Люцыян Крашэўскі
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Крашэўскі.
Lucjan Kraszewski | |
Герб Крашэўскіх «Ястрабец» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 24 ліпеня 1820 Пружаны, Гарадзенская губэрня |
Памёр | 2 лютага 1892 (71 год) Расейская імпэрыя |
Пахаваны | |
Род | Крашэўскія |
Бацькі | Ян Соф’я з Мальскіх |
Жонка | Стэфанія з Сулкоўскіх[1] |
Дзеці | Казімера[1] |
Дзейнасьць | маляр, фатограф |
Люцыя́н Крашэ́ўскі гербу «Ястрабец» (24 ліпеня 1820, Пружаны, Гарадзенская губэрня, Расейская імпэрыя — 2 лютага 1892, Ганятычы[2] або Яалін[1]) — беларускі і польскі мастак, фатограф, удзельнік паўстаньня 1863—1864 гг.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сын землеўласьнікаў Яна і Зоф’і Мальскай. Браты Юзэф і Каетан Крашэўскі — польскія пісьменьнікі.
Скончыў кляштарную школу ў Лыскаве, Сьвіслацкую гімназію, Дэрпцкі (Тартускі) ўнівэрсытэт (прыродазнаўчы факультэт). Пасьля вярнуўся ў родавы маёнтак Доўгае ля Пружанаў, ажаніўся са Стэфаніяй Сулкоўскай.
Захапіўся маляваньнем. У 1857 годзе наведаў мастацкія галерэі ў Бэльгіі, Галяндыі і Нямеччыне, дзе захапіўся таксама фатаграфаваньнем.
Удзельнік паўстаньня 1863-64 гадоў. За дапамогу паўстанцам сасланы ў места Кунгур Пермскай губэрні, а ягоны маёнтак Выдзерка канфіскаваны. Праз тры рокі Люцыян быў перавезены пад нагляд паліцыі ў Цывільск Казанскай губэрні, дзе стварыў фотаатэлье. Захавалася вялікая колькасьць ягоных фатаздымкаў, якія цяпер зьяўляюцца важным матэрыялам для вывучэньня Чувашыі XIX стагодзьдзя[3].
У 1868 атрымаў дазвол на вяртаньне ў Царства Польскае[4]. Па вяртаньні са ссылкі на пачатку прадаў сваю частку маёмасьці Каятану. Жыў у Варшаве і ў маёнтку сваёй жонкі Стэфаніі — Ганятычах.
Памёр у Ганятычах (цяпер у Грубешаўскім павеце Польшчы) або ў Яаліне Пружанскага павету ў 1892 годзе, пахаваны на могілках у Вішніцах.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ілюстраваў творы свайго брата Язэпа. Працаваў у жанры малюнку, графікі і акварэлі. Адлюстроўваў асаблівасьці жыцьця Польшчы, Беларусі й Летувы напярэдадні паўстаньня. Рабіў замалёўкі помнікаў архітэктуры і народных тыпаў на Гарадзеншчыне.
Стаў адным зь першых фатографаў-мастакоў і фотарэпартэраў на Беларусі. На фотазамалёўках адлюстраваныя Ўрал, Чувашыя, Гарадзеншчына, Берасьцейшчына, Любліншчына. Ягоныя творы захоўваюцца ў Нацыянальным музэі ў Варшаве і Акадэміі навук Украіны. У Беларусі твораў Люцыяна Крашэўскага няма[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Lucjan Kraszewski h. Jastrzębiec (пол.) Genealogia potomków Sejmu Wielkiego. M. J. Minakowski. Праверана 22 лютага 2012 г.
- ^ Леанід Маракоў. Крашэўскі Люцыян // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т.. — Мн.: 2003 Т. 1. — ISBN 985-6374-04-9
- ^ а б Натальля Пракаповіч. Крашэўскія: уладальнікі маёнтку Доўгае Артыкулы. Рэха Берасьцейшчыны. Праверана 15 ліпеня 2012 г.
- ^ Ірына Сядова. Мае Крашэўскія // Раённыя будні. — 11 мая 2012. — № 36 (9482). — С. 11.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Леанід Маракоў. Крашэўскі Люцыян // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т.. — Мн.: 2003 Т. 1. — ISBN 985-6374-04-9
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- M.J. Minakowski. Lucjan Kraszewski h. Jastrzębiec (пол.). Genealogia potomków Sejmu Wielkiego. Праверана 22 лютага 2012 г.
|
- Нарадзіліся 24 ліпеня
- Нарадзіліся ў 1820 годзе
- Памерлі 2 лютага
- Памерлі ў 1892 годзе
- Пахаваныя ў Польшчы
- Крашэўскія
- Нарадзіліся ў Пружанах
- Навучэнцы Сьвіслацкай гімназіі
- Выпускнікі ВНУ
- Паўстанцы 1863—1864 гадоў
- Рэпрэсаваныя ў Расейскай імпэрыі
- Высланыя ў Сібір
- Беларускія мастакі і мастачкі
- Беларускія фатографы
- Польскія мастакі і мастачкі
- Польскія фатографы