Манастыр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Манастыр Мансэрат, Каталёнія

Манастыр (па-грэцку: μοναστήριον — «кельля пустэльніка») — рэлігійная суполка манахаў і манашак, а таксама комплекс будынкаў, які ёй належыць.

У Старажытным Эгіпце манастыры існавалі зь сярэдзіны 1 тыс. да н. э., у Індыі — з 2—1 тыс. да н. э. Першы хрысьціянскі манастыр быў заснаваны эгіпецкім манахам Пахоміем Вялікім (к. 292 — к. 346) на высьпе на рацэ Ніл.

Манастыры ў ВКЛ (перадусім каталіцкія) узьніклі неўзабаве пасьля хрышчэньня Літвы (1387) і былі тады нешматлікімі. Крыніцы даюць пра іх часам супярэчлівыя зьвесткі. Найболей старажытныя: францысканцаў у Пінску (1396) і Ашмянах (1505), аўгусьцінцаў у Быстрыцы (цяпер Астравецкі раён), Берасьці й Горадні (заснаваны Вітаўтам), бэрнардынцаў у Вільні (1471), Горадні й Полацку (1498). Большасьць зь іх заснаваная ў пэрыяд Контрарэфармацыі, іх фундатарамі былі каралі Рэчы Паспалітай, магнаты (Сапегі, Глябовічы, Радзівілы, Пацы і іншыя), шляхта.

Каталіцкі манастыр мае назву кляштар, будыйскі — вігара.

Манастыры падзяляюцца на жаночыя і мужчынскія[1].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2 стагодзьдзі да Н. Х. у Індыі зьявіліся будыйскія манастыры, якія пашырыліся ў іншых краінах Паўднёвай і Ўсходняй Азіі. Пячорныя манастыры ў Індыі і Кітаі (Лунмынь і Майцзішань), пабудаваныя да 5 стагодзьдзя, складаліся з высечаных у скале малітоўні, кельляў, трапезнай залі, бібліятэкі і гуртажытку (вігара). Наземныя манастыры ў Кітаі (Лінгусы ў Нанкіне, 14—17 ст), Японіі і Паўднёва-Ўсходняй Азіі (Салін у Мандалаі, М’янма, 2-я палова 19 ст.) улучалі малітоўню і жытло, памятны храм і пагаду, рэгулярна-восевае спалучэньне сумежных двароў, абкружаных драўлянымі храмамі-павільёнамі. Ламаісцкія манастыры Тыбэту (месьціліся на схіле гары), Манголіі, Буратыі і Калмыкіі складаліся зь яруснага храма і дамоў ламаў[1].

У 4 стагодзьдзі ў Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе зьявіліся хрысьціянскія абарончыя манастыры. Іх абкружалі магутнымі сьценамі. Абарончы манастыр улучаў 3-нэфавую базыліку, жытло, трапезнае памяшканьне і чытальню. У 6 стагодзьдзі ў Заходняй Эўропе склаўся клясычны выгляд каталіцкага кляштару. Праваслаўныя манастыры Бізантыі (манастыр Збаўцы ў Палях 10 ст.), балканскіх краінаў, Грузіі (Гелацкі манастыр Багародзіцы), Украіны, Беларусі і Расеі мелі больш разнастайную пляніроўку. Манастыр абкружалі сьцены зь вежамі. Уздоўж сьценаў месьціліся кельлі. Пасярод манастыра разьмяшчаліся сабор, трапезная заля, званіца і калодзеж. Выгляд лазьні, пральні, шпіталя і іншых гаспадарчых і службовых пабудоваў знаходзіўся пад уплывам народнага дойлідзтва. Пры заснаваньні і пашырэньні манастыра ўлічвалі разьмяшчэньне пры зьліцьці рэк, каля возера, на востраве, прыроднае навакольле і ўласьцівасьць рэльефу, што спалучала манастыр з краявідам. Абкружаны сьцяной і вежамі манастыр ствараў на стратэгічным напрамку абарончы фарпост каля места і быў важным складнікам яго пляніроўкі. Падчас Адраджэньня і барока манастыр страціў абарончае значэньне. У выніку ў 17 стагодзьдзі аздабленьне і архітэктура манастыра ўзбагацілася. Зьявіўся кампактны манастыр-палац, узьведзены паводле адзінага пляну (дзявочы Смольны манастыр у Пецярбургу). Найбольш уплывовыя манастыры называлі ляўрамі. У 19—20 стагодзьдзях будаўніцтва манастыроў скарацілася. Сярод буйных быў манастыр сьвятой Марыі Лятурэцкай у Эвё (дэпартамэнт Рона, Францыя), які пабудавалі ў 1956—1959 гадах (архітэктар Лё Карбюзье). Некаторыя старыя манастыры пераўтварылі ў музэі. У выніку манастыры перасталі істотна ўплываць на забудову гарадоў[1].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр (Полацак, 2006 г.)

