Зарубінецкая культура

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Зарубінецкая культура (III / II ст. да н. э. — II ст. н. э.) — археалягічная культура плямён раньняга жалезнага веку ў Сярэднім і Верхнім Падняпроўі, Прыпяцкім Палесьсі. Назва ад могільніка каля в. Зарубінцы на Чаркашчыне.

Насельніцтва зарубінецкай культуры займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваньнем, рамёствамі; жыло на неўмацаваных селішчах, выкарыстоўвала гарадзішчы, папярэдняй мілаградзкай культуры; будавала наземныя слупавыя жытлы (аднакамэрныя, прававугольныя або квадратныя ў плаяне) і паўзямлянкі. У адным з кутоў жытла ці каля сьцяны знаходзілася агнішча, пазьней — глінабітная печ.

Побач з жытламі месьціліся гаспадарчыя і вытворчыя пабудовы, ямы-паграбы.

Пахавальныя абрады — трупаспаленьне, зрэдку трупапалажэньне. Могільнікі ня маюць вонкавых адзнак. У Верхнім Падняпроўі выяўлены ямныя трупаспаленьні і кенатафы, у Прыпяцкім Палесьсі — ямныя і ўрныя пахаваньні чарапоў. У магілах трапляюцца прылады працы, посуд, упрыгожаньні.

Насельніцтва вырабляла і выкарыстоўвала жалезныя наканечнікі коп’яў, клінападобныя сякеры (кельты), нажы, сярпы, ляпны посуд, культавыя вырабы і інш. Падтрымлівалі сувязі са скіфскімі, сармацкімі, кельцкімі плямёнамі, гарадамі Паўднёвага Прычарнамор’я. Большасьць дасьледнікаў лічаць зарубінецкую культуру стараславянскай. Найбольш дасьледаваны археалягічны помнік каля вёскі Чаплін у Лоеўскім раёне.