Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях 2003 году
Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях 2003 году | |
Заканадаўчы орган | |
---|---|
Нумар | 194-З |
Прыняцьце | Палатай прадстаўнікоў 17 сьнежня 2002 (21 год таму) |
Ухваленьне | Саветам Рэспублікі 2 красавіка 2003 (21 год таму) |
Падпісаньне | прэзыдэнтам Беларусі 21 красавіка 2003 (21 год таму) |
Уступ у сілу | 1 сакавіка 2007 (17 гадоў таму)[1] |
Першая публікацыя | 9 чэрвеня 2003 (21 год таму) Нацыянальны рэестар прававых актаў Рэспублікі Беларусь, №63, 2/946[2] |
Страта сілы | 1 сакавіка 2021 (3 гады таму) |
Ко́дэкс Рэспу́блікі Белару́сь аб адміністрацы́йных правапарушэ́ньнях 2003 году — звод заканадаўства Беларусі аб падставах і ўмовах адміністрацыйнай адказнасьці, які дзейнічаў у 2007—2021 гадох.
Паводле артыкула 1.1, вызначаў, якія дзеяньні ёсьць адміністрацыйнымі правапарушэньнямі, замацоўваў падставы і ўмовы адміністрацыйнай адказнасьці і ўсталёўваў «адміністрацыйныя спагнаньні, што могуць быць прымененыя да фізычных асобаў, якія ўчынілі адміністрацыйныя правапарушэньні, а таксама да юрыдычных асобаў, прызнаных вінаватымі і падлеглых адміністрацыйнай адказнасьці». На пачатак 2021 году налічваў 25 главаў і падзяляўся на Агульную ды Асаблівую часткі з 2-ма разьдзеламі ў кожнай. На пачатак 2021 году Кодэкс Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэньнях дзейнічаў з 86-ю зьмяненьнямі і дапаўненьнямі 2003—2019 гадоў[3]. Замяніў сабой Кодэкс Беларускай ССР аб адміністрацыйных правапарушэньнях 1984 году. 10 жніўня 2021 году Аб’яднаны інстытут праблемаў інфарматыкі НАНБ абнародаваў беларускі пераклад яго рэдакцыі са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі паводле Закону ад 17 ліпеня 2019 г. № 232-З[4].
1 сакавіка 2021 году яго замяніў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях ад 6 студзеня 2021 году № 91-З.
Агульная частка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Агульная частка Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях зьмяшчала 2 разьдзелы: 1) «Агульныя палажэньні», 2) «Адміністрацыйнае правапарушэньне. Адміністрацыйная адказнасьць», а таксама першыя 3 (6—8) главы 3-га разьдзела. Паводле артыкула 1.2, «задачамі гэтага Кодэксу ёсьць абарона чалавека, яго правоў і свабодаў, законных зацікаўленасьцяў, правоў юрыдычных асобаў, навакольнага асяродзьдзя і санітарна-эпідэміялягічнага дабрабыту насельніцтва, усталяванага парадку ажыцьцяўленьня дзяржаўнай улады, грамадскага парадку, а таксама абарона ўсталяванага правапарадку ад адміністрацыйных правапарушэньняў». Згодна з артыкулам 1.5 «з дня ўступленьня ў сілу акта заканадаўства, які ліквідуе супрацьпраўнасьць дзеяньня, адпаведнае дзеяньне, учыненае да яго ўступленьня ў сілу, ня лічыцца адміністрацыйным правапарушэньнем»[3].
Правапарушэньне і адказнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Другі разьдзел Кодэксу ўлучаў 4 главы: 1) «Адміністрацыйнае правапарушэньне», 2) «Віна», 3) «Прынцыпы і ўмовы адміністрацыйнай адказнасьці», 4) «Абставіны, якія выключаюць прызнаньне дзеяньня адміністрацыйным правапарушэньнем». Найбольшай была трэцяя глава зь 9 артыкулаў аб: прынцыпах адміністрацыйнай адказнасьці і веку яе наставаньня, бесьсьвядомасьці і адміністрацыйнай адказнасьці паводле патрабаваньня; адказнасьці непаўналетніх і вайскоўцаў, індывідуальнага прадпрымальніка, юрыдычнай асобы і ўласьніка сродка перавозу. Паводле артыкула 4.2, «фізычнай асобе, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэньне, мае быць прызначана адміністрацыйнае спагнаньне, неабходнае і дастатковае для яе выхаваньня. Адміністрацыйнае спагнаньне ня мае сваёй мэтай зьнявагу чалавечай годнасьці фізычнай асобы, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэньне, або прычыненьне ёй фізычных пакутаў». Таксама «адміністрацыйнае спагнаньне, якое накладаецца на юрыдычную асобу і індывідуальнага прадпрымальніка, ня мае мэтай прычыненьне шкоды іх справавой рэпутацыі». Згодна з артыкула 4.3, «адміністрацыйнай адказнасьці падлягае фізычная асоба, якая дасягнула да часу ўчыненьня правапарушэньня 16-гадовага ўзросту». Пры гэтым, фізычная асоба ў веку ад 14 да 16 гадоў падлягала адміністрацыйнай адказнасьці толькі за:
- наўмыснае прычыненьне цялеснага пашкоджаньня;
- дробнае раскраданьне;
- наўмыснае пашкоджаньне і зьнішчэньне маёмасьці;
- парушэньне патрабаваньняў пажарнай бясьпекі ў лесе і на тарфяніку;
- жорсткае абыходжаньне з жывёлай;
- раскладаньне воўнішча ў забароненым месцы;
- дробнае хуліганства;
- парушэньне правілаў бясьпекі руху на чыгунцы і гарадзкім электрычным шляху зносін;
- парушэньне правілаў карыстаньня мэтрапалітэнам, чыгуначным цягніком і іншым сродкам перавозкі;
- парушэньне патрабаваньняў аб забесьпячэньні захаванасьці грузу на шляху зносін;
- пашкоджаньне, страту і зьнішчэньне гісторыка-культурнай каштоўнасьці;
- парушэньне парадку ўскрыцьця вайсковага пахаваньня і правядзеньня пошукавай працы;
- незаконныя дзеяньні ў дачыненьні газавай, кідальнай, пнэўматычнай і халоднай зброі[3].
У артыкуле 4.5 прадугледжвалася, што «адміністацыйную адказнасьць толькі пры наяўнасьці выказанага ва ўстаноўленым Працэсуальна-выканаўчым кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях парадку патрабаваньня» пацярпелай асобы і яе законнага прадстаўніка цягнуць за сабой:
- наўмыснае прычыненьне цялеснага пашкоджаньня;
- паклёп;
- зьнявага;
- адмова ў даваньні грамадзяніну інфармацыі;
- парушэньне аўтарскага права, сумежных правоў і права прамысловай уласнасьці;
- прыўлашчваньне знойдзенай маёмасьці;
- прычыненьне маёмаснай шкоды;
- пашкоджаньне і зьнішчэньне пасеваў і сабранага ўраджаю сельскагаспадарчай культуры, насаджэньняў;
- наўмыснае пашкоджаньне і зьнішчэньне маёмасьці;
- нядобрасумленная канкурэнцыя;
- парушэньне правілаў дарожнага руху (ПДР) кіроўцам, што выклікала прычыненьне пацярпелай асобе лёгкага цялеснага пашкоджаньня;
- парушэньне ПДР пешаходам і іншымі ўдзельнікамі дарожнага руху ў выпадку прычыненьня пешаходам, раварыстам, гужавым возам або паяжджанінам пацярпелай асобе лёгкага цялеснага пашкоджаньня або пашкоджаньня сродку перавозкі, грузу, дарожнага пакрыцьця, дарожных і іншых збудаваньняў або іншай маёмасьці;
- выдаваньне камэрцыйнай або іншай ахоўванай законам таямніцы і асабістых зьвестак[3].
