Перайсьці да зьместу

Астана

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Нурсултан»)
Астана
каз. Астана
Дзелавы цэнтар Астаны
Дзелавы цэнтар Астаны
Герб Астаны Сьцяг Астаны
Першыя згадкі: 1830
Горад з: 1998
Былыя назвы: Акмалінск, Цалінаград, Акмала і Нур-Султан
Краіна: Казахстан
Акім: Zhenis Kassymbek[d]
Плошча: 210 км²
Вышыня: 347 м н. у. м.
Унутраны падзел: 3 раёны
Насельніцтва
колькасьць: 1 060 835 чал. (2018)[2]
шчыльнасьць: 5051,6 чал./км² (2018)
этнічны склад: казахі (65,2%), расейцы (23,8%)[1] (2010)
Часавы пас: UTC+6
Тэлефонны код: +7 (7172)
Паштовы індэкс: 010000
Нумарны знак: Z
Геаграфічныя каардынаты: 51°8′0″ пн. ш. 71°26′0″ у. д. / 51.13333° пн. ш. 71.43333° у. д. / 51.13333; 71.43333Каардынаты: 51°8′0″ пн. ш. 71°26′0″ у. д. / 51.13333° пн. ш. 71.43333° у. д. / 51.13333; 71.43333
Астана на мапе Казахстану
Астана
Астана
Астана
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://astana.kz
Цэнтар Астаны

Астана́ — сталіца Казахстану з 1997 году. Насельніцтва складае 1 060 835 чалавек (на 2018 год) — другі паводле велічыні горад краіны (пасьля Алматы).

Ёсьць плянавым горадам, як то Бразылія ў Бразыліі, Канбэра ў Аўстраліі, і Вашынгтон у ЗША[3]. Пасьля таго, як горад стаў сталіцай Казахстану, кардынальна зьмяніўся ягоны ляндшафт. Майстар-плян гораду быў распрацаваны японскім архітэктарам Кісё Куракавам[3]. У горадзе разьмешчаны шэраг дзяржаўных установаў, як то будынкі ўраду, парлямэнту, Вярхоўнага суду, прэзыдэнцкі палац, а таксама шматлікія ўрадавыя ведамствы і ўстановы. У сталіцы месьцяцца мноства футурыстычных будынкаў, гатэляў і хмарачосаў[4]. Сталіца таксама мае шырокую сетку ўстановаў аховы здароўя, спорту і сыстэм адукацыі.

Папярэднія назвы гораду — Акмолінск (1832—1961), Цалінаград (1961—1992), Акмала (1992—1998)[5], Астана (1998—2019) і Нур-Султан (2019—2022). Назва Астана літаральна з казаскай мовы азначае «сталіца»[6]. 16 верасьня 2022 году Сход Казахстану ўхваліў Закон аб папраўках у Канстытуцыю Казахстану, якія прадугледжвалі вяртаньне ранейшай назвы места Астана і ўвядзеньне аднаразовага 7-гадовага прэзыдэнцкага тэрміну[7].

Схема акмалінскай крэпасьці.

Паселішча Акмалы было створана на рацэ Ішым у 1830 годзе як цэнтар акругі сібірскіх казакоў на чале зь Фёдарам Шубінам[8][9]. У 1832 годзе паселішчу быў нададзены статус гораду і назва была замененая на Акмалінск. Даволі выгаднае становішча гораду было зразумела яшчэ ў 1863 годзе ў геаграфічным і статыстычным слоўніку Расейскай імпэрыі. У ім апісана як дарогі злучалі места з Каргалы на ўсходзе, фортам Актаў на поўдні і Атбасар з Какшатаў на захадзе. За часам вялікага нацыянальна-вызваленчага руху, ачоленага ханам Кенэсары, у 1838 годзе акмолінская крэпасьць была спаленая[10]. Пасьля здушэньня паўстаньня крэпасьць была адноўленая. 16 ліпеня 1863 году Акмалінск быў афіцыйна абвешчаны павятовым горадам[11]. Падчас хуткага разьвіцьця расейскае дзяржавы каляніяльная адміністрацыя актыўна эксплюатавала велізарныя раёны Сарыяркі. З мэтай распрацоўкі праекту нарматыўных актаў, якія рэгулююць казаскую стэп, урад Расейскае імпэрыі сфармаваў стэпавую камісію ў 1865 годзе[12]. 21 кастрычніка 1868 году цар Аляксандар II падпісаў праект Акту аб кіраваньні Тургайскай, Уральскай, Акмалінскай і Семіпалацінскай абласьцямі[12]. У 1879 годзе міністэрству сувязі Расеі было прапанавана пабудаваць чыгунку паміж Цюменьню і Акмалінскам. На працягу першых 30 гадоў свайго існаваньня насельніцтва Акмалінску налічвала крыху больш за 2 тысячы чалавек. Аднак на працягу наступных 30 гадоў насельніцтва павялічылася ў тры разы. На 1893 год Акмалінск быў павятовым горадам, насельніцтва якога склада 6428 чалавек. Места мела 3 царквы, 5 школаў і вучэльняў і 3 фабрыкі.

