Акадэмічная канфэрэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Праграма канфэрэнцыі

Акадэмі́чная канфэрэ́нцыя па рэфо́рме белару́скага пра́вапісу і а́збукі — канфэрэнцыя, арґанізаваная Інстытутам беларускае культуры, праходзіла ў Менску 14—21 лістапада 1926 г.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У залі паседжаньняў канфэрэнцыі, 1926 г.

Канфэрэнцыя была значным навуковай імпрэзай і важнай палітычнай падзеяй у жыцьці БССР. Паводле намераў бальшавіцкага кіраўніцтва, яна павінная была перад усім сьветам прадэманстраваць адзінства паміж КП(б)Б, заходне-беларускім нацыянальным рухам і палітычнай эміграцыяй. Сама ж КП(б)Б выступала ў якасьці своеасаблівага ініцыятара й гаранта правядзеньня канфэрэнцыі, даручніка адзінства паміж усімі плынямі беларускага нацыянальнага руху. Такая ейная роля вызначалася ўплывам на выпрацоўку палітыкі партыі актыўных у мінулым дзеячаў левага крыла беларускага нацыянальнага руху (А. Адамовіч, З. Жылуновіч, У. Ігнатоўскі, А. Чарвякоў і інш.), якія пазьней прымкнулі да бальшавікоў, увайшлі ў склад кіруючых партыйных і савецкіх органаў. З гэтае прычыны, а таксама праз узьдзеяньне палітыкі беларусізацыі многія заходне-беларускія дзеячы й прадстаўнікі эміграцыі ўспрымалі гэтую ролю партыі як аб’ектыўную патрэбу, найменшае зло, як зьяву, што не патрабуе палітычнага ці навуковага абґрунтаваньня[1]. У той жа час, камуністычнае кіраўніцтва імкнулася апярэдзіць магчымую падобную канфэрэнцыю на захадзе. У. Ігнатоўскі засьведчыў, што менская ініцыятыва «палітычна супрацьстаяла арґанізоўваемай на Захадзе варожай нам канфэрэнцыі». Партыйнае кіраўніцтва Менску зрабіла ўсё, каб апярэдзіць беларускую эміграцыю ў правядзеньні падобнага зьезду[2].

Уся хада падрыхтоўкі й правядзеньня Акадэмічнае канфэрэнцыі была пад пільнай увагай ЦК ВКП(б). Сьпіс запрошаных удзельнікаў узгадняўся з органамі ГПУ[2].

Менск у дзень адкрыцьця выглядаў па-сьвяточнаму: былі вывешаныя сьцягі (у тым ліку некалькі бел-чырвона-белых), курсавалі агітацыйныя машыны з плякатамі, прысьвечанымі дасягненьням беларусізацыі[1][2]. На прадпрыемствах і ва ўстановах праходзілі ўрачыстыя мітынгі й сходы, на якія запрашаліся ўдзельнікі канфэрэнцыі. Рэспубліканскія ґазэты на першых старонках зьмяшчалі біяграфіі ўдзельнікаў канфэрэнцыі, прывітальныя тэлеграмы ад беларусаў зь іншых краінаў, рэзалюцыі мітынгаў і інш.[1] Канфэрэнцыі спадарожнічалі шэраг палітычных, грамадзкіх і культурных акцыяў беларускага нацыянальнага характару. Для замежных гасьцей была падрыхтаваная вялікая культурная праґрама, выдаткоўваліся сродкі на арґанізацыю сустрэчаў, банкетаў і інш[2].

Падчас урачыстага адкрыцьця канфэрэнцыі з мэтай дэманстрацыі духоўнае прысутнасьці на ёй заходне-беларускіх дзеячоў, якія не змаглі прыехаць у Менск празь невыданьне ім польскімі ўладамі замежных пашпартоў, былі зачытаныя тэлеграмы ад А. Луцкевіча, Р. Астроўскага й Б. Тарашкевіча. Пра палітычны характар канфэрэнцыі сьведчыць і факт прызначэньня лідэраў беларускіх нацыянальных цэнтраў зь Летувы й Латвіі Ластоўскага й Езавітава старшынямі навуковых камісіяў: графічнае й правапіснае.

У дзень адкрыцьця канфэрэнцыі ў чырвонай залі сталоўкі цэнтральнага рабочага каапэратыву была наладжаная ўрачыстая вячэра, на якой былі кіраўнікі партыі й ураду рэспублікі. Да канфэрэнцыі былі прымеркаваныя сьвяткаваньне 20-годзьдзя творчае працы Я. Коласа, адкрыцьцё 2-га дзяржаўнага тэатру ў Віцебску й інш. Ганаровымі гасьцямі гэтых акцыяў былі замежныя ўдзельнікі канфэрэнцыі. У апошні дзень работы канфэрэнцыі ў клюбе імя К. Маркса ў Менску адбыўся канцэрт беларускае музыкі, напачатку якога аркестар пасьля «Інтэрнацыяналу» выканаў так званую «беларускую марсэльезу» («Ад веку мы спалі…»). Яе сьпявалі ўсе прысутныя ў залі[1].