Паводле артыкула 4.6, «на непаўналетніх ва ўзросьце ад 14 да 18 гадоў ня можа накладацца адміністрацыйнае спагнаньне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, а на непаўналетніх ва ўзросьце ад 14 да 16 гадоў ня могуць накладацца таксама адміністрацыйныя спагнаньні ў выглядзе штрафу або папраўчых працаў». Пры гэтым, «на непаўналетніх ва ўзросьце ад 14 да 18 гадоў можа накладацца адміністрацыйнае спагнаньне ў выглядзе папярэджаньня». Згодна з артыкулам 4.7 да вайскоўцаў і супрацоўнікаў органаў унутраных справаў, Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў Рэспублікі Беларусь, органаў фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органаў і падразьдзяленьняў па надзвычайных сытуацыях «ня могуць быць прымененыя адміністрацыйныя спагнаньні ў выглядзе папраўчых працаў або адміністрацыйнага арышту, а да вайскоўцаў тэрміновай вайсковай службы — і штраф». У артыкуле 4.8 вызначалася, што «пры разьдзяленьні юрыдычнай асобы або пры вылучэньні са складу юрыдычнай асобы адной або некалькіх юрыдычных асоб да адміністрацыйнай адказнасьці за зьдзяйсьненьне адміністрацыйнага правапарушэньня прыцягваецца тая юрыдычная асоба, да якой у адпаведнасьці з разьдзяляльным балансам перайшлі правы і абавязкі па заключаных угодах[5][6] або маёмасьці, у сувязі зь якімі было ўчынена адміністрацыйнае правапарушэньне»[3].
Згодна з артыкулам 4.9 «у выпадках фіксацыі перавышэньня хуткасьці руху, парушэньня правілаў прыпыненьня або стаянкі транспартнага сродку спэцыяльнымі тэхнічнымі сродкамі, якія працуюць у аўтаматычным рэжыме, і маюць функцыі фота- і кіназдымкі, відэазапісу, адміністрацыйнай адказнасьці падлягае ўласьнік транспартнага сродку». Пры гэтым, «калі ўласьнікам транспартнага сродку ёсьць юрыдычная асоба, прыцягненьню да адміністрацыйнай адказнасьці... падлягае асоба, якая кіравала такім транспартным сродкам». Таксама «ўласьнік транспартнага сродку не падлягае адміністрацыйнай адказнасьці, калі пры вядзеньні адміністрацыйнага працэсу будзе выяўлена, што ў момант фіксацыі адміністрацыйнага правапарушэньня транспартны сродак знаходзіўся ў валоданьні ці ў карыстаньні іншай асобы або да гэтага моманту выбыў зь яго ўладаньня ў выніку супрацьпраўных дзеяньняў іншых асобаў»[3].
Спагнаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Трэці разьдзел Кодэксу ў Агульнай частцы налічваў 3 главы: 1) «Паняцьце, мэты і віды адміністрацыйных спагнаньняў», 2) «Накладаньне адміністрацыйнага спагнаньня», 3) «Падставы вызваленьня ад адміністрацыйнай адказнасьці». Найбольшай была першая глава з 13 артыкулаў пра: асноўныя і дадатковыя адміністрацыйныя спагнаньні, папярэджаньне, штраф і папраўчыя працы; адміністрацыйны арышт, пазбаўленьне адмысловага права і права займацца пэўнай дзейнасьцю; канфіскацыю, дэпартацыю, спагнаньне кошту і адміністрацыйную забарону на наведваньне фізкультурна-спартовых збудаваньняў. У артыкуле 6.1 згадвалася, што «прымяненьне адміністрацыйнага спагнаньня закліканае садзейнічаць аднаўленьню справядлівасьці і ёсьць падставай для спагнаньня зь фізычнай або юрыдычнай асобы пакрыцьця шкоды». Згодна з артыкулам 6.2 «спагнаньні ў выглядзе адміністрацыйнага арышту за ўчыненьне адміністрацыйнага правапарушэньня..., а таксама ў выглядзе пазбаўленьня права займацца дзейнасьцю, зьвязанай зь кіраваньнем транспартнымі сродкамі, накладаюць органы ўнутраных справаў». Усе іншыя спагнаньні «накладае толькі суд». Паводле артыкула 6.3 «за адно адміністрацыйнае правапарушэньне могуць быць накладзеныя асноўнае або асноўнае і дадатковыя адміністрацыйныя спагнаньні». Пры гэтым, «папярэджаньне, штраф, папраўчыя працы і адміністрацыйны арышт прымяняюцца ў якасьці асноўнага адміністрацыйнага спагнаньня. Пазбаўленьне спэцыяльнага права, пазбаўленьне права займацца пэўнай дзейнасьцю, а таксама дэпартацыя могуць прымяняцца як у якасьці асноўнага, так і дадатковага адміністрацыйнага спагнаньня. Канфіскацыя, спагнаньне кошту, адміністрацыйная забарона на наведваньне фізкультурна-спартовых збудаваньняў прымяняюцца ў якасьці дадатковага адміністрацыйнага спагнаньня». Згодна з артыкулам 6.3 «папярэджаньне заключаецца ў пісьмовай перасьцярозе асобы аб недапушчальнасьці супрацьпраўных паводзінаў»[3].
