Перайсьці да зьместу

Найробі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Найробі
Найробі
Герб Найробі Сьцяг Найробі
Першыя згадкі: 1899
Краіна: Кенія
Плошча: 696 км²
Вышыня: 1700 м н. у. м.
Насельніцтва (2009)
колькасьць: 3 138 295 чал.
шчыльнасьць: 4509,04 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: 020
Геаграфічныя каардынаты: 1°17′11″ пд. ш. 36°49′2″ у. д. / 1.28639° пд. ш. 36.81722° у. д. / -1.28639; 36.81722Каардынаты: 1°17′11″ пд. ш. 36°49′2″ у. д. / 1.28639° пд. ш. 36.81722° у. д. / -1.28639; 36.81722
Найробі на мапе Кеніі
Найробі
Найробі
Найробі
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.nairobicity.org/

Найро́бі (па-ангельску: Nairobi) — сталіца Кеніі, а таксама адміністрацыйны цэнтар вобласьці Найробі. Адзін з найбуйнейшых гарадоў Афрыкі. Назва «Найробі» паходзіць з масайскага Enkare Nyirobi, што перакладаецца як «месца прахалодных водаў». Тым ня менш, горад вядомы як «зялёны горад пад сонцам», вакол гораду месьцяцца шматлікія прыгарады[1]. Жыхароў Найробі называюць найрабіянцамі.

Горад быў заснаваны ў 1899 годзе ў якасьці дэпо для чыгункі, якая злучала Мамбаса й Уганду, горад хутка рос, а ў 1907 годзе стаў сталіцай Брытанскай Усходняй Афрыкі і ў рэшце рэшт сталіцай незалежнай рэспублікі Кенія ў 1963 годзе. У час каляніяльнага пэрыяду Найробі быў цэнтрам вытворчасьці кавы, гарбаты й сызалю[2]. Горад разьмешчаны на рацэ Найробі, на поўдні краіны, і мае вышыню 1795 м над узроўнем мора[3].

Найробі зьяўляецца самым густанаселеным горадам ува Ўсходняй Афрыцы, колькасьць насельніцтва складае каля 3 млн чалавек. Паводле зьвестак перапісу 2009 году, у адміністрацыйным раёне Найробі жыло 3 138 295 чалавек на тэрыторыі ў 696 км². Найробі ў цяперашні час зьяўляецца 12-м па велічыні горадам у Афрыцы, калі ўлічваць насельніцтва ягоных прыгарадаў. Найробі ёсьць адзін з самых вядомых гарадоў у Афрыцы паводле палітычнай і фінансавай дзейнасьці. Горад зьяўляецца домам для тысячаў кенійскіх прадпрыемстваў і больш чым 100 буйных міжнародных кампаніяў і арганізацыяў, у тым ліку тут знаходзіцца офіс ААН па навакольным асяродзьдзі (ЮНЭП) і галоўная каардынуючая штаб-кватэра ААН па Афрыцы й Блізкім Усходзе. Разьвітыя харчовая, тэкстыльная, гарбарна-абутковая, хімічная, папяровая, шкляная, мэталюргічная, мэталаапрацоўчая, цэмэнтавая ды шынная прамысловасьць[4]. Найрабійская Фондавая біржа (NSE) зьяўляецца адной з найстарэйшых і найбуйнейшых у Афрыцы.

Фатаздымак Найробі са спадарожніка

Раней на месцы сучаснага гораду разьмяшчаліся незаселеныя балоты. У 1899 годзе тут была пабудавана станцыя забесьпячэньня ўгандзкай чыгункі, якая неўзабаве стала ейнай штаб-кватэрай. Назву горад атрымаў, дзякуючы назьве вадаёма. У 1900 годзе горад быў цалкам перабудаваны пасьля ўспышкі бубонай чумы, з-за якой стары горад прыйшлося цалкам спаліць.

