Нацыянальны банк Казахстану

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 51°5′23″ пн. ш. 71°25′25″ у. д. / 51.08972° пн. ш. 71.42361° у. д. / 51.08972; 71.42361

Нацыянальны банк Казахстану
каз. Қазақстан Ұлттық Банкі
Абрэвіятура НБК
Дата ўтварэньня 20 чэрвеня 1991 (32 гады таму)
Тып банк
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта устойлівасьць цэнаў
Штаб-кватэра раён Есіль, прасп. Вечнай краіны, д. 57а
Месцазнаходжаньне Нур-Султан
Дзейнічае ў рэгіёнах Казахстан
Афіцыйныя мовы казаская і расейская
Старшыня Ербалат Дасаеў
Намесьнікі Есжан Біртанаў, Акылжан Баймагамбетаў, Даніяр Вагапаў, Алія Малдабекава
Прадстаўніца ў Алмаце Дзіна Гуліева[1]
Асноўныя асобы Аліхан Смаілаў, Мадзіна Абылкасымава, Асет Іргаліеў[2]
Кіроўны орган Управа
Матчына кампанія прэзыдэнт Казахстану
Зьвязаныя кампаніі «Казахстанскі цэнтар міжбанкаўскіх разьлікаў» (Алматы), «Казахстанскі манэтны двор» (Вусьць-Каменагорск)
Колькасьць супрацоўнікаў 2078 (2021 год)[3]
Сайт nationalbank.kz
Колішняя назва Нацыянальны дзяржаўны банк Казаскай ССР (да 13 красавіка 1993 году)

Нацыяна́льны банк Казахста́ну — галоўны банк Казахстану, заснаваны ў чэрвені 1991 году ў якасьці Нацыянальнага дзяржаўнага банку Казаскай ССР.

Паводле 44-га артыкула Канстытуцыі Казахстану 1995 году, прэзыдэнт Рэспублікі Казахстан «са згоды Сэнату Парлямэнта прызначае на» пасаду старшыні НБК і здымае яго з пасады. Згодна зь 59-м артыкулам старшыня НБК «мае права прысутнічаць на любых паседжаньнях (абедзьвюх Палатаў Парлямэнту) і быць выслуханым»[4]. Паводле 1-га артыкула Закону «Аб Нацыянальным банку Рэспублікі Казахстан» 1995 году, «НБК прадстаўляе, у межах сваёй кампэтэнцыі, зацікаўленасьці Рэспублікі Казахстан у дачыненьнях з цэнтральнымі банкамі і банкамі іншых краінаў, у міжнародных банках і іншых фінансава-крэдытных арганізацыях». Згодна з 2-м артыкулам Закону «ёсьць дзяржаўным органам, які забясьпечвае распрацоўку і правядзеньне грашова-крэдытнай палітыкі дзяржавы, функцыяваньне аплатных сыстэмаў, ажыцьцяўляе валютнае рэгуляваньне і валютны кантроль, садзейнічае забесьпячэньню ўстойлівасьці фінансавай сыстэмы і праводзіць дзяржаўную статыстыку, а таксама ажыцьцяўляе ў межах сваёй кампэтэнцыі дзяржаўнае рэгуляваньне, кантроль і нагляд за фінансавым рынкам, фінансавымі арганізацыямі і іншымі асобамі і ў галіне фінансавага заканадаўства Рэспублікі Казахстан»[5].

Падсправаздачнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле 3-га артыкула Закону «Аб Нацбанку Рэспублікі Казахстан», «НБК падсправаздачны прэзыдэнта Рэспублікі Казахстан», што абазначае:

  • прызначэньне на пасаду і вызваленьне ад пасады «намесьнікаў старшыні НБК на прадстаўленьне старшыні НБК»;
  • зацьвярджэньне «будовы і агульнай штатнай колькасьці НБК», «Палажэньня аб НБК», «гадавой справаздачы НБК» і «канцэпцыі дызайну банкнотаў і манэтаў нацыянальнай валюты — казахстанскага тэнгэ»;
  • узгадненьне зацьвярджэньня «Ўправай НБК сыстэмы аплаты працы працаўнікоў НБК»;
  • «прадстаўленьне НБК у справе сваёй кампэтэнцыі інфармацыі, запытанай прэзыдэнтам»[5].

Згодна з артыкула 3-1 Закону «НБК распрацоўвае стратэгічны плян на 5-гадовы пэрыяд, у якім вызначае стратэгічныя напрамкі, мэты і мэтавыя паказьнікі дзейнасьці НБК. Стратэгічны плян зацьвярджаецца старшынёй НБК па ўзгадненьні з прэзыдэнтам РК або па яго ўпаўнаважаньню кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Казахстан». Таксама «НБК штогод распрацоўвае мэмарандум на чарговы фінансавы год, які зьмяшчае ключавыя мэтавы паказьнікі, выкананьне якіх старшыня НБК абавязуецца забясьпечыць у плянавым пэрыядзе. Мэмарандум падпісваецца старшынёй НБК і зацьвярджаецца прэзыдэнтам РК або па яго ўпаўнаважаньні кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта». «НБК па выніках году да 20 лютага, наступнага за справаздачным годам, падае ў Адміністрацыю прэзыдэнта РК справаздачу аб выкананьні мэмарандуму»[5].

