка Гітлера — Германа Герынга было вырашана стварыць на яе тэрыторыі ўзорную паляўнічую гаспадарка Райха, дзе маглі бы паляваць высокія тытулаваныя асобы.

Пасьля вызваленьня ад нямецкіх войскаў дзейнасьць запаведніка была адноўленая пастановай Рады Народных Камісараў Беларускай ССР у кастрычніку 1944 г. Але пры ўсталяваньні дзяржаўнай мяжы СССР з Польшчай частка запаведніка (55 тыс. га) разам зь яго гістарычным цэнтрам — пасёлкам Белавежа, Нацыянальным паркам і зубрапітомнікам — адышоў да Польшчы. На тэрыторыі Беларусі засталося 74,5 тыс. га Белавескай пушчы, практычна без базы для навуковай працы і арганізацыйнай дзейнасьці. Усё гэта прыйшлося ствараць ізноў.

З 1944 па 1957 гг. Пушча мела статут запаведніка, аднак у жніўні 1957 г. у адпаведнасьці з распараджэньнем Рады Міністраў СССР Дзяржаўны запаведнік «Белавеская пушча» быў рэарганізаваны ў Дзяржаўную запаведна-паляўнічую гаспадарку.

Літаратурны сэмінар у Белавескай пушчы сябраў літаб’яданьня Белавежа (зьлева направа): Янка Жамойцін, Віктар Рудчык, Георгі Валкавыцкі, Вінцук Склубоўскі, Сакрат Яновіч, Алесь Барскі, Міхась Шаховіч, за ім ляжаць Юры Геніюш, Мікола Лобач. ПНР, Белавеская пушча, пачатак 1970-ых гадоў

Пасьля распаду Савецкага саюза пушча апынулася ў складзе Беларусі. Пастановай Рады Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 верасьня 1991 г. дзяржаўная запаведна-паляўнічая гаспадарка была рэарганізавана і на яе базе і ў яе межах створаны першы ў Рэспубліцы Дзяржаўны нацыянальны парк «Белавеская пушча».

На тэрыторыі Дзяржаўнага нацыянальнага парку «Белавеская пушча» знаходзіцца ўрадавая рэзыдэнцыя Віскулі. У 1991 годзе ў гэтай рэзыдэнцыі былі падпісаныя Белавескія дамовы, якія вызначылі распад СССР.

У 1992 годзе рашэньнем ЮНЭСКО Дзяржаўны нацыянальны парк «Белавеская пушча» ўключаны ў Сьпіс Сусьветнай спадчыны чалавецтва. У 1993 годзе яму прысвоены статус біясфэрнага запаведніка, а ў 1997 годзе ён узнагароджаны Дыплёмам Рады Эўропы. У кастрычніку 2007 году беларускі бок павінен быў прадаставіць экспэртам Рады Эўропы плян кіраваньня паркам на наступныя 10 рокаў, аднак ня здолеў падрыхтаваць яго ў тэрмін. З таго часу дзеяньне Дыплёму РЭ прыпыненае[3].

Паводле агракліматычнага раянаваньня Белавеская пушча адносіцца да цёплай няўстойліва вільготнай зоне. Тут самая кароткая і цёплая ў рэгіёне зіма, самы працяглы вэгетацыйны пэрыяд і найбольшае цеплазабесьпячэньне тэрыторыі. Сярэдняя гадавая тэмпэратура паветра — 6,6° самы цёплы месяц — ліпень (17,8°), самы халодны — студзень (5,4°), устойлівы сьнежны полаг ляжыць ня больш 50-60 дзён. Для адной пятай часткі зім тут ён наогул не адзначаўся. Сярэдняя працягласьць безмарознага пэрыяду 135 дзён. Каэфіцыент увільгатненьня за цёплы пэрыяд году роўны 0,8. Атмасфэрных ападкаў у сярэднім выпадае 624 мм у год, у тым ліку 420 мм у цёплы пэрыяд (красавіккастрычнік). У цэлым клімат пушчы блізкі да цэнтральна-эўрапейскага.

Белавескі лес захаваў сваё дрымучае першабытнае аблічча і населены рэліктавымі супольнасьцямі расьлінаў і жывёл, якія захаваліся ў адносна непарушаным стане, шматлікія зь якіх беззваротна зьніклі ў іншых месцах разам з высечанымі лясамі. Сярэдні ўзрост лясоў Белавескай пушчы складае больш 100 гадоў, асобныя ўчасткі лесу маюць 250—350 гадоў. У Пушчы зарэгістравана больш тысячы дрэў-волатаў. Тут растуць 350-гадовыя ясені і хвоі, 250-гадовыя елкі. Дзякуючы разьмяшчэньню на мяжы дзьвюх геабатанічных зон (Эўраазіяцкай хваёвалясной і Эўрапейскай шырокалістай), Белавеская пушча ўяўляе сабой «вузел канцэнтрацыі» біялягічнай разнастайнасьці і па колькасьці відаў расьлінаў і жывёл, якія растуць і насяляюць яе тэрыторыі, ня мае сабе роўных на Эўрапейскім кантыненце. У Белавескай пушчы сустракаюцца ўсе асноўныя кампаненты лясной флёры і фаўны, усе асноўныя тыпы лясных відаў, якія магчымыя ў дадзеным геаграфічным рэгіёне.

Белая піхта

Адным зь першых расьліннасьць Белавескай пушчы апісаў Станіслаў Горскі (1802—1864). Разнастайнасьць глебаў і ўмоў абумовіла распаўсюджанасьць ў Пушчы 958 відаў споравых і насенных расьлінаў, што для прыкладу складае 64 % флёры ўсёй Беларусі. Найбольш шматлікімі зьяўляюцца: астровыя, мятлікавыя, бабовыя, гвазьдзічныя, ружакаляровыя, люцікавыя (35), капусныя і інш. Самыя прадстаўнічыя роды Carex (38), Trifolium (14), Veronica (14), Salix (13), Ranunculus (13).

Пераважнымі іглічнымі пародамі зьяўляюцца хвоя звычайная і елка эўрапейская, маецца адзіны ў рэспубліцы гай піхты белай. Зь лісьцевых парод сустракаюцца: дуб, бярозы павіслая і пухнатая, граб, алешына чорная, ясень звычайны, асіна. Значна радзей распаўсюджаны дуб скальны. З 9 відаў хмызьнякоў найбольш звычайныя вербы, каліна звычайная, крушына ломкая, ляшчына звычайная, ваўчынае лыка, ядловец звычайны і інш. З хмызьнячкоў шырока распаўсюджаныя чарніцы, брусьніцы, верас, багун балотны, журавіны балотныя. У Белавескай пушчы сустракаюцца прыкладна 260 відаў мохаў і мохападобных, вядома больш 290 відаў лішайнікаў. Флёра грыбоў у цяперашні час прадстаўлена 570 відамі.

Расьліннасьць характарызуецца па наступных буйных катэгорыях: іглічныя лясы — 68,8 % (зь іх хвойнікі — 58 %, ельнікі — 11 %), шырокалісныя лясы — 5,8 %, вытворныя шырокалісныя лясы — 1,1 %, дробналісьцевыя вытворныя лясы — 5,6 %, лісьцевыя карэнныя балотныя лясы — 18,7 % (зь іх чорнаальховыя лясы — 15,6 %), імховыя і травяныя балоты, лугі.

Эўрапейскі зубар

Жывёльны сьвет Белавескай пушчы шматлікі і разнастайны. У сьпісе фаўны налічаецца больш за 11 тысячаў відаў розных груп жывёл. У цяперашні час тут 59 відаў з 6 атрадаў сысуноў. Зь іх 20 відаў прадстаўлена грызунамі, 13 — рукакрылымі, 12 — драпежнікамі, 7 — насякомаеднымі, 5 — парнакапытнымі і 2 — трусападобнымі. Тут знаходзіцца самая буйная ў міры папуляцыя зуброў.

У Белавескай пушчы і яе навакольлях улічана 227 відаў птушак, у тым ліку пералётных (141), вандроўных (31), аселых (31), выпадкова залётных (24). На гнезьдзішча адзначана 169 відаў. Самым шматлікім атрадам зьяўляюцца вераб’іныя — 97 відаў. Пасьля вераб’іных найболей шматлікія пласьцінчатадзюбыя — 27 відаў, затым па ступені зьмяншэньня вынікаюць сеўцападобныя — 25, драпежныя — 21, совы — 11, падгалістыя — 9, дзятлападобныя — 9, жураўліныя — 8, курыныя — 7, паганкі — 5, голубепадобныя — 4. Адным-трыма відамі прадстаўленыя гагары, весланогія, зязюлі, казадоевыя, стрыжападобныя.

Таксама ў пушчы налічваецца 11 відаў земнаводных. Самая звычайная і шматлікая сярод іх — вострамордая жаба. Па колькасьці ёй не саступае травяная жаба. Больш рэдкая сажалкавая жаба, прадстаўленая двума формамі Rana lessonae L. і Rana esculenta L. У застойных водах часта сустракаецца трытон звычайны і значна радзей — трытон грабеньчаты, насяляе чырвонабрухая жарлянка. Сустракаецца звычайная квакша, звычайная часночніца. Звычайныя ў Пушчы жаба шэрая і зялёная. Рэдкім відам у Пушчы зьяўляецца чаротавая жаба.

Прысмыкаючыя прадстаўленыя 7 відамі. Самы шматлікі від — вуж звычайны, некалькі радзей сустракаюцца вераценьніца, яшчарка жвавая, рэдка — гадзюка звычайная і вельмі рэдка — чарапаха балотная.

У вадаёмах Пушчы налічваецца 24 відаў рыб. Найболей шматлікія зь іх шчупак, плотка, лінь, ёрш, келба, акунь. Радзей сустракаецца язь, лешч, чырвонапёрка і іншыя. Зарэгістраваны вугор і сом. Адзіны прадстаўнік класа кругларотых у пушчанскіх рэках — рачная мінога.

Белавеская пушча мае багатую фаўну бесхрыбтовых (больш за 12 000 відаў), якая з пункта гледжаньня заагеаграфіі характарызуецца перавагай палеарктычных, шырока распаўсюджаных у Эўропе відаў. Шматлікія тут таксама ўсходне і цэнтральна-эўрапейскія віды, радзей сустракаюцца атлянтычныя (заходне-эўрапейскія) і зусім нешматлікія паўднёвыя. У цэлым фаўна бесхрыбтовых Пушчы адрозьніваецца ад іншых лясных масіваў Эўропы вялікай разнастайнасьцю. Тут толькі казурак налічаецца больш 9500 відаў. Астатнія групы бесхрыбтовых (найпростыя, чарвякі, павукападобныя, малюскі і іншыя) да цяперашняга часу практычна не вывучаліся. Штогод на тэрыторыі польскай часткі Белавескай пушчы навукоўцы апісваюць для навукі новыя віды. У Пушчы захаваліся ўнікальныя супольнасьці бесхрыбтовых — насельнікі мёртвай і гнілой драўніны, губавых грыбоў, верхавых і нізінных балот.

  1. ^ Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь // Дзяржаўная інспэкцыя аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь, 2023 г. Праверана 21 красавіка 2023 г.
  2. ^ Качаноўскі, Карочкіна, 1976
  3. ^ Анастасія Янушэўская. (19 сакавіка 2012) «Белавежскай пушчы» пакуль не ўдалося вярнуць дыплом Рады Еўропы Усяго патроху. Наша НіваПраверана 19 сакавіка 2012 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]