Перайсьці да зьместу

Браслаўскі павет

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Браслаўскі павет
лац. Brasłaŭski paviet
Агульныя зьвесткі
Краіна Вялікае Княства Літоўскае
Статус павет Вялікага Княства Літоўскага[d]
Адміністрацыйны цэнтар Браслаў
Дата ўтварэньня 1566
Дата скасаваньня 1795
Старосты Старосты браслаўскія
Насельніцтва гл. Дэмаграфія
Плошча 5525 км²
Час існаваньня пач. XV — 1795
Месцазнаходжаньне Браслаўскага павету
Браслаўскі павет на мапе
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Брасла́ўскі паве́т — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віленскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Плошча 5525 км². Сталіца — места Браслаў.

Павятовая пячаць, 1792 г.

Упершыню ўпамінаецца ў пачатку XV ст. за часамі ваенных дзеяньняў Інфлянцкага ордэна супраць Вялікага Княства Літоўскага. У XV — пачатку XVІ стагодзьдзях існавала буйное Браслаўскае дзяржаўнае ўладаньне ў Віленскім ваяводзтве, вядомае пад раўназначнымі назвамі «павет», «намесьніцтва», «дзяржава», «староства»[1].

У 1504 годзе староста браслаўскі І. Сапега заклаў Іказьненскі замак. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Браслаўскі павет атрымаў органы шляхецкага самакіраваньня — соймік, земскі суд ды іншыя. Паводле ліста вялікага князя Жыгімонта Старога ад 1559 году, «жамойць з панам старостаю жамойцкім здала бы ся нам пры граніцы жамойцкай, у каторых месцах недалёка ад Браслава, а тым бы ся непрыяцеля агаласіла…»[2].

Панарама Браслава, 1864 г.

23 студзеня 1793 году ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай частка павету (разам з Друяй, Іказьню, Замошшам, Казянамі) апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі. У верасьні 1793 году згодна з пастановаю Гарадзенскага сойму з астатняй часткі Браслаўскага, а таксама Сьвянцянскага і Вількамірскага паветаў утварылася асобнае Браслаўскае ваяводзтва (ваяводам прызначылі М. Касакоўскага).

11 траўня 1794 году на вуліцах Браслава адбыўся бой паміж паўстанцамі Т. Касьцюшкі і расейскімі акупацыйнымі войскамі, у часе якога места згарэла. Сталіцу Браслаўскага ваяводзтва перанесьлі ў Відзы[3]. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) павет спыніў сваё існаваньне разам з Браслаўскім ваяводзтвам.

Мескія гербы атрымалі Браслаў і Угар.

Манастыр у Браславе

На паўночным захадзе межаваў з Інфлянтамі, на захадзе — з воласьцю Дрысьвяцкага замка, на поўдні ўздоўж ракі Дзісны — зь Мядзельскім паветам (пазьней увайшоў у Ашмянскі павет), на паўночным усходзе і ўсходзе — з Полацкай зямлёю, з складу якой, відаць, выдзяліўся ў больш раньні час[4]. Ахопліваў, імаверна, большую частку сучаснага Браслаўскага і меншыя часткі Мёрскага і Шаркоўшчынскага раёнаў.

Браслаўскі замак

У склад павету ўваходзіла тэрыторыя Браслаўскага гродавава, Дрывяцкага і Опскага старостваў (у пачатку XVІ ст. аб’ядноўваў Апескую, Гарадзіскую, Друйскую, Укольскую і іншыя воласьці[4]) і прылеглыя прыватнаўласьніцкія маёнткі.

Іказьненскі замак

На 1790 год у складзе павету знаходзіліся 21 места і мястэчка. У розныя часы на тэрыторыі павету знаходзіліся месты і мястэчкі: Браслаў, Відзы, Германавічы, Вята, Друя, Дукшты, Дрысьвяты, Езяросы, Замошша, Іказьнь, Казачына, Казяны, Мёры, Новы Пагост, Опса, Плюсы, Салокі, Слабодка, Смолвы, Таўрагіны, Угар, Шаркоўшчына. Магдэбурскае права мелі Браслаў, Друя, Угар[5] і Шаркоўшчына.

У сярэдзіне XVII ст. налічваў 5613 дымоў. Паводле сучасных падлікаў, да вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць насельніцтва складала каля 39 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 17 тыс. чал.[6]

На 1775 год павет налічваў каля 5888 дымоў[7]. На 1790 год насельніцтва павету складала 85 932 чал.

У Браславе месьціліся падкаморскі, земскі і гродзкі суды, склікалася паспалітае рушаньне. Павятовыя соймікі зьбіраліся на Замкавай гары, тамака ж, паводле пастановы сойму 1590 году, збудавалі дом для паседжаньняў суду і зьберажэньня архіву[3]. Браслаўская шляхта абірала двух паслоў на Вальны сойм і двух дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.

На Гарадзенскім сойме 12 студзеня 1793 году дзеля павелічэньня колькасьці сэнатараў ад Вялікага Княства Літоўскага намінавалі кашталяна браслаўскага шляхам павышэньня да кашталянскай годнасьці мясцовага павятовага маршалка, якім на той момант быў князь Міхал Агінскі. Ён атрымаў прывілей 26 кастрычніка 1793 году, а ўжо ў сьнежні таго ж году новая адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа Рэчы Паспалітай утварыла Браслаўскае ваяводзтва з адпаведным кашталянам.

На тэрыторыі Браслаўшчыны склалася даўняя традыцыя драўлянага дойлідзтва.

У XVII ст. у мураваную архітэктуру Браслаўшчыны прыйшла стылістыка барока, у XVIII ст. — віленскага барока і клясыцызму.

  1. ^ Камінскі М., Насевіч В. Браслаўскі павет // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 69.
  2. ^ Lietuvos Metrika. Užrašymų knyga 37 (1552—1561). — Vilnius, 2011. P. 275.
  3. ^ а б м. Браслаў. Radzima.orgПраверана 7 кастрычніка 2010 г.
  4. ^ а б Насевіч В. Браслаўскі павет // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 342.
  5. ^ Гісторыя Браслава. Прыдзвінскі край: Гісторыя і сучаснасцьПраверана 7 кастрычніка 2010 г.
  6. ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
  7. ^ Jelski A. Powiat brasławski // Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1884. S. 338.