Паўнамоцтвы і сродкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 4-м артыкуле «Аб Нацбанку Рэспублікі Казахстан» прадугледжвалася, што «НБК на падставе і дзеля выкананьня законаў РК у справах, аднесеных да яго кампэтэнцыі, выдае нарматыўныя прававыя акты (НПА), абавязковыя для выкананьня фінансавымі арганізацыямі, філіямі» нерэзыдэнтаў РК зь ліку банкаў, страхавых арганізацыяў і брокераў, іншымі фізычнымі і юрыдычнымі асобамі на тэрыторыі РК. «НПА НБК публікуюцца ў афіцыйных выданьнях ... (Весьніках) на казаскай і расейскай мовах». Паводле 8-га артыкула НБК мае звыш 40 розных паўнамоцтваў у галіне фінансаў, у тым ліку выпускае дзяржаўныя каштоўныя паперы і «зьяўляецца адзіным эмітэнтам банкнотаў і манэтаў» казахстанскага тэнгэ[5].

Згодна зь 9-м артыкулам Закону «статутны капітал НБК належыць дзяржаве і ўтвараецца ў памеры прынамсі 20 млрд казахстанскіх тэнгэ (46,8 млн $) шляхам адлічэньняў ад неразьмеркаванага чыстага даходу». Паводле 10-га артыкула, «рэзэрвовы капітал НБК утвараецца ў памеры прынамсі статутнага капіталу, папаўняецца за кошт неразьмеркаванага чыстага даходу і прызначаецца выключна для пакрыцьця стратаў ад праводзімых апэрацыяў». У 24-м артыкуле прадугледжвалася, што «ў НБК разьмяшчаюцца сродкі Ўраду Рэспублікі Казахстан. НБК выконвае плацяжы, ажыцьцяўлае іншыя апэрацыі па рахунках Ураду». Паводле 26-га артыкула, «НБК у якасьці агента Ўраду РК абслугоўвае па ўзгадненьні зь ім дзяржаўныя пазыкі Ўраду». Згодна з 41-м артыкулам «Банкноты і манэты НБК ёсьць безумоўнымі абавязкамі НБК і забясьпечваюцца ўсімі яго актывамі. НБК рэгулярна публікуе ў СМІ паведамленьне пра памеры золатавалютныя запасы»[5].

Кіраваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Управа. Складаецца зь 9 чалавек, сярод якіх старшыня і 4 службовыя асобы НБК, прадстаўнік прэзыдэнта Казахстану, 2 прадстаўнікі ўраду Казахстану і прадстаўнік Агенцтва нагляду за фінансавым рынкам. Правамоцная пры ўдзелы 2/3 сябраў, сярод якіх старшыня або яго намесьнік. Пры роўнасьці галасоў голас старшыні ёсьць вырашальным. Цягам тыдня старшыня НБК мае права вярнуць рашэньне на паўторнае галасаваньне, якое набывае моц пры ўхвале 2/3 агульнага ліку галасоў. Паводле 15-га артыкула Закону, мае звыш 110 паўнамоцтваў, у тым ліку зацьвярджае правілы аб найменшых патрабаваньнях да запасаў банкаў і правілы вызначэньня курсу тэнгэ.
  • Камітэт грашова-крэдытнай палітыкі. Улучае старшыню НБК, яго намесьнікаў і кіраўнікоў дэпартамэнтаў у галіне манэтарных апэрацыяў і фінансавай устойлівасьці. Усталёўвае базавую стаўку і стаўку ўзнагароджаньня за пазыковыя апэрацыі.
  • Рада дырэктароў. Улучае старшыню НБК, яго намесьнікаў і кіраўнікоў дэпартамэнтаў. Вызначае парадак вядзеньня бухгальтарскага ўліку і складаньня асобнай і абагуленай фінансавай справаздачнасьці НБК і Нацыянальнага фонду Рэспублікі Казахстан.

Паводле 13-га артыкула Закону, «старшыня НБК прызначаецца прэзыдэнтам Рэспублікі Казахстан са згоды Сэнату Парлямэнта тэрмінам на 6 гадоў. Старшыня дзейнічае ад імя і прадстаўляе без даверанасьці НБК у дачыненьнях зь дзяржаўнымі органамі, банкамі, фінансавымі, міжнароднымі і замежнымі арганізацыямі». Згодна з 14-м артыкулам Закону «намесьнікі старшыні НБК прызначаюцца прэзыдэнтам РК на прадстаўленьне старшыні НБК тэрмінам на 6 гадоў, незалежна ад тэрмінаў прызначэньня старшыні НБК. Намесьнікі прадстаўляюць НБК без даверанасьці, падпісваюць дакумэнты ў межах сваёй кампэтэнцыі»[5].

