Перайсьці да зьместу

Кыргыстан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Кіргізія»)
Кыргыстан
па-кыргыску: Кыргыз Республикасы
па-расейску: Кыргызская Республика
Сьцяг Кыргыстану Герб Кыргыстану
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн: «Дзяржаўны гімн Кыргыстану»
Месцазнаходжаньне Кыргыстану
Афіцыйная мова кыргыская, расейская
Сталіца Бішкек
Найбуйнейшы горад Бішкек
Форма кіраваньня Рэспубліка
Садыр Жапараў[1]
Акылбек Жапараў
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
86-е месца ў сьвеце
198 500 км²
3,6
Насельніцтва
 • агульнае (2014)
 • шчыльнасьць
110-е месца ў сьвеце
5 776 570[2]
29/км²
СУП
 • агульны (2012)
 • на душу насельніцтва
134-е месца ў сьвеце
$18 001 млрд
$2409
Валюта Сом (KGS)
Часавы пас KGT (UTC+5 да UTC+6)
Незалежнасьць
— ад СССР

31 жніўня 1991
Аўтамабільны знак KS
Дамэн верхняга ўзроўню .kg
Тэлефонны код +996
Мапа Кыргызстану
Мапа Кыргызстану

Кыргыстан (па-кыргыску: Кыргызстан), афіцыйная назва Кыргыская Рэспубліка (па-кыргыску: Кыргыз Республикасы) — дзяржава на паўночным усходзе Сярэдняй Азіі, галоўным чынам у заходняй і цэнтральнай частцы Цянь-Шаню. Мяжуе з Казахстанам, Таджыкістанам, Узбэкістанам і Кітаем.

