Перайсьці да зьместу

Кейптаўн

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кейптаўн
Кейптаўн
Герб Кейптаўну Сьцяг Кейптаўну
Дата заснаваньня: 1652
Горад з: 1652
Краіна: Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка
Правінцыя: Заходне-Капская
Мэр: Geordin Hill-Lewis[d][1]
Плошча: 2454,72 км²
Вышыня: 5 м н. у. м.
Насельніцтва:
  • 3 776 313 чал. (2021)
Часавы пас: UTC+2
Тэлефонны код: +2721
Паштовыя індэксы: 7700 да 8099
Геаграфічныя каардынаты: 33°55′31″ пд. ш. 18°25′26″ у. д. / 33.92528° пд. ш. 18.42389° у. д. / -33.92528; 18.42389Каардынаты: 33°55′31″ пд. ш. 18°25′26″ у. д. / 33.92528° пд. ш. 18.42389° у. д. / -33.92528; 18.42389
Кейптаўн на мапе Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі
Кейптаўн
Кейптаўн
Кейптаўн
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.capetown.gov.za/

Кейптаўн (па-ангельску: Cape Town, па-афрыкаанс: Kaapstad, коса: iKapa) — другі па колькасьці насельніцтва горад у Паўднёвай Афрыцы[2], сталіцы Заходне-Капскай правінцыі, разьмешчаны ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Разьмешчаны на паўднёвым захадзе краіны, недалёка ад Мыса Добрай Надзеі. Дзякуючы таму, што ў горадзе месьціцца нацыянальны парлямэнт, Кейптаўн зьяўляецца заканадаўчай сталіцай краіны. Горад ёсьць часткай гарадзкога муніцыпалітэта. Ён славіцца сваёй гаваньню, а таксама сваім натуральным Капскім расьлінным царствам. Акрамя таго, сярод вядомым славутасьцяў гораду варта вызначыць Сталовую гару, мыс Добрай Надзеі й Кейп-Пойнт. Кейптаўн зьяўляецца адным з самых прыхожых гарадоў і самым папулярным турыстычным месцам у Афрыцы[3].

Разьмешчаны на беразе заліву Тэйбл-Бэй, Кейптаўн быў першапачаткова пабудаваны галяндзкай Ост-Індзкай кампаніяй, як месца забесьпячэньне харчаваньнем галяндзкіх судоў, якія плаваюць ува Ўсходнюю Афрыку, Індыю й Далёкі Ўсход. Падчас прыбыцьця Яна ван Рыбэка 6 красавіка 1652 году было створана першае сталае эўрапейскае селішча ў Паўднёвай Афрыцы. Кейптаўн хутка перарос сваё першапачатковае прызначэньне, як першы эўрапейскі фарпост, стаўшы эканамічным і культурным цэнтрам Капскай калёніі. Да Вітватэрсрандзкай залатой ліхамакі й разьвіцьцю Яганэсбургу, Кейптаўн быў найбуйнейшым горадам у Паўднёвай Афрыцы.

Сёньня гэта адзін з самых шматнацыянальных гарадоў у сьвеце, што адлюстроўвае ягоную ролю як асноўнага месца для прыбыцьця імігрантаў і іншаземцаў у Паўднёвую Афрыку. На 2021 год насельнітцва гораду, паводле ацэнак, складала 3 776 313 чалавек. Кейптаўн займае плошчу ў 2455 км², што зьяўляецца большым, чым іншыя паўднёваафрыканскія гарады, у выніку параўнальна нізкай шчыльнасьці насельніцтва, бо ў горадзе на 1 км² прыходзіцца 1425 жыхароў.

Прыбыцьцё Яна ван Рыбэка.

Пэўных зьвестак аб тым, калі тут зьявіліся першыя людзкія селішчы, няма. Самыя раньнія археалягічныя знаходкі (пячора Пірс-Кейв, побач Фіш-Хукам) адносяцца да часу прыкладна 12 000 гадоў назад. Аб раньняй гісторыі гэтага рэгіёна вядома мала. Першыя пісьмовыя сьведчаньні датуюцца 1486 годам, калі мыс Добрай Надзеі наведаў партугалец Барталамеў Дыяш.