Задачы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле 15-га артыкула Палажэньня аб Нацыянальным банку Рэспублікі Казахстан ад 31 сьнежня 2003 году, НБК мае 5 задачаў:

  1. «распрацоўка і правядзеньне грашова-крэдытнай палітыкі дзяржавы;
  2. забесьпячэньне функцыяваньня аплатных сыстэмаў;
  3. ажыцьцяўленьне валютнага рэгуляваньня і валютнага кантролю;
  4. садзеяньне забесьпячэньню ўстойлівасьці фінансавай сыстэмы;
  5. ажыцьцяўленьне статыстычнай дзейнасьці ў галіне грашова-крэдытнай статыстыкі, статыстыкі фінансавага рынку і статыстыкі вонкавага сэктару»[3].

Будова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2021 год цэнтральны апарат Нацыянальнага банку Казахстану налічваў:

  • 20 дэпартамэнтаў — 1) аплатнага балянсу, 2) аплатных сыстэмаў, 3) апэрацыйнага ўліку, 4) арганізацыйнай працы і кантролю, 5) бухгальтарскага ўліку, 6) бясьпекі, 7) грашова-крэдытнай палітыкі, 8) інфармацыі і зносін (прэс-служба), 9) манэтарных апэрацыяў, 10) міжнароднай супрацы, 11) наяўнага грашовага абарачэньня, 12) прававы, 13) разьвіцьця фінансавых арганізацыяў, 14) разьвіцьця чалавечага капіталу, 15) рызык, 16) статыстыкі фінансавага рынку, 17) унутранага аўдыту, 18) фінансавай устойлівасьці і дасьледаваньняў, 19) фінансавы, 20) фінансавых тэхналёгіяў;
  • 2 управы — 1) аховы дзяржаўных таямніцаў і мабілізацыйнай падрыхтоўкі, 2) адміністратыўная[6].

Аддзяленьні НБК працавалі ў: 2 гарадах рэспубліканскай значнасьці — Алмаце і Шымкенце, а таксама ў гарадах абласной значнасьці. На правах аддзяленьня дзейнічаў і асяродак касавых апэрацыяў і захоўваньня каштоўнасьцяў у Алмаце. Таксама НБК належалі 3 даччыныя прадпрыемствы: 1) «Казахстанскі цэнтар міжбанкаўскіх разьлікаў» (Алматы), 2) «Казахстанскі манэтны двор» (Вусьць-Каменагорск, Усходне-Казахстанская вобласьць), 3) «Банкнотная фабрыка НБК» (Алматы)[3].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

20 чэрвеня 1991 году Вярхоўны Савет Казаскай ССР зацьвердзіў Пастанову «Аб Статуце Нацыянальнага дзяржаўнага банку Казаскай ССР». 13 красавіка 1993 году зацьвердзілі Закон «Аб Нацыянальным банку Рэспублікі Казахстан». 14 красавіка 1993 году ўхвалілі Закон «Аб банках у Рэспубліцы Казахстан», паводле якога Нацбанк стаў падсправаздачным Вярхоўнаму Савету і прэзыдэнту Казахстану. 30 сакавіка 1995 году зацьвердзілі Закон № 2155 «Аб Нацыянальным банку Рэспублікі Казахстан»[7].

На канец 2019 году золатавалютны запас НБК склаў 29 млрд даляраў ЗША[8].

Старшыні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кіраўніцтва (рас.) // Нацыянальны банк Казахстану, 2021 г. Праверана 3 красавіка 2021 г.
  2. ^ Управа (рас.) // Нацыянальны банк Казахстану, 2021 г. Праверана 3 красавіка 2021 г.
  3. ^ а б в Нурсултан Назарбаеў. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Казахстан ад 31 сьнежня 2003 г. № 1271 «Аб зацьвярджэньні Палажэньня і структуры Нацыянальнага банку Рэспублікі Казахстан» (рас.) // Нацыянальны банк Казахстану, 18 лютага 2021 г. Праверана 3 красавіка 2021 г.
  4. ^ Канстытуцыя Рэспублікі Казахстан ад 30 жніўня 1995 г. (рас.) // Інфармацыйна-прававая база Казахстану «Улік», 23 сакавіка 2019 г. Праверана 3 красавіка 2021 г.
  5. ^ а б в г д е Нурсултан Назарбаеў. Закон ад 30 сакавіка 1995 г. № 2155 «Аб Нацыянальным банку Рэспублікі Казахстан» (рас.) // Інфармацыйна-прававая база Казахстану «Улік», 2 студзеня 2021 г. Праверана 3 красавіка 2021 г.
  6. ^ Будова цэнтальнага апарату (рас.) // Нацыянальны банк Казахстану, 1 ліпеня 2020 г. Праверана 3 красавіка 2021 г.
  7. ^ а б Гісторыя (рас.) // Нацыянальны банк Казахстану, 2021 г. Праверана 3 красавіка 2021 г.
  8. ^ Справаздача за 2019 год (рас.) // Нацыянальны банк Казахстану, 2 ліпеня 2020 г. Праверана 3 красавіка 2021 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]