Водгук[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У хуткім часе ў замежнай прэсе пачалі зьяўляцца нататкі пра канфэрэнцыю. Варшаўская ґазэта «Słowo» ад 12 сьнежня 1926 г. пісала: «Мясцовыя ўлады савецкія й партыйныя зрабілі ўсё, што толькі было ў іх сілах, для таго, каб даць канфэрэнцыі палітычную афарбоўку, зразумела, у той ступені, у якой гэта было магчыма ў адносінах да філялягічнае канфэрэнцыі»[2]. У той жа час партыйная ўлада засталася незадаволенай канфэрэнцыяй. У ЦК ВКП(б) у сьнежні паведамлялася: «Канфэрэнцыя выявіла нацыяналістычныя захапленьні ў некаторых групах беларускае інтэлігенцыі». На карысьць гэтага сьцьверджаньня сьведчылі наступныя факты: вынясеньне партрэта Леніна, адсутнасьць сьцяга СССР, цёплы прыём Ф. Аляхновіча, пытаньне аб лацінцы, Баліцкі ў сваім выступленьні ня выявіў ролі партыі й інш[2].

Я. Райніс на старонках латыскае ґазэты «Social-Demokrat» наступным чынам ахарактарызаваў канфэрэнцыю: «Нацыянальнае абуджэньне Беларусі нагэтулькі моцнае, што засланяе сабой усе іншыя духоўныя інтарэсы… беларусаў ахапіла цудоўная нацыянальная ўзьнёсласьць»[1][2].

Пад уражаньнем ад канфэрэнцыі зьмяніліся меркаваньні аб БССР В. Ластоўскага. Ластоўскі ня толькі сам вырашыў пераехаць у БССР, але й выступіў з заклікам да ўсіх беларускіх дзеячаў замежжа пераняць ягоны прыклад[3]. Таксама пераехаць у БССР вырашылі У. Жылка й Ф. Аляхновіч[2]. Пры гэтым усе яны ўжо празь некалькі год сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў, у выніку Ластоўскі й Жылка загінулі, а Аляхновіч быў абменены на Браніслава Тарашкевіча, які таксама потым быў забіты савецкімі ўладамі.

Удзельнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Білет В. Ластоўскага, удзельніка канфэрэнцыі

У працы канфэрэнцыі з правам рашаючага голасу прынялі ўдзел 69 чалавек. Гэта сябры Інбелкульту, выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, Беларускага камуністычнага ўнівэрсытэту, Горацкае сельскагаспадарчае акадэміі, прадстаўнікі літаратурных аб’яднаньняў БССР, а таксама запрошаныя спэцыялісты РСФСР, УССР і з-за мяжы: П. Растаргуеў — прафэсар Маскоўскага ўнівэрсытэту, П. Гарчынскі — дацэнт Ленінградзкага ўнівэрсытэту, Ю. Лазарэвіч — супрацоўнік беларускае сэкцыі Смаленскага губэрнскага аддзелу народнае асьветы, К. Німчынаў(uk) — дацэнт Харкаўскага інстытуту народнае асьветы, М. Фасмэр — прафэсар Бэрлінскага ўнівэрсытэту, М. Біржышка — прафэсар, рэктар Летувіскага ўнівэрсытэту ў Коўне, Э. Блесэ(lv) — дацэнт Латвійскага ўнівэрсытэту ў Рызе, Юзэф Галомбак — дацэнт Варшаўскага ўнівэрсытэту, Я. Райніс — народны паэт Латвіі, В. Ластоўскі — рэдактар часопісу «Крывіч» (Летува), У. Пігулеўскі — дырэктар Беларускае гімназіі ў Люцыне (Латвія), У. Жылка — рэдактар часопісу «Прамень» (Чэхаславаччына), К. Езавітаў — рэдактар ґазэты «Голас беларуса» (Латвія)[4].

Праца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праца канфэрэнцыі праходзіла на пленарных пасяджэньнях і ў камісіях. Аб рэформе беларускае азбукі з дакладамі выступілі Я. Лёсік i П. Растаргуеў. Лёсік прапанаваў гукі [дз] i [дж] пісаць праз д i ж з дыякрытычнымі значкамі зьверху — дˇ, ӂ, a выбухны гук г, як і ва ўкраінскай мове, абазначаць літарай г з хвосьцікам справа, паднятым уверх, ґ; замест літары й увесьці літару j i спалучэньне зычнага гуку j з галоснымі гукамі э, о, у, а абазначаць літарай j з адпаведнай галоснай — jэхаць, jолка, jунак, мaja, a літары е, ё, ю, я пакінуць для абазначэньня адпаведнага галоснага гуку й мяккасьці папярэдняга зычнага — лес, нёс, людзі, мяса. Таксама Лёсік выказаў прапанову замяніць літару э літарай є, a літару ы — літарай и[4].

Растаргуеў прапанаваў афрыкаты дз i дж перадаваць літарамі сэрбскага альфабэтуђ (ђед), ћ (хаћу), а літару й замяніць літарай j i выкарыстоўваць яе ў тых выпадках, як прапанаваў Я. Лёсік.