Гісторыя Кыргыстану да 1991 году

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Незалежны Кыргыстан

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • 31 жніўня 1991: падчас распаду СССР абвешчаная незалежнасьць Кыргыстану.
  • 5 траўня 1993: прынятая першая Канстытуцыя Кыргыскай Рэспублікі як незалежнай сувэрэннай дзяржавы.
  • 10 траўня 1993: у Кыргыстане ўведзеная ўласная нацыянальная валюта — сом.
  • 1999 і 2000: спробы паўстанцаў Ісламскага руху Ўзбэкістану прабіцца на тэрыторыю Кыргыстану (цяперашняя Баткенская вобласьць), так званыя Баткенскія падзеі. Аддзелы паўстанцаў зь цяжкасьцямі атрымалася разьбіць.
  • 16—18 сакавіка 2002: сутыкненьні паміж насельніцтвам і праваахоўнымі органамі ў Аксыйскім раёне. Насельніцтва выступіла ў абарону асуджанага дэпутата парлямэнта Азымбэка Бекназарава, а таксама патрабавала адмовіцца ад ратыфікацыі дамовы 1999 году аб кыргыска-кітайскай дзяржаўнай мяжы. Апазыцыя арганізавала ў шэрагу раёнаў краіны і ў Бішкеку шматлікія акцыі пратэсту. У сутыкненьнях зь міліцыяй пяцёра жыхароў Аксыйскага раёну загінулі і некалькі дзясяткаў атрымалі раненьні. Крызіс у Аксы прывёў да адстаўкі прэм’ер-міністра Курманбэка Бакіева і ўраду.
  • 24 сакавіка 2005: Рэвалюцыя тульпанаў — востры крызіс улады ўзьнікае пасьля чарговых парлямэнцкіх выбараў, калі паведамленьні аб падтасоўцы вынікаў выклікаюць гнеў жыхароў адносна бедных паўднёвых абласьцей (пераважна Джалал-Абадзкай і Оскай). Зьбіраюцца шматтысячныя мітынгі пад сьцягамі і лёзунгамі розных партыяў, уключаючы моладзевыя «Келкел» і «Бірге». Дэманстранты захопліваюць будынкі абласных адміністрацыяў, праходзяць сутычкі з АМАПам. Вынікам паўстаньня становіцца захоп дэманстрантамі ўлады ў Бішкеку і зьвяржэньне рэжыму Аскара Акаева. Да ўлады прыходзіць апазыцыя на чале з Курманбэкам Бакіевым.
  • Празь некаторы час Аскар Акаеў, што быў уцёк з краіны, у выніку перамоваў з прадстаўнікамі апазыцыі падпісвае заяву аб сваім сыходзе з прэзыдэнцкай пасады.
  • У выніку праведзеных улетку 2005 датэрміновых выбараў прэзыдэнтам абраны адзін з кіраўнікоў апазыцыі — Курманбэк Бакіеў. Прэм’ер-міністрам становіцца Фэлікс Кулаў. Гэта, аднак, не прыводзіць да нармалізацыі жыцьця ў краіне, а сярод дзеячаў былой апазыцыі працягваецца дужаньне за ўладу.
  • У лютым 2006 старшыня кыргыскага парлямэнта Амурбэк Тэкебаеў, які ўвайшоў у канфлікт з прэзыдэнтам краіны Курманбэкам Бакіевым, падае ў адстаўку. 2 сакавіка 2006 новым старшынём парлямэнта абраны Марат Султанаў, які пры Аскары Акаеве займаў пасады кіраўніка Нацыянальнага банка і міністра фінансаў.
  • 29 красавіка новая апазыцыя праводзіць мітынг з патрабаваньнямі выкананьня абяцаньняў, дадзеных тандэмам Бакіева-Кулава падчас прэзыдэнцкіх выбараў. У прыватнасьці — аб правядзеньні канстытуцыйнай рэформы. Таксама патрабавалі недапушчэньня крымінальных элемэнтаў ва ўладу. Бакіеў з Кулавым вышлі да мітынгоўцаў і паабяцалі выканаць патрабаваньні.
  • Працэс рэфармаваньня зацягнуўся. Прэзыдэнт Бакіеў першапачаткова стварыў Канстытуцыйную Нараду. Аднак неўзабаве і нечакана для многіх Бакіеў пашырае склад Канстытуцыйнай Нарады, бюрократызуючы працэс падрыхтоўкі новай канстытуцыі. Распрацаваны пашыраным складам Канстытуцыйнай нарады (парадку 300 чалавек) праект не здымаў пытаньні апазыцыі, і нават сам прэзыдэнт Бакіеў спрабаваў працягнуць працу па яго абмеркаваньні і дапрацоўцы. Працэсу дапрацоўкі не было відаць канца, што ўзмацняла напружанасьць сярод апазыцыі і былых паплечнікаў Бакіева і Кулава пэрыяду рэвалюцыі 2005 году.
  • 2 лістапада 2006: апазыцыя пачала бестэрміновы мітынг супраць зацягваньня канстытуцыйнай рэформы. Мітынгоўцы патрабавалі адстаўкі прэзыдэнта Бакіева і прэм’ер-міністра Кулава.
  • 6 лістапада і 7 лістапада 2006: кульмінацыя крызісу ў парлямэнце. Апоўдні 7 лістапада абвешчана аб прыняцьці канстытуцыі. Паводле яе выбарныя органы — прэзыдэнт і парлямэнт — захоўваюць свае паўнамоцтвы да 2010 году. Урад будзе новым, а прэзыдэнт ня будзе прымаць удзелу ў яго фармаваньні.
  • 19 сьнежня 2006: Урад Рэспублікі сышоў у адстаўку. Меркавалася, што адстаўка Ўраду і чаканы пасьля таго роспуск парлямэнту павінны былі дазволіць паўнавартасна ўступіць у сілу Асноўнаму закону, па якім фармаваць Урад павінна партыя, якая выйграла на выбарах.
  • 30 сьнежня 2006: пад пагрозай роспуску парлямэнту прэзыдэнтам Бакіевым, а таксама з удзелам прапрэзыдэнцкіх дэпутатаў парлямэнт прымае новую (другую за два месяцы) рэдакцыю Канстытуцыі, якая ўступіла ў сілу з моманту апублікаваньня 16 студзеня 2007 году. У ёй прэзыдэнт вярнуў страчаныя ў папярэдняй канстытуцыі пазыцыі, узмацніўшы сваю ўладу.
  • Студзень 2006: палітычны тандэм прэзыдэнта Бакіева і прэм’ер-міністра Кулава разваліўся. Кулаў двойчы ня змог набраць галасоў дэпутатаў для зацьвярджэньня яго прэм’ер-міністрам. Прэзыдэнт Бакіеў ня стаў у трэці раз прапаноўваць яго кандыдатуру.
  • 30 студзеня 2007: парлямэнт зацьвердзіў на пасадзе прэм’ер-міністра ўраду краіны Азыма Ісабэкава, які выконваў абавязкі міністра сельскай гаспадаркі.
  • 14 верасьня 2007: рашэньнем Канстытуцыйнага Суду Кыргыскай Рэспублікі скасаваная рэдакцыя Канстытуцыі, што дзейнічала з 16 студзеня 2007 г. У сілу ізноў уступіў варыянт Канстытуцыі ад 18 лютага 2003 г.
  • 24 сьнежня 2007: парлямэнт зацьвердзіў прэм’ер-міністрам Ігара Чудзінава.
  • У красавіку 2010 году ў Кыргыстане адбылася рэвалюцыя. 6 красавіка пачаліся масавыя мітынгі ў Таласе, на наступны дзень пачаліся дэманстрацыі ў Бішкеку. Было ўведзенае надзвычайнае становішча. Апазыцыйныя лідэры былі арыштаваныя, але дэманстранты занялі штаб-кватэру КДБ Кыргыстану і тэлебачаньне. Паводле афіцыйных зьвестак, у выніку сутыкненьняў з праваахоўнымі органамі 75 чалавек загінулі і 458 трапілі ў шпіталь.[4] Часовы ўрад узначаліла міністарка замежных справаў Роза Атунбаева, хоць Курманбэк Бакіеў і не адмаўляўся ад пасады прэзыдэнта. Нарэшце 15 красавіка ён разам з жонкай і дзецьмі зьехаў з краіны ў Казахстан. Была прынятая новая канстытуцыя. Новыя выбары ў Вярхоўную Раду адбыліся ў лістападзе 2011 году. У сьнежні 2011 году прайшлі выбары прэзыдэнта Кыргыстану, на якіх перамог Алмазбэк Атамбаеў.

    Дзяржаўны лад Кыргыскай Рэспублікі вызначаецца Канстытуцыяй, якая была прынятая 5 траўня 1993 году. Ачольнік дзяржавы — прэзыдэнт, абіраецца ўсенародным галасаваньнем тэрмінам на 5 гадоў. Чарговыя выбары — у 2010. Аднапалатны парлямэнт — Жагорку Кенэш, складаецца з 90 дэпутатаў, абіраных тэрмінам на пяць гадоў па партыйных сьпісах. Ачольнік ураду — прэм’ер-міністар, прызначаецца прэзыдэнтам па прадстаўленьні парлямэнта (дэпутатаў ад палітычнай партыі, што атрымала больш 50 адсоткаў мандатаў).

    Геаграфічныя зьвесткі

    [рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
    Пік Горкага на Цянь-Шані
    Горы Алатоа
    Ля возера Сонг-Кель

    Больш за 3/4 тэрыторыі Кыргыстану займаюць горы вышынёй да 7439 м (пік Перамогі — найвышэйшы пункт краіны).

    Тэрыторыя Кыргыстану разьмешчаная ў межах дзьвюх горных сыстэмаў. Паўночна-ўсходняя яе частка (большая) ляжыць у межах Цянь-Шаню, паўднёва-заходняя — Паміра-Алая. Межы Кыргыстану праходзяць на вялікім працягу па грэбнях найвышэйшых хрыбтоў і толькі на поўначы і паўднёвым захадзе — па падножжах гораў і перадгорных раўнінах (Чуйская даліна, ускраіны Фэрганскай даліны).

    Уся тэрыторыя рэспублікі ляжыць вышэй за 500 м над узроўнем мора; больш паловы яе разьмяшчаецца на вышынях ад 1000 да 3000 м і прыкладна траціна — на вышынях ад 3000 да 4000 м. Горныя хрыбты займаюць каля чвэрці тэрыторыі і разьлягаюцца раўналежнымі ланцугамі ў асноўным у шыротным кірунку. На ўсходзе галоўныя хрыбты Цянь-Шаню збліжаюцца ў раёне Мэрыдыянальнага хрыбта, увараючы магутны горны вузел. Тут (на мяжы з Кітаем) уздымаецца пік Перамогі (7439 м).

    Найважнейшыя араграфічныя элемэнты:

    • масіў Акшыйрак,
    • хрыбет Кокшалтоа (найвышэйшы пункт — пік Данкова, 5982 м),
    • хрыбет Церскей-Алатоа,
    • хрыбет Кунгей-Алатоа,
    • Кыргыскі хрыбет,
    • Фэрганскі хрыбет.

    На крайнім паўночным усходзе знаходзіцца адна з асноўных славутасьцяў Кыргыстану — горнае возера Ісык-Куль, на беразе якога разьмешчаныя шматлікія дамы адпачынку і турыстычныя базы. Возера знаходзіцца ў Ісык-Кульскай катлавіне, паміж хрыбтамі Церскей-Алатоа (з поўдня) і Кунгей-Алатоа (з поўначы).

    Заходняя частка Кыргыстану разьмешчаная ў межах Заходняга Цянь-Шаню. Яго найважнейшыя араграфічныя элемэнты:

    • Талаская даліна,
    • хрыбет Таласкі Алатоа,
    • Чаткальскі хрыбет.

    На паўднёвым захадзе ў межы Кыргыстану ўваходзяць паўночная, усходняя і паўднёвая ўскраіны Фэрганскай катлавіны зь перадгор’ямі. Самая Фэрганская даліна збольшага належыць Узбэкістану.

    На поўдні да Кыргыстану належаць паўночны схіл Туркестанскага хрыбта, Алайскі хрыбет, Алайская даліна і паўночны схіл Заалайскага хрыбта (пік Леніна, 7134 м), што ўтвараюць паўночную ўскраіну Паміра.

    Геаграфічна Кыргыстан выразна падзелены на дзьве часткі — поўдзень і поўнач. Адасобленыя, падзеленыя непераадольнымі горнымі хрыбтамі, гэтыя рэгіёны традыцыйна процістаяць адзін аднаму. Паўночныя і паўднёвыя рэгіёны злучаныя толькі высакагорнай аўтамагістральлю Бішкек — Ош.

    Адміністрацыйны падзел

    [рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

         Паўночны Кыргыстан

         Паўднёвы Кыргыстан

    1. Бішкек
    2. Баткенская вобласьць
    3. Чуйская вобласьць
    4. Джалал-Абадзкая вобласьць
    5. Нарынская вобласьць
    6. Оская вобласьць
    7. Талаская вобласьць
    8. Ісык-Кульская вобласьць
    9. Ош

    Палітычныя партыі

    [рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
    • Соціал-Демократіалык Партіясы (Сацыял-Дэмакратычная партыя Кыргыстану (СДПК)) — Сеід Атамбаеў
    • Ата-мэкен (Радзіма) — Амурбэк Тэкебаеў
    • Коммуністер Партіясы (Партыя камуністаў Кыргыстану) — Клара Ажыбекава
    Рынак «Дардой» на паўночнай ускраіне Бішкеку — адзін з важных цэнтраў эканамічнай актыўнасьці рэгіёну

    У 2004 сукупны ВУП дасягнуў толькі $2,4 млрд, гэта значыць $430 на душу насельніцтва. Кыргыстан — другая пасьля Таджыкістану па беднасьці краіна ў рэгіёне. Больш паловы насельніцтва занята сельскай гаспадаркай і жывёлагадоўляй.

    На пачатак лютага 2005 кыргыская вонкавая дзяржаўная запазычанасьць дасягнула $1,92 млрд. За 1990—1996 гады кыргыская эканоміка паменшылася амаль удвая, у асноўным з-за спыненьня прамысловых прадпрыемстваў на поўначы краіны. Прамысловасьць забясьпечвае толькі чвэрць кыргыскага ВУП. На думку назіральнікаў, прамысловасьць у аграрным Кыргыстане была створаная ў савецкі час штучна і ўжо наўрад ці можа быць адноўленая. Прыкладна 40% прамысловай вытворчасьці дае здабыча золата — адзіная галіна прамысловасьці рэспублікі, якая актыўна разьвіваецца (у 2003 годзе Кыргыстан здабыў 22,5 т золата, заняўшы трэцяе месца ў СНД пасьля Расеі і Узбэкістану).

    У Кыргыстане, па розных ацэнках, прыватызавана больш за 70% дзяржпрадпрыемстваў. Большасьць буйных прадпрыемстваў кантралявалася сваякамі першага прэзыдэнта Акаева.

    Кантрольныя пакеты голдынгаў энэргетычнага сэктара Кыргыстану — ААТ «Электрычныя станцыі» і АООТ «Кыргызнефтегаз» — знаходзяцца ў дзяржуласнасьці.

    Расейскі кантроль кыргыскай эканомікі

    [рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

    Расея займае 5-е месца па аб’ёме інвэстыцыяў у эканоміку Кыргыстану — пасьля ЗША, Канады, Турэччыны і Казахстану. Самыя буйныя праекты ў Кыргыстане вядуць РАТ «ЕЭС» (пастаўкі электраэнэргіі, будаўніцтва, рэканструкцыя і мадэрнізацыя цепла- і гідраэлектрастанцыяў) і «Газпром» (у выплату даўгоў Кыргыстану перад Расеяй яму быў перададзены ў кіраваньне дзяржаўны пакет буйнейшай нафтагазавай кампаніі краіны «Кыргызнефтегаз», якая здабыла ў 2004 68,6 тысячы тон нафты і 28,3 млн кубамэтраў газа.