Паводле артыкула 6.5 «штраф ёсьць грашовым спагнаньнем, памер якога вызначаецца ў беларускіх рублях зыходзячы з базавай велічыні, усталяванай заканадаўствам на дзень вынясеньня пастановы аб накладаньні адміністрацыйнага спагнаньня, а ў выпадках, прадугледжаных артыкуламі Асаблівай часткі гэтага Кодэксу, — у адсоткавых або кратных адносінах да кошту прадмета ўчыненага адміністрацыйнага правапарушэньня, сумы шкоды, угоды або да даходу, атрыманага ў выніку ўгоды». Пры гэтым, «мінімальны памер штрафу, які вылічаецца ў базавых велічынях (БВ) і накладаецца на фізычную асобу, ня можа быць меншы за 1/10 БВ», на індывідуальнага прадпрымальніка — меншы за 2 БВ, «а на юрыдычную асобу — меншы за 10 БВ». Таксама «максімальны памер штрафу, які вылічваецца ў базавых велічынях і накладаецца на фізічную асобу, ня можа перавышаць 50 БВ, за парушэньне заканадаўства ў галіне бясьпекі руху і эксплюатацыі транспарту, парушэньне тэрмінаў праектаваньня, будаўніцтва, тэхнічнага перааснашчэньня вытворчасьцяў прадукцыі дрэваапрацоўкі — 100 базавых велічынь, а за парушэньне заканадаўства аб працы, у галіне фінансаў, рынку каштоўных папераў, банкаўскай дзейнасьці і прадпрымальніцкай дзейнасьці, парадку падаткаабкладаньня і кіраваньня — 200 БВ». Сярод іншага, «максімальны памер штрафу, які вылічваецца ў базавых велічынях і накладаецца на юрыдычную асобу, ня можа перавышаць 1000 БВ». Урэшце, «максімальны памер штрафу, які вылічваецца ў адсоткавых або кратных адносінах да кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэньня, сумы шкоды, ўгоды або даходу, атрыманага ў выніку ўгоды, ня можа перавышаць 2-кратны памер кошту» або сумы адпаведна. Штраф за правапарушэньні ў галіне фінансаў, рынку каштоўных папераў, банкаўскай і прадпрымальніцкай дзейнасьці і супраць парадку выкарыстаньня паліўна-энэргетычных рэсурсаў «ня можа перавышаць 5-кратны памер кошту» або сумы адпаведна[3].
Згодна з артыкулам 6.6 «папраўчыя працы ўсталёўваюцца на тэрмін ад 1-го да 2-х месяцаў і адбываюцца на месцы працы фізычнай асобы». Пры гэтым, «з заробку фізычнай асобы, якой прызначаныя папраўчыя працы..., праводзіцца вылічэньне ў даход дзяржавы ў памеры 20 %». Аднак «папраўчыя працы ня могуць быць прызначаныя цяжарным жанчынам, інвалідам І і ІІ групы, асобам, якія знаходзяцца ў водпуску для догляду за дзіцём, і асобам, якія дасягнулі агульнаўсталяванага пэнсійнага ўзросту». Паводле артыкула 6.7, «адміністрацыйны арышт заключаецца ва ўтрыманьні фізычнай асобы ва ўмовах ізаляцыі ў месцах, якія вызначаюцца органам, што кіруе выкананьнем адміністрацыйных спагнаньняў, і ўсталёўваецца на тэрмін да 15 содняў». Пры гэтым, «арышт ня можа прымяняцца да цяжарных жанчынаў, інвалідаў І і ІІ групы, жанчынаў і адзінокіх мужчынаў, якія маюць на ўтрыманьні непаўналетніх дзяцей або дзяцей-інвалідаў, да асобаў, якія маюць на ўтрыманьні інвалідаў І групы, і да асобаў, якія ажыцьцяўляюць догляд за састарэлымі, што дасягнулі 80-гадовага ўзросту». Артыкулам 6.8 прадугледжвалася, што «пазбаўленьне спэцыяльнага права ўсталёўваецца на тэрмін ад 3 месяцаў да 3 гадоў». Пры гэтым, «пазбаўленьне права кіраваньня транспартнымі сродкамі ня можа