Падставай для выбару месца будаўніцтва станцыі Найробі стала ейнае разьмяшчэньне пасярэдзіне паміж гарадамі Мамбаса й Кампала. Акрамя таго, тут была багатая сетка рэкаў, якая дапамагала забясьпечваць паселішча вадой, а вышыня над узроўнем мора рабіла гэтую мясцовасьць досыць прахалоднай для камфортнага пражываньня. Больш за тое, на вышыні 1661 м над узроўнем мора тэмпэратура паветра занадта нізкая за тую, якая неабходна дзеля выжываньня малярыйных камароў[5].

У 1905 годзе Найробі стаў сталіцай Брытанскага пратэктарату, замяніўшы Мамбасу[6]. Горад стаў расьці за кошт адміністрацыі й турыстаў, якія прыязджалі ў Кенію на паляваньне. Брытанцы выкарыстоўвалі Найробі як зыходны пункт для дасьледаваньня рэгіёну. Усё гэта падштурхнула каляніяльны ўрад да таго, каб пабудаваць у горадзе некалькі гатэляў, большасьць з пастаяльцаў якіх былі паляўнічыя. Пад кіраваньнем Брытаніі Найробі працягваў расьці, мноства брытанцаў сялілася ў прыгарадзе. У 1919 годзе горад стаў муніцыпалітэтам[7].

Рост тэрыторыі гораду выклікаў гнеў народаў масаі й кікую, якія раней валодалі гэтымі землямі. Па заканчэньні Другой сусьветнай вайны гэтыя спрэчкі перарасьлі ў паўстаньне мау-мау. За ўдзел у паўстаньні быў арыштаваны й заключаны ў турму Джома Кеніята, будучы прэзыдэнт Кеніі, хоць не было ніякіх сьведчаньняў, якія злучалі бы яго з паўстаньнем. У выніку ў 1963 годзе Кенія атрымала незалежнасьць ад Брытаніі, а Найробі стаў сталіцай новай рэспублікі. Пасьля атрыманьня незалежнасьці Найробі стаў хутка расьці, што вылілася ў празьмерную нагрузку на гарадзкую інфраструктуру. У горадзе часьцяком здараюцца адключэньні электрычнасьці й вады, аднак у апошнія гады больш рацыянальнае гарадзкое плянаваньне дапамагло часткова справіцца з гэтымі праблемамі. У 1998 годзе ў Найробі амбасада ЗША падвергнулася нападу тэрарыстаў Аль-Каіды, у выніку якой загінула больш за 200 чалавек. На гэтым месцы быў узьведзены мэмарыял.

Выгляд на цэнтральны раён

Найробі разьмешчаны паміж гарадамі Кампала й Мамбаса. Паколькі горад разьмешчаны непадалёк ад усходняга краю рыфтавай даліны, пэрыядычна здараюцца невялікія землятрусы й падземныя штуршкі. Пагоркі Нгонг, разьмешчаныя на захадзе ад гораду, зьяўляюцца самым высокім пунктам паблізу Найробі. На поўначы ад гораду ўзвышаецца гара Кенія, а на паўднёвым усходзе — Кіліманджара. Абедзьве гары ў ясны дзень можна ўбачыць з Найробі[8]. Рака Найробі й ейныя прытокі перасякаюць вобласьць Найробі. На поўначы гораду разьмешчаны лес Карура, за захаваньне якога змагалася нобэлеўскі ляўрэат міру Вангары Маатаі, калі прасоўваліся пляны на забудаваньне гэтай мясцовасьці дамамі й іншай інфраструктурай[9].

Заходні прыгарад Найробі цягнецца ад Нацыянальнага шпіталя Кеньята на поўдні да штаб-кватэры ААН і Джыгіры на поўначы, займаючы адлегласьць каля 20 кілямэтраў. Цэнтрам гораду лічыцца плошча Сіці Сквэр, разьмешчаная ў Цэнтральным бізнэсовым раёне. Плошча акружаная будынкамі парлямэнту Кеніі, катэдральным саборам Сьвятога Сямейства, будынкам гарадзкой рады, гарадзкiм судом і канфэрэнц-цэнтрам Кеньята.

