Ізабелін
Ізабелін лац. Izabielin | |
Былы кальвінскі збор | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гарадзенская |
Раён: | Ваўкавыскі |
Сельсавет: | Ізабелінскі |
Насельніцтва: | 511 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1512 |
Паштовы індэкс: | 231922 |
СААТА: | 4208825031 |
Нумарны знак: | 4 |
Геаграфічныя каардынаты: | 53°5′37″ пн. ш. 24°33′6″ у. д. / 53.09361° пн. ш. 24.55167° у. д.Каардынаты: 53°5′37″ пн. ш. 24°33′6″ у. д. / 53.09361° пн. ш. 24.55167° у. д. |
± Ізабелін | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Ізабе́лін[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Харужаўцы. Цэнтар сельсавету Ваўкавыскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 511 чалавек. Знаходзіцца за 13 км на паўднёвы ўсход ад Ваўкавыску, за 12 км ад чыгуначнай станцыі Ваўкавыск; на шашы Ваўкавыск — Ружаны.
Ізабелін — даўняе мястэчка гістарычнай Ваўкавышчыны (частка Наваградчыны). Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі барока былы кальвінскі збор, царква Сьвятога Міхала Арханёла і сынагога, помнікі архітэктуры XVIII ст.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Упершыню паселішча ўпамінаецца ў першай палоаве XVI стагодзьдзя пад назвай Петуховічы (пазьней Петухова) у складзе Гарадзенскага, потым Ваўкавыскага павету. У 1516 годзе маёнтак знаходзіўся ў валоданьні ўдавы маршалка Войцеха Яновіча Марыны Глебаўны. У 1557 годзе Петуховам валодалі Клочкі. У XVII стагодзьдзі паселішча перайшло да Дарагастайскіх і Сапегаў, існаваў касьцёл.
У 1690 годзе Петухова атрымала статус мястэчка ў валоданьні ваяводы берасьцейскага Стэфана Курча, тут было 30 двароў, млын і карчма. У XVIII стагодзьдзі паселішчам валодалі Флемінгі і Грабоўскія. У сярэдзіне XVIII стагодзьдзя падскарбі Ян Флемінг перайменаваў Петухова ў гонар сваёй дачкі Ізабэлы (у шлюбе Чартарыйская). Ён таксама пасяліў тут нямецкіх рамесьнікаў з прозьвішчамі Рунгэ, Вэквэрт, Зомэр, Тум. У 1778 годзе Грабоўскія заснавалі ў Ізабеліне кальвінскі збор. Мястэчка было месцам правядзеньня правінцыйных сынодаў кальвінскай Літоўскай Еднасьці ў 1780, 1788, 1796, 1802, 1822, 1838, 1842, 1846, 1850 і 1858 гадох.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Ізабелін апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Ваўкавыскага павету Гарадзенскай губэрні. Па вайне 1812 году, у якой згарэў Ваўкавыск, Iзабэлін стаў цэнтрам павету. На 1836 год тут было 60 двароў, кальвінскі збор, царква, сынагога. Маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Стравінскіх. У сярэдзіне XIX стагодзьдзя ў Ізабеліне было 42 двары, працавалі 2 суконныя фабрыкі. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 105 двароў, царква, кальвінскі збор, сынагога, вучэльня, 5 крамаў, карчма, штогод праводзіліся 4 кірмашы. На 1914 год — 119 двароў, цагельны завод Шмуля Гельмана.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Ізабелін занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ізабелін абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[2]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Ізабелін апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Ваўкавыскага павету Беластоцкага ваяводзтва. У 1934 годзе пачалося будаваньне касьцёла, які згарэў у 1941 годзе.
У 1939 годзе Ізабелін увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стаў цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1971 год тут было 195 двароў, на 1994 год — 257, на 1997 год — 260, на 1 студзеня 2004 году — 245. У 2000-я гады Ізабелін атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку».
-
Рынак, 1941 г.
-
Сынагога, да 1939 г.
-
Біма сынагогі, да 1939 г.
-
Аздабленне бімы, да 1939 г.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XVIII стагодзьдзе: 1796 год — 68 чал., зь іх 33 селяніны, 33 рамесьнікі, 2 лекары
- XIX стагодзьдзе: 1830 год — 245 муж., зь іх шляхты 1, духоўнага стану 1, мяшчанаў-юдэяў 161, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 82[3]; 1836 год — 402 чал.; 1878 год — 577 чал., зь іх 487 юдэяў[4]; 1897 год — 820 чал.
- XX стагодзьдзе: 1914 год — 794 чал.; 1971 год — 527 чал.; 1994 год — 734 чал.[5]; 1997 год — 727 чал.[6]
- XXI стагодзьдзе: 1 студзеня 2004 году — 647 чал.; 1 студзеня 2007 году — 206 чал.
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Ізабеліне працуюць сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова, дом культуры, бібліятэка.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Цэнтар СВК «Ізабелін».
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кальвінскі збор (1778; цяпер касьцёл Сьвятых апосталаў Пятра й Паўла)
- Могілкі: каталіцкія, лютэранскія, старыя праваслаўныя, юдэйскія
- Сынагога (XVIII ст.)
- Царква Сьвятога Міхала Арханёла (XVIII ст.; Сьвяты Пасад, цяпер у валоданьні Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату)
- Фальварак (XIX ст.)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Касьцёл (1934)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf) С. 130.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 412.
- ^ Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 328.
- ^ Шаблюк В. Ізабелін // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 474.
- ^ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 7. С. 174.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — ISBN 985-11-0130-3
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|