Перайсьці да зьместу

Швэцыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Швэдзія»)
Швэцыя
лац. Švecyja

Konungariket Sverige
Сьцяг Швэцыі Герб Швэцыі
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: För Sverige i tiden
Дзяржаўны гімн: «Du gamla, Du fria»
Месцазнаходжаньне Швэцыі
Афіцыйная мова швэдзкая
Сталіца Стакгольм
Найбуйнейшы горад Стакгольм
Форма кіраваньня Канстытуцыйная манархія
Карл XVI Густаў
Ульф Крыстэрсан
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
56-е месца ў сьвеце
447420[1] (разам з вадою 528 447) км²
8,67%
Насельніцтва
 • агульнае (2014)
 • шчыльнасьць
89-е месца ў сьвеце
9 693 000[1]
21,5/км²
СУП
 • агульны (2015)
 • на душу насельніцтва
42 месца ў сьвеце
$467,4 млрд[2]>
$48 000
Валюта Швэдзкая крона (SEK)
Часавы пас
 • улетку
CET (UTC+1)
CEST (UTC+2)
Незалежнасьць няма дакладнай даты
Аўтамабільны знак S
Дамэн верхняга ўзроўню .se
Тэлефонны код +46

Швэ́цыя, афіцыйна: Карале́ўства Швэ́цыя (па-швэдзку: Konungariket Sverige) — краіна ў Скандынавіі. Мяжуе з Нарвэгіяй на захадзе і зь Фінляндыяй на паўночным усходзе, мае водныя граніцы з Даніяй, Нямеччынай і Польшчай на поўдні, Летувой, Латвіяй, Эстоніяй і Расеяй на ўсходзе. З плошчай у 450 тыс. км² Швэцыя зьяўляецца трэцяй па велічыні краінай Эўрапейскага Зьвязу. Насельніцтва — каля 9,65 млн чалавек, шчыльнасьць невялікая (21 чалавек на км²), істотна больш населены поўдзень краіны. Каля 85% насельніцтва жыве ў гарадах. Сталіца Швэцыі і найбуйнейшы горад — Стакгольм, у якім пражывае амаль 1,4 млн чалавек (у тым ліку ў межах камуны — 897 700 чалавек, а ў лэне — амаль 2,2 млн чалавек). Другім паводле велічыні горадам краіны зьяўляецца разьмешчаны на захадзе краіны Гётэборг (каля 550 000 жыхароў, з прадмесьцямі 940 000), а трэцім — Мальмё (280 000 чалавек, у Вялікім Мальмё — 660 000), які знаходзіцца на поўдні Швэцыі.

Як сувэрэнная краіна Швэцыя ўзьнікла ў Сярэднявеччы. У XVII стагодзьдзі краіна пашырыла свае ўладаньні і стварыла Швэдзкую імпэрыю, якая была адной з эўрапейскіх вялікіх дзяржаваў у XVII і XVIII стагодзьдзях. Большасьць па-заскандынаўскіх тэрыторыяў Швэцыя страціла на працягу XVIII—XIX стагодзьдзяў. З 1814 году Швэцыя больш ня ўдзельнічае ў войнах і зьяўляецца нэўтральнай краінай.

Сучасная Швэцыя — канстытуцыйная манархія з высокаразьвітой эканомікай. У сьпісе «Індэксу дэмакратыі» часопісу The Economists Швэцыя займае 4-е месца, а паводле падлікаў ПРААН яна знаходзіцца на 10-м месцы ў сьвеце па ўзроўні разьвіцьця чалавечага патэнцыялу.

Назва краіны паходзіць ад паўночнагерманскага племені свэяў.

Старажытная гісторыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля раставаньня ледавіку тэрыторыю Скандынаўскага паўвостраву пачалі засяляць прышоўшыя з поўдню плямёны зьбіральнікаў ды паляўнічых. Прыкладна каля 2800 году да н. э. сучасную Швэцыю сталі засяляць індаэўрапейскія плямёны. У VI стагодзьдзі зь іх вылучыліся два асноўных: свэі і ёты, пачаўся г. зв. Вэндэльскі пэрыяд, які працягваўся да 800 году. Уладаньні свэяў і ётаў падзяляліся на шэраг княстваў, якімі кіравалі конунгі (князі). Найважнейшым культурным і рэлігійным цэнтрам для ўсіх гэтых княстваў была Старая Ўпсала. Пасьля шэрагу няўдалых місіяў Швэцыя прыняла хрысьціянства напрыканцы 11 стагодзьдзя[3].

На тэрыторыі Швэцыі можна вылучыць два буйныя прыродныя раёны — паўночны і паўднёвы. У межах больш узвышанай Паўночнай Швэцыі вылучаюцца тры вэртыкальныя паясы: верхні, які ўключае ўсходнюю пэрыфэрыю Скандынаўскага нагор’я, багатую азёрамі; сярэдні, які ахоплівае плято Норлянд з чахлом марэнных адкладаў і тарфянікамі; ніжні — зь перавагай марскіх ападкаў на раўнінах уздоўж заходняга берага Батнічнага заліва. У межах паўднёвай часткі краіны адасабляюцца: раўніны Сярэдняй Швэцыі, плято Смолянд і раўніны паўвострава Сконэ.

Усходнія схілы Скандынаўскага нагор’я перасечаныя шматлікімі шырокімі глыбокімі далінамі, якія месьцяць выцягнутыя вузкія азёры. На міжрэччах вялікія плошчы занятыя балотамі. У некаторых далінах маюцца значныя арэалы ўрадлівых глебаў, якія сфармаваліся на дробназярністых пясках і суглінках; яны ў асноўным выкарыстоўваюцца пад пашы. Земляробства ў далінах магчыма прыкладна да вышыні 750 м над у. м.

Плято Норлянд характарызуецца згладжаным рэльефам з шырокімі нізіннымі і верхавымі балотамі, што чаргуюцца з камяністымі градамі марэн. Тут засяроджаная пераважная частка лясных рэсурсаў, якімі так славіцца Швэцыя. У складзе дрэвастоеў пераважаюць хвоя і елка. Шырыня ляснога пояса вагаецца ад 160 да 240 км, а яго субмэрыдыянальная працягласьць перавышае 950 км. Гэты аднастайны ляндшафт на схілах паўднёвай экспазыцыі перарываецца нешматлікімі фэрмамі. У паўднёвай частцы пояса, дзе клімат мякчэйшы, фэрмаў больш. Там сама разьмешчаныя асноўныя рудныя радовішчы Швэцыі.

У пэрыяд назапашваньня пяскоў і глін у раёнах, разьмешчаных да ўсходу ад плято Норлянд, узровень мора разьмяшчаўся на 135—180 м вышэй, чым у цяперашні час. Затым тут утварыўся пояс прыбярэжных раўнін шырынёй ад 80 да 160 км. Шматлікія рэкі, бягучы са Скандынаўскага сугор’я, перасякаюць гэтыя раўніны, утвараючы глыбокія каньёны, якія славяцца сваёй маляўнічасьцю.

Паўночная Швэцыя выпрабавала адносна невялікі ўплыў гаспадарчай дзейнасьці чалавека і даволі рэдка заселеная.

Паўднёвая Швэцыя, наадварот, адрозьніваецца высокай шчыльнасьцю насельніцтва і высокай канцэнтрацыяй прамысловасьці і сельскай гаспадаркі.

Раўніны Сярэдняй Швэцыі, складзеныя пераважна марскімі адкладамі, характарызуюцца выраўнаваным рэльефам і ўрадлівымі глебамі. Тут пераважаюць ворныя землі, прыдатныя для машыннай апрацоўкі, і пашы, хоць месцамі захаваліся масівы высокапрадуктыўных лясоў. У гэтым самым раёне разьмешчаныя чатыры буйныя возеры — Вэнэрн, Вэтэрн, Мэлярэн і Ельмарэн, злучаныя рэкамі і каналамі ў адзіную водную сыстэму.

Плято Смолянд, разьмешчанае паўднёвей ад раўнін Сярэдняй Швэцыі, па асаблівасьцях рэльефу і расьліннасьці мае падабенства з поясам марэнаў і тарфянішчаў Паўночнай Швэцыі. Аднак дзякуючы мякчэйшаму клімату Смолянд больш спрыяльны для жыцьцядзейнасьці людзей. Паверхня ў асноўным складзеная марэнамі зь перавагай грубазярністых пясчаных і галечных фракцыяў. Глебы тут малапрыдатныя для земляробства, але на іх растуць хваёвыя і яловыя лясы. Значныя плошчы занятыя тарфянымі балотамі.

Раўніны Сконэ, самай паўднёвай і вельмі маляўнічай часткі Швэцыі, амаль цалкам разараныя. Глебы тут вельмі ўрадлівыя, лёгка паддаюцца апрацоўцы і даюць высокія ўраджаі. Раўніны перасякаюцца невысокімі скалістымі камлюкамі, выцягнутымі з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. У мінулым раўніны былі пакрытыя густымі лясамі з клёну, бука, дуба, ясеня і іншых шырокалісьцевых парод, якія былі зьведзеныя чалавекам.

Паколькі тэрыторыя Швэцыі мае значную працягласьць у субмэрыдыянальным кірунку, на поўначы краіны значна халадней і вэгетацыйны пэрыяд карацей, чым на поўдні. Адпаведна адрозьніваецца і працягласьць дня і ночы. Аднак у цэлым для Швэцыі характэрная большая паўтаранасьць сонечнага і сухога надвор’я ў параўнаньні са шматлікімі іншымі краінамі Паўночна-Заходняй Эўропы, асабліва ўзімку. Нягледзячы на тое, што 15% краіны разьмешчана за Паўночным палярным кругам, а ўся яна разьмяшчаецца паўночней 55° паўночнай шыраты, дзякуючы ўплыву вятроў, якія дзьмуць з Атлянтычнага акіяну, клімат даволі мяккі. Такія кліматычныя ўмовы спрыяльныя для разьвіцьця лясоў, камфортнага пражываньня людзей і вядзеньня больш прадуктыўнай сельскай гаспадаркі, чым у кантынентальных раёнах, разьмешчаных на тых самых шыротах. На ўсёй тэрыторыі Швэцыі зімы зацяжныя, а лета кароткае.

У Люндзе на поўдні Швэцыі сярэдняя тэмпэратура студзеня 0,8 °C, ліпеня 16,4 °C, а сярэдняя гадавая тэмпэратура 7,2 °C. У Карэсуанда на поўначы краіны, гэтыя паказчыкі адпаведна −14,5 °C, 13,1 °C і −2,8 °C. На ўсёй тэрыторыі Швэцыі штогод выпадае сьнег, аднак сьнежны полаг у Сконэ трымаецца ўсяго 47 дзён, тады як у Карэсуанда — 170—190 дзён. Лёдавае покрыва на азёрах у сярэднім захоўваецца 115 дзён на поўдні краіны, 150 дзён у цэнтральных раёнах і ня меней 200 дзён — у паўночных. Ля берагоў Батнічнага заліву ледастаў пачынаецца прыблізна ў сярэдзіне лістапада і трымаецца да канца траўня. У паўночнай частцы Балтыйскага мора і Батнічным заліве звычайныя туманы.

Сярэдняя гадавая колькасьць ападкаў вагаецца ад 460 мм на востраве Готлянд у Балтыйскім моры і на крайняй поўначы краіны да 710 мм на заходнім узьбярэжжы Паўднёвай Швэцыі. У паўночных раёнах яна складае 460—510 мм, у цэнтральных — 560 мм, а паўднёвых — некалькі больш за 580 мм. Найбольшая колькасьць ападкаў выпадае ў канцы лета (у некаторых месцах выяўлены другі максімум у кастрычніку), найменшая — зь лютага па красавік. Лік дзён з штармавымі вятрамі вагаецца ад 20 за год на заходнім узьбярэжжы да 8-2 — на ўзьбярэжжы Батнічнага заліву.

Шматлікія рэкі Швэцыі, сярод якіх няма аніводнай вельмі вялікай, утвараюць густую сетку і маюць важнае гаспадарчае значэньне. Рэкі, адрозныя хуткай плыньню, шырока выкарыстоўваюцца для вытворчасьці энэргіі. Па шматлікіх рэках вядзецца сплаў лесу. Самыя буйныя азёры — Вэнэрн (5545 кв. км), Вэтэрн (1898 кв. км), Мэлярэн (1140 кв. км) і Ельмарэн (479 кв. км) — суднаходныя і зьяўляюцца важнай транспартнай сыстэмай краіны, па іх ажыцьцяўляюцца грузавыя перавозкі. Шматлікія вузкія выцягнутыя азёры «пальцападобнай формы» у гарах Швэцыі служаць пераважна для лесасплаву. Выключнай маляўнічасьцю адрозьніваецца возера Сільян, разьмешчанае ў Далярне — гістарычным цэнтры швэдзкай дзяржавы.

Сярод шматлікіх каналаў Швэцыі найбольшае значэньне мае Ёта-канал, які злучае найбуйнейшыя азёры краіны Вэнэрн і Вэтэрн. Дзякуючы гэтаму каналу ажыцьцяўляецца сувязь паміж важнымі прамысловымі цэнтрамі — Стакгольмам (на ўсходзе), Гётэборгам (на паўднёва-заходнім узьбярэжжы), Ёнчэпінгам (ля паўднёвага ўскрайку возера Вэтэрн) і шэрагам іншых гарадоў і мястэчак Сярэдняй Швэцыі.

Расьліннасьць і жывёльны сьвет

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле характару прыроднай расьліннасьці ў Швэцыі вылучаюць пяць асноўных раёнаў, прымеркаваных да вызначаных шыротных зон: 1) альпійскі раён, аб’ядноўвае самыя паўночныя і самыя ўзьнятыя мясцовасьці, зь перавагай маляўнічага нізкатраўя і карлікавых формаў хмызьнякоў; 2) раён бярозавага крывалесься, дзе растуць прысадзістыя дрэўцы з моцна скрыўленымі стваламі — пераважна бяроза, радзей асіна і рабіна; 3) паўночны раён хвойных лясоў (самы буйны ў краіне) — зь перавагай хвоі і елкі; 4) паўднёвы раён хвойных лясоў (у значнай ступені зьведзеных); да хвойных парод прымешваюцца дуб, ясень, вяз, ліпа, клён і іншыя шырокалісьцевыя пароды; 5) раён букавых лясоў (амаль не захаваліся); у гэтых лясах нараўне з букам сустракаюцца дуб, алешына і месцамі хвоя. Акрамя таго, распаўсюджаная азанальная расьліннасьць. Вакол азёраў расьце пышная лугавая расьліннасьць, месцамі распаўсюджаныя балоты са спэцыфічнай флёрай. На ўзьбярэжжы Батнічнага заліву і Балтыйскага мора распаўсюджаныя галяфітныя супольнасьці (расьліны, якія растуць на засоленых грунтах).

У Швэцыі сустракаюцца такія насельнікі лясоў, як лось, буры мядзьведзь, расамаха, рысь, ліса, куніца, вавёрка, заяц-бяляк. Амэрыканская норка і андатра былі завезеныя з Паўночнай Амэрыкі некалькі дзесяцігодзьдзяў таму для гадоўлі ў пушных гаспадарках, але некаторыя асобіны зьбеглі і ўтварылі ў прыродзе жыцьцяздольныя папуляцыі, хутка распаўсюдзіліся і выцесьнілі шэраг мясцовых відаў жывёл зь іх экалягічных нішаў. На поўначы Швэцыі захаваўся дзікі паўночны алень. Па берагах мораў і азёраў гняздуюцца качкі, гусакі, лебедзі, гарбаткі, крачкі і іншыя птушкі. У рэках водзяцца ласось, стронга, акунь, на поўначы — харыюс.

У 2012 годзе ў Швэцыі дзейнічалі тры атамныя электрастанцыі, якія выпрацоўваюць 41% электраэнэргіі краіны[4]. Яны знаходзяцца ў Варбэргу, Форсмарку і Аскарсгамне. У 2023 годзе на атамныя электрастанцыі прыпадала 30,8% вытворчасьці электраэнэргіі ў Швэцыі[5]. Швэцыя мае адзін з самых высокіх стасункаў валавага ўнутранага прадукту на душу насельніцтва, але і адны з самых высокіх падаткаў[1].

Замежная палітыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

7 сакавіка 2024 году ўрад Швэцыі далучыўся да Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы (АПАД; Бэльгія) пасьля таго, як прэм'ер Ульф Крыстэрсан перадаў ратыфікацыйную грамату дзяржаўнаму сакратару ЗША Энтані Блінкену[6].

  1. ^ а б в Sweden | history - geography (анг.) Britannica.com
  2. ^ Sweden The World Factbook
  3. ^ Sweden — The Viking Age (анг.) Britannica.com
  4. ^ Power Reaction Information System — Country Details Швэцыя
  5. ^ Георгі Грыц. Генэрацыя выгады, або Навошта краінам свае АЭС // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 13 лістапада 2023 г. Праверана 14 лістапада 2023 г.
  6. ^ Белы дом: Швэцыя сёньня афіцыйна стане членам АПАД // Газэта «Зьвязда», 7 сакавіка 2024 г. Праверана 17 сакавіка 2024 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]