Дзякуючы вышыні ў 1795 мэтраў над узроўнем мора, у Найробі пераважае ўмераны клімат, практычна адсутнічае сьпякота больш за 30 градусаў і ў той жа час надвор’е амаль раўнамернае на працягу ўсяго году. Самы халодны месяц — ліпень, самы цёплы — люты. Маецца два вільготных сэзону, якія выразна выяўлены ў сакавіку — траўні й сухі ў ліпені — жніўні. Самая нізкая зарэгістраваная тэмпэратура склала 5 °C[10]. Тут бываюць даволі прахалодныя вечары, асабліва ў чэрвені й ліпені, калі тэмпэратура можа апускацца да 10 °C. Самым сонечным і цёплым часам году зьяўляецца пэрыяд са сьнежня па сакавік. Для гэтага пэрыяду сярэдняя тэмпэратура максымальная й складае 24 °C[11].

Ёсьць два сэзону дажджоў, але дажджы звычайна умераныя. Самы хмарны час года надыходзіць адразу пасьля першага сэзону дажджоў, і да верасьня тут стаіць даволі вільготнае надвор’е. Паколькі Найробі разьмешчаны даволі блізка да экватару, адрозненьні паміж сэзонамі й часам усходу й заходу вельмі малыя[12].

 Кліматычныя зьвесткі для Найробі 
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Сярэдні максымум t, °C 24,5 25,6 25,6 24,1 22,6 21,5 20,6 21,4 23,7 24,7 23,1 23,4 23,4
Сярэдні мінімум t, °C 11,5 11,6 13,1 14,0 13,2 11,0 10,1 10,2 10,5 12,5 13,1 12,6 12,0
Норма ападкаў, мм 64,1 56,5 92,8 219,4 176,6 35 17,5 23,5 28,3 55,3 154,2 101 1 024,2
Крыніца: World Meteorological Organisation

У Найробі месьціцца Найрабійская фондавая біржа (NSE), якая займае 4-е месца ў Афрыцы паводле аб’ёмаў таргоў і 5-е паводле адносінаў капіталізацыі рынку да СУП[13]. NSE была створана як замежнае прадстаўніцтва Лёнданскай фондавай біржы ў 1953 годзе. Таксама ў Найробі разьмешчаны рэгіянальныя прадстаўніцтвы некаторых міжнародных кампаніяў і арганізацыяў. Так на працягу 2007 году General Electric, Young & Rubicam, Google, Coca-Cola, Zain і Cisco Systems перанеслі свае афрыканскія штаб-кватэры ў Найробі[14][15]. Акрамя таго, штаб-кватэры многіх буйных афрыканскіх кампаніяў разьмешчаны ў Найробі.

У горадзе вырабляюцца розныя тавары: адзеньне, тэкстыль, будаўнічыя матэрыялы, харчовыя прадукты й напоі, цыгарэты. Тут разьмешчаны заводы некаторых міжнародных кампаніяў: Goodyear, General Motors, Toyota Motors, Coca-Cola.

Грузавы тэрмінал міжнароднага аэрапорту Джома Кеніята

Большая частка авіяцыйных перавозак у Найробі адбываецца празь міжнародны аэрапорт Джома Кеніята, найбуйнейшы й самы загружаны аэрапорт ува ўсходняй і цэнтральнай Афрыцы[16]. У 2008 годзе празь яго прайшло больш за 4,9 млн пасажыраў[17]. Ён зьяўляецца асноўным перасаджвальным вузлом для пасажыраў, якія ляцяць у невялікія гарады ўсходняй і цэнтральнай Афрыкі. Аэрапорт Джома Кеніята разьмешчаны за 20 км ад бізнэсовага цэнтру Найробі. Ён прымае прамыя рэйсы з Эўропы й Азіі. У цяперашні час разглядаецца праект па пашырэньні аэрапорта для магчымасьці абслугоўваньня нарастальнага пасажырапатку[18].

