Самурык-Казына
Каардынаты: 51°7′52″ пн. ш. 71°23′31″ у. д. / 51.13111° пн. ш. 71.39194° у. д.
«Самурык-Казына» | |
каз. Самұрық-Қазына | |
Тып | акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Заснаваная | 3 лістапада 2008 (16 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Урад Казахстану |
Краіна | Казахстан |
Разьмяшчэньне | Нур-Султан |
Адрас | Зялёны квартал, вул. Е10, д. 17/10[1] |
Ключавыя фігуры | Ахметжан Ясімаў, Джон Дудас[2] |
Галіна | сфэра паслугаў |
Паслугі | давернае кіраваньне |
Абарачэньне | ▲10,116 трлн тэнгэ[3] ($26,31 млрд[4]; 2018 год) |
Апэрацыйны прыбытак | ▲1,27 трлн тэнгэ ($3,303 млрд; 2018 год) |
Чысты прыбытак | ▲1,246 758 млн тэнгэ ($3,242 млрд; 2018 год) |
Лік супрацоўнікаў | 167 (2019 год) 297 845 (з даччынымі)[5] |
Матчына кампанія | Камітэт дзяржаўнай маёмасьці Мінфіну Казахстану |
Даччыныя кампаніі | «КазМунайГаз», «Казахстанская чыгунка» |
Аўдытар | «Эрнст і Янг» (Ангельшчына) |
«Самурык-Казына» (бел. Жар-птушка—Скарб) — фонд нацыянальнага дабрабыту Казахстану, заснаваны ў лістападзе 2008 году.
Паводле 4-га артыкула Закону Казахстану ад 1 лютага 2012 году № 550-iv «Аб фондзе нацыянальнага дабрабыту», «мэтай дзейнасьці Фонду ёсьць павышэньне нацыянальнага дабрабыту Рэспублікі Казахстан шляхам павелічэньня доўгатэрміновай вартасьці установаў, што ўваходзяць у групу Фонду»[6].
Задачы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле 4-га артыкула Закону Казахстану 2012 году «Аб фондзе нацыянальнага дабрабыту», «задачамі Фонду ёсьць:
- павышэньне канкурэнтаздольнасьці, рынкавай вартасьці і даходнасьці ўстановаў, што ўваходзяць у групу Фонду;
- укараненьне ў групе Фонду найлепшай практыкі карпаратыўнага кіраваньня;
- заахвочваньне распрацоўкі і ўкараненьня ў групе Фонду інавацыйных працэсаў і тэхналёгіяў;
- удзел у прыцягненьні ўкладаньняў у Рэспубліку Казахстан, стварэньне ўмоваў для ўкладальніцкай дзейнасьці ўстановаў, што ўваходзяць у групу Фонду, а таксама паляпшэньне інвэстыцыйнага клімату ў Рэспубліцы Казахстан з улікам асноўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі;
- распрацоўка і ажыцьцяўленьня ўкладальніцкіх стратэгічных праектаз нацыянальнага, міжгаліновага і краёвага маштабаў, удзел у распрацоўцы і ажыцьцяўленьні праграмаў мадэрнізацыі і дывэрсыфікацыі казахстанскай гаспадаркі;
- удзел у ажыцьцяўленьні значных для грамадзтва, прамыслова-інавацыйных праектаў, якія садзейнічаюць устойліваму разьвіцьцю гаспадаркі Рэспублікі Казастан»[6].
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2018 год фонд «Самурык-Казына» валодаў прадпрыемствамі ў 8 галінах на $32,737 млрд, сярод якіх звыш паловы (56%) вартасьці прыпадала на прадпрыемствы ў галіне здабычы прыроднага газу і нафты ($18,54 млрд). Іншымі найбольшымі галінамі фонду былі: фінансавая (банкі) — 11,4% ($3,753 млрд), прамысловасьць — 8,5% ($2,794 млрд), перавозкі — 7,1% ($2,327 млрд), энэргетыка — 6,3% ($2,327 млрд), горнарудная — 5,3% ($1,749 млрд) і сувязь — 3,6% ($1,187 млрд). Найбольшымі сярод 24 прадпрыемстваў фонду паводле абсягу сродкаў былі: 1) «КазМунайГаз» (90% паёў) — 14,015 трлн тэнгэ ($36,45 млрд), 2) «Казахстанская чыгунка» — 3,198 трлн тэнгэ ($8,318 млрд), 3) «Казатампрам» (85%) — 1,381 трлн тэнгэ ($3,591 млрд), 4) «Самурык-Энэрга» — 989,7 млрд тэнгэ ($2,574 млрд), 5) «Казахтэлекам» (51%) — 793,3 млрд тэнгэ ($2,063 млрд), 6) «Казахстанская электрасеткавая апэрацыйная кампанія» («КЭСАК», 90%) — 755,8 млрд тэнгэ ($1,965 млрд), 7) «Гара-Руда Самурык» — 658,4 млрд тэнгэ ($1,712 млрд), 8) «Аб'яднаная хімічная кампанія» — 658,4 млрд тэнгэ ($1,712 млрд), 9) «Эйр Астана» (51%) — 223 млрд тэнгэ ($606,1 млн), 10) «Самурык-Казына Будаўніцтва» (51%) — 189,4 млрд тэнгэ ($492,8 млн)[7]. Іншымі буйнымі прадпрыемствамі былі: «Казпошта», «Казахстанскія АЭС», «Казах Эйр» і 3 лётнішчы — Актабе, Атыраў і Паўладар[3].