Задзіночаньне беларускіх студэнтаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Задзіночаньне беларускіх студэнтаў
Абрэвіятура ЗБС
Дэвіз Яднайма лепшыя памкненьні
Дата ўтварэньня 1989
Тып Маладзёвае
Юрыдычны статус Грамадзкае аб’яднаньне
Мэта Выхаваньне грамадзянскай адказнасьці студэнтаў
Штаб-кватэра Менск, вул. Дарашэвіча, д. 4 (да 2002 г.)[1]
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Сяброўства Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў, Эўрапейскі зьвяз студэнтаў(en) (Брусэль, Бэльгія)
Старшыня Настася Доль
Кіроўны орган Рада
Сайт studentby.org

Задзіно́чаньне белару́скіх студэ́нтаў — грамадзкая арганізацыя, што ўзьнікла напрыканцы 1980-х гадоў у выніку працы нефармальных студэнцкіх аб’яднаньняў. У 1992 годзе ЗБС было афіцыйна зарэгістравана ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь як «Рэспубліканскае маладзёжнае грамадзкае аб’яднаньне „Задзіночаньне беларускіх студэнтаў“». 3 сьнежня 2001 году рашэньнем Вярхоўнага Суду РБ ЗБС пазбаўлена рэгістрацыі. Выдавала газэту «Студэнцкая думка» (цяпер аднайменны часопіс).

Структура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першасныя структуры ЗБС — суполкі, што ствараюцца пры наяўнасьці ня менш як трох сябраў ЗБС па месцы навучаньня, жыхарства альбо паводле інтарэсаў. Пры наяўнасьці трох і больш суполак могуць утварацца рэгіянальныя філіі ЗБС. Найвышэйшы кіраўнічы орган ЗБС — Зьезд, які склікаецца не радзей за адзін раз на 2 гады. Паміж Зьездамі дзейнасьцю ЗБС кіруе й ажыцьцяўляе каардынацыю працы суполак і філіяў Рада ЗБС. Некалькі разоў на год склікаецца Калегія — каардынацыйны й дарадчы орган, у які ўваходзяць сябры Рады, старшыні ўсіх структурных адзінак ЗБС, старшыні камісіяў ЗБС і старшыня Рэвізійнае камісіі. Рэвізійная камісія — кантрольны орган ЗБС у пэрыяд паміж Зьездамі, справаздачная толькі перад Зьездам.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У лістападзе 1988 г. Студэнцкае патрыятычнае згуртаваньне «Сьвітанак» выдала ў Менску першы нумар беларускамоўнага часопіса «Студэнцкая думка» на 8 старонках фармата(en) А5[2]. Першым рэдактарам часопіса быў 5-курсьнік Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту Ігар Міхно. У 1989 г. у Менску (Беларуская ССР, СССР) студэнты Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, Менскага мэдычнага інстытуту і Менскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту стварылі антыкамуністычнае моладзевае аб'яднаньне «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў» (ЗБС). У 1990 г. ЗБС пераняло выданьне часопіса «Студэнцкая думка», рэдактарам якога стаў Зьміцер Вайцяховіч. У выніку наклад часопіса да канца году вырас з 1000 да 5000 асобнікаў, выраб якіх ажыцьцяўляўся на ротапрынтах(de) у навукова-дасьледчых інстытутах паводле прыватных вусных дамоваў з былымі сябрамі ЗБС сярод супрацоўнікаў НДІ[3].

У 1992 г. Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь зарэгістравала ЗБС у якасьці рэспубліканскага маладзёвага грамадзкага аб'яднаньня. У 1993 г. ЗБС правёў канфэрэнцыю «Нацыянальная вышэйшая адукацыя ў Беларусі». У кастрычніку 1994 г. зладзіў сустрэчу маладых беларусаў сьвету з больш як 10 краінаў. За 1990—1995 гг. удалося выдаць 4 слоўнікі і некалькі музычных альбомаў беларускамоўных рок-гуртоў і сьпевакоў. У 1999 г. ЗБС уступіў у Эўрапейскі зьвяз студэнтаў(en) (ЭЗС; Брусэль, Бэльгія) і пачаў выпуск «Студэнцкай газэты», што ў 2007—2008 гг. адначасна мела флэш-выданьне. 13 красавіка 1999 г. Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь зарэгістравала часопіс «Студэнцкая думка»[4]. У 2001 г. стварылі вэб-сайт studenty.by, які ў 2003 г. увайшоў у 5-ку найбольш наведваных студэнтамі. У 2007 г. сайт зьмяніў назоў на generation.by. 3 сьнежня 2001 г. Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь на позву Міністэрства юстыцыі пазбавіў ЗБС рэгістрацыі. У 2006—2007 гг. ЗБС рабіў на Эўрарадыё перадачу «СтудФармат». У пачатку 2007 г. выдаў складанку «Не заганяйся» з 11 беларускамоўнымі песьнямі музычных гуртоў. У лістападзе 2008 г. у выніку конкурсу выдалі зборнік студэнцкай паэзіі «Незавершанасьць» з 30 вершаў пераможцаў[5].

Старшыні рады ЗБС[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Аляксандра Дынько. На месцы легендарнага Задзіночаньня беларускіх студэнтаў адкрылася кавярня, якая адмаўляецца абслугоўваць Барака Абаму // Радыё «Свабода», 18 студзеня 2016 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
  2. ^ Студэнцкая думка // Вэб-архіў «Вытокі», 2016 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
  3. ^ Гісторыя беларускага самвыдату: «Студэнцкая думка» // Мэдыякрытыка.by, 30 сьнежня 2015 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
  4. ^ Часопісу «Студэнцкая Думка» — 10 год // Пакаленьне Y, 14 красавіка 2009 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.
  5. ^ Нашая гісторыя // Задзіночаньне беларускіх студэнтаў, 23 сьнежня 2013 г. Праверана 18 сакавіка 2016 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]