Да поўдня ад Найробі разьмешчаны яшчэ адзін аэрапорт — Ўілсан. Ён абслугоўвае ў асноўным невялікія самалёты ўнутраных рэйсаў Кеніі, аднак ёсьць рэйсы і ў іншыя ўсходнеафрыканскія краіны. Аэрапорт Істлэйт першапачаткова быў пасадачнай паласой да зьяўлення рэактыўных самалётаў. У 1930-х і 1940-х ён абслугоўваў брытанскія пасажырскія й паштовыя рэйсы з Саўтгэмптану ў Кейптаўн. Празь яго лёталі гідрасамалёты зь Вялікабрытаніі ў Кісумі. У цяперашні час тут разьмешчана ваенная база.

Найбольш распаўсюджаным відам транспарту ў Найробі зьяўляецца матату[19]. Гэтае слова літаральна азначае «трыццаць цэнтаў за паездку», аднак зараз кошт ёсьць значна вышэйшым. Матату ўяўляюць сабой прыватныя мікрааўтобусы зьмяшчальнасьцю ад чатырнаццаці да дваццаці чатырох чалавек. Такія аўтобусы перавозяць пасажыраў як па гарадзкіх, гэтак і па міжгародніх маршрутах. Самай прыкметнай асаблівасьцю матату ёсьць іхняя экстравагантная афарбоўка. Уладальнікі часьцяком упрыгожваюць свой аўтобус эмблемай улюбёнай футбольнай каманды ці партрэтам артыста, а ў апошні час зьявіліся нават матату з выявай Барака Абамы. У большасьці матату ёсьць аўдыёсыстэмы й тэлевізары дзеля прыцягненьня пасажыраў, паколькі канкурэнцыя сярод кіроўцаў вельмі высокая.

Як вынік жорсткай канкурэнцыі й недастатковага рэгуляваньня, кіроўцы матату імкнуліся павялічваць прыбытак за кошт павелічэньня хуткасьці перавозак, з-за чаго ў Найробі адбывалася вялікая колькасьць аварыяў зь іхным удзелам. Дзеля забесьпячэньня бясьпекі, у 2004 годзе ўрад прыняў закон, які абавязвае абсталяваць усе матату рамянямі бясьпекі, а таксама абмяжоўвае хуткасьць ягонага перамяшчэньня да 80 км/гадзіна. Акрамя таго, на ўсе матату неабходна было вырабіць гарызантальную жоўтую паласу[20]. Спачатку гэта выклікала шмат пратэстаў з боку апэратараў, аднак пад ціскам урада й грамадзкасьці ім прыйшлося зьмірыцца з новымі патрабаваньнямі.

Аўтобусы заваёўваюць усё большую папулярнасьць у Найробі. У цяперашні час у горадзе працуюць тры аўтобусныя кампаніі: традыцыйная Kenya Bus Service (KBS) і новыя прыватныя апэратары Citi Hoppa і Double M. Аўтобусы Citi Hoppa можна адрозніць па зялёным колеры, аўтобусы Double M афарбаваныя ў фіялетавы, а KBS маюць блакітную афарбоўку. Іншыя невялікія кампаніі арганоўваюць рэгулярнвя мiжгароднія аўтобусныя зносiны.

Найробі быў заснаваны як чыгуначная станцыя, а штаб-кватэра кенійскай чыгункі да гэтага часу разьмешчана ў горадзе, непадалёк ад цэнтра. Лінія, якая праходзіць праз Найробі, злучае Мамбаса й Кампалу. У асноўным, яна выкарыстоўваецца для грузавых перавозак, аднак па ёй таксама курсіруюць начныя пасажырскія цягнікі. Вялікая колькасьць працоўных даяжджаюць да працы ў цэнтры горада на цягніках з прыгарада, аднак у горадзе ня маецца лёгкай чыгункі, трамвайных лініяў і мэтрапалітэна.

