Перайсьці да зьместу

Краёўцы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Краёўцы (польск. Krajowcy) — плынь літоўскага («беларускага») нацыянальнага руху пачатку XX стагодзьдзя ў Беларусі і Летуве.

Краёўцы адчувалі свае літоўскія (беларускія ў заходнерускім сэнсе) карані, выйшлі з той часткі грамадзтва, сьвядомасьць якой часта акрэсьлівалася формулай: «ліцьвін паводле паходжаньня, паляк паводле нацыянальнасьці»[a]. У сваёй грамадзка-палітычнай дзейнасьці яны грунтаваліся на нацыянальна-культурных, эканамічных, рэлігійных і гістарычных асаблівасьцях беларуска-летувіскага краю, кіраваліся мясцовымі (краёвымі) інтарэсамі. Ва ўмовах уздыму беларускага і летувіскага нацыянальных рухаў выступалі за аўтаномію Беларусі і Летувы, прытым імкнуліся захаваць пазыцыі палякаў у краі.

Сярод краёўцаў пераважалі прадстаўнікі кансэрватыўнага кірунку:

Яны выступалі за захаваньне памешчыцкіх зямельных уладаньняў.

Краёўцы-лібэралы:

Выступалі за адчужэньне памешчыцкай зямлі на карысьць сялянаў. З краёўцаў-кансэрватараў складаліся аб’яднаньні дэпутатаў ад Беларусі і Летувы ў I—IV Дзяржаўных думах Расеі і ў Дзяржаўным савеце.

У 1907 року краёўцы стварылі Краёвую партыю Літвы і Русі. У 1908 партыя зьнікла з палітычнай арэны. Зноў актывізавалася падчас Першай сусьветнай вайны. Па адраджэньні Польшчы як незалежнай дзяржавы і адмове ад канфэдэрацыйных плянаў краёвасьць перастала быць кірункам польскага грамадзка-палітычнага руху.

  1. ^ Як зазначае польскі гісторык Юліюш Бардах, «Так, напрыклад Рышард Радзік канстатаваў: „Шляхецкія эліты Беларусі <…>, тыповае асяродзьдзе беларуска-польскага памежжа, [а менавіта] gente Lithuani (Rutheni), natione Poloni, былі людзьмі, якія паходзілі часьцей за ўсё зь беларускай грамадзкасьці, у тым ліку з баярства, і захоўвалі пачуцьцё лучнасьці зь мясцовым насельніцтвам, краем, яго гісторыяй і культурай. Іх малой Бацькаўшчынай было месца нараджэньня ў Беларусі; сярэдняй або рэгіянальнай — Вялікае Княства Літоўскае і тое, што па ім засталося; а вялікай або ідэалягічнай Бацькаўшчынай — Рэч Паспалітая і ўспаміны пра яе. Па паразе паўстаньня 1863 году гэтыя людзі ўсё мацней канфліктавалі з агрэсіўнай расейскасьцю, шукалі падтрымкі ў польскасьці як у рэальнай сіле“. Паступова ранейшае традыцыйнае вызначэньне „ліцьвін“ (беларус) замянялася прызнаньнем: „я — паляк“»[1]
  1. ^ Бардах Ю. Пра краёўцаў, краёвасць і лакальны патрыятызм — некалі і сёння // Homo Historicus 2019. Гадавік антрапалагічнай гісторыі / пад. рэд. А. Смаленчука. — Вільня: Палітычная сфера, 2019. С. 58.