прымяняцца да фізычнай асобы, якая карыстаецца гэтымі сродкамі ў сувязі зь інваліднасьцю, за выняткам выпадкаў кіраваньня транспартным сродкам у стане алькагольнага ап'яненьня» або адмовы ад праходжаньня ва праверкі на ап'яненьне». Паводле артыкула 6.9, «пазбаўленьне права займацца пэўнай дзейнасьцю ўсталёўваецца на тэрмін ад 6 месяцаў да 1-го году». Згодна з артыкулам 6.10 «канфіскацыя заключаецца ў прымусовым бязвыплатным звароце ва ўласнасьць дзяржавы даходу, атрыманага ў выніку супрацьпраўнай дзейнасьці, а таксама прадмета адміністрацыйнага правапарушэньня, прыладаў і сродкаў учыненьня адміністрацыйнага правапарушэньня, якія знаходзяцца ва ўласнасьці асобы, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэньне»[3].
У артыкуле 6.12 прадугледжвалася спагнаньне кошту пры адсутнасьці, немагчымасьці або гаспадарчай немэтазгоднасьці збыту маёмасьці, якая была прадметам, прыладай або сродкам правапарушэньня, а таксама калі таксама маёмасьць не належала правапарушальніку. Паводле артыкула 6.13, «адміністрацыйная забарона на наведваньне фізкультурна-спартовых збудаваньняў усталёўваецца на тэрмін ад 3-х месяцаў да 3-х гадоў», калі пры іх наведваньні падчас спаборніцтва «за ўчыненае правапарушэньне прадугледжаны адміністрацыйны арышт»[3].
Асаблівая частка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асаблівая частка Кодэксу Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэньнях зьмяшчала разьдзел «Заключныя палажэньні» і апошнія 17 главаў (9—25) 3-га разьдзела: 1) «Адміністрацыйныя правапарушэньні супраць здароўя, гонару і годнасьці чалавека, правоў і свабодаў чалавека і грамадзяніна», 2) «Адміністрацыйныя правапарушэньні супраць уласнасьці», 3) «Адміністрацыйныя правапарушэньні ў галіне фінансаў, рынку каштоўных папераў і банкаўскай дзейнасьці», 4) «Адміністрацыйныя правапарушэньні ў галіне прадпрымальніцкай дзейнасьці», 5) «Адміністрацыйныя правапарушэньні супраць парадку падаткаабкладаньня», 6) «Адміністрацыйныя мытныя правапарушэньні», 7) «Адміністрацыйныя правапарушэньні супраць экалягічнай бясьпекі, навакольнага асяродзьдзя і парадку прыродакарыстаньня», 8) «Адміністрацыйныя правапарушэньні супраць здароўя насельніцтва», 9) «Адміністрацыйныя правапарушэньні супраць грамадзкага парадку і грамадзкай маралі», 10) «Адміністрацыйныя правапарушэньні супраць бясьпекі руху і эксплюатацыі транспарту», 11) «Адміністрацыйныя правапарушэньні ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны», 12) «Адміністрацыйныя правапарушэньні супраць парадку выкарыстаньня паліўна-энэргетычных рэсурсаў», 13) «Адміністрацыйныя правапарушэньні ў галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасьці, добраўпарадкаваньня і карыстаньня жылымі памяшканьнямі», 14) «Адміністрацыйныя правапарушэньні ў галіне сувязі і інфармацыі», 15) «Адміністрацыйныя правапарушэньні супраць парадку кіраваньня», 16) «Адміністрацыйныя правапарушэньні супраць правасудзьдзя і дзейнасьці органаў крымінальнай і адміністрацыйнай юрысдыкцыі», 17) «Адміністрацыйныя правапарушэньні супраць парадку прыпіскі грамадзянаў да заклічных участкаў, закліку на вайсковую службу і вайсковага ўліку»[3].