Вашку да Гама таксама абмінуў мыс у 1497 годзе, але рэгулярныя кантакты з эўрапейцамі пачаліся толькі пасьля прыбыцьця Яна ван Рыбэка ў 1652 годзе. Рыбэк працаваў на Галяндзкую Ост-Індзкую кампанію (па-нідэрляндзку: Verenigde Oost-indische Companie) і павінен быў забясьпечыць стаянку для яе суднаў на шляху ў Эўропу. Ускраек Паўднёвай Афрыкі ў той час засялялі ў першую чаргу гатэнтоты, з усходу надыходзілі каса — народ, які адносіцца да сям’і банту.

У пачатковы пэрыяд горад рос павольна, бо адчуваўся недахоп працоўнай сілы. Каб папоўніць яго, галянцды пачалі імпарт рабоў з Інданэзіі і Мадагаскару. Многія з гэтых рабоў уліліся ў каляніяльнае грамадзтва, а нашчадкі ад зьмяшаных шлюбаў інданэзійцаў, эўрапейцаў і мясцовага насельніцтва ўтварылі некалькі адмысловых этнічных групаў, якія завуцца «каляровыя», прычым капскія каляровыя вылучаюцца ў адмысловую падгрупу.

У 1795 годзе брытанскія войскі захапілі горад пасьля бітвы пры Мэйзэнбэрзе. Паводле ўмоваў мірнай дамовы, заключанага пасьля вайны ў 1803 годзе, Капстад быў вернуты галяндцам, аднак у тым жа годзе канфлікт аднавіўся, і ў 1806 годзе брытанцы пасьля бітвы пры Блаўбэрзе ізноў захапілі Каап. Паводле мірнай дамовы 1814 году гэты рэгіён стаў неад’емнай часткай Брытанскай імпэрыі. Тэрыторыя, падуладная брытанцам, расла, і была створана Капская калоёнія, сталіцай якой стаў Кейптаўн.

Вуліца Адэрдлей у1897 годзе была асноўнай гандлёвым цэнтрам гораду.

Адкрыцьцё алмазных радовішчаў у Заходнім Грыквалендзе і залатых пакладаў на Вітватэрсрандзе (поруч цяперашняга Яганэсбургу) у 1869 годзе прывяло да пачатку залатой ліхаманкі і імклівага росту Яганэсбургу за кошт прытоку імігрантаў. Акрамя таго, пачаліся трэнні паміж бурскімі дзяржавамі, створанымі падчас Вялікага Трэка і якія адчулі прыток замежнікаў-ойтляндэраў), і брытанскай каляніяльнай адміністрацыяй. Кульмінацыяй гэтага канфлікту стала Англа-бурская вайна. Перамогшы бурскія дзяржавы (Аранжавую рэспубліку і Трансвааль) і ўмацаваўшы кантроль над здабычай золата і алмазаў, ангельцы аб’ядналі бурскія рэспублікі з Капской калёніяй і брытанскім жа валоданьнем Наталь, стварыўшы Паўднёва-Афрыканскі Саюз. ПАС быў абвешчаны ў 1910 годзе, і Кейптаўн стаў яго заканадаўчай сталіцай; гэтую функцыю ён захаваў і пасьля таго, як у 1961 годзе была створаная Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка.

У 1948 годзе на выбарах перамагла Нацыянальная партыя, якая абяцала ўвесьці сэгрэгацыю па расавай прыкмеце, вядомую як апартэід. Паводле Закона аб групавых вобласьцях, прыгарады са зьмяшаным насельніцтвам павінны былі быць альбо вычышчаныя ад «незаконна» жыўшых там жыхароў, альбо зусім зьнесеныя. У сувязі з гэтай кампаніяй вялікую вядомасьць атрымала кейптаўнская Шостая акруга, разбураная ў 1965 годзе. Паколькі гэтая зона была абвешчаная раёнам для белых, больш 60 000 чорных жыхароў былі прымусова выселеныя[4]. У эпоху апартэіду перавага пры найманьні на працу ў Кейптану па законе аддавалася каляровым, а ня чорным.

