Хальч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Xqbot (гутаркі | унёсак) у 23:31, 25 жніўня 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Хальч
Сядзіба Войнічаў. Напалеон Орда, XIX ст.
Сядзіба Войнічаў. Напалеон Орда, XIX ст.
Вобласьць: Гомельская
Раён: Веткаўскі
Сельсавет: Хальчанскі
Насельніцтва: 1285 (2005)
Тэлефонны код: +375 2330
Геаграфічныя каардынаты: 52°33′44″ пн. ш. 31°08′32″ у. д. / 52.56222° пн. ш. 31.14222° у. д. / 52.56222; 31.14222Каардынаты: 52°33′44″ пн. ш. 31°08′32″ у. д. / 52.56222° пн. ш. 31.14222° у. д. / 52.56222; 31.14222
Хальч на мапе Беларусі
Хальч
Хальч
Хальч
Галерэя здымкаў у Wikimedia Commons

Хальч — вёска ў Беларусі, на рацэ Сож. Цэнтар сельсавету Веткаўскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва 1285 чал. (2005). Знаходзіцца за 2 км на захад ад Веткі, за 16 км ад Гомелю; на аўтамабільнай дарозе Гомель — Ветка.

Хальч — даўняе мястэчка гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), колішняя рэзыдэнцыя роду Халецкіх.

Гісторыя

Выяўленыя археолягамі гарадзішча мілаградзкай і зарубінецкай культураў раньняга жалезнага веку і часоў Русі (на ўсходняй ускраіне, на мысе тэрасы правага берага ракі), гарадзішча раньняга жалезнага веку (сярэдзіна — 3-я чвэрць 1-га тыс. н. э., 0,4 км на паўночны захад ад вёскі, ува ўрочышчы Зыбень), курганны могільнік (5 насыпаў, 0,35 км на паўночны захад ад вёскі) і селішча часоў Русі (0,5 км на поўдзень ад вёскі) сьведчаць пра засяленьне гэтай мясцовасьці ў глыбокай старажытнасьці.

Упершыню Хальч згадваеца ў пісьмовых крыніцах у XIV ст., калі вёска ўваходзіла ў склад Чарнігаўскага княства. У 1437 Сьвідрыгайла перадаў яе продку шляхецкага роду Халецкіх — Паўлу Мішковічу, ад гэтага часу Хальч зрабілася рэзыдэнцыяй роду. Пад 1471 вёска згадваецца ў зьвязку зь перадачай двара Г. Радзівонавічу.

У інвэнтары Гомельскага староства (1640-я) значацца сяло і маёнтак Хальч. У 2-й пал. XVII ст. Халецкія збудавалі тут касьцёл і кляштар езуітаў, у 17311829 дзейнічала місія. Іх матэрыяльна падтрымлівалі Халецкія і Дзерналовічы. Станам на 1747 у Хальчы было 159 двароў. Пад 1752 яна згадваецца ў актах Галоўнага Трыбуналу. У 1764 Хальч атрымала статус мястэчка, у валоданьні княгіні Радзівіл.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Хальч апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі. У пач. XIX ст. на паўночна-заходняй ускраіне мястэчка паны Войнічы ўзьвялі сядзібу і стварылі пэйзажны парк. Замалёўкі палаца ў 2-й пал. XIX ст. зрабіў Напалеон Орда. Станам на 1860 Хальч была ў валоданьні А. Войніч-Сенажацкага, тут было 2 мураваныя і 105 драўляных дамоў; рэгулярна праводзіліся 2 кірмашы (Пятроўскі і Міхайлаўскі). На 1866 гаспадар маёнтку меў 1568 дзесяцінаў зямлі і 3 крамы; дзейнічаў хлебазапасны магазын. У 1879 пан Войніч-Сенажацкі заснаваў тут вінакурню. На 1881 у Хальчы было 230 двароў. Вялікую шкоду прычынілі мястэчку пажары 1887, 1891 і 1892, калі згарэў 261 двор. Паводле вынікаў перапісу (1897) у Хальчы было 363 двары, дзейнічала царква, царкоўна-прыходзкая школа, габрэйскі малітоўны дом, 5 ветракоў, 5 крамаў (у тым ліку вінная), карчма. У аднайменным фальварку, што размяшчаўся побач, былі карчма і вінакурны завод. На 1909 у мястэчку было 1159 драўляных і 1 мураваны будынкі, працавалі пошта і сенапрасавальны завод (у 1913 — 40 работнікаў).

1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Хальч ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1926 Хальч вярнулі БССР, дзе яна 8 сьнежня зрабілася цэнтрам сельсавету Веткаўскага, з 25 сьнежня 1962 Гомельскага, з 6 студзеня 1965 Веткаўскага раёнаў Гомельскай (да 26 ліпеня 1930) акругі, з 20 лютага 1938 Гомельскай вобласьці. Станам на 1928 у Хальчы працавала цагельня. У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да 16 кастрычніка 1943 вёска знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

Насельніцтва

Інфраструктура

У вёсцы працуюць базавая школа, дашкольная ўстанова, фэльчарска-акушэрскі пункт, дом культуры, 2 бібліятэкі, пошта, 2 крамы.

Турыстычная інфармацыя

Палац, фота пач. XX ст.

Выдатныя мясьціны

  • Палацава-паркавы комплекс Сянажэцкіх-Войнічаў (XIX ст.)
  • Царква

Страчаная спадчына

  • Касьцёл і кляштар езуітаў (XVII стст.)

Крыніцы

  1. ^ Chalcz // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 539.
  2. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Хальчсховішча мультымэдыйных матэрыялаў