Паслугі таксі даступныя практычна ў любой частцы горада. Паездкі ў таксі даражэй, чым на аўтобусе ці матату, але больш бясьпечныя й камфортныя. Часьцей за ўсё таксі чакаюць кліентаў ля гатэляў, на стаянках таксі, а таксама ў цэнтры горада й каля вялікіх гандлёвых цэнтраў.

Ад паўмільёну да мільёну людзей пражываюць у раёне Кібэра, самых вялікіх і бедных трушчобах у Афрыцы[21], якія ўзьніклі ў 1920-х гадох як пасёлак для нубійсках жаўнераў[22]. Злачыннасьць у горадзе ўсё больш узрастае, і цяпер Найробі ёсьць адзін з самых небясьпечных гарадоў. У 2001 годзе камісія ААН прысвоіла гораду «статус С», прылічыўшы яго да самых злачынных гарадох сьвету. У горадзе быў адзначы высокі ўзровень узброеных рабаўнікоў, разбойнікаў і згоншчыкаў машынаў[23].

Злачыннасьць павысілася таму, што шматлікія сельскія жыхары ад неўладкаванасьці сталі імкнуцца ў сталіцу, дзе не знаходзілі сабе грошай, занятку й пражытка, і ім нічога не заставалася рабіць як папаўняць трушчобу. Дамы́ й кварталы гораду наймаюць ахоўнікаў, якія працуюць днём і ноччу. Турыстам не раіцца паказваць каштоўныя прадметы й хадзіць па цэнтральнай частцы гораду ў цёмны час. Тэрарызм праявіў сябе ў горадзе ў 1998 годзе, пасьля чаго паток турыстаў рэзка паменшыўся.

  1. ^ Not to be Missed: Nairobi 'Green City in the Sun'» (анг.). Pulse Africa. Архіўная копія
  2. ^ Nairobi History (анг.). City-Data.com. Архіўная копія
  3. ^ Attractions of Nairobi (анг.). alninga.com. Архіўная копія
  4. ^ Найробі // БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11. С. 130
  5. ^ R. A. Obudho Nairobi: National capital and regional hub (анг.). United Nations University.
  6. ^ Attractions of Nairobi. RCBowen Kenya.
  7. ^ Merriam-Webster’s Geographical Dictionary. Merriam-Webster, Inc.
  8. ^ Lori Hein Nairobi by Degrees. Perceptive Travel.
  9. ^ Karura: Are We Missing the Trees for the Forest?. The East African. Архіўная копія
  10. ^ Nairobi Climate and Weather. World Travels
  11. ^ Travel and Visa Information. United Nations
  12. ^ Nairobi, Kenya — Sunrise, sunset, dawn and dusk times, table. Gaisma
  13. ^ Live Trading commences at Nairobi Stock Exchange. Millennium Information Technologies. Архіўная копія
  14. ^ Jim Onyango General Electric moves Africa’s hub to Nairobi. Business Daily. Архіўная копія
  15. ^ Cisco Inaugurates East African Headquarters in Nairobi. Press Media Wire. Архіўная копія
  16. ^ Jomo Kenyatta Intl. Airport. Kenya Airports Authority. Архіўная копія
  17. ^ JKIA Voted Best Marketed Airport In Africa Once Again. Kenya Airports Authority. Архіўная копія
  18. ^ «JKIA Airport Expansion Plans». airport-technology.com
  19. ^ «How to get around Nairobi». United Nations Offices Nairobi Interns.
  20. ^ «Crackdown hits Kenyan commuters». BBC
  21. ^ «Living amidst the rubbish of Kenya’s slum». BBC News
  22. ^ What is Kibera? CSG Kibera
  23. ^ «U.N. Starts Crime Study in Kenya’s Capital». Xinhua News Agency

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найробісховішча мультымэдыйных матэрыялаў