Расна
Расна лац. Rasna | |
Касьцёл Сьвятога Казімера | |
Першыя згадкі: | 1335 |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Магілёўская |
Раён: | Дрыбінскі |
Сельсавет: | Расьненскі |
Насельніцтва: | 764 чал. (2009) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2248 |
Паштовы індэкс: | 213980 |
СААТА: | 7223804096 |
Нумарны знак: | 6 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°0′0″ пн. ш. 31°12′0″ у. д. / 54° пн. ш. 31.2° у. д.Каардынаты: 54°0′0″ пн. ш. 31°12′0″ у. д. / 54° пн. ш. 31.2° у. д. |
± Расна | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Ра́сна[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Вербаўцы. Цэнтар сельсавету Дрыбінскага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2009 год — 854 чалавекі. Знаходзіцца за 15 км на паўднёвы ўсход ад Дрыбіна, за 12 км ад чыгуначнай станцыі Цёмны Лес (лінія Ворша — Крычаў); на скрыжаваньні аўтамабільных дарог Магілёў — Амсьціслаў і Дрыбін — Доўгавічы.
Расна — даўняе места гістарычнай Амсьціслаўшчыны, колішняя рэзыдэнцыя ордэна езуітаў, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Сьвятога Казімера ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя, які з савецкіх часоў знаходзіцца ў занядбаным стане.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Расна ўтварыўся ад назвы расьліны (Drosera L.)[2].
Мясцовы варыянт назвы можа вымаўляцца зь мяккім гукам «р», што ўласьціва гаворкам Амсьціслаўшчыны.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Памылкова лічыцца, што ўпершыню Расна ўпамінаецца ў XIV ст. як места, якое ў 1335 годзе спалілі на загад маскоўскага гаспадара Івана Каліты. У гэтым выпадку гаворка ідзе пра іншы населены пункт Расна, які знаходзіўся непадалёк ад Цьверы[3]. У 1430 годзе паселішча знаходзілася ў валоданьні князя Сьвідрыгайлы, у 1499 годзе — князя амсьціслаўскага М. Заслаўскага.
У пачатку XVI ст. Расна была павятовым местам Амсьціслаўскага княства. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў яна ўвайшла ў склад Амсьціслаўскага ваяводзтва. Неаднаразова (у 1535, 1580, 1654, 1663, 1665 гадох) места цярпела ад ваенных дзеяньняў. На 1667 год тут існаваў замак.
У 1753 годзе граф Пацей фундаваў у Расьне езуіцкую місію, пры якой адкрылася школа і місіянэрскі дом, пачаў дзеяць касьцёл. На 1756 год места знаходзілася ў валоданьні вялікага князя, тут дзеяла езуіцкая місія (з касьцёлам і кляштарам), царква і сынагога, працаваў шпіталь, існавалі Стары і Новы рынкі[a].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Расна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Чавускім павеце Магілёўскай губэрні. У 1773 годзе ў мястэчку ліквідавалі езуіцкую місію. Расна знаходзілася ў валоданьні А. М. Пацея (з 1784 году), М. Ф. Ельяшэвіча (з 1848 году), Спыткова (з 1870 году). На 1784 год тут было 65 двароў, царква, касьцёл (згарэў у 1804 годзе), школа; побач знаходзілася сяльцо Расна з панскім домам. Апрача земляробства жыхары мястэчка займаліся кавальскім, кравецкім і ганчарным промысламі. На 1810 год існавалі мястэчка Расна, у якім было 90 дымоў, і аднайменнае паселішча езуітаў — 10 дымоў, 390 дзесяцін зямлі. У 1830 годзе ў мястэчку збудавалі царкву Сьвятога Мікалая, пры якой у 1838 годзе адкрылася вучэльня. У 1845 годзе ў Расьне заснавалі сукнавальню, працаваў млын. На 1846 год у мястэчку было 63 двары, на 1861 год — 93 драўляныя будынкі, дзеялі царква (драўляная), касьцёл (мураваны) і сынагога, працавалі 2 малітоўныя школы.
За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) Горацкі аддзел Л. Зьвяждоўскага 25 красавіка 1863 году на пэўны час вызваліў Расна з-пад расейскай улады і спаліў справы царскай паліцыі[4]. У 1867 годзе з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў мястэчку народную вучэльню. На 1882 год у Расьне працавалі вадзяны млын, сукнавальня, крупадзёрка, маслабойня, крама і карчма. З 1890 году пачала працаваць вінакурня.
Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Расьне было 137 двароў, дзеялі царква, касьцёл і сынагога, працавалі царкоўнапрыходзкая школа, 3 юдэйскія малітоўныя дамы, багадзельня, 2 конныя крупадзёркі, вадзяны млын з сукнавальняй, паштова-тэлеграфная кантора, 39 крамаў і 2 корчмы. Каля царквы існаваў аднайменная сядзіба сьвятара, побач зь мястэчкам — аднайменны фальварак, дзе працавалі вінакурня і цагельня. На 1909 год — 320 будынкаў, адна з вуліцаў была брукаванай. Праз Расна праходзіла паштовая дарога з Магілёва ў Амсьціслаў.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Расна абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Расна вярнулі БССР, дзе яна 17 ліпеня стала цэнтрам раёну (з 20 жніўня 1924 году цэнтар сельсавету). На 1925 год у мястэчку было 311 двароў, працавалі крэдытнае таварыства, школа, дашкольная ўстанова, хата-чытальня, лекарскі пункт зь лякарняй, народны дом, бібліятэка, вэтэрынарны пункт. 27 верасьня 1938 году статус паселішча панізілі да вёскі. На 1940 год у Расьне было 216 двароў. У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да 2 кастрычніка 1943 году вёска знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
На 1985 год у Расьне было 216 гаспадарак, працавалі сярэдняя школа, дапаможная школа-інтэрнат, лякарня, паліклініка, бібліятэка, дом культуры, лясьніцтва, сталоўка, аптэка, 3 крамы і ўнівэрмаг. У 1990-я гады тут збудавалі паселішча для перасяленцаў з тэрыторыяў, забруджаных у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. На 1998 год у Расьне было 342 гаспадаркі. У 2000-я гады вёска атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».
-
Касьцёл Сьвятога Казімера, 1913 г.
-
Касьцёл, 1914 г.
-
Касьцёл, галоўны фасад. А. Вінэр, 1939 г.
-
Касьцёл, бакавы фасад. А. Вінэр, 1939 г.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XVIII стагодзьдзе: 1784 год — 218 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1810 год — 369 муж. у мястэчку Расьне і 31 муж. у паселішчы езуітаў Расьне[5]; 1846 год — 311 чал.; 1861 год — 638 чал.; 1888 год — 818 чал. (404 муж. і 414 жан.), у тым ліку 169 праваслаўных, 8 каталікоў, 1 пратэстант, 640 юдэяў[4]; 1897 год — 931 чал. у мястэчку Расьне, 24 чал. у сядзібе сьвятара Расьне і 44 чал. у фальварку Расьне
- XX стагодзьдзе: 1909 год — 1336 чал.; 1925 год — 1438 чал.; 1940 год — 986 чал.; 1985 год — 651 чал.; 1998 год — 996 чал.[6];1999 год — 857 чал.[7]
- XXI стагодзьдзе: 2001 год — 1008 чал.[8]; 2007 год — 905 чал.[9]; 2009 год — 764 чал.
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Расьне працуюць сярэдняя і дапаможная школы, дашкольная ўстанова, лякарня, паліклініка, дом культуры, бібліятэка, аптэка, пошта.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Лясьніцтва.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вінакурня
- Касьцёл Сьвятога Казімера (1818)
- Могілкі юдэйскія
- Сядзіба Спытковых (XIX ст.)
- Царква Сьвятога Мікалая (1887—1891)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Касьцёл Сьвятога Казімера
-
Усярэдзіне касьцёла
-
Сядзібны дом Спытковых
-
Млын пры сядзібе
Фальклёр
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На Амсьціслаўшчыне ходзіць прымаўка: «у Дрыбіне даюць па рыбіне, а ў Расьне — хоць зубамі лясьні» (запісана каля Гораў-Горак).
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ LVIA, f. 525, ap. 8, b. 745, l. 34.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (djvu). С. 153.
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 331.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. Т. 1. — Мн., 2009. С. 61.
- ^ а б Krzywicki J. Raśna (2) // Słownik geograficzny... T. IX. — Warszawa, 1888. S. 529.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 614.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 615.
- ^ Князева В. Расна // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 110.
- ^ Князева В. Расна // БЭ. — Мн.: 2001 Т. 13. С. 357.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 613.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — ISBN 985-11-0216-4
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2008. — 728 с. ISBN 978-985-11-0409-9.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дрыбінскага р-на / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2004. — 645, [1] с. ISBN 985-11-0298-9.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze. — Warszawa, 1888.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|