Перайсьці да зьместу

Кажушкі (Гомельская вобласьць)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Кажушкі (Хвойніцкі раён)»)
Кажушкі
трансьліт. Kažuški
Першыя згадкі: 1512 год
Былыя назвы: Кажушкі, Кажушкаўцы, Кажушкавічы
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Хвойніцкі
Сельсавет: Судкоўскі
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2346
СААТА: 3254816016
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°42′42″ пн. ш. 29°45′27″ у. д. / 51.71167° пн. ш. 29.7575° у. д. / 51.71167; 29.7575Каардынаты: 51°42′42″ пн. ш. 29°45′27″ у. д. / 51.71167° пн. ш. 29.7575° у. д. / 51.71167; 29.7575
Кажушкі на мапе Беларусі ±
Кажушкі
Кажушкі
Кажушкі
Кажушкі
Кажушкі
Кажушкі

Кажу́шкі[1] — вёска ў Беларусі, каля ракі Прыпяці. Уваходзяць у склад Судкоўскага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Знаходзяцца за 28 км на паўднёвы захад ад места і чыгуначнай станцыі Хвойнікаў, каля аўтамабільнай дарогі на Ламачы; на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Герб Даліва роду Андрушэвічаў біскупа кіеўскага Яна.
Герб Газдава роду Пацаў біскупа Мікалая.

У акце абмежаваньня Брагінскай воласьці ад 7 сакавіка 1512 году названы сумежны зь ёй востраў Кажушкі – «...у Зварачанскія астравы праваю стараною зноў балотам бельлю ўздоўж папалам з астравамі Дронкі Курылушкі і Кажушкі ў лазу, катораю папалам уздоўж у альсы, альсамі ў Тапіла, з Тапіла ў рэчку Ціхую, з Ціхай у рэчку Цеснаўку...»[2]. Напэўна, бліжэй да ракі Прыпяць існавала ўжо і аднаімённае сяло. У апісаньні Чарнобыльскага замку 1552 года згаданыя «Кожушковцы на Припети Бискупа Киевскаго[a] и иншие села по всемъ повете Чорнобыльскомъ...». У іншым месцы назва паселішча з указаньнем прыналежнасьці яго да Беласароцкай нядзелі[b] прыведзена ў форме «Кожушковичи»[3].

26 верасьня 1568 году ў Кіеўскім замкавым судзе актыкаваны пратэст пана Шчаснага Харлінскага, харунжага кіеўскага, з нагоды адабраньня грунту яго вёскі Навасёлкі і прылучэньня да ўгодзьдзяў вёскі Кажушкі[c] біскупа кіеўскага Мікалая Паца[d][5].

Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (і Кажушкі з прылегласьцямі) было далучана да Кароны Польскай[6].

Карона Каралеўства Польскага

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Герб Бібэрштайн роду Казімерскіх біскупа Крыштафа.

7 днём верасьня 1572 году датаваны ліст біскупа кіеўскага Мікалая Паца вознаму, у якім той паведаміў, што загадаў падданым сваім кажушкаўскім, каб да вострава Замошша, прыналежнага да вёскі Навасёлкі, «nie wdzierali się». 3 жніўня 1578 году біскуп М. Пац зьвярнуўся да пана Шчаснага Харлінскага, абы той забараніў свайму ўрадніку і падданым навасёлкаўскім чыніць крыўды яго кажушкаўцам і забірацца ў іх грунты. 26 днём лютага 1579 году пазначана разьмежаваньне ўгодзьдзяў вёсак Кажушкі біскупа М. Паца і Навасёлкі пана Ш. Харлінскага, выкананае «przez sędziow obranych»[5].

На 1581 год у сяле Кажушкавічы каталіцкага біскупа кіеўскага[e] налічвалася 26 дымоў асадных сялянаў (×6 — каля 156 чалавек), зь якіх выбіралася па 15 грошаў, і 4 агароднікі (≈24 чал.), зь іх — па 6 грошаў падатку[8].

14 жніўня 1609 году ксёндз Крыштаф Казімерскі, біскуп кіеўскі, распачаў судовую справу ў дачыненьні да пана Мікалая Стэцкага, цівуна кіеўскага, за насланьне падданых сваіх на грунт біскупскі Кажушкаўскі, што пры беразе Прыпяці ніжэй Лысай гары месьціўся ў востраве паміж новым рэчышчам і старыцай, ды ўчыненьне там рабункаў. 1 чэрвеня 1618 году біскуп Крыштаф з капітулай выступілі ў судзе з пратэстам супраць пана Міхала Ратомскага за наезд да вёску Кажушкавічы, касьцёлу прыналежную[9].

Герб Окша роду Радашэўскіх біскупа Багуслава.

Пры размежаваньні Кіеўскага ваяводзтва Каралеўства Польскага і Мазырскага павету Вялікага Княства Літоўскага ў сьнежні 1621 — студзені 1622 гадоў сяло Kożuszkiewicze Кіеўскага біскупства паны камісары згодна запісалі прыналежным да ваяводзтва Кіеўскага[10]. Паводле тарыфу падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1628 году, зь сяла Кажушкавічы біскупства Кіеўскага ў асобе ксяндза-біскупа Багуслава Бокшы-Радашэўскага, з 9 дымоў мусіла выплачвацца па 3 злотыя, з 13 агароднікаў па 24 грошы, з 1 каморніка яшчэ 24 грошы[11]. 11 чэрвеня 1649 году палонны казак Мацьвей Шумейка, схоплены дома ў Брагіне, паведаміў на допыце пра казацкі загон блізка ў тысячу чалавек, што перапраўляўся праз Прыпяць каля Кажушак ці да Бабічаў, ці яшчэ куды[12].

Герб Мурдэліо зьменены роду Аскеркаў.

У люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1683 году сярод добраў біскупа кіеўскага[13] геаграфічна ізаляваныя ад іх Кажушкі не названыя. 9 лістапада 1723 году кіеўскі афіцыял Войцех Сяньніцкі падаў скаргу на князя Мікалая Шуйскага за тое, што падданыя яго сяла Навасёлкі зьмянілі мяжу з біскупскім сялом Кажушкі[14]. У тарыфах падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1734 і 1754 гадоў Кажушкі зноў як быццам адсутныя[f], магчыма таму, што ўжо сталі часткай Нараўлянскіх добраў роду Аскеркаў, а тыя месьціліся ў Мазырскім павеце, на карысьць якога і выплачвалі падымнае.

Канвакацыйны сойм 1764 году прызнаў ленны маёнтак Нароўля на правабярэжжы Прыпяці дзедзічным уладаньнем Рафала Алаізія Аскеркі, маршалка Мазырскага павету. Сярод ягоных уладаньняў Кажушкі яшчэ не згаданыя[16]. Але 13 і 15 лістапада 1773 году, паводле актаў Оўруцкага гродзкага суда, узнавіліся памежныя канфлікты што да ўгодзьдзяў вёсак Навасёлкі Хвойніцкага маёнтку князёў Шуйскіх (апекуноў Людвікі Шуйскай), старостаў ніжынскіх, і Кажушкі Нараўлянскага маёнтку войскага мазырскага Яна Мікалая, сына Рафала, Аскеркі. Пачаліся яны з пасечанага і папаленага хвойніцкага (навасёлкаўскага) лесу. 28 лютага 1778 году ў оўруцкія кнігі было нават занесена разьмежаваньне часоў біскупа М. Паца і харунжага Ш. Харлінскага (1579 г.). 8 лютага, 19 красавіка і 30 чэрвеня 1787 году датаваныя судовыя абвінавачваньні сужэнствам Каралем і Людвікай Канстанцыяй з князёў Шуйскіх Прозарамі Яна Аскеркі, стражніка польнага літоўскага, у тым, што насланыя ім кажушкаўцы навасёлкаўцаў зьбілі-скалечылі, зьнішчылі межы, пакапалі капцы ды новыя, выгодныя для сябе насыпалі. 23 лютага 1793 году ў Оўруцкім гродзе «przez ugodę wieczystą» была зацьверджана мапа пазначанай капцамі мяжы паміж вёскамі Кажушкі[g] стражніка Аскеркі і Навасёлкі абозных Прозараў[18].

Расейская імпэрыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Кажушкі — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[19]. У крыніцы, заснаванай на зьвестках рэвізіі 1795 году, Кажушкі названы ў пераліку паселішчаў, адабраных у стражніка польнага літоўскага Яна Мікалая Аскеркі ў «казённое ведомство за клятвопреступление», г. зн. за ўдзел у вызвольным паўстаньні 1794 году[20].

30 чэрвеня 1803 году было складзена, а 13 сакавіка 1806 году зьмешчана да кніг Рэчыцкага земскага суда разьмежаваньне добраў Хвойнікі абозных літоўскіх Караля і Людвікі Прозараў, Тульгавічы харунжага мазырскага Феліцыяна Стоцкага і Барбароў тытулярнага саветніка Андрэя фон Гольста[h]. Wieś Kożuszki ў тым дакумэнце выступала, як attinencya Barborowszczyzny, а яе ўгодзьдзі разьмяжоўваліся з грунтамі хвойніцкіх Навасёлак, Тульгавічаў і фальварка Бабчын hrabstwa Brahińskiego[21].

Герб Побуг роду Горватаў.

1 верасьня 1816 году маёнтак Нароўля А. фон Гольста, у складзе якога фальварак Кажушкі з аднаімённым сялом, набыў за суму ў 242 650 рублёў серабром Ігнацый Горват. У 1825 годзе гэтая частка спадчыны нябожчыка Ігнацыя (†1820) дасталася сыну Даніэлю Горвату[22]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 200 жыхароў вёскі Кажушкі абодвух полаў былі прыхаджанамі Георгіеўскай царквы ў Тульгавічах, 5 жыхароў двара Кажушкі зьяўляліся парафіянамі Юравіцкага касьцёлу Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі[23].

У парэформавы пэрыяд сяло належала да Юравіцкай воласьці. Каля 1864 году маёнткам Нароўля (і фальваркам Кажушкі) завалодаў Артур, сын Даніэля, Горват[22]. У тым жа 1864 годзе згаданая прыпісная да прыходу Тульгавіцкай царквы прыналежная Кажушкаўская Сьвята-Троіцкая царква[24]. На пачатак 1870 году ў Кажушках — 93 мужчынскія душы зь ліку сялянаў-уласьнікаў, прыпісаных да сельскага таварыства, 4 аднадворцы, прыпісаныя да воласьці[25]. У даведніку за 1879 год паведамляецца, што прыпісная Троіцкая царква выконвала ролю прыходзкай, бо царква ў Тульгавічах колькі гадоў перад тым згарэла[26]. У 1886 годзе ў сяле 41 двор, 210 жыхароў, царква, млын[27]. На 1889 год сярод шматлікіх службаў маёнтку Нароўля (33 500 дзесяцін) Артура Горвата названы і фальварак Кажушкі[28].

Паводле перапісу 1897 году, у Кажушках — 334 жыхары, працавалі школа граматы, хлебазапасны магазын, вятрак. У аднаімённым фальварку — 57 жыхароў. 20 ліпеня 1898 году Артур Горват перадаў права валоданьня маёнткам Нароўля сыну Эдварду[22]. У 1909 годзе у вёсцы налічвалася 89 двароў, 667 жыхароў, у аднадворным фальварку — 31 жыхар.[29]. На 1913 год маёнтак Нароўля (з фальваркам Кажушкі) складаў 16 678 дзесяцін угодзьдзяў[30].

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Кажушкі ў складзе Юравіцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[31].

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Кажушкі на мапе, выдадзенай у 1924-26 гады.

Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 сьнежня 1926 году Кажушкаўскі (Кажушкінскі) сельсавет — у Юравіцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 году ў складзе Мазырскай акругі. 10 лістапада 1927 году сельсавет узбуйнены праз далучэньне тэрыторыі скасаванага Кухнаўшчынскага сельсавету. У 1930 годзе вёска — цэнтар калгасу імя А. Р. Чарвякова, працавалі паравы млын, дзьве кузьні. З 8 ліпеня 1931 году Кажушкі ў складзе Хвойніцкага раёну. З 20 лютага 1938 году ў Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Кажушках было 230 двароў, 872 жыхары. У траўні 1943 году акупанты спалілі вёску і загубілі 92 жыхароў[32]. 98 вяскоўцаў загінулі на франтах і ў партызанскай барацьбе.

З 8 студзеня 1954 году Кажушкі — у Гомельскай вобласьці[33]. У вёсцы, згодна зь перапісам 1959 году, налічвалася 869 жыхароў. Цэнтар калгасу імя XXII зьезду КПСС. Дзейнічалі 8-гадовая школа, клюб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, адзьдзяленьне сувязі, крама.

8 студзеня 1987 году Кажушкаўскі сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Тульгавіцкага сельсавету[34]. На момант скасаваньня сельсавет налічваў 4 населеныя пункты: вёскі Кажушкі, Навакухнаўшчына, Новапакроўск, Слабада.

Плян Кажушкаў складаецца з доўгай крывалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад. Да гэтай вуліцы з поўначы далучаецца кароткая вуліца. Забудова двухбаковая, Дамы драўляныя, сядзібнага тыпу[35].

  1. ^ Вядзецца пра каталіцкага кіеўскага біскупа, якім у 1546—1555 гадох быў Ян Андрушэвіч.
  2. ^ Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялялася Чарнобыльская воласьць (званая калі-нікалі паветам), як даводзілася несьці замкавую службу, выконваць работы на карысьць замку. Па нядзелях разьмяркоўваліся і плацёжныя павіннасьці.
  3. ^ Форма назвы Кажушкі, ужываная ў вопісах з Аrchiwum Рrozorów і Jelskich, выкарыстоўвалася ў XVIII ст. і пазьней.
  4. ^ На гэтую пасаду кароль Жыгімонт Аўгуст прызначыў Мікалая Паца ў 1557 годзе, але папа рымскі яго не зацьвердзіў. Тым не меней, М. Пац кіраваў біскупствам да 1582 году і, нават стаўшы кальвіністам, займаў біскупскае месца ў сэнаце[4].
  5. ^ У хвойніцкай кнізе «Памяць» памылкова сьцвярджаецца, нібы ў 1570 — 1580 гг. Кажушкі належалі Кіеўскай мітраполіі[7]; тое паўторана і ў энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі».
  6. ^ Цікава, аднак, што ў абедзьвюх публікацыях тарыфаў выдаўцы лякалізавалі названую ў іх вёску Касьцюшкі як частку вёскі Вялікая Хвосьня (Фосьня). Але ў першым выпадку Касьцюшкі запісаныя адразу пасьля Масаноў, Баршчоўкі і Краснасельля, г. зн. пасьлядоўна з поўдня на поўнач уверх па рацэ Прыпяць, дзе і мусілі разьмяшчацца Кажушкі (Хвосьня — асобна і вельмі далёка). У другім выпадку і Касьцюшкі, і Хвосьня — па абодва бакі праз адзін пункт ад Краснасельля[15]. Кажушак няма нідзе...
  7. ^ Кажушкі маглі выступаць нібыта і асобным маёнткам, як падчас канфіскацыі пасьля паўстаньня 1794 г., калі ў ім налічвалася 379 душ[17].
  8. ^ Тут выкарыстана копія гранічнага дакумэнту, перааформленая ў Мазыры 13 сьнежня 1809 г., імаверна, для А. фон Гольста, бо разьмежаваньне праводзілася, калі маёнткам валодаў Я. Сівэрс; засьведчана подпісам менскага віцэ-губэрнатара С. Бэнэволенскага.
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  2. ^ НГАБ у Менску. Ф. 1728. Воп. 1. Спр. 19. А. 1049адв.
  3. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. І. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 588
  4. ^ Грыцкевіч А. Пацы. // Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя. Т. 2. К-Я – Мінск, 2006. С. 422—424
  5. ^ а б Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 31—32
  6. ^ Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009)
  7. ^ Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка Хойнiцкага раена / Рэд. кал. М. А. Ткачоў [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мінск: БелЭн iмя Петруся Броўкi, 1993. С. 26
  8. ^ Źródła dziejowe. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 36, 37
  9. ^ ZD. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. — Warszawa, 1894. S. 138, 272
  10. ^ ŹD. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX. Dział I-szy. — Warszawa, 1894. S. 96 — 97; Крикун Н. Г. Административно-территориальное устройство Правобережной Украины в XV—XVIII вв. — Киев, 1992. С. 142—143.
  11. ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. І. — С. 388
  12. ^ Джерела з історії Національно-визвольної війни українського народу 1648—1658 рр. Т. 1 (1648—1649). — Київ, 2012. С. 241, 242, 243
  13. ^ Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. І. — С. 495, 505
  14. ^ Описи актовых книг Киевского центрального архива. – № 37 / Сост. Е. П. Дьяковский – Киев: Типография Т. Г. Мейнандера, 1906. С. 44
  15. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 292, 377, 418; Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 183, 256
  16. ^ VL. Tom VII. — Petersburg, 1860. S. 87
  17. ^ Радзюк А. Р. Пад скіпетрам Расейскай імперыі… — Гародня-Кракаў, 2017. С. 33
  18. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 32—34
  19. ^ Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  20. ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 73
  21. ^ AGAD. APiJ. Sygn. 12. S. 17–24
  22. ^ а б в Светлана Адамович. Дворец в Наровле: история и реалии. // Архитектура и строительство. 2010. №2 (213)
  23. ^ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 379, 694
  24. ^ Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии архимандритом Николаем. – Санкт-Петербург, 1864. С. 305
  25. ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 68адв.
  26. ^ Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 134—136
  27. ^ Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 113
  28. ^ Список землевладельцев Минской губернии. 1889 г. — Минск, 1889. С. 366
  29. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 86
  30. ^ Spis ziemian mińskich, posiadających 100 i więcej dziesięcin ziemi. // Kalendarz Miński na 1914 r. / pod redakcją W. Dworzaczka. – Mińsk, 1913. S. 107 «Nad Świsłoczą» Kalendarz Miński na 1914 r.
  31. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  32. ^ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 500
  33. ^ Белорусская ССР. Аминистративно-территориальное делениние. На 1 января 1974 года. — Минск: Беларусь, 1974. С. 102
  34. ^ Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 8 студзеня 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901).
  35. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005.