Найбольшай была пятнаццатая глава з 88 артыкулаў, якія вызначалі: невыкананьне пісьмовага патрабаваньня, перашкоду правядзеньню праверкі і экспэртызы, умяшаньне ў вырашэньне справы аб адміністрацыйным правапарушэньні і непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню або патрабаваньню службоўца пры выкананьні службовых паўнамоцтваў; абразу службоўца пры выкананьні ёй службовых паўнамоцтваў, парушэньне парадку льготнага крэдытаваньня, працы з маёмасьцю і дэкляраваньня даходаў і маёмасьці; парушэньне патрабаваньняў абавязковага пацвярджэньня адпаведнасьці вырабаў патрабаваньням тэхнічных нарматыўных прававых актаў у галіне тэхнічнага нармаваньня і стандартызацыі, тэхнічных рэгламэнтаў, а таксама адпаведнага заканадаўства і патрабаваньняў у галіне забесьпячэньня адзінства вымярэньняў; незаконнае пранікненьне на ахоўваныя збудаваньні, непадачу дакумэнта і справаздачы, парушэньне парадку падачы зьвестак дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасьці і рэгістрацыі фінансавых апэрацыяў пад асаблівым кантролем; парушэньне парадку разьмяшчэньня заказаў на выраб блянкаў строгай справаздачнасьці, іх вырабу і выкарыстаньня, а таксама выкарыстаньня замежнай бязвыплатнай дапамогі, парушэньне заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе, парадку вядзеньня дзяржаўнага кадастру і законных правоў дэпутата Палаты прадстаўнікоў, сябра Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і дэпутата мясцовага Савету дэпутатаў; парушэньне заканадаўства пры распараджэньні дзяржаўнай маёмасьцю і парадку правядзеньня экспэртызы, незаконнае перасячэньне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, парушэньне памежнага рэжыму, рэжыму Дзяржаўнай мяжы Беларусі і рэжыму ў пунктах пропуску празь Дзяржаўную мяжу; распаўсюд СМІ заведама ілжывых зьвестак, якія няславяць гонар і годнасьць прэзыдэнта Беларусі, парушэньне парадку ладжаньня і правядзеньня масавых мерапрыемстваў, наўмысныя пашкоджаньне і зрыў пячаткі, парушэньне парадку набыцьця друкарскага абсталяваньня, страту і незаконнае зьнішчэньне дакумэнтаў пастаяннага і часовага захоўваньня; парушэньне парадку здачы пячатак і штампаў, самаўпраўства, незаконнае карыстаньне эмблемай і найменьнем Чырвонага Крыжа, Чырвонага Паўмесяца і Чырвонага Крышталя, самавольнае займаньне зямельнай дзялянкі, парушэньне тэрмінаў вяртаньня часова занятых земляў, самавольныя пахаваньне і перапахаваньне[3].
Тамсама акрэсьліваліся: незаконныя дзеяньні ў дачыненьні дзяржаўных узнагародаў, незаконныя выраб, збыт і нашэньне формы адзеньня і знакаў адрозьненьня, незаконныя дзеяньні ў дачыненьні газавай, кідальнай, пнэўматычнай і халоднай зброі; парушэньне правілаў абыходжаньня з пальнай зброяй, выбухованебясьпечнымі, лёгкаўзгаральнымі, едкімі рэчывамі і піратэхнічнымі вырабамі; парушэньне тэрмінаў уліку газавай, кідальнай, пальнай і пнэўматычнай зброі, тэрмінаў падаўжэньня дзеяньня дазволаў на яе захоўваньне і нашэнььне або правілаў пастаноўкі яе на ўлік; ухіленьне ад рэалізацыі пальнай зброі і боепрыпасаў, усталёўка на грамадзянскай і службовай зброі глушыльніка і прыцэла начнога бачаньня, парушэньне правілаў абарачэньня прыладаў негалоснага атрыманьня інфармацыі, пражываньне без рэгістрацыі і пасьведчаньня асобы; незаконнае адабраньне пасьведчаньня асобы і прыняцьце яго ў заклад; парушэньне заканадаўства аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, заканадаўства аб пажарнай бясьпецы, ўмоваў і правілаў ажыцьцяўленьня ахоўнай дзейнасьці, заканадаўства