У Кейптаўне жылі шматлікія барацьбіты з апартэідам; частка з іх (у тым ліку Нэльсан Мандэла) потым утрымоўваліся ў турме на высьпе Робэн, адлеглым на 10 км ад кейптаўнскага берага. 11 лютага 1990 году Мандэла, празь некалькі гадзінаў пасьля выхаду з турмы, вымавіў знакамітую прамову з балкона Кейптаўнскай ратушы. Пасьля таго як апартэід быў адменены ў 1994 годзе, Кейптаўну прыйшлося сутыкнуцца з мноствам праблем, уключаючы ВІЧ і СНІД, сухоты і злачыннасьць, у тым ліку зьвязаныя з наркотыкамі. У тым жа час у эканоміцы горада назіраецца сапраўдны бум, асабліва за кошт турызма і рынка нерухомасьці, які бурна расьце.

Ад 2011 да 2018 году мэрам Кейптаўна была Патрысія дэ Ліль[5].

Геалягічная мапа Капскага паўвострава і затокі Фолз-Бэй.

Цэнтар Кейптаўна разьмешчаны на паўночным ускрайку паўвострава Кейп. Сталовая гара ўзвышаецца над раёнам гораду вядомым як Сіці-Боўл, і мае плято большае за 1000 м у вышыню, акружанае амаль вэртыкальнымі скаламі, як то пік Д’ябла й ільвіная галава. Паўвостраў складаецца з выскіх горных хрыбтоў на поўдзень у Атлянтычнага акіяна, сканчаючыся ў кропцы мыса. Ёсьць больш за 70 пікаў вышэй 1000 футаў у рамках афіцыйных межаў Кейптаўна. Шматлікія прыгарады Кейптаўна разьмешчаныя на вялікай раўніне, якая злучае паўвостраў з мацерыком.

Спадарожнікавы фатаздымак гораду ў трохвымернай плашчыні.

Горад мае субтрапічны міжземнаморскі клімат паводле кліматычнай клясыфікацыі Кёпэна, зь мяккай і вільготнай зімой і сухім і вельмі цёплым летам. У зімовы час, які доўжыцца з пачатку чэрвеня да канца жніўня, буйныя халодныя франты рухаюцца ад Атлянтычнага акіяна з моцнымі ападкамі й моцнымі паўночна-заходнімі вятрамі. Зімовыя месяцы прахалодная, зь сярэдняй тэмпэратурай мінімум 7.0 °C і максымум 17,5 °C[6]. Вялікая частка гадавых ападкаў горада назіраюцца ў зімовы час, але з-за горнага рэльефу горада, колькасьць ападкаў у канкрэтных раёнах можа значна вар’іравацца. Ньюлэндз, які месьціцца на поўдзень ад горада, зьяўляецца самым вільготным прыгарадам у Паўднёвай Афрыцы[7]. Даліны й прыбярэжныя раўніны маюць у сярэднім 515 мілімэтраў ападкаў у год, у той час у горных раёнах такі паказчык можа скласьці ў сярэднім 1500 мм у год.

Лета, якое доўжыцца зь лістапада па сакавік, ёсьць цёплае й сухое. Паўвостраў атрымлівае частыя моцныя вятры з паўднёва-усходу, як то ў мысу Доктар, таму што ветрам зьдзімаецца забруджваньне й чысціцца паветра ў рэгіёне. Паўднёва-ўсходні вецер выкліканы з-за высокага ціску, які знаходзіцца ў паўднёвай частцы Атлянтычнага акіяна на захад ад Кейптаўна. Летнія тэмпэратуры мяккія, зь сярэднім максымумам 26,5 °C. У Кейптаўну можа быць непрыемна горача, калі «горны вецер» дзьме з рэгіёну Кару пару тыдняў у лютым альбо пачатку сакавіка.

Надвор’е ў Кейптаўне дзіўна падобна на Сан-Францыска[8][9], аднак Кейптаўн атрымлівае крыху больш гадзін сонечнага сьвятла, чым Сан-Францыска[10][11], некалькі менш ападкаў[12] і значна меншыя парывы вятроў[13]. У Кейптаўне, аднак, прыкметна цяплей, зь сярэдняй гадавой тэмпэратуры навакольнага паветра ад 19 °C, у параўнаньні ў Сан-Францыска гэты паказчык складае 13 °C.

 Кліматычныя зьвесткі для Кейптаўну 
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Абсалютны максымум t, °C 39 38 41 39 34 30 29 32 33 37 40 35 41
Сярэдні максымум t, °C 26,1 26,5 25,4 23,0 20,3 18,1 17,5 17,8 19,2 21,3 23,5 24,9 22,0
Сярэдні мінімум t, °C 15,7 15,6 14,2 11,9 9,4 7,8 7,0 7,5 8,7 10,6 13,2 14,9 11,4
Абсалютны мінімум t, °C 7 6 5 2 1 −1 −1 0 0 1 4 6 −1
Норма ападкаў, мм 15 17 20 41 69 93 82 77 40 30 14 17 515
Вільготнасьць, % 71 73 77 80 83 83 83 82 79 76 74 71
Крыніца: South African weather service, Hong Kong Observatory, Climate & Temperature
Фінбаш у нацыянальным парку Сталовае гары.

Горад месьціцца ў асяродку біяразнастайнасьці ўва ўнікальным Капскім рэгіёне, які мае адзін з самых высокіх узроўняў біяразнастайнасьці ў сьвеце[14][15]. Ахоўныя зоны ля гораду ёсьць аб’ектам Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО, і, паводле ацэнак, у рэгіёне Сталовай гары налічваецца каля 2200 відаў расьлінаў[16][17][18], пры гэтым многія з гэтых відаў, у тым ліку вельмі шмат гатункаў пратэяў, ёсьць эндэмічных для гор і больш нідзе не сустракаюцца[19]. Агулам у рэгіёне маюцца сотні эндэмічных відаў[20], якія знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня. Гэтая велізарная відавая разнастайнасьць утварылася галоўным чынам таму, што горад унікальна разьмешчаны ў пункце канвэргенцыі некалькіх розных тыпаў глебаў і мікракліматаў[21][22]. Сталовая гара мае незвычайна багатую біяразнастайнасьць. Ейная расьліннасьць складаецца пераважна зь некалькіх розных тыпаў унікальнага й багатага хмызьняку фінбош.

Хуткі рост насельніцтва й разрастаньне гораду ахапілі вялікую частку гэтых экасыстэмаў. Такім чынам, у Кейптаўне зараз налічваецца больш за 300 відаў расьлінаў, якія знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня, і 13 відаў, якія ўжо вымерлі. Капскі паўвостраў, які цалкам знаходзіцца ў межах гораду, мае найвышэйшую канцэнтрацыю відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня, сярод усіх кантынэнтальных тэрыторыяў эквівалентнага памеру ў сьвеце[23] . Некатоыря з гэтых відаў здолелі захавацца толькі на збочынах дарогаў, ходніках і спартовых пляцоўках. Астатнія экасыстэмы часткова ахоўваюцца чалавекам, дзякуючы стварэньня больш за 30 запаведнікаў, самы вялікі зь якіх нацыянальны парк Сталовая гара[24].

Бізнэсовы раён у Кейптаўне.

Кейптаўн зьяўляецца эканамічным цэнтрам Заходне-Капскай правінцыі, другім галоўным эканамічным цэнтрам у Паўднёвай Афрыцы й трэцім асноўным эканамічным горадзе Афрыкі. Горад выступае ў якасьці рэгіянальнага цэнтра вытворчасьці ў Заходняй Капскай правінцыі. Значная прысутнасьць дзяржавы ў горадзе, як то разьмяшчэньне у сталіцы Заходняй Капскай правінцыі нацыянальнага парлямэнта, прывяло да павелічэньня даходаў і росту ў галінах, якія абслугоўваюць урад. У Кейптаўне праводзіцца мноства канфрэнцыяў, у прыватнасьці, у горадзе ў 2003 годзе быў адчынены Міжнародны канфэрэнц-цэнтар.

У Кейптаўне ў апошні час назіраецца бум нерухомасьці й будаўнічага рынку, гэта зьвязана зь нядаўнім правядзеньнем чэмпіянату сьвету па футболе ў 2010 годзе, а таксама з-за павялічыўшыся попыт на дачы, дзе многія людзі селяцца на сталае жыцьцё. Цэнтральны бізнэсовы раён знаходзіцца пад шырокай праграмай абнаўленьня горада, паводле якога плянуецца пабдаваць шматлікія новыя будынкі й рэканструяваць старыя[25].

