Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак (Горадня)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Сакральнае збудаваньне
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі
Краіна Беларусь
горад Горадня
Каардынаты 53°40′37.68″ пн. ш. 23°50′9.84″ у. д. / 53.6771333° пн. ш. 23.8360667° у. д. / 53.6771333; 23.8360667Каардынаты: 53°40′37.68″ пн. ш. 23°50′9.84″ у. д. / 53.6771333° пн. ш. 23.8360667° у. д. / 53.6771333; 23.8360667
Канфэсія каталіцтва
Ордэнская прыналежнасьць брыгіткі
Архітэктурны стыль барока
Заснавальнік Крыштап Весялоўскі
Дата заснаваньня XVII стагодзьдзе
Будаўніцтва 16341642 гады
Статус Ахоўная зона
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак на мапе Беларусі ±
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак
Commons-logo.svg Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак на Вікісховішчы

Касьцёл Зьвестава́ньня Найсьвяце́йшай Па́нны Мары́і і кля́штар брыгі́так[1] ці Касьцёл Дабраве́шчаньня Найсьвяце́йшай Дзе́вы Мары́і і кля́штар брыгі́так[2] — помнік архітэктуры раньняга барока, (так званага любельскага тыпу рэнэсанснага касьцёла[3]) з элемэнтамі готыкі і рэнэсансу[4] быў пабудаваны ў 16341642 гадох на вуліцы Язерскай[a] (пазьней вул. Скідзельская, Купецкая, Брыгіцкая), забудова якой на той час была драўлянай[5].

Ансамбль зьяўляецца адной з дамінантаў гораду. Разьмешчаны ў гістарычным цэнтры Горадні па адрасе: Вуліца Карла Маркса, 27. Ансамбль былога кляштару брыгітак уключае ў сябе касьцёл, жылы корпус, драўляны лямус і каменную агароджу з брамай. Ансамбль зьяўляецца помнікам архітэктуры другой катэгорыі.

У архітэктурных дэталях брыгіцкага касьцёла і кляштару бачнае прыметнае адхіленьне ад клясычных барочных формаў. Гэта праявілася ў досыць вольнай трактоўцы капітэляў пілястраў карынцкага ордэну, у дэкаратыўным аздабленьні парталаў і асабліва — у архітэктурных матывах брамаў, якія ўжо толькі аддалена нагадваюць формы заходнеэўрапейскай архітэктуры[6].

На думку дасьледчыкаў, касьцёл брыгітак зьяўляецца адным з найбольш раньніх аўтэнтычных узораў барочнага двухвежавага фасаду ў сакральным дойлідзтве Беларусі, а спалучэньне ў ім рэнэсансных і барочных рысаў надае яму адметнасьць[7].

У двары комплексу захаваўся ўнікальны і самы старажытны драўляны будынак Беларусі — лямус, у архітэктуры і канструкцыях гэтай пабудовы нашлі сваё адлюстраваньне традыцыі беларускага народнага дойлідзтва[8].

Ансамбль прадстаўляе вялікую архітэктурную цікавасьць, таму што захаваўся да нашых дзён амаль безь перабудоваў.

Сьвятая Брыгіта і ордэн брыгітак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьвятая Брыгіта. Росьпіс алтара ў царкве Салема, Сёдэрманлянд, Швэцыя, каля 1480 году

Назва «брыгіткі» паходзіць ад імя дачкі швэдзкага князя Біргера Пэрсана — Брыгіты (у швэдзкай транскрыпцыі Біргіта). Нарадзілася Брыгіта каля 1303