Перайсьці да зьместу

Майсей

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Майсей
משֶׁה
Род дзейнасьці прарок, рэлігійны лідэр
Дата нараджэньня 1391 да н. э.
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 1271 да н. э.
Месца сьмерці
Месца вучобы
  • невядома
Занятак вайскавод, рэлігійны лідэр, заканадавец, цудатворац, пастух, уладар
Навуковая сфэра маральная філязофія[d]
Гады дзейнасьці XIII стагодзьдзе да н. э.[2]
Бацька Амрам
Маці Ёхавэда
Дзеці Гэршом[d][3] і Эліэзэр[d][4]

Майсе́й (па-габрэйску: משֶׁה, па-старажытнагрэцку: Mωυσής, па-арабску: موسىٰ) — біблійны прарок, рэлігійны лідэр, заканадавец, які вызваліў старажытнагабрэйскія плямёны ад прыгнёту эгіпецкіх фараонаў. Яму традыцыйна прыпісваецца аўтарства Торы. Шануецца юдаістамі, хрысьціянамі й мусульманамі. Згодна з кнігай «Выхад», Майсей нарадзіўся ў той час, калі габрэйскі народ быў больш шматлікім у Эгіпце й эгіпецкі фараон быў занепакоены тым, што яны могуць дапамагчы ворагам ягонай дзяржавы.

Існаваньне Майсея, а таксама дакладнасьць гісторыі ягонага зыходу зьяўляецца спрэчным сярод археолягаў і эгіптолягаў. Некаторыя гісторыкі сьцьвярджаюць, што біяграфічныя дадзеныя, і эгіпецкае паходжаньне, якія прыпісваюцца Майсею варта існаваньню гістарычных палітычных і рэлігійных лідэраў, якія ўдзельнічалі ў кансалідацыі габрэйскіх плямёнаў у Ханаане да канца бронзавага стагодзьдзя. Равінскі юдаізм разьлічвае працягласьць жыцьця Майсея адпаведнае 1391—1271 да н. э.. Хрысьціянская традыцыя схільная да меркаваньне больш раньняга тэрміну жыцьця.

У Бібліі (Стары Запавет) зьмяшчаецца драматычная легенда аб Майсеі, напоўненая шматлікімі жыцьцёвымі выпрабаваньнямі на ўсім працягу яго 120-гадовага жыцьця.

Паведамляецца, што нарадзіўся Майсей у Эгіпце ў сям’і Амрама[5], праўнука Лявія й прапраўнука габрэйскага патрыярха Якава, у той час, калі эгіпецкія фараоны, баючыся размнажэньня габрэяў пасьля іх 200-гадовага знаходжаньня ў Эгіпце, выдалі загад павівальным бабкам зьнішчыць народжаных габрэйскіх хлопчыкаў[6], а іх целы скідаць у Ніл[7]. Маці Майсея Ёхавэда доўгі час хавала яго, а калі далей хаваць дзіця дома стала немагчыма, паклала свайго сына ў засмаленым кошыку на беразе Ніла ў трысьнягу. Тут яго знайшла дачка фараона й вырашыла захаваць яму жыцьцё. Яна аддала падкідыша на выхаваньне сваёй маці, а пасьля ўсынавіла яго[8]. Атрымаўшы добрае выхаваньне, Майсей зь цягам часу ўзначаліў эгіпецкае войска супраць этыёпаў, здабыў бліскучую над імі перамогу й заключыў прыгодную для Эгіпта дамову. Гэта адчыніла яму прамы шлях да царскага трона.

Аднойчы ён, ня ведаючы свайго сапраўднага паходжаньня, заступіўся за пакрыўджанага габрэя й забіў эгіпцяніна, які зьдзекаваўся з сваёй ахвяры[9]. Баючыся адказнасьці за гэты ўчынак, які пагражаў яму сьмерцю, Майсей пакінуў двор фараона й знайшоў сабе прытулак у арабскага сьвятара Рагуіла. Ажаніўшыся на дачцы апошняга Сэпфоры, ён каля 40 гадоў праслужыў пастухом у свайго цесьця[10].