Па заснаваньні ў 992 годзе Полацкай япархіі на землях Беларусі зьявіўся першы хрысьціянскі манастыр. У 12 стагодзьдзі ў Полацкім княстве згадваюцца мужчынскі Бельчыцкі манастыр сьвятых Барыса і Глеба, жаночы Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр на беразе Палаты. Адначасна ў 12 ст. зьявілася 2 манастыры ў Тураве — Варварынскі і Барысаглебскі. У канцы 13 ст. — сярэдзіне 16 ст. на землях Беларусі, якія знаходзіліся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, заснавалі яшчэ каля 40 манастыроў. На 1566 год дзейнічала 17 манастыроў у Полацкім ваяводзтве, 7 — Наваградзкім павеце, па 5 — у Пінскім і Аршанскім паветах, па 4 — у Віцебскім і Менскім паветах, па 3 — у Берасьцейскім і Гарадзенскім паветах і Мсьціслаўскім ваяводзтве, па 2 — у Ашмянскім, Браслаўскім, Мазырскім і Слонімскім паветах. У выніку Берасьцейскай уніі 1596 году да Рускай уніяцкай царквы перайшла большасьць праваслаўных манастыроў. У канцы 17 ст. — пачатку 18 ст. у Гомельскім старостве (Рэчыцкі павет) зьявіліся стараверскія манастыры — скіты[1].

Мікольскі манастыр (Магілёў) (2010 г.)

У 17—20 стагодзьдзях найбольшымі былі Богаяўленскі і Спаскі манастыры ў Магілёве, Слуцкі Траецкі манастыр. Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай урад Расейскай імпэрыі перадаў манастырскія землі Беларусі пад кіраваньне Калегіі эканоміі. Самі манастыры падзялілі на ляўры, катэдральныя, 1-га, 2-га і 3-га клясаў, пазаштатныя, прыпісныя і скасаваныя. На 1795 год да 1-й клясы належаў брацкі мужчынскі манастыр Божага Яўленьня ў Пінску, да 2-й — віленскі манастыр Сьвятога Духа і жаночы Спаса-Ільлінскі манастыр у Слуцку. Яшчэ 28 манастыроў аднесьлі да пазаштатных і 3 да скасаваных[1]. За больш як 1000 гадоў хрысьціянскага манаства ў Беларусі існавала 549 манастыроў. Цягам 19 стагодзьдзя ўрад Расейскай імпэрыі зачыніў на землях Беларусі каля 290 каталіцкіх кляштараў (52%). Пасьля Полацкага царкоўнага сабору 1839 году зачынілі каля 70 базылянскіх і 17 праваслаўных манастыроў. Астатнія манастыры скасаванай Рускай уніяцкай царквы вярнулі ў склад Праваслаўнай царквы, але пад кіраўніцтвам «Сьвяцейшага ўрадавага сыноду» ў Санкт-Пецярбургу замест Канстантынопальскага патрыярхату. У выніку беларусы зазналі перастварэньне архітэктурнага краявіду сваёй краіны. У свай кнізе 2010 году доктарка архітэктуры Інэса Сьлюнькова прыйшла да высновы, што: «Рэзкім скарачэньнем колькасьці сакральных аб’ектаў у краі, татальнай заменай суадносінаў храмавых дамінантаў быў перакадаваны функцыянальны і вобразна-сымбалічны зьмест архітэктурнага ляндшафту»[2].

У 2-й палове 19 ст. — пачатку 20 ст. лік манастыроў зьменшыўся з 60 да 37. Адначасна адчынілі або аднавілі жаночы манастыр Перамяненьня Збаўцы ў Менску, мужчынскі манастыр Раства Багародзіцы ў Бялынічах, Барысаглебскі манастыр у Няклюдаве (Сеньненскі павет) і манастыр Сьвятога Духа ў Менску. 11 студзеня 1922 году Савет народных камісараў БССР зацьвердзіў Дэкрэт аб аддзяленьні царквы ад дзяржавы, паводле якога абвясьціў маёмасьць манастыроў дзяржаўным здабыткам. У выніку манастыры пачалі зачыняць. У Заходняй Беларусі працягваў дзейнічаць Жыровіцкі манастыр Усьпеньня Багародзіцы (Слонімскі павет). Пасьля 1985 году пачалося аднаўленьне манастыроў. На 1999 год у Беларусі існавала 9 жаночых і 5 мужчынскіх манастыроў. Найбольшымі манастырамі былі Барысаглебскі і Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыры ў Полацку, Ляшчынскі манастыр Раства Багародзіцы ў Пінску. Большасьць манастыроў Беларусі стварылі ў стылі барока. У інтэр’еры захаваліся творы манумэнтальнай плястыкі і жывапісу[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Манастырсховішча мультымэдыйных матэрыялаў