Кейптаўн мае чатыры буйныя камэрцыйныя вузлы, як то Цэнтральны бізнэсовы раён, якія зьмяшчае большасьць працоўных месцаў і офісных памяшканьняў, Цэнтуры Сіці, Бэлвіл і Клермонт, добра вядомыя сваімі офісамі й штаб-кватэрамі карпарацыяў. Большасьць кампаніяў, са сваімі штаб-кватэрамі ў горадзе, зьяўляюцца страхавымі кампаніямі, розьнічныя групамі, выдавецтвамі, дамамі дызайну, суднаходнымі кампаніямі, нафтахімічнымі кампаніямі, архітэктурнымі й рэклямнымі агенцтвамі.

Большая частка таварвў праходзіць праз порт Кейптаўна альбо міжнародны аэрапорт Кейптаўна. Большасьць буйных суднабудаўнічых прадпрыемстваў маюць свае офісы й вытворчыя лякацыі ў Кейптаўне[26]. Правінцыя зьяўляецца таксама цэнтрам разьвіцьця энэргетыкі для краіны, зь існуючай Кёбэрскай АЭС, якая забесьпячвае энэргіяй патрэбы Заходняга мыса. У апошні час дасьледнікі выявілі запасы нафты й прыроднага газу ля ўзьбярэжжа ў Атлянтычным акіяне[27].

Кейптаўн зьяўляецца цэнтрам сфэры ІТ-індустрыі ў Афрыцы. Павілічэньне даходаў на 8,5% у 2010 годзе, зрабіла гэтую галіну прамысловасьці больш важнай для эканомікі горада[28].

Кампус Кейптаўнскага ўнівэрсытэту на тле піку Д’ябла.

Пачатковыя і сярэднія школы ў Кейптаўне кіруюцца дэпартамэнтам адукацыі Заходне-Капскай правінцыі. Гэты дэпартамэнт мае сем аддзелаў, чатыры зь якіх занятыя кіраваньнем розных акругаў гораду[29]. Акрамя дзяржаўных у Кейптаўне працуюць шмат прыватных школаў, як рэлігійных, гэтак і людзкіх. Добра разьвітая і сыстэма вышэйшай адукацыі. Гэтак у Кейптаўне месьцяцца тры дзяржаўныя ўнівэрсытэты, як то Кейптаўнскі ўнівэрсытэт, Заходне-Капскі ўнівэрсытэт і Тэхналягічны ўнівэрсытэт Капскага паўвострава. Стэленбоскі ўнівэрсытэт не базуецца ў горадзе, але мае галоўны кампус і адміністрацыйныя будынкі за 50 кілямэтраў ад Сіці-Боўл. Некаторыя кампусы ўнівэрсытэту, як то Тайгербэрскі факультэт мэдыцыны і мэдычных навук і бізнэсовы парк Бэлвіл, месьцяцца на паўночным захадзе ў мястэчку Бэлвіл.

Кейптаўнскі і Стэленбоскі ўнівэрсытэты займаюць лідуючыя пазыцыі ў краіне. Шмат у чым гэта павязана з значнымі фінансавымі ўкладамі ў гэтыя ўстановы як дзяржаўным, гэтак і прыватным сэктарам. Навучаньне ў Кейптаўнскім унівэрсытэце адбываецца на ангельскай мове. У ім вучацца больш за 21 тысяч студэнтаў, а сама ўстанова адукацыі ёсьць адной з найлепшых у Афрыцы зьяўляючыся адзіным афрыканскім унівэрсытэтам, які ўвайшоў у сьпіс 200 найлепшых унівэрсытэтаў сьвету[30].

Тэхналягічны ўнівэрсытэт Капскага паўвострава быў утвораны 1 студзеня 2005 году, калі дзьве асобныя ўстановы Кейп-Тэхнікон і Тэхнікон паўвострава былі аб’яднаныя. Новы ўнівэрсытэт прапануе адукацыю пераважна на ангельскай мове, але можна атрымаць адукацыі на любой іншай дзяржаўнай мове. Акрамя ўнівэрсытэтаў у Кейптаўне і ваколіцах працуюць некалькі каледжаў. У тым ліку Кейптаўнскі, Фолс-Бэйскі і Нортлінкаўскі каледжы. Кейптаўн таксама стаў папулярным месцам навучаньня замежных студэнтаў. Маюцца шмат прапановаў у сэмэстравых, летніх, кароткатэрміновых праграмаў і праграмаў стажыроўкі ў партнэрстве з унівэрсытэтамі Кейптаўна як шанец для замежных студэнтаў атрымаць дадатковую адукацыю.

Мапа, якая паказвае выкарыстаньне моваў

     Афрыкаанс

     Ангельская мова

     Коса

     Няма дамінантнай

Па дадзеных 2021 году насельніцтва горадзкой муніцыпальнай вобласьці склала 3 776 313 чалавек. У горадзе жывуць трохі больш за 759 тысячаў фармальных хатніх гаспадарак, зь якіх 94,4% ня выязжаюць з тэрыторыі муніцыпалітэту, 80,1% выкарыстоўваюць электрычнасьць у якасьці асноўнай крыніцы энэргіі, 16,1% ёсьць складзеная з аднаго чалавека.

Каляровае насельніцтва складае 48,13% насельніцтва, мурыны складаюць 31% насельніцтва, белыя — 18,75%, азіяты — 1,43%. У 1944 годзе 47% насельніцтва гораду было прадстаўнікамі белай расы, 46% зьмешанымі, то бок каляровымі, 6% прыпадала на мурынаў і 1% на азіятаў[31]. 46,6% насельніцтва знаходзіцца ўва ўзросьце да 24 гадоў, у той час як 5% — больш за 65-гадовы ўзрост. Сярэдні ўзрост у горадзе складае 26 гадоў. На кожныя 100 жанчынаў прыпадае 92,4 мужчынаў. 19,4% жыхароў горада зьяўляюцца беспрацоўнымі, 58,3% беспрацоўных складаюць чорныя, 38,1% зь іх каляровыя, 3,1% — белыя й 0,5% — азіяты. У самім горадзе Кейптаўн значна больш высокі адсотак белых людзей.

41,4% жыхароў Кейптаўна размаўляюць дома на мове афрыкаанс, 28,7% — на каса, 27,9% гавораць на ангельскай мове, 0,7% — на мове сота, 0,3% — на зулу, 0,1% — на тсвана й 0,7% насельніцтва гаворыць на неафіцыйнай мове ў сябе дома. 76,6% жыхароў зьяўляюцца хрысьціянамі, 10,7% ня маюць рэлігіі, 9,7% зьяўляюцца мусульманамі, 0,5% юдэямі й 0,2% прыпадае на індуістаў. 2,3% маюць іншыя альбо нявызначаныя рэлігійныя перакананьні.

Тэрмінал аэрапорту Кейптаўна.

Міжнародны аэрапорт Кейптаўна абслугоўвае як унутраныя, гэтак і міжнародныя рэйсы[32]. Гэта другі паводле велічыні аэрапорт у ПАР. Ён служыць асноўнай брамай для падарожнікаў у Капскі рэгіён. Кейптаўн мае авіяцыйнае спалучэньне з Паўднёвай Афрыкай, Усходняй Афрыкай, Маўрыцыем, Блізкім Усходам, Далёкім Усходам, Эўропай і ЗША, а таксама больш за дзесяць унутраных напрамкаў[33]. Міжнародны аэрапорт Кейптаўна адкрыў зусім новы цэнтральны будынак тэрміналу, які быў распрацаваны з улікам чаканага павелічэньня авіязносінаў з ростам колькасьці турыстаў напярэдадні чэмпіянату сьвету па футболе 2010 году[34]. Таксама ў аэрапорце рэканструявалі некалькі новых вялікіх паркінгаў, быў абноўлены тэрмінал унутраных адпраўленьняў, а таксама была пабудаваная новая станцыя сыстэмы хуткага аўтобуснага транспарту і новая двухпавярховая сыстэма дарог. Таксама павялічыліся і грузавыя перавозкі авіяцыйным транспартам, а некалькі вялікіх участкаў былі пераробленыя ў офісныя памяшканьні і гасьцёўні. Кейптаўн ёсьць адным зь пяці міжнародных гарадоў, празь якія можна трапіць у Антарктыду. З 2021 году выконваюцца камэрцыйныя перавозкі з Кейптаўна да аэрапорту Ўулф-Фэнг[35]. Міжнародны аэрапорт Кейптаўна месьціцца за 18 км ад цэнтральнага бізнэсовага раёну гораду[36].

