Саляная шахта Вялічка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Саляная шахта Вялічка
Wieliczka Salt Mine*
Сусьветная спадчына ЮНЭСКО

Wieliczka Saint Kinga.jpg
Краіна Польшча
Тып культурны
Крытэры iv
Спасылка 32
Рэгіён** Эўропа і Паўночная Амэрыка
Каардынаты Каардынаты: 49°58′45.012″ пн. ш. 20°3′50.004″ у. д. / 49.97917° пн. ш. 20.06389° у. д. / 49.97917; 20.06389
Гісторыя ўключэньня
Уключэньне 1978  (2-я сэсія)
Падаўжэньне 2008, 2013
* Назва ў афіцыйным сьпісе па-ангельску
** Рэгіён паводле клясыфікацыі ЮНЭСКО

Саляна́я ша́хта Вялі́чка (па-польску: Kopalnia soli Wieliczka) — месца заляганьня каменнай солі ў месьце Вялічка (Польшча), распрацоўванае з XIII да XX стагодзьдзяў. Шахта адлюстроўвае разьвіцьце мэтадаў і тэхналёгіяў здабычы солі цягам сямі стагодзьдзяў. Яна ўяўляе зь сябе калідоры і галерэі на сямі падземных узроўнях на глыбіні ад 57 м да 198 м агульнай працягласьцю болей за 200 км[1].

З 1978 року саляная шахта Вялічка ўваходзіць у сьпіс аб’ектаў Сусьветнае спадчыны ЮНЭСКО[1].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Драўляныя калаўроты на конскай цязе

Месцапаклад солі ў Вялічцы быў утвораны каля 15 мільёнаў год таму і адносіцца да міяцэнскай фармацыі. Ён уяўляе сабой паласу даўжынёй 10 км і шырынёй ад 0,5 да 1,5 км, працяглую з усходу на захад уздоўж паўночнай мяжы Карпатаў[2].

Археалягічныя дасьледаваньні тэрыторыі Вялічкі паказалі, што выпарваньне рошчыны, якую чэрпалі з саляных крыніцаў, тут рабілі ўжо ў IV тыс. да н. э.

Пазьней пачалі будаваць расьсельныя калодзежы (вэртыкальныя сьвідравіны, якія раскрывалі гарызонт салёных водаў). Імаверна, пад час такіх працаў гарнякі пачалі натрапляць на паклады крышталёвай солі, што й запачаткавала падземную распрацоўку радовішча. Яшчэ ў 1044 року Казімер I Аднавіцель выдаў прывілей саляным капальням у Вялічцы, назваўшы іх «magnum sal alias Wieliczka».

Паклады вяліцкай солі пачалі эксплюатаваць у 80-х роках XIII стагодзьдзя. Тут быў разьмешчаны вялікі цэнтар солевараньня, што маў назву Magnum Sal — Вялікая соль (адкуль і назва «Вялічка»). Выгадныя горна-геалягічныя ўмовы, просты доступ да саляных пакладаў прывялі да хуткага разьвіцьця шахты і паўстаньня гарняцкага паселішча, якому ў 1290 року былі нададзеныя мескія правы.

Шахта была ўласнасьцю польскіх каралёў і давала на той час больш за 30% прыбыткаў у дзяржаўную скарбніцу. У 1368 року кароль Казімер Вялікі зацьвердзіў «Горны статут», які ўрэгулёўваў прававыя пытаньні арганізацыі ды кіраваньня Кракаўскімі капальнямі солі (разам зь Вялічкаю ў прадпрыемства ўваходзіла шахта ў Бохні). Згодна з статутам была ўсталяваная адміністратыўная герархія, акрэсьленыя кампэтэнцыя й правы шахтэраў ды чыноўнікаў-кантралёраў. Ад імя караля шахтаю кіраваў саляны прыстаў (г.зв. «жупнік»). «Горны статут» быў адным зь першых у Эўропе горнічных прывілеяў, які вызваляў шахтэраў ад фэўдальнай залежнасьці, закладаў падмуркі новых адносінаў у гаспадарцы ды грамадзтве.

У XIV стагодзьдзі ў Вяліцкай шахце было каля 60 салякопаў-стольнікаў, якія малі свае дзялянкі распрацовак і спадчынныя правы на шахтэрскую дзейнасьць. Яны наймалі шахтэраў, арганізоўвалі падземныя працы (часам працавалі й самі), а здабычу прадавалі каралеўскаму прыставу па фіксаваных коштах. Здабыча солі і падземнае транспартаваньне зьдзяйсьняліся рукамі, а пад’ём солі з шахты — з дапамогаю адмысловых валаў.

У наступным стагодзьдзі валы зьмяніў калаўрот — гарызантальныя колы, якія прыводзілі ў рух людзі, а пасьля й коні. Мэханізацыя здабычы павялічыла аб’ёмы вытворчасьці і прыбытку, у гэты час пачалося паглыбленьне шахтаў[3]. Напрыканцы XV стагодзьдзя кароль, маючы вялікія даўгі перад багатымі мяшчанамі, аддаў ім у заставу Кракаўскія капальні. У выніку драпежніцкага гаспадараньня тагачасных уласьнікаў Вяліцкая шахта была разрабаваная і спустошаная. У 1507 року яе выкупіў Ян Бонэр, які з часам вярнуў ёй былое значэньне.

Да XVI стагодзьдзя горныя працы былі сэзоннымі (з восені да вясны), потым здабычу вялі бесьперапынна. Паводле сьведчаньняў вядомых наведвальнікаў капальні (папскі нунцый Ф. Руджэры, літаратар Х. Шэдэль, вэнэцыянскі пасланьнік Х. Ліпамана), у XVI стагодзьдзі на шахце стала працавалі 1000–1500 шахтэраў, а гадавая здабыча солі дасягала 7-8 тысячаў тон. У гэты час у Вялічцы было збудавана тры новыя ствалы: «Бонэр», «Бужэнін», «Льёіс». Як пісаў францускі дасьледнік Ле Лабур’єр (1647): «Саляныя капальні вяліцкія ня менш знакамітыя, ніж піраміды эгіпецкія, але карысьнейшыя. Яны ёсьць пахвальнаю памяткаю працалюбнасьці палякаў».

Нястача грошай на вайсковыя паходы змусіла караля Стэфана Баторыя зноў перадаць шахту ў арэнду. Карысьлівае гаспадараньне новых гаспадароў (П. Прован, С. Любамірскі) супала са стыхійнымі бедзтвамі (эпідэміі, пажары), бунтамі гарнякоў і іхнім жорсткім здушэньнем. Усё гэта прывяло да рэгрэсу здабыўчых працаў.

Новы ўздым горніцтва ў Вялічцы распачаўся за часамі караля Жыгімонта III, які стымуляваў прафэсійнае майстэрства шахтэраў, запрошваў іншаземных адмыслоўцаў для інжынэрна-тэхнічных працаў. Так, швэдзкі геадэзіст М. Герман у 1631—1639 выканаў вядомыя пляны трох гарызонтаў шахты, а таксама места Вялічкі. Здабыча ў гэты пэрыяд сягала ад 20 да 40 тыс. тон шторок.

Далейшае разьвіцьцё капальні зьвязанае зь перадачаю кіраваньня саксонскім прадпрымальнікам (1718) і даручэньнем тэхнічнага нагляду таленавітаму інжынэру Я. Борляху (з 1743), які выканаў новыя пляны горных працаў, запрапанаваў арыгінальныя разьвязаньні тэхнічных праблемаў, паглыбіў ствалы да трэцяга ўзроўню, ўвёў новы горны статут, спрыяў зьяўленьню ў камэрах капальні твораў мастацтва, якія здабулі ёй сусьветную славу.

Старыя калідоры шахты

Падзел Рэчы Паспалітай і прыход аўстрыйцаў у 1772 року паклаў канец каралеўскай манаполіі на здабычу солі. З 1867 року праўленьне капальней было падпарадкаванае галіцкай уладзе ў Львове. Аўстрыйскія майстры горнай справы мэханізавалі падземныя працы: ручныя дрылі замянілі на пнэўматычныя. Быў пабудаваны саляны млын і паравая пад’ёмная машына. У 1912 року была збудаваная мэханізаваная саляварня. За часам нацысцкай акупацыі былі спробы будаўніцтва падземнага гораду па вытворчасьці ваеннай тэхнікі[3].

Працы на шахце былі спыненыя ў 1996, калі эксплюатацыя раёнаў паблізу гістарычных выпрацовак стала прычынай разбурэньня турыстычных маршрутаў. У канцы 1950-х рокаў былі пачатыя першыя працы па забесьпячэньні бясьпекі капальняў. За сем стагодзьдзяў тут было здабыта 7,5 млн м³ солі.

Яшчэ ў XVI стагодзьдзі былі заўважаныя лекавыя ўласьцівасьці солі. Іхняя актыўная эксплюатацыя пачалася ў 1826 року, калі было зарганізаванае лекаваньне салявымі ваннамі. У 1939—1955 доктар Фэлікс Бачкоўскі лячыў ад 36 хваробаў у заснаваных ім купальнях. Лекавая дзейнасьць вярнулася ў шахты ў 1958 з ініцыятывы доктара Мечыслава Скулімоўскага, які лячыў бранхіяльную астму, запаленьне бронхаў і алергічны насьпель. Заснаваны ім санаторый дзейнічае дагэтуль[3].

Турызм[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гравюра 1842 року

У XV стагодзьдзі саляную шахту Вялічка пачалі паказваць прывілеяваным асобам у пазнавальных мэтах. Да канца XVI стагодзьдзя турызм заставаўся элітарным, наведаць горныя выпрацоўкі можна было толькі з дазволу караля. Вось як апісвае капальні Жан Хаісьнін, які наведаў іх у 1572 разам з пасланцамі караля Францыі: «месца, у якое паўгадзіны спускацца патрэбна, у вялікіх і магутных пад’ёмніках, што вытрымліваюць вагу 50 чалавек. Унізе можна ўбачыць агромністыя пячоры, выкапаныя ў саляных скалах, як вуліцы места»[3].

У XVIII стагодзьдзі быў збудаваны ствол шахты з прыступкамі, што значна спрасьціла ўмовы агляду капальняў. У канцы XVIII стагодзьдзя шахту штомесяц наведвалі некалькі дзясяткаў чалавек, а на пачатку XIX стагодзьдзя лік турыстаў дасягаў некалькіх сотняў. Аўстрыйцы павялічылі колькасьць турыстычных інтэр’ераў капальняў, адкрылі доступ на другі і трэці ўзроўні. Траса была добра асьветленая, абсталяваная абэліскамі і помнікамі. Капальні сталі такімі папулярнымі, што падручнік па геаграфіі канца XIX стагодзьдзя пасьля падрабязнага апісаньня Вялічкі дадаваў, што побач знаходзіцца места Кракаў[3].

На пачатку XX стагодзьдзя існавалі пэўныя ўмовы па колькасьці прыманых турыстаў — ня больш за 100 чалавек адначасна. Кошт наведваньня залежаў ад асьветленасьці маршруту — чатыры клясы. Турыстаў сустракаў горны аркестар. Акрамя таго, існавала магчымасьць зрабіць групавы фатаздымак[3].

У паваенныя гады колькасьць турыстаў працягвала ўзрастаць. У сярэдзіне 1950-х шахту наведвалі каля 200 тысячаў чалавек шторок, у першай палове 1970-х — 750 тысячаў чалавек, а пасьля крызісу 1981 року — 600 тысячаў. За гэты час былі адрамантаваныя шахты і турыстычныя камэры, пабудаваныя цэнтры па продажы сувэніраў[3].

У 1978 ЮНЭСКО занесла саляную шахту ў сьпіс аб’ектаў сусьветнае спадчыны. Праблемы зь вільготнасьцю змусілі арганізацыю ў 1989 року зьмясьціць шахту ў сьпіс аб’ектаў, якім пагражае зьнішчэньне. Пасьпяховыя працы па зьмяншэньні вільготнасьці і захаваньні саляных скульптураў дазволілі ЮНЭСКО выключыць аб’ект з гэтага сьпісу ў 1998 року[4].

