Дзяцел беласьпінны
Беласьпінны дзяцел | |
Самка са здабычаю | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Царства | Жывёлы |
Тып | Хордавыя |
Кляса | Птушкі |
Атрад | Дзятлападобныя |
Сямейства | Дзятлавыя |
Род | Dendrocopos |
Від | Беласьпінны дзяцел |
Бінамінальная намэнклятура | |
Dendrocopos leucotos (Bechstein, 1802) | |
Арэал | |
Беласьпі́нны дзя́цел (па-лацінску: Dendrocopos leucotos) — лясная птушка сямейства дзятлавых, найбольш буйны від з роду Dendrocopos.
Мае зьнешняе падабенства да вялікага дзятла, адрозьніваючыся ад яго белай ніжняй часткай сьпіны і белымі ўнутранымі махавымі. Распаўсюджаны ў лясной зоне Эўразіі. Засяляе сьпелыя ліставыя і зьмешаныя лясы зь вялікай колькасьцю хворых і гнілых дрэваў, асаблівую перавагу аддае старым бярэзьнікам. Скрытная і малапрыкметная птушка, аднак прысутнасьці чалавека не пазьбягае. Жыве асела. Часам восеньню і зімой зьдзяйсьняе вандроўкі на невялікія адлегласьці, аднак вясной звычайна вяртаецца ў той жа раён, што і ў папярэдні год. Тым ня менш, штогод дзяўбе новае дупло для гнязда. Шлюбны пэрыяд раней за іншых дзятлаў, да канца траўня ўжо зьяўляюцца птушаняты.
Апісаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Стракаты. Уся сьпіна чорная, надхвосьце белае. Крылы чорныя зь белымі палоскамі. Спод цела белы зь цёмнымі рыскамі і чырвоным падбрушшам. У самца карычнева-чырвоныя вочы і ярка-чырвоная «шапачка», у самкі верх галавы чорны. У маладых чырвоны колер амаль адсутнічае і выразныя цёмныя падоўжныя палоскі на баках цела. Голас: позыў «кік, кікс» (вельмі падобны, як у вялікага дзятла, але не такі прарэзьлівы). У гнездавы пэрыяд выгукі «к’ук, к’іле». Даўжыня цела 24—30 см, размах крылаў 40—48 см.[1]
Біятоп
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асьветленыя старыя лісьцевыя дрэвастоі, у гарах таксама зьмяшаныя лясы (асабліва часта паблізу адкрытых вільготных тэрыторыяў або палян). У цэнтральнай і паўночнай Эўропе галоўным чынам букавыя, грабавыя і дубовыя лясы, на ўсходзе і поўначы — бярозавыя і таполевыя. Прырэчныя лясы, групы дрэў сярод палёў, прыдарожныя алеі і да т.п.
Гняздо
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]у дупле (звычайна гніючага дрэва) на вышыні падросту (як у ствале, так і ў ніжніх галінах дрэва). Подсьціл з парахні. Дыямэтар адтуліны 3—5 см, глыбіня гнездавой камэры 10—20 см.
Яйкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]3—5 (6—8), эліптычныя, крыху падоўжаныя з тупым вузейшым канцом, белыя, бліскучыя. Памеры: 27,5 × 20,0 мм (26,5—30,5 × 19,5—21,5 мм).
Арэал
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ад паўднёвай Скандынавіі, цэнтральнай і паўднёвай Эўропы, Каўказа, Ірана, праз Азію да Сахаліна, Камчаткі, Японіі і ўсходняга Кітаю ўключна. Лякальна ў Апэнінах і Пірэнеях.
Пералёты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аселы.
Месца зімовак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У межах гнездавога арэала.
На Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нешматлікі на гнездаваньні аселы від.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ахова птушак Бацькаўшчына(недаступная спасылка)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- S. Cramp, K.E.L. Simmons Vol. IV - Terns to Woodpeckers // The Birds of the Western Palearctic. — Oxford University Press, 1986. — 960 с. — ISBN 0198575076 (анг.)
- Mullarney, Killian; Lars Svensson; Dan Zetterstrom & Peter J. Grant Птушкі Еўропы = Birds of Europe. — United States: Princeton University Press, 2000. — 400 с. — ISBN 978-0-691-05054-6 (анг.)
- Winkler, Hans; Christie, David A. 2002. Family Picidae (Woodpeckers) in del Hoyo, J., Elliott, A., & Sargatal, J., eds. Volume 7: Jacamars to Woodpeckers // Даведнік па птушках свету = Handbook of the birds of the world. — Barcelona: Lynx Edicions, 2002. — ISBN 84-87334-37-7