Пагоня (песьня)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гімны Беларусі
Pahonia. Пагоня (1672) (4).png Багародзіца (XIV—XVIII стагодзьдзі)
Пагоня Гімн БНР (1919)
Emblem of the Byelorussian Soviet Socialist Republic (1981–1991).svg Гімн БССР (1955—1991)
Пагоня Coat of arms of Belarus.svg Гімн Беларусі (1991—2002)
Coat of arms of Belarus.svg Мы, беларусы (з 2002 году)
Іншыя гімны:
Магутны Божа (духоўны гімн, 1943)
Беларуская Марсэльеза (рэвалюцыйная песьня, 1906)

Пагоня — беларуская патрыятычная песьня на аднайменны верш Максіма Багдановіча (1891—1917), прысьвечаная дзяржаўнаму гербу Вялікага Княства Літоўскага і Беларусі, традыцыйнаму нацыянальнаму гербу беларусаўПагоні. З канца 1980-х гадоў варыянт песьні, сьпяваны на мэлёдыю францускай «La Marseillaise», азначаецца ў беларускім патрыятычным асяродку як Беларуская Марсэльеза[1] побач з гістарычнай песьняй «Адвеку мы спалі».

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Верш[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая публікацыя верша «Пагоня» (Вольная Беларусь, 30 лістапада 1917 г.)

За часамі Першае сусьветнае вайны ў кастрычніку 1916 году па заканчэньні Яраслаўскага Дзямідаўскага ліцэю Максім Багдановіч прыехаў у прыфрантавы Менск, дзе уладкаваўся на працу сакратара ў Менскі аддзел «Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны». У час свайго апошняга прыезду ў Менск (кастрычнік 1916 — люты 1917) Максім Багдановіч жыў на кватэры ў Зьмітрака Бядулі пад адрасам Малагеоргіеўская вуліца, дом 12 (цяпер завулак Рабкораўскі). Менавіта тут ён напісаў верш «Пагоня», а таксама «Страцім-лебедзь», надрукаваныя ў газэце «Вольная Беларусь» № 32 ад 30 лістапада 1917 году.

Пра Багдановічаву працу гэтага пэрыяду Аркадзь Смоліч потым сьведчыў:

Нягледзячы на хваробу, ён (Багдановіч) і далей працаваў ня толькі днём, але і ноччу; працаваў у гарачцы, пры высокай тэмпэратуры ў 38—39.

У сваіх успамінах Зьмітрок Бядуля пісаў:

У вольны ад службы час ён сядзеў у Пушкінскай бібліятэцы, або дома і займаўся літаратурнай працай. Сядзеў пры керасінавай лямпе штодня да гадзін 3-4 ночы. Галоўным чынам ён студыяваў тэхніку вершаў.

Паводле Зьмітрака Бядулі, у адным з сваіх рэфэратаў у 1916 годзе ў Менску Багдановіч сказаў:[2]

Я быў пад Вострай Брамай, дзе бываюць дзясяткамі тысяч паломнікі-багамольцы. На браме красуецца герб старога Бел. Літ. Княства — Пагоня: узброены рыцар сядзіць на скачучым кані і размахвае мячом. перад маімі вачыма рыцар вырастае ў вялікія размеры, і меч яго пападае якраз у маё сэрца... я ранены і запаланёны навекі...

Упершыню верш «Пагоня» прагучаў у «Беларускай хатцы», менскім асяродку беларускай культурна-асьветніцкая працы ў 1916—1920 гадох. На просьбу Багдановіча, яго ўпершыню публічна зачытаў Аркадзь Смоліч[3].

Песьня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Лявона Луцкевіча, у міжваенны час моладзь Заходняй Беларусі пачала сьпяваць гэты верш на мэлёдыю францускай Марсэльезы[4]. Пазьней уласную музыку да верша напісалі Мікола Равенскі, Мікола Шчаглоў-Куліковіч, Аляксей Туранкоў, Уладзімер Мулявін[5].

У пачатку 1990-х гадоў «Пагоня» разглядалася як адзін з прэтэндэнтаў на статус дзяржаўнага гімну Беларусі[6]. У 2019 годзе каманда прафэсійных музыкаў запісала варыянт «Пагоні» на музыку Міколы Шчаглова-Куліковіча ў стылі нацыянальнага гімну — галасамі хору ва ўрачыстым суправаджэньні аркестру — і запусьціла флэшмоб «Сьпяваем гімн разам»[7]. У 2020 годзе песьня «Пагоня» стала адной зь песьняў пратэсту супраць рэжыму Лукашэнкі[8]. Яе выконвалі ў многіх грамадзкіх месцах: ля Беларускай дзяржаўнай філярмоніі[9], у гандлёвым цэнтры[10], у менскім мэтро[11].

Тэкст[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах,
Успомню Вострую Браму сьвятую
І ваякаў на грозных канях.

У белай пене праносяцца коні,
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць,
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць!

У бязьмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі — гады.
Вы за кім у пагоню сьпяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?

Мо яны, Беларусь, панясьліся
За тваімі дзяцьмі наўздагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?

Біце ў сэрцы іх — біце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць.

Маці родная, Маці-Краіна!
Не ўсьцішыцца гэтакі боль.
Ты прабач, ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь!

Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць…
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.

У час выкананьня ў якасьці гімну, як правіла, апошняя страфа не сьпяваецца, а апошнія радкі 2, 4 ды 6 страфы паўтараюцца двойчы[a].

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На думку мовазнаўцы Вінцука Вячоркі, гэты геніяльны як верш твор, магчыма, занадта складаны для нацыянальнага гімну. Частка вобразаў — пра здраду, пакаяньне ды адкупленьне — хоць моцныя і актуальныя, але наўрад ці натхняюць. Як падкрэсьлівае Вінцук Вячорка, непадзельная трыяда беларускіх нацыянальна-дзяржаўных сымбаляў, якая склалася гістарычна — гэта герб Пагоня, бел-чырвона-белы сьцяг і гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»[4].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Напрыклад, варыянт «Пагоні», запісаны ў 2019 годзе ў стылі нацыянальнага гімну камандай прафэсійных музыкаў на музыку Міколы Шчаглова-Куліковіча

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ !OUT: ГІМНЫ БНР (АЎДЫЁ), Tuzin.fm, 18 сьнежня 2018 г.
  2. ^ Зьмітрок Бядуля. У гадаўшчыну смерці М. А. Багдановіча // Выбраныя творы. — Мінск: 2006. — С. 387. — 496 с. — (Беларускі кнігазбор). — ISBN 985-6824-30-3
  3. ^ Марына Запартыка. Гісторыя сяброўства Максіма Багдановіча і Аркадзя Смоліча (бел.) // Звязда. — 29.05.2017.
  4. ^ а б Вячорка В. Чаму дзяржаўным гімнам БНР стаў ваяцкі марш «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»?, Радыё Свабода, 23 сакавіка 2019 г.
  5. ^ У Беларусі запісалі «Пагоню» з аркестрам і хорам ды запусьцілі флэшмоб «Сьпяваем гімн разам». ВІДЭА, Радыё Свабода, 28 лістапада 2019 г.
  6. ^ Беларускія песні і гімны: зборнік песень / Уклад. C. Барыс. — Менск, 2012. С. 157.
  7. ^ У Беларусі з’явіўся нацыянальны гімн «Пагоня» ў выкананні аркестра і хору | Symbal.by Праверана 2020-08-28 г.
  8. ^ Як дапамагчы музыкам у час дваровых канцэртаў, калі няма магчымасці зрабіць ахвяраванне, Наша Ніва, 12 лістапада 2020 г.
  9. ^ «Пагоня»! Новый гимн? Минск, 17 августа. Филармония против насилия | протесты в Беларуси 2020, Кто, если не мы? Протесты и забастовки в Беларуси, 17.08.2020 г.
  10. ^ Люди поют «Пагоню» в ТРЦ Galleria Minsk, TUT.BY. 26.08.2020 г.
  11. ^ В Минске прямо на платформе метро спели «Магутны Божа» и «Пагоню» — вот как это было Праверана 2020-08-28 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]