Прапанова замяніць літару э літарай є, а літару ы літарай и была адхіленая. Для больш дэталёвага разгляду прапановаў была створаная Графічная камісія, якая пастанавіла афрыкаты [дз] і [дж] замяніць сэрбскімі літарамі, літару й замяніць літарай j і ўжываць яе для абазначэньня сярэднянёбнага гука, а літары е, ё, ю, я пакінуць для абазначэньня толькі адпаведных галосных гукаў і мяккасьці папярэдняга зычнага гуку[4].

Былі заслуханыя даклады Я. Лёсіка й С. Некрашэвіча пра рэформу беларускага правапісу. Лёсік прапанаваў узаконіць на пісьме поўнае аканьне й яканьне, гэта значыць любы галосны няверхняга пад’ёму пасьля цьвёрдага зычнага перадаваць літарай а (баранава́ць, дапо́), а пасьля мяккага зычнага — літарай я (пяцярня́, лягкаду́мны, пяракулі́ць). Зычныя гукі пісаць подле фанэтычнага прынцыпу, за выняткам канцавых (казьба ад «касіць», ношка ад «нага», але: рог, воз), а гукі [й], [ў], калі яны стаяць асобна (злучнік, прыназоўнік) альбо ў пачатку слова пасьля галоснага — праз і, у. Пазыцыйную мяккасьць зычных не абазначаць мяккім знакам (каменне, снег, а не каменьне, сьнег), а ў назоўніках і прыметніках на канцы не пад націскам замест літары е пісаць літару і (у лесі, леваі рукі)[4].

С. Некрашэвіч, пасьля адзначэньня асноўных хібаў у запраектаванай Лёсікам рэформе правапісу, прапанаваў унесьці ў правапіс Б. Тарашкевіча (ягоная «Беларуская граматыка для школ» да таго часу была амаль што адзіным падручнікам) з мэтай ягонага спрашчэньня наступныя зьмены: галосныя няверхняга пад’ёму пасьля мяккіх зычных у першым пераднаціскным складзе перадаваць празь я, а ва ўсіх іншых ненацісных складох — празь е (вясна́, але веснавы́), а ў іншамоўных словах пасьля цьвёрдых зычных не пад націскам перадаваць літарай а толькі этамалягічны гук о (камісія, але дэпо). Часьціцу не й прыназоўнік без пісаць зь літарай е, а словы няма й няхай пісаць зь літарай і[4].

Пасьля абмеркаваньня дакладаў пытаньне аб рэформе правапісу было перанесена ў спэцыяльна створаную Правапісную камісію, якая разгледзела выказаныя дакладчыкамі й удзельнікамі канфэрэнцыі прапановы й бальшынёй галасоў прыняла наступную пастанову: пашырэньне фанэтычнага прынцыпу на напісаньне зычных не разглядаць, а галосныя няверхняга пад’ёму пасьля мяккіх зычных перадаваць на пісьме празь я толькі ў першым пераднаціскным складзе: часьціцу не й прыназоўнік без пісаць празь е; словы няхай і няма пісаць празь я і гук [й] пасьля галосных пры асобным ужываньні або ў пачатку слова пісаць празь і, а гук [ў] — праз ў[4].

Былі заслуханыя й абмеркаваныя азнаямленчыя даклады іншых пытаньняў беларускага мовазнаўства й літаратуры «Сучасны стан вывучэньня беларускае мовы» С. Некрашэвіча, «Становішча беларускае мовы сярод іншых славянскіх моваў» П. Бузука, «Асноўныя этапы разьвіцьця новай беларускай літаратуры» М. Піятуховіча, «Нацыянальны адраджанізм і пасьлякастрычніцкі пэрыяд» М. Гарэцкага, «Дасьледаваньне беларускай літаратуры XIX в. да 1863 г.» Ю. Галомбака, «Паэтычнае мастацтва ў беларускай літаратуры» А. М. Вазьнясенскага[4].

Значэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прынятыя канфэрэнцыяй пастановы аб рэформе беларускага правапісу й графікі не набылі сілу закону, аднак некаторыя зь іх потым былі ўлічаныя пры распрацоўцы правапісных праектаў 1930 і 1933 гг. У пачатку кампаніі па выкрыцьці нацыянал-дэмакратызму (канец 1920-х гадоў) канфэрэнцыя была ацэненая як зьезд беларускіх нацыяналістаў і «контррэвалюцыянэраў». Пазьней многія ўдзельнікі былі незаконна рэпрэсаваныя[1].

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е Іваноў 1993. С. 78.
  2. ^ а б в г д е ё ж Ірына Раманава (2006) Беларусь перажывае бурнае нацыянальнае адраджэнне пад уплывам камуністаў. Акадэмічная канферэнцыя 1926 г. у галасах відавочцаў. ARCHE Пачатак. Архіўная копія
  3. ^ Іваноў 1993. С. 78—79.
  4. ^ а б в г д е ё Германовіч І. К. Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі. // Беларуская мова: Энцыклапедыя / Пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: БелЭн, 1994. ст. 20.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Акадэмічная канфэрэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукісховішча мультымэдыйных матэрыялаў