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]13 кастрычніка 2008 году казаскі прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў падпісаў Указ № 669 аб стварэньні Фонду нацыянальнага дабрабыту «Самурык-Казына» праз зьліцьцё Фонду ўстойлівага разьвіцьця «Казына» і дзяржаўнага холдынгу «Самурык». 17 кастрычніка 2008 году Ўрад Казахстану зацьвердзіў адпаведную Пастанову № 962[8]. 3 лістапада 2008 году фонд быў заснаваны. 28 лістапада 2008 году ўтварылі «Аб'яднаную хімічную кампанію». У 2009 годзе стварылі даччынае АТ «Гара-Руда Самурык», якое злучыла Карагандзінскі завод мэталюргічнага крэмну, Астанінскі афінажны завод і здабычу вальфраму, волава, золата, малібдэну, медзі і цынку на радовішчах Алайгыр, Паўночны Катпар і Шалкія. 13 лютага 2009 году фонд «Самурык-Казына» атрымаў 25% паёў «Казкамэрцбанка» и «Народнага банка». Цягам 2009 год фонд прыдбаў 78% банка «Туран-Алем» і 76% паёў «Альянс-банка»[9]. У 2011 годзе стварылі «Самурык-Казына Фінанс». У 2012 годзе на суму 27,9 млрд казахстанскіх тэнгэ правялі першаснае разьмяшчэньне 10% паёў АТ «КазТрансОйл», якому належала звыш паловы нафтаправодаў Казахстану. У 2018 годзе даччынае АТ «Казатампрам» разьмясьціла 15% паёў вартасьцю $451 млн на Астанінскай і Лёнданскай фондавай біржах[8].
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Карым Масімаў (17 кастрычніка 2008 — 25 сьнежня 2011)
- Умірзак Шукееў (26 сьнежня 2011 — 15 сьнежня 2017)
- Ахметжан Ясімаў (ад 23 сьнежня 2017 году)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кантактныя зьвесткі (каз.) // Фонд нацыянальнага дабрабыту «Самурык-Казына», 2020 г. Праверана 22 красавіка 2020 г.
- ^ Рада кіраўнікоў (каз.) // Фонд нацыянальнага дабрабыту «Самурык-Казына», 2020 г. Праверана 22 красавіка 2020 г.
- ^ а б Адзіль Сыздыкаў, Бейбіт Карымсакаў. Кансалідаваная фінансавая справаздачнасьць за 2018 год (каз.) // Фонд нацыянальнага дабрабыту «Самурык-Казына», 3 ліпеня 2019 г. Архіўная копія ад 3 ліпеня 2019 г. Праверана 22 красавіка 2020 г.
- ^ Курс тэнгэ да даляра (384,5 за даляр) (анг.) // «Абменныя курсы», 31 сьнежня 2018 г. Праверана 22 красавіка 2020 г.
- ^ Аскар Мамін, Ахметжан Ясімаў. Справаздача за 2018 год (рас.) // Фонд нацыянальнага дабрабыту «Самурык-Казына», 3 ліпеня 2019 г. Праверана 22 красавіка 2020 г.
- ^ а б Нурсултан Назарбаеў. Закон Рэспублікі Казахстан ад 1 лютага 2012 году № 550-iv «Аб фондзе нацыянальнага дабрабыту» (рас.) // Інфармацыйна-прававая сыстэма «Справядлівасьць», 26 сьнежня 2018 г. Праверана 22 красавіка 2020 г.
- ^ Партфэльныя прадпрыемствы (каз.) // Фонд нацыянальнага дабрабыту «Самурык-Казына», 2019 г. Праверана 22 красавіка 2020 г.
- ^ а б Гісторыя фонду (каз.) // Фонд нацыянальнага дабрабыту «Самурык-Казына», 2020 г. Праверана 22 красавіка 2020 г.
- ^ Назарбаеў падпісаў закон, які надзяляе «Самурык-Казыну» правам на набыцьцё паёў банкаў (рас.) // Фонд нацыянальнага дабрабыту «Самурык-Казына», 13 лютага 2009 г. Праверана 22 красавіка 2020 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Навіны (рас.) // Фонд нацыянальнага дабрабыту «Самурык-Казына», 15 красавіка 2020 г. Праверана 22 красавіка 2020 г.
Гэта — накід артыкула па эканоміцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |