Перайсьці да зьместу

Людовік XII (кароль Францыі)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Людовік XII (кароль Францыі)
герцаг[d] і кароль Францыі[d]
 
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 27 чэрвеня 1462[1][2],
Памёр 1 студзеня 1515[1][2] (52 гады),
Пахаваны
Нашчадкі Клёд Француская[d][3], Рэнэ Француская[d] і Мішэль Бюсі[d]
Дынастыя Валюа
Сужэнец Жанна Француская[d], Ганна Брэтонская[d][3] і Марыя Цюдор[d][3]
Бацька Карл Арлеанскі[3]
Маці Марыя Клеўская[d][3]
Узнагароды
ордэн сьвятога Міхала

Людо́вік XII (па-француску: Louis XII; 27 чэрвеня 1462 — 1 студзеня 1515), меў мянушку «Бацька Народу» (па-француску: Le Père du Peuple). Быў 35-м каралём Францыі, і адзіным манархам з Валюа-Арлеанскае лініі дынастыі Валюа. Адрозьніваўся вельмі актыўнай замежнай палітыкай.

Людовік нарадзіўся 27 чэрвеня 1462 году ў Шато дэ Блюа, у Блюа, Цюрэнь (сёняшні дэпартамэнт Луар-э-Шэр). Сын Карла Арлеанскага і Марыі Клеўскай, ён сам стаў герцагам Арлеанскім па сьмерці свайго бацькі ў 1465 годзе.

У 1480-х Людовік прыняў удзел у так званай Вар’яцкай вайне супраць каралеўскае ўлады. Разам з Францыскам ІІ, герцагам Брытонскім, ён уступіў у бой з каралеўскім войскам у бітве пры Сэнт-Абін-дзю-Карм’ер, але быў ушчэнт разьбіты і ўзяты ў палон. Атрымаўшы каралеўскае дараваньне, ён далучыўся да свайго кузэна, караля Карла VІІІ, у італьянскай кампаніі. Па сьмерці свайго кузэна Людовік стаў каралём Францыі.

Хатняя і замежная палітыка. Караляваньне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нягледзячы на тое, што ён прыйшоў да ўлады даволі позна і вельмі нечакана, Людовік дзейнічаў энэргічна, правёўшы рэформы ў францускай юрыдычнай сыстэме, зьнізіўшы падаткі і палепшыўшы арганізацыю ўраду, у шмат чым паўтараючы сваёго сучасніка Генрыха VІІ, караля Ангельшчыны. Людовік таксама прадэманстраваў вялікі талент у кантролі над сваёй шляхтай, асабліва над магутнай фракцыяй Бурбонаў, што вельмі паспрыяла стабільнасьці францускага ўраду. Блюаскім прывілеем 1499 году ды Ліёнскім прывілеем 1510 году ён пашырыў паўнамоцтвы каралеўскіх судзьдзяў і зрабіў крокі да барацьбы з карупцыяй у юрыдычнай сыстэме. Заблытанае францускае заканадаўства, заснаванае на звычаях, мела быць сабрана ў кодэкс і ратыфікавана каралеўскай праклямацыяй.

У сваіх намаганьньнях усталяваць кантроль над Мілянскім герцагствам, на якое ён меў спадчынныя правы праз сваю бабку, Валентыну Вісконці, Людовік распачаў шэраг вайсковых кампаніяў, якія сталі пачаткам Італьянскіх войнаў. У 1499 годзе французы пасьпяхова ўсталявалі кантроль над Мілянам, які на 12 наступных гадоў стаў францускай цьвержай у Італіі. Найвялікшы посьпех Людовіку прынесла перамога ў бітве пры Аньядэля ў 1509 годзе падчас вайны з Вэнэцыяй. Нягледзячы на посьпехі з 1510 году акалічнасьці зьмяніліся не на карысьць Францыі, калі папа Юліюс ІІ ўзыйшоў на папскі пасад і сфармаваў Сьвятую Лігу, якая мела супрацьстаяць амбіцыям французаў у Італіі.

Людовік, разам з Фэрдынандам ІІ Арагонскім, зрабіў спробу падзелу Нэапалітанскага каралеўства. Умовы падзелу былі вызначаныя ў Гранадзкае дамове 1500 году паміж двума манархамі. Нягледзячы на гэта, паміж Гішпаніяй і Францыяй выбухнула вайна, і да 1504 году французы згубілі сваю долю нэапалітанскіх уладаньняў.

Людовік стаўся каралём, які быў шанаваны сваім народам. На момант яго сьмерці дэфіцыт кароннага скарбу ня быў большы за дэфіцыт на час сьмерці Карла VІІІ у 1498 годзе, нягледзячы на шэраг дарагіх вайсковых выправаў у Італію. Яго фіскальныя рэформы праведзенныя ў 1504 і 1508 гг. падцягнулі і палепшылі збор падаткаў. Ён заслужана атрымаў тытул «Бацькі Народу» (па-француску: Le Père du Peuple), якім ён быў узнагароджаны Генэральнымі Станамі ў 1506 годзе.