ў галіне абароны насельніцтва і земляў ад надзвычайных сытуацыяў, а таксама заканадаўства аб надзвычайным і ваенным становішчы; невыкананьне вайскова-транспартнага абавязку, парушэньне патрабаваньняў аб бясьпечным вядзеньні працаў і правілаў уліку, захоўваньня, перавозу і выкарыстаньня выбуховых матэрыялаў; купаньне ў забароненых месцах, парушэньне парадку ўліку юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, незаконнае правядзеньне кастынгу; парушэньне забароны органаў дзяржаўнага нагляду за прытрымліваньнем тэхнічных рэгламэнтаў або органу дзяржаўнага мэтралягічнага нагляду, парадку ажыцьцяўленьня рамеснай дзейнасьці, натарыюсам тэрмінаў зьдзяйсьненьня натарыяльных дзеяньняў, парадку падачы зьвестак і дакумэнтаў для зьдзяйсьненьня натарыяльных дзеяньняў; незаконныя дзеяньні ў дачыненьні паляўнічай пальнай гладкаствольнай зброі, неўнясеньне прапановаў аб адмене дзяржаўнай падтрымкі, непадача або несвоечасовая падача дакумэнтаў аб зьмяненьні рэчавых правоў на простыя і пераводныя вэксалі, парушэньне парадку ажыцьцяўленьня паслуг у галіне аграэкатурызму; парушэньне парадку стварэньня страхавымі ўстановамі і брокерамі адасобленых падразьдзяленьняў і ўстановаў за межамі Беларусі для страхаваньня або набыцця паёў такіх установаў, невыкананьне абавязку па звароце за дзяржаўным улікам нерухомасьці, парушэньне жыльлёвага заканадаўства, патрабаваньняў заканадаўства аб нагляднай дзейнасьці і парадку даваньня і адабраньня зямельных дзялянак; незаконнае дэлегаваньне паўнамоцтваў на дзяржаўнае рэгуляваньне прадпрымальніцтва і на нагляд за ім, перашкода законнаму прадпрымальніцтву, парушэньне парадку правядзеньня конкурсаў і аўкцыёнаў, даваньня і выкарыстаньня бязвыплатнай дапамогі; незаконныя дзеяньні ў дачыненьні дзяржаўных сымбаляў Рэспублікі Беларусь, парушэньне парадку даваньня жылых памяшканьняў, пабудаваных і набытых з прыцягненьнем ільготнай пазыкі, паводле дамовы найму і арэнды; незаконны ўвоз асобаў у Беларусь і незаконнае ладжаньне дзейнасьці грамадзкага аб'яднаньня, рэлігійнага аб'яднаньня і фонду або ўдзел у іх дзейнасьці[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Закон Рэспублікі Беларусь ад 31 сьнежня 2006 г. № 208-З «Аб увядзеньні ў дзеяньне Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях і Працэсуальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 15 студзеня 2021 г. Праверана 5 студзеня 2022 г.
- ^ Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях ад 21 красавіка 2003 г. № 194-З (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 15 студзеня 2021 г. Праверана 5 студзеня 2021 г.
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м А. Лукашэнка. Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях ад 21 красавіка 2003 г. № 194-З // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 10 жніўня 2021 г. Праверана 5 студзеня 2022 г.
- ^ Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях // Лябараторыя распазнаваньня і сынтэзу маўленьня АІПІ, 10 жніўня 2021 г. Праверана 5 студзеня 2022 г.
- ^ Іван Луцэвіч, Канстанцін Міцкевіч, Язэп Лёсік, Сьцяпан Некрашэвіч, Уладзіслаў Чаржынскі, Мікола Гуткоўскі. сделка — угода, зьдзелка // Тэрмінолёгія права. — Менск: Інбелкульт, 1926. — (Беларуская навуковая тэрміналёгія).
- ^ Альбэрт Паўловіч, Дзяніс Крывадуб, М. Эвенчык, Г.П. Поляк. сделка — угода // Слоўнік бугальтэрскае тэрмінолёгіі. — Менск: Інбелкульт, 1928. — (Беларуская навуковая тэрміналёгія).
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |