Перайсьці да зьместу

Тутэйшыя (выраз)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Тутэйшыя (польск. tutejsi, лет. tuteišiai) — саманазва жыхароў тэрыторыяў на сутыку арэалу беларускай, польскай і ўкраінскай моваў, а таксама каталіцкага і праваслаўнага вызнаньняў. У афіцыйным ужытку зьявілася наймаверней на пераломе 1920—1930-х гадоў у II Рэчы Паспалітай. Тэрмін адносіўся да мясцовага насельніцтва на Палесьсі і Падляшшы, якія размаўлялі беларуска-ўкраінскімі гаворкамі і не выказвалі адназначнае прыналежнасьці да згаданых народнасьцяў. Цяпер на Падляшшы гэты тэрмін ужываецца ў дачыненьні да жыхароў праваслаўнага вызнаньня ці да жыхароў беларускага паходжаньня каталіцкага вызнаньня.

Яшчэ ў 1906 годзе віленскі доктар Людвік Чаркоўскі (1855—1928) засьведчыў, што «старалітоўцамі» (у адрозьненьні ад летувісаў-«младалітоўцаў») зноў пачалі называць «тутэйшых» Літвы і Беларусі — г. зн. беларускамоўных сялянаў, тым часам некаторыя «літваманы» зноў пачалі прапаганду, што тыя беларускамоўныя — гэта «летувісы бяз мовы»[1].

Гэтая назва зьявілася тут у выніках усеагульных перапісаў 1921 (у пытаньні пра нацыянальнасьць) і 1931 рокаў (у пытаньні пра мову зносінаў)[2]. Да тае пары ня ладзіліся спробы азначэньня ці самаазначэньня нацыянальнай прыналежнасьці насельнікаў гэтых тэрыторыяў, званых асобнай этнічнай групай — палешукамі. Іх вывучалі толькі з моўнага боку, і тут польскія і расейскія навукоўцы адзначалі існаваньне значнай колькасьці мясцовых гаворак, якіх дзялілі на беларускія, украінскія і пераходныя. Падчас вышэйзгаданых перапісаў палешукі ў пераважнай большасьці акрэсьлівалі сябе тутэйшымі ці гаворачымі па-тутэйшы (у 1931 року на 1132 тыс. мяшканцаў Палесься 707 тыс., ці 64%; яшчэ 6,6% рэспандэнтаў назвалі роднай мовай беларускую, а 4,8% — украінскую). Такі вынік сьведчыў пра тое, што палешукі лічылі сябе адрознымі ад іншых насяляючых Палесьсе групаў (як, напрыклад, жыды ці палякі) з боку як нацыянальнага, так і моўнага.

У той жа час ня варта гэты тэрмін атаясамліваць з аўтахтонамі, бо такімі зьяўляліся вышэйпрыведзеныя беларусы ці ўкраінцы. Сам тэрмін быў, як заўважае Генрык Маецкі, выгадны ўладам II Рэчы Паспалітай, паколькі апісваў сацыяльную групу зь несфармаванай нацыянальнай самасьвядомасьцю, а значыць, лёгка падатнай для магчымага апалячваньня.

У першыя 15 гадоў існаваньня ПНР праблема этнічнай разнастайнасьці грамадзянаў не ўздымалася. Толькі ў 60-х роках XX стагодзьдзя пачалося вывучэньне нацыянальнага складу на Падляшшы. На пытаньне, кім вы сябе лічыце — палякам ці беларусам, — апытаныя адказвалі: «Я тутэйшы». Пытаньне фармулявалася нястрога, бо лічылася, што тут у асноўным пражываюць палякі ды беларусы, а з адказаў вынікала існаваньне трэцяй групы. Пасьля гэты тэрмін (і раўназначны яму праваслаўны) сталі ўжываць датычна сябе насельнікі ўсходняга Падляшша праваслаўнага вызнаньня, якія паходзілі ад маларусінаў, так сама, як і сучасныя ўкраінцы[3]. Пазьней гэтую суполку сталі таксама называць падляшукамі. Як і палешукі, яны маюць маларускае паходжаньне са слабаразьвітым нацыянальным самавызначэньнем, паходзяць з Валыні, якая ў выніку гістарычных пэртурбацыяў апынулася аддзеленай ад украінскага асяродзьдзя і трапіла пад моцны беларускі ўплыў. З такога пункту гледжаньня сучасныя падляшукі вельмі розьняцца ад польскіх беларусаў, яшчэ адных вызнаўцаў праваслаўнае веры, нашчадкаў крывічоў і дрыгавічоў, якія займаюць абшар на поўнач ад Нарава і Нараўкі, а таксама на ўсход ад Кнышынскай пушчы. Размаўляюць дыялектамі, якія ў выніку запазычаньняў і палянізацыі збліжаныя між сабою настолькі, што прадстаўнікі абедзьвюх суполак без праблемаў разумеюць адзін аднаго. Таксама адрозьненьне прыналежнасьці паводле канчаткаў прозьвішчаў (-ук для ўкраінскіх, -іч альбо без канчаткаў для беларускіх) не заўжды трапнае, а ў народнай культуры — строях, дойлідзтве, сьпевах — дамінуе беларускі ўплыў.

Сустракаюцца таксама меркаваньні, галоўным чынам украінскія, што на Падляшшы тэрмін тутэйшыя паўстаў у 1939—1941 роках, калі гэтыя тэрыторыя ўлучылі ў склад Беларускай ССР, а ўкраінскае (маларускае) насельніцтва трапіла пад беларусізацыю. Паводле такіх ацэнак на Падляшшы мешкае каля 100 тыс. украінцаў, якія, аднак, называюць сябе праваслаўнымі (то бок тутэйшымі). Гэтыя ацэнкі разыходзяцца са зьвесткамі ўсеагульнага перапісу 2002 року, паводле якіх у Польшчы ўкраінцамі назваліся крыху больш за 30 тыс. асобаў, зь якіх амаль 40% пражываюць у Вармінска-Мазурскім ваяводзтве.

У апублікаваных афіцыйных выніках перапісу адсутнічае графа тутэйшыя, а Зьвяз украінцаў Польшчы абвінаваціў перапісчыкаў у тым, што ў шмат якіх выпадках яны такіх людзей залічвалі да польскай нацыянальнасьці ці запісвалі адказы алоўкам, каб пазьней іх зьмяніць.

  1. ^ Czarkowski L. Ostrzeżenie: w kwestji litewskiej słów kilka. — Wilno, 1906. S. 20.
  2. ^ Henryk Majecki. Problem samookreślenia narodowego Poleszuków w Polsce okresu międzywojennego // Укл. і аг. рэд. Ф. Клімука, А. Энгелькінг, В. Лабачэўская Загародзьдзе-3: Матэрыялы навукова-краязнаўчай канфэрэнцыі «Палесьсе ў XX стагодзьдзі» (1-4 чэрвеня 2000 г., Беласток). — Мн.: Тэхналёгія, 2001. — № 3. — ISBN 985-458-034-2.
  3. ^ Grzegorz Rąkowski. Polska egzotyczna — przewodnik. — Oficyna Wydawnicza «Rewasz». — Pruszków: 1994. — С. 352—356.