За савецкім часам

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падчас Другой сусьветнай вайны Акмалінск служыў месца прызначэньня транспартаваньня інжынэрных кадраў і абсталяваньня з эвакуяваных заводаў з УССР, БССР і РСФСР. Мясцовыя прамысловыя прадпрыемствы былі пераарыентаваныя на ваенныя патрэбы, дапамагаючы краіне забясьпечваць войска ўсім неабходным дзеля вядзеньня баявых дзеяньняў. У пасьляваенныя гады Акмалінск стаў маяком эканамічнага ажыўленьня на захадзе Савецкага Саюза, зруйнаванага вайной. Акрамя таго, шмат расейскіх немцаў былі пераселеныя сюды пасьля іхнае дэпартацыі, праведзенай Ёсіфам Сталіным[13].

У 1954 годзе вобласьці паўночнага КССР сталі тэрыторыяй мабілізацыйнай кампаніі па асваеньні цалінных земляў пад кіраўніцтвам Мікіты Хрушчова, з мэтай ператварыць рэгіён у другога вытворцу збожжа ў межах Савецкага Саюзу[14][15]. У сьнежні 1960 году Цэнтральны камітэт прыняў пастанову аб стварэньні Цалінскага краю, які ўключаў пяць рэгіёнаў абласьцей поўначы рэспублікі. Акмалінская вобласьць была вылучаная як асобная адміністрацыйная адзінка. Раёны вобласьці былі непасрэдна падпарадкаваныя новай краёвай адміністрацыі, і Акмалінск стаў сталіцай краю, а таксама адміністрацыйным цэнтрам новага эканамічнага рэгіёну Цалінскім земляў. 14 сакавіка 1961 году Хрушчоў выказаў меркаваньне, што горад павінен мець назву, якая адпавядае ягонай ролі ў кампаніі, і, у выніку, 20 сакавіка 1961 году Вярхоўны Савет Казаскай ССР перайменаваў Акмалінск у Цалінаград. У 1960-я гады горад зьведаў пераўтварэньне. То бок, у 1963 годзе пачалася праца над першымі трыма новымі шматпавярховымі раёнамі. Акрамя таго, горад атрымаў шэраг новых манумэнтальных грамадзкіх будынкаў, як то Палац цалінных земляў, Палац моладзі, Дом Саветаў, новы аэрапорт і некалькі спартовых пляцовак. У 1971 годзе Цалінскі край быў скасаваны, а Цалінаград стаў цэнтрам вобласьці.

Часы незалежнасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля распаду Савецкага Саюза і наступнай незалежнасьці Казахстану першапачатковая назва гораду была адноўлена ў зьмененым выглядзе, то бок горад атрымаў назву Акмала. 6 ліпеня 1994 году Вярхоўны Савет Казахстану прыняў пастанову «Аб пераносу сталіцы Казахстану»[16], што далей суправадзіла і чарговае перайменаваньне, гэтым разам у Астану[17]. 10 чэрвеня 1998 года Астана афіцыйна была прызначана сталіцай краіны. 19 сакавіка 2019 году прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў падаў у адстаўку, а 23 сакавіка горад быў перайменаваны ў Нур-Султан, у гонар былога палітыка[18][19][20][21].

