Перайсьці да зьместу

Марытон

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Марытон, трансьліт. Maryton
Населены пункт
Краіна Беларусь
Вобласьць Гомельская
Раён Брагінскі
Сельсавет Буркоўскі
Дата заснаваньня перад 1811 годам
Часавы пас
Каардынаты 51°49′ пн. ш. 30°08′ у. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць 13[1] чал. (2023)
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код +375 2344
Паштовы індэкс 247633
Нумарны знак 3
Марытон на мапе Беларусі ±
Марытон
Марытон
Марытон
Марытон
Марытон
Марытон

Марытон[2] — вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці. Марытон уваходзіць у склад Буркоўскага сельсавету.

Герб уласны роду Прозараў.

Назва, як слушна пісаў Марыян Дубецкі[3], нададзена фальварку абозным Каралем Прозарам, вялікім патрыётам Рэчы Паспалітай, які марыў аб вызваленьні гаротнай Айчызны ад маскоўскай тыраніі, у гонар перамогі купкі элінаў, атэнянаў і плятэйцаў, стратэга Мільціяда (Малодшага) над рознаплямёнавымі сіламі пярсідзкага цара цароў Дарыя Вялікага ў 490 г. да н. э. пад Маратонам (Марафонам)[a]. Існавалі і іншыя фальваркі з «антычнымі» назвамі — Аркадзія і Тэрмапілы. Апошні месьціўся каля зьніклай ужо вёскі Бардакі, пазначаны літарай Ф (фальварак) адно на мапе 1846 году А. К. Фіцінгофа, а першы прысутны на ўсіх асноўных мапах XIX — пачатку XX ст. Ф. Ф. Шубэрта, А. К. Фіцінгофа, І. А. Стрэльбіцкага ды вытворных ад іх.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Рашаўцы, каля якіх пазьней утвораны ф. Марытон, на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.
Прозараўскі ф. Маратон зь вёскамі Дуброўным і Рашаўцамі ў арэндзе ў Антонія Прыбароўскага. 1811 г.

Згодна з шляхецкай рэвізіяй, датаванай 3 сьнежня 1811 году, фальварак Маратон з 89 рэвізскімі душамі ў прыналежных да яго вёсках Дуброўнае і Рашаўцы трымаў у арэндзе ад паноў Прозараў Антоні Прыбароўскі (42 г.)[5]. У дакумэнце, пазначаным 13 сакавіка 1812 году, запісана, што той фальварак Маратон з прылегласьцямі, які належаў пані Людвіцы з князёў Шуйскіх, жонцы абознага Караля, Прозаравай, аддадзены ў трохгадовую арэнду былому паручніку войскаў польскіх пану Антонію Прыбароўскаму за штогадовую выплату 900 рублёў серабром[6].

Фальварак Маратон на мапе-трохвярстоўцы Менскай губэрні Ф. Шубэрта 1850 г.

З інвэнтару Хвойніцкага маёнтку, якім у 1844 годзе валодаў Уладыслаў, сын Караля, Прозар, вынікае, што да фальварку Маратон належалі вёскі Дуброўнае з 21 дваром і Шчарбіны з 15 дварамі[7]. У мэтрычных кнігах таго ж 1844 году Астраглядавіцкай Сьвята-Траецкай царквы, аднак, колькі разоў названыя фальварак Рашаўскі і вёска Рашаўцы, адкуль паходзілі бацькі і кумы. Іхнымі кумамі выступалі жыхары суседняй вёскі Дуброўнае[8]. Марытон не згаданы зусім[b].

У парэформавы пэрыяд паселішча адміністрацыйна належала да Мікуліцкай воласьці. У пачатку 1870 года ў засьценку Марытон на землях Астраглядавіцкага маёнтку паноў Прозараў жылі 19 аднадворцаў, парафіянаў касьцёлу Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, прыпісаных да воласьці[9].

Паводле перапісу 1897 года паселішча складалі 29 двароў, у якіх налічвалася 167 жыхароў[10]. На 1909 год у аколіцы Марытон было 34 двары з 98 жыхарамі[11].

А. Лебедзеў прывёў цікавыя зьвесткі з дакумэнтаў Занальнага дзяржаўнага архіву ў Мазыры пярэдадня і першых месяцаў усталяваньня бальшавіцкай улады ў краі. У верасьні 1917 году жыхарка аколіцы Марытон Разалія Цішкевіч скардзілася ў судзе на апошняга ўладальніка маёнтку Астрагляды Альгерда Гардзялкоўскага, людзі якога свавольна сабралі на яе зямлі 15 коп жыта на суму 300 рублёў. Аднак, 1 траўня 1918 г. адказчык у суд не зьявіўся… У тым жа 1917 годзе падала скаргу і жыхарка Марытона Марыя Цішкевіч. А. Гардзялкоўскі, мяркуючы, што зямля, на якой жыла пацярпелая, ёй не належала, у 1916 г. загадаў заараць яе агарод, на якім было 100 пудоў бульбы, гародніны на 25 рублёў, а яшчэ забраў сена на 75 рублёў. Страты склалі ажно 200 рублёў. Але ў суд 22 кастрычніка 1917 г. упаўнаважаныя пана Гардзялкоўскага так і не прыйшлі[12].

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Марытон, аднак, у складзе Мікуліцкай воласьці апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[13].

Марытон, Астрагляды, Рудакоў на мапе 1924-1926 гг.

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Пасля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 года — у складзе Бакуноўскага сельсавету Брагінскага раёну Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года — у Гомельскай акрузе. Ад 30 сьнежня 1927 года Бакуноўскі сельсавет скасаваны, а Марытон улучаны ў склад Буркоўскага сельсавету. У запісцы пад назвай «Сведения о польских населённых пунктах Гомельского округа», пазначанай 1929 годам, згаданы і Марытон, у якім налічвалася 42 каталіцкія альбо «польскія» сям’і, а ў іх — ажно 200 душ. Згодна з «Арыентыровачным плянам калектывізацыі польскіх вёсак на Гомельшчыне 1929/1930 году», у Марытоне існавала машыннае таварыства, меркавалася стварыць яшчэ малочнае і жывёлагадоўчае таварыствы[14]. У 1932 годзе тут арганізаваны калгас. З 1938 года — у новастворанай Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

З 1954 года — у межах Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 года — 162 жыхары. У складзе калгасу «Чырвоная Ніва» з цэнтральнай сядзібай у вёсцы Буркі[10]. 26 лістапада 1959 года Буркоўскі сельсавет скасаваны, тэрыторыя разам з Марытонам далучана да Мікуліцкага сельсавету[15]. 14 студзеня 1960 года Марытон зь Мікуліцкага перададзены ў склад Астраглядаўскага сельсавету[16].

18 сакавіка 2005 года Астраглядаўскі сельсавет перайменаваны ў Буркоўскі[17].

  • 2004 год — 16 гаспадарак, 27 жыхароў.
  • 2021 год — 13 жыхароў[18]
  • Іван Зелянкоўскі — Герой Сацыялістычнай Працы, дэпутат Вярхоўнай Рады СССР 9-га скліканьня.
  1. Відавочна, сёньняшняя форма назвы паселішча спрычынілася да таго, што інфарматары нястомнага зьбіральніка беларускіх легэндаў і паданьняў, доктара філялёгіі А. М. Ненадаўца паведамілі, нібы паходзіць яна ад імя панскай дачкі, бо неяк здарылася, пастушкі на ўсё навакольлетрывожна ўсклікалі: «Марыя тоне!»[4]. Прыкметна, што падобныя інтэрпрэтацыі назваў даволі пашыраныя ў фальклёры і не адно беларускім.
  2. Мусіць, сытуацыя падобная той, якая склалася ў выпадку зь Берасьцечкам, калі паны Прозары ўжывалі слаўнае імя Рацлавіца, а сяляне трымаліся звыклага Берасьцечка.
  1. Буркоўскі сельсавет.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  3. Dubiecki M. Karol Prozor, oboźny W. W. Ks. Litewskiego. Przyczynek do dzieów powstania Kościuszkowskiego. Monografia / M. Dubiecki. — Kraków, 1897. S. 314
  4. Гомельшчына. Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў. — Мінск: Беларусь, 2001. С. 57 — 59
  5. НГАБ у Менску. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 183
  6. Аrchiwum Główne Akt Dawnych. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich. Sygn. 14. S. 9, 36
  7. НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1475. А. 13etc.
  8. НГАБ. Ф. 136. Воп. 14. Спр. 425. А. 274адв., 275адв, 276, 278, 288адв., 289адв.
  9. Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 77об.
  10. 1 2 Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2004. — 632 с.: іл. ISBN 985-11-0303-9. С. 94—95
  11. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 119
  12. Лебедев А. Д. Из истории имения Острогляды в XVI – начале XX вв. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 62, 64
  13. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою: український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья. — С. 85
  14. Пичуков В. П., Старовойтов М. И. Гомельщина многонациональная (20 — 30 е гг. XX в.). Выпуск I. — Гомель, 1999. С. 213, 214 — 215
  15. Рашэнне выканаўчага камітэта Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 26 лістапада 1959 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 17
  16. Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 14 студзеня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 2
  17. Решение Гомельского облсовета депутатов от 18 марта 2005 г. № 159 О переименовании Остроглядовского и Сперижского сельсоветов Брагинского района
  18. Буркоўскі сельскі савет. 2021 г.