Порт Кейптаўна ёсьць адным з самых загружаных у Паўднёвай Афрыцы.

Кейптаўн ад самага пачатку быў пабудаваны як партовы горад. Ягоны порт месьціцца ў Сталовай бухце. Порт ёсьць адным з самых ажыўленых, бо месьціцца ў суднаходным калідоры, які злучае Лацінскую Амэрыку і Азію. Гэта таксама неблагі пункт уваходу на рынак Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі[37]. Гэта другі паводле загружанасьці кантэйнэрны порт у краіне пасьля Дурбана. У 2004 годзе праз порт прайшоў 3161 карабель, які перавёз 9,2 мільёнаў тон грузаў[38]. Праз горад звычайна рабілася перавозка грузаў на востраў Сьвятой Гэлены, пакуль на ім ня быў пабудаваны аэрапорт[39].

Цягнік Мэтрарэйлу на маршруце.

Пасажырскі чыгуначны апэратар Шашалоза Мэйл кіруе двума міжгароднімі пасажырскімі чыгуначнымі перавозкамі з Кейптаўна. На першым з маршрутаў ажыцьцяўляюцца штодзённыя перавозкі у кірунку Яганэсбургу праз Кімбэрлі. На другім маршруце робяцца штотыднёвыя рэйсы ў Дурбан праз Кімбэрлі, Блумфантэйн і Пітэрмарыцбург. Гэтыя цягнікі спыняюцца на чыгуначным вакзале Кейптаўна і робяць кароткі прыпынак у Бэлвілі. У Кейптаўна робяцца перавозкі высокага клясу ў Прэторыю. Кампанія Мэтрарэйл кіруе прыгарадным чыгуначным транспартам Кейптаўну, злучыючы горад з навакольнымі ўскрайкамі і прадмесьцямі. Гэтая сетка ўлучае 96 станцыяў.

На выяве аўтадарога N2 на вучастку ўваходу ў цэнтар Кейптаўну.

У Кейптаўне бяруць пачатак тры нацыянальныя аўтамагістралі. Аўтадарогі N1 і N2 пачынаюцца ў прыбярэжнай зоне каля цэнтру горада, дарогі N7 рушыць на поўнач краіны да самой Намібіі. N1 перасякае паўночны ўсход, прасочваючыся праз Эджмід, Пэраў, Бэлвіл, Брэкенфэл і Краайфантэйн. Гэты шлях злучае Кейптаўн з буйнымі гарадамі ў глыбіні краіны, а менавіта з Блумфантэйнам, Яганэсбургам і Прэторыяй. Старая аўтадарога R101 крочыць паралельна N1, пачыныючы ад Бэлвіла. N2 праходзіць на ўсход і паўднёвы ўсход, перасякаючы Рандэбос, Гугулету, Хаелітшу, Макасар да Самэрсэт-Ўэсту. Ад скрыжаваньня дарогай R44 гэтая дарога ператвараецца ў дарогу зь некалькімі палосамі. N2 цягнецца на ўсход уздоўж узьбярэжжа, злучаючы Кейптаўн з прыбярэжнымі гарадамі Мосэл-Бэй, Джордж, Порт-Элізабэт, Іст-Лёндан і Дурбан. Больш старая дарога высокай клясы R102 першапачаткова праходзіла паралельна N1. N7 бярэ пачатак ад N1 на разьвязцы ля Эджміду.

Горад злучаны з навакольнымі рэгіёнамі сеткай рэгіянальных дарогаў. Дарога R27 бярэ пачатак ад N1 ля берагу і крочыць на поўнач, паралельна N7, але бліжэй да ўзьбярэжжа. Гэтая дарога перасякае прадмесьці Мілнэртан, Тэйбл-Вію і Блубэргстранд, сканчваючыся ў горадзе Вэлдрыф. Дарога R44 перасякае горад з усходу на поўнач, цягнучыся ад Стэленбосу. Ён злучае Стэленбос з Самэрсет-Ўэстам, а затым перасякае N2 і рушыць да Стрэнда і Горданз-Бэй. R44 выходзіць з аглямэрацыі Кейптайну і рушыць на поўдзень, праходзячы ля ўзьбярэжжа, ды цягнецца да гарадоў Бэціс-Бэй і Клейнманд.

  1. ^ а б https://www.iol.co.za/capeargus/news/watch-geordin-hill-lewis-officially-becomes-cape-towns-youngest-mayor-after-council-vote-b56e46eb-336d-41fa-8486-32085841e63f
  2. ^ «Community Survey, 2007: Basic Results Municipalities» (PDF). Statistics South Africa.
  3. ^ «Why Cape Town is one of the Best Tourist and Expat Destinations». Expat Cape Town
  4. ^ Recalling District Six. SouthAfrica.info.
  5. ^ Patricia De Lille (анг.) South African History Online
  6. ^ «World Weather Information Service – Cape Town». worldweather.org
  7. ^ 1stweather.com
  8. ^ «ICP 2012». ICP 2012.
  9. ^ «Cape Town Map»(недаступная спасылка). Town.Siegmann.org.
  10. ^ Weather2travel.com. «Cape Town Climate Guide, South Africa». Weather2Travel.com.
  11. ^ «San Francisco Climate Guide, California». Weather2Travel.com.
  12. ^ «BBC Weather | Cape Town». BBC News
  13. ^ «Real time wind & weather report San Francisco Airport». Windfinder.
  14. ^ «Brochures, booklets and posters». Capetown.
  15. ^ Friedman, Barbara (14.05.2021). «Cape Town recorded most sightings and species in world 2021 #CityNatureChallenge». Lifestyle.
  16. ^ «Unique Biodiversity Poster». Capetown.
  17. ^ «Vote for Table Mountain». Cape Town Tourism.
  18. ^ «Western Cape». South Africa Holiday.
  19. ^ A.G. Rebelo, C. Boucher, N. Helme, L. Mucina, M.C. Rutherford et al. 2006. Fynbos Biome, in: L. Mucina & M.C. Rutherford (eds). «The Vegetation of South Africa, Lesotho and Swaziland».
  20. ^ «Endemic Species of the city of Cape Town». Capetown.
  21. ^ Lemaire, Benny; Dlodlo, Oscar; Chimphango, Samson; Stirton, Charles; Schrire, Brian; Boatwright, James S.; Honnay, Olivier; Smets, Erik; Sprent, Janet; James, Euan K.; Muasya, Abraham M. (2015). «Symbiotic diversity, specificity and distribution of rhizobia in native legumes of the Core Cape Subregion (South Africa)». FEMS Microbiology Ecology. 91 (2): 1—17. — doi:10.1093/femsec/fiu024. PMID 25764552.
  22. ^ Linder, H. P. (2003). «The radiation of the Cape flora, southern Africa». Biological Reviews. 78 (4): 597—638. — doi:10.1017/S1464793103006171. PMID 14700393.
  23. ^ «The View from The Cape: Extinction Risk, Protected Areas, and Climate Change». BioScience.
  24. ^ «Table Mountain National Park». Nature Reserve.
  25. ^ Capetown.gov.za
  26. ^ «South African Boatbuilders Business Council».
  27. ^ «South African Department of Minerals and Energy».
  28. ^ «Cape Town Leads In Information Technology».
  29. ^ «Education Management and Development Centres (EMDCs)». Western Cape Education Department.
  30. ^ «University of cape town». Top Universities.
  31. ^ Rebekah Lee (2009). «African women and apartheid: migration and settlement in urban South Africa». I.B. Tauris. p. 205. ISBN 1-84511-819-7
  32. ^ «Flights to Cape Town"=». Cape Tow Netc.
  33. ^ «Cape Town International Airport». SouthAfrica.info.
  34. ^ Jordan, Bobby (17.05.1998). «R150-million upgrade kicks off one of the biggest developments in Cape Town’s history». Sunday Times.
  35. ^ «White Desert introduces direct flights from Cape Town to Antarctica». Cape Tow Netc.
  36. ^ «Distance Calculator». Distance Calculator.
  37. ^ «The Food and Beverage Market Entry Handbook: South Africa». European Union: European Union. 2020. — С. 178. — ISBN 978-92-9478-535-0.
  38. ^ «Introducing SAPO». South African Port Operations.
  39. ^ Hollins, Jonathan (19.02.2018). «What it was like to sail aboard the RMS St Helena’s final voyage». The Independent.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]