    Расея атрымала ў выплату даўгоў Кыргыстані ў сваё кіраваньне пакеты акцыяў некалькіх абаронных прадпрыемстваў — абароннай карпарацыі «Дастан» і АТ «Айнур».

    Расея і Кыргыстан сумесна кіруюць Кара-Балцінскім горнарудным камбінатам, які займаецца здабычай і перапрацоўкай ураназьмяшчальных рудаў, малібдэна, торыя, срэбра і золата. Камбінат вырабляе ў год 2000 тон урана.

    Расейскія кампаніі спрабуюць набыць дзяржаўны пакет Кадамжайскага сурмянага камбіната — найбуйнейшага вытворцы мэталічнай сурмы ў СНД і асноўнага яе пастаўшчыка ў Расею.

    Сацыяльна-эканамічнае становішча

    [рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

    Паводле афіцыйных зьвестак, за рысай беднасьці жывуць 44,4% насельніцтва краіны.

    Беспрацоўе, паводле афіцыйных зьвестак, — 73,4 тысячы чалавек (3,5% эканамічна актыўнага насельніцтва)[5], у рэальнасьці — ня меней за 200 тысячаў.

    У сакавіку 2006 году сярэдні заробак складаў 3057 сомаў або 80 даляраў ЗША[5].

    Дэмаграфічная крывая Кыргыстану

    Насельніцтва Кыргыстану — 5,05 млн чалавек (зьвесткі за 2006 год). Гэта значна больш, чым пражывала ў краіне ў 1959 (2,065 млн), 1970 (2,935 млн), 1979 (3,523 млн), 1989 (4,258) і 1999 (4,823) гадах. Да 1960-х гадоў насельніцтва рэспублікі хутка расло за кошт міграцыйнага і натуральнага прыросту, які быў асабліва значным у сельскіх кыргызаў, узбэкаў і іншых сярэднеазіяцкіх народаў. Асноўнай крыніцай росту насельніцтва краіны пасьля 1970-х гадоў стаў натуральны прырост, які паступова скарачаўся.

    Ядро насельніцтва рэспублікі — 58,6% (1995) — складаюць кыргызы. Кыргызы пражываюць на ўсёй тэрыторыі краіны і пераважаюць у большасьці сельскіх раёнаў. Расейцы складаюць 17,1% насельніцтва, большасьць зь іх пражываюць у гарадох. Узбэкі сканцэнтраваныя ў асноўным у Оскай вобласці. Зь іншых значных этнічных групаў варта згадаць дунган, украінцаў, немцаў, татараў, габрэяў, казахаў, уйгур і таджыкаў.

    Кыргызы спачатку інтэнсіўна вярталіся ў краіну з суседніх Таджыкістану і КНР у першыя гады незалежнасьці, але пасьля 2000 году інтэнсіўна выяжджаюць за яе межы, у асноўным па эканамічных прычынах, у РФ і Казахстан.

    Вялікая частка насельніцтва засяроджаная ў далінах — Чуйскай на мяжы з Казахстанам і Фэрганскай на мяжы з Узбэкістанам, — далінах рэк Нарын і Талас, а таксама ў Ісык-Кульскай катлавіне.

    Дзяржаўныя сьвяты

    [рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
    Дата Назва Назва па-кыргыску Зацемка
    1 студзеня Новы Год Жаңы жыл ~
    23 лютага Дзень узброеных сіл Jookerler kunu ~
    8 сакавіка Міжнародны жаночы дзень Аялдар күнү ~
    21 сакавіка Навруз Нооруз Нооруз майрамы
    24 сакавіка Дзень народнай рэвалюцыі Элдик революция күнү ~
    1 траўня Сьвята вясны і працы Ішчілер күнү; ~
    5 траўня Дзень Канстытуцыі Конституция күнү; ~
    9 траўня Дзень Перамогі Жеңиш күнү ~
    31 жніўня Дзень Незалежнасьці Эгемендүлүүк күнү ~
    ~ Сьвята ахвяраваньня Курман айт Дата сьвята вызначаецца па месяцовым каляндары
    ~ Сьвята разгавеньня Орозо айт Дата сьвята вызначаецца па месяцовым каляндары

    Вонкавыя спасылкі

    [рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

    Кыргыстансховішча мультымэдыйных матэрыялаў