Эканоміка Астаны заснаваная на гандлі, прамысловай вытворчасьці, транспарце, сувязі і будаўніцтве. Прамысловая вытворчасьць гораду ў асноўным сканцэнтраваная на вырабніцтве будаўнічых матэрыялаў, прадуктаў харчаваньня і машынабудаваньня. Міжнародны фінансавы цэнтар Астаны адчыніў свае дзьверы ў ліпені 2018 году, стаўшы цэнтрам фінансавых паслугаў у Цэнтральнае Азіі[22].

У свой час перасоўваньне сталіцы ў Астану дало месту магутны штуршок эканамічнага разьвіцьця. Высокія тэмпы эканамічнага росту гораду прыцягнулі шматлікіх інвэстараў. За 16 гадоў, як Астана стала сталіцай, аб’ём інвэстыцыяў павялічыўся амаль у 30 разоў, валавы рэгіянальны прадукт павялічыўся ў 90 разоў[23], а аб’ём прамысловай вытворчасьці павялічыўся ў 11 разоў. Валавы рэгіянальны прадукт гораду складае каля 8,5% ад валавога ўнутранага прадукту рэспублікі[23]. Акрамя таго, у горадзе месьцяцца Нацыянальны банк Казахстану і штаб-кватэры дзяржаўных карпарацыяў, як то фонд нацыянальнага дабрабыту «Самурык-Казына», Казахстанская чыгунка, ​Казмунайгаз, Казтрансойл, Казатампром, KEGOC, Казпошта і Казахтэлеком.

  1. ^ Колькасьць насельніцтва Казахстану па асобных нацыянальнасьцях на пачатак 2010 г. (рас.)
  2. ^ Колькасьць насельніцтва рэспублікі Казахстан па абласьцёх, гарадох ды раёнах (рас.)
  3. ^ а б Astana, Kazakhstan: the space station in the steppes. The Guardian.
  4. ^ Kazakhstan’s Futuristic Capital, Complete With Pyramid. The New York Times.
  5. ^ Паспорт столицы (рас.) Афіцыйны сайт гораду Астана
  6. ^ Астана (рас.)
  7. ^ Сталіцу Казахстана зноў будуць называць Астаной // Газэта «Зьвязда», 16 верасьня 2022 г. Праверана 16 верасьня 2022 г.
  8. ^ Room, Adrian. (1996). «Placenames of Russia and the former Soviet Union : origins and meanings of the names for over 2,000 natural features, towns, regions, and countries». Jefferson, N.C.: McFarland. — ISBN 978-0-7864-0042-3.
  9. ^ «От центра окружного приказа до столицы Казахстана». Управление архивов и документации Астаны.
  10. ^ «Revolt of 1837—1847 under the leadership of khan Kenesary». Qazaqstan tarihy.
  11. ^ «History of Astana». Qazaqstan tarihy.
  12. ^ а б «The social and economic relations in Kazakhstan in the second half of the XIX century». Qazaqstan tarihy.
  13. ^ «Deportation of Volga Germans to Kazakhstan: Causes and Consequences». Qazaqstan tarihy.
  14. ^ Paul Brummell (7 September 2018). «Kazakhstan». Bradt Travel Guides; Third edition. — С. 71. — ISBN 978-1784770921.
  15. ^ «In Virgin Lands, a Dream Ends». The Moscow Times.
  16. ^ «Astana – the capital of the Republic of Kazakhstan». Qazaqstan tarihy.
  17. ^ «Timeline: Kazakhstan». BBC News.
  18. ^ «Парлямэнт Казахстану ўхваліў перайменаваньне Астаны ў Нур-Султан». Радыё Свабода.
  19. ^ «Астана афіцыйна перайменаваная ў Нур-Султан». Эўрарадыё.
  20. ^ «Казахская Астана афіцыйна стала Нур-Султанам». БелСат.
  21. ^ «Politics this week». The Economist.
  22. ^ «Kazakhstan: Staff Concluding Statement of the 2018 Article IV Mission». IMF.
  23. ^ а б «Astana celebrates 16th anniversary as Kazakhstan's capital». Tengrinews.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]