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік Мікалаю Капэрніку
Надшахтная пабудова ствала Даніловіча
Помнік Казімеру Вялікаму
Жырандоля ў капліцы Сьвятой Кінгі

Турыстычныя маршруты ўлучаюць блізу дваццаці розных камэраў і капліцаў, разьмешчаных у салянай шахце.

Шахтны ствол Даніловіча быў прарублены ў 1635—1640 роках, калі капальнямі кіраваў Мікалай Даніловіч. Ствол доўгі час служыў для транспартаваньня солі на паверхню. З XIX стагодзьдзя ён выкарыстаўваўся для транспартаваньня працаўнікоў і турыстаў. Драўляная надшахтная пабудова ў 1874 была замененая мураванай, а конны прывад для пад’ёмнікаў — сьпярша паравай машынай, а пасьля Другой сусьветнай вайныэлектрычнай пад’ёмнай машынай[5].

Камэра Мікалая Капэрніка зьмяшчае скульптуру, усталяваную ў 500-ую гадавіну з дня нараджэньня астранома. Камэра паўстала ў 1875 року[5].

Капліца Сьвятога Антонія была створаная напрыканцы XVII стагодзьдзя ў глыбе зялёнай солі. Першая імша ў капліцы адбылася ў 1698 року. Капліца захавала сваю форму, а таксама саляныя скульптуры і алтар, якія былі амаль зьнішчаныя вільготным паветрам. Сярод скульптураў знаходзяцца фігуры Хрыста Ўкрыжаванага, Божай Маці зь немаўлём, Сьвятога Антонія[5].

Камэра Казімера Вялікага зьявілася ў першай палове XVIII стагодзьдзя і атрымала сваю назву ў 1968 року. Казімер III Вялікі выдаў загад, які рэгуляваў здабычу і гандаль сольлю. У камэры знаходзіцца бюст караля[5].

Капліца Сьвятой Кінгі была створана ў 1896 намаганьнямі шахтэра Юзэфа Маркоўскага. Сьвятая Кінга, апякунка солездабыўцоў у Польшчы, была кананізаваная Папам Янам Паўлам II падчас аднаго з апошніх візытаў у краіну. Капліца разьмешчаная на глыбіні 101 мэтар, ейныя памеры: даўжыня — 54 мэтры, шырыня — 15-18 мэтраў, вышыня — 10-12 мэтраў. У капліцы разьмешчаныя фігуры сьвятой Кінгі й іншых мясцовых сьвятых, саляная копія «Таемнай вячэры» Леанарда да Вінчы, а таксама мноства іншых скульптураў на рэлігійную тэматыку. Капліцу асьвятляе жырандоля з саляных крышталяў. Усе саляныя скульптуры і прэсьбітэрый створаныя вядомым польскім скульптарам Станіславам Анёлам. Капліца дзейнічае[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Wieliczka Salt Mine(анг.). ЮНЭСКОПраверана 2010-04-30 г. Архіўная копія ад 2012-04-24 г.
  2. ^ За трассой…(рас.). Саляная шахта Вялічка. Праверана 2010-04-30 г. Архіўная копія ад 2012-04-24 г.
  3. ^ а б в г д е ё История(рас.). Саляная шахта Вялічка. Праверана 2010-04-30 г. Архіўная копія ад 2012-04-24 г.
  4. ^ World Heritage Committee Removes Old City of Dubrovnik and Wieliczka Salt Mine from its List of Endangered Sites(анг.). ЮНЭСКОПраверана 2010-04-30 г. Архіўная копія ад 2012-04-24 г.
  5. ^ а б в г д Туристический маршрут(рас.). Саляная шахта Вялічка. Праверана 2010-04-30 г. Архіўная копія ад 2012-04-24 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Саляная шахта Вялічкасховішча мультымэдыйных матэрыялаў