Бог зьявіўся Майсею на гары Сынай у выглядзе палаючага куста і загадаў вызваліць габрэйскі народ з эгіпецкай няволі. Майсей спачатку адмовіўся ад такога даручэньня, спасылаючыся на розныя цяжкасьці й сваю нявартасьць для выкананьня такой гістарычнай ролі. Але атрымаўшы ад Бога запэўненьне ў дапамозе, згадзіўся выканаць ягоную волю[11]. Пасьля таго, як дзесяць караў абрынуліся на Эгіпет, Майсей з братам Ааронам вывелі габрэяў праз Чырвонае мора ў напрамку Палестыны. Аднак Бог не дапусьціў іх у абяцаную ім зямлю Палестыны празь іхнае непаслушэнства й іхныя нараканьні на Майсея, якога ён зрабіў для іх сваім заканадаўцам. Яны вымушаны былі разам з Майсеем на працягу 40 гадоў блукаць па пустэльных месцах Сынайскай паўвыспы, дзе й скончыўся жыцьцёвы шлях Майсея.

Біблейскае паданьне прыпісвае Майсею напісаньне першых пяці кнігаў Старога Запавету («Быцьцё», «Выхад», «Левіт», «Лічбы» і «Другі закон»), гэтак званае Пяцікніжжа.

Увасабленьне ў культуры

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Майсей часта зьяўляецца ў хрысьціянскім мастацтве. Гэтак у знакамітай Сыкстынскай капэлі ў Ватыкане на паўднёвай сьцяне маюцца шэсьць вялікіх фрэсак, якія апавядаюць пра жыцьцё Майсея. Яны месьцяцца акурат насупраць фрэсак з жыцьця Хрыста. Яны былі створаныя ў 1481—1482 гады групай пераважна флярэнтыйскіх мастакоў, сярод якіх былі Сандра Батычэльлі і П’етра Пэруджына.

Праз двухсэнсоўнасьць у габрэйскім слове קֶרֶן, якое перакладаецца як рог, прамень або бэлька, у лацінскім перакладзе Бібліі Геранімам Стрыдонскім твар Майсея апісваецца як «рагаты», калі ён спускаецца з гары Сынай з сваімі таблічкамі з запаветамі. Майсей звычайна маляваўся ў заходнім мастацтве да эпохі Адраджэньня з маленькімі рагамі, якія прынамсі служылі зручным ідэнтыфікацыйным атрыбутам[12]. Прынамсі ў некаторых з гэтых выяваў, верагодна, меўся на ўвазе антысэміцкі сэнс[13], напрыклад, на Гэрэфардзкай мапе сьвету[14].

Разам з прарокам Ільлём ён ёсьць неабходнай фігурай у выяўленьні Перамяненьня Панскага ў хрысьціянскім мастацтве, сюжэце з доўгай гісторыяй ва ўсходнеправаслаўным мастацтве. Ён зьяўляецца ў каталіцкім мастацтве з X стагодзьдзя і быў асабліва папулярным прыкладна паміж 1475 і 1535 гадамі[15].

Статуя Мікелянджэлё

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
«Майсей», скульптура Мікелянджэлё.

Статуя Майсея працы Мікелянджэлё захоўваецца ў царкве Сан-П’етра-ін-Вінколі ў Рыме. Яна была зробленая ў час з 1513 па 1515 гады, і сёньня ўважаецца за адную з самых вядомых статуяў у сьвеце. Рогі, якія скульптар намаляваў на галаве Майсея, ёсьць вынікам няслушнага перакладу Бібліі з габрэйскай мовы на лацінскую, зь якой Мікелянджэлё быў знаёмы. Габрэйскае слова, узятае з кнігі Зыходу, азначае альбо «рог», альбо «прамень». Экспэрты з Археалягічнага інстытута Амэрыкі мяркуюць, што гэты тэрмін выкарыстоўваўся, калі Майсей «вярнуўся да свайго народа, убачыўшы столькі Славы Госпада, колькі магло вытрымаць чалавечае вока», і таму ягоны твар «адлюстроўваў зьзяньне»[16]. Больш за тое, у раньнім габрэйскім мастацтве Майсея часта выяўлялі з прамянямі, якія выходзяць зь ягонай галавы[17].

«Мідыянцянкі, узятыя ў палон габрэямі». Джэймз Тысо, блізу 1900 году.

У канцы XVIII стагодзьдзя дэіст Томас Пэйн падрабязна камэнтаваў Майсеевы «Законы» ў сваёй працы «Эпоха розуму» (1794, 1795 і 1807 гадах). Пэйн лічыў Майсея «агідным злыднем» і прыводзіў у якасьці прыкладу ягоных «бяспрэчных зьверстваў» 31-ю главу кнігі «Лічбаў»[18]. У гэтым урыўку, па вяртаньні ізраільскага войска па заваяваньні мідыянаў, Майсей загадвае забіць іх, за выключэннем нявіньніц, якіх трэба было захаваць дзеля ізраільцянаў.

Рабін Джоэл Гросман сьцьвярджаў, што гэтая гісторыя ёсьць «магутная байка пра пажадлівасьць і здраду», і што пакараньне сьмерцю жанчынаў Майсеем было сымбалічным асуджэньнем тых, хто імкнецца выкарыстоўваць сэкс і жарсьць у злых мэтах. Ён кажа, што мідыянцянкі «выкарыстоўвалі сваю сэксуальную прывабнасьць, каб адвярнуць ізраільцянаў ад Бога і схіліць іх да пакланеньня ханаанскаму богу». Рабін Гросман сьцьвярджае, што генацыд усіх мідыянцянак, якія не былі цнатлівымі, у тым ліку тых, якія не спакушалі габрэйскіх мужчынаў, быў справядлівым, бо некаторыя зь іх кахаліся зь «неналежных чыньнікаў». Алан Левін, адмысловец у адукацыі з рэфарматарскага руху, таксама выказаў меркаваньне, што гэтую гісторыю варта ўспрымаць як павучальную гісторыю, каб «папярэдзіць наступныя пакаленьні габрэяў сачыць за сваімі ўласнымі ідалапаклоньніцкімі паводзінамі»[19]. Хасам Софэр падкрэсьлівае, што гэтая вайна вялася не на загад Майсея, а на загад Бога як акт помсты мадыянцянкам, якія, згодна зь біблейскім апавяданьнем, спакусілі ізраільцянаў і прывялі іх да граху. Лінгвіст Кіт Алан заўважаў, што не зважаючы на тое, была гэтая божая справа альбо не, аднак такія ваенная паводзіны сёньня лічацца табуяванымі і ўспрымаліся б сёньня як ваенныя злачынствы[20].

  1. http://www.tandfonline.com/doi/pdf/10.1080/02572117.2009.10587324
  2. Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  3. 22 // שמות (стар.-гэбр.)
  4. 4 // שמות (стар.-гэбр.)
  5. Выхад, 6:20 // Біблія / пераклад Васіля Сёмухі. — Менск: Прынткарп, 2002. — 10 000 ас.
  6. Выхад, 1:15-16 // Біблія / пераклад Васіля Сёмухі. — Менск: Прынткарп, 2002. — 10 000 ас.
  7. Выхад, 1:22 // Біблія / пераклад Васіля Сёмухі. — Менск: Прынткарп, 2002. — 10 000 ас.
  8. Выхад, 2:2-10 // Біблія / пераклад Васіля Сёмухі. — Менск: Прынткарп, 2002. — 10 000 ас.
  9. Выхад, 2:11-12 // Біблія / пераклад Васіля Сёмухі. — Менск: Прынткарп, 2002. — 10 000 ас.
  10. Выхад, 2:15-22 // Біблія / пераклад Васіля Сёмухі. — Менск: Прынткарп, 2002. — 10 000 ас.
  11. Выхад, 3:2-22 // Біблія / пераклад Васіля Сёмухі. — Менск: Прынткарп, 2002. — 10 000 ас.
  12.  Hall, James Hall's Dictionary of Subjects and Symbols in Art. — John Murray, 1996. — ISBN 0-7195-4147-6
  13. Mellinkoff, Ruth The Horned Moses in Medieval Art and Thought. — University of California Press. — Т. 14. — С. 136–137. — ISBN 0-520-01705-6
  14. Strickland, Debra Higgs Edward I, Exodus, and England on the Hereford World Map // Speculum. — 2018. — Т. 93. — № 2. — С. 436—437. — DOI:10.1086/696540
  15.  Schiller, Gertud Iconography of Christian Art. — London: Lund Humphries, 1971. — Т. I. — С. 146–152. — ISBN 0-85331-270-2
  16. Art and Archaeology. — Archaeological Institute of America, 1917. — Т. VI.
  17.  Devore, Gary M. Walking Tours of Ancient Rome: A Secular Guidebook to the Eternal City. — Mercury Guides, 2008. — ISBN 978-0-615-19497-4
  18. Paine, Thomas (1796). «The Age of Reason, part II».
  19. Levin, Alan J. «Some messages are hard to deliver». My Jewish Learning.
  20. Allan, Keith (2019). «The Oxford Handbook of Taboo Words and Language». Oxford: Oxford University Press. — С. 15. — ISBN 9780198808190.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]