Чопавае
Чопавае — падатак з вырабу і продажу моцных напіткаў у Кароне Польскай і Вялікім Княстве Літоўскім. У Польшчы вядома з XIII стагодзьдзя як дзяржаўны падатак з вырабу і рэалізацыі піва, мёду, гарэлкі, віна ў корчмах, броварах, шынках, млынах, лазьнях усіх тыпаў уласнасьці. У Вялікім Княстве Літоўскім у XV—XVI стагодзьдзі называлася капшчына. У выніку наданьня прыватным землеўладальнікам права вольнай прапінацыі (1576) чопавае пачало зьбірацца толькі зь дзяржаўных уладаньняў і іх трымальнікаў. Традыцыйна чопавае ішло на ўтрыманьне войска. У XVII—XVIII стагодзьдзі прыносіла 8—9 % даходаў скарбу Вялікага Княства Літоўскага. Чопавае зьбіралі спэцыяльныя паборцы (экзактары, правізары, камісары). У местах іх прызначалі з бурмістраў і радцаў, у вёсках — з войтаў, лаўнікаў, арандатараў па вызначэньні дзяржаўцаў, ваяводаў і судовых старастаў. Падаткам не абкладаўся выраб напіткаў на хатнія патрэбы. Сойм 1766 году ўвёў для Вялікага Княства Літоўскага чопавае ў памеры 10 % ад кошту напіткаў у кожнай карчме і шынку пад прысягай вытворцаў і ўласьнікаў. З 1 сакавіка 1768 году гэты падатак быў павінен замяніць падымнае, для чаго назначалася генэральная люстрацыя вытворчых і гандлёвых пунктаў пад наглядам скарбовых экзактараў і з выкарыстаньнем вайсковай дапамогі. Сойм 1775 году пашырыў зьбіраньне чопавае з усіх гатункаў віна, у тым ліку замежных, і ўвёў адзіную стаўку абкладаньня напіткаў пры захаваньні за шляхтай свабоды розьнічнага гандлю імі. Пасьля далучэньня Беларусі да Расейскай імпэрыі ў канцы XVIII ст. чопавае заменена на вінакурную пошліну, зыходзячы з колькасьці рэвіскіх душ у землеўладаньнях.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев. 1901;
- Pawіńskі A. Skarbowość w Polsce і jej dzieje za Stefana Batorego. Warszawa, 1881;
- Korzon T. Wewnętrzne dzieje Polski za Stanisława Augusta (1764—1794). T. 3—4. 2 wyd. Kraków; Warszawa, 1897;
- Fіlірczak-Kocur A. Skarb litewski za pierwszych dwu Wazów, 1587—1648. Wrocław, 1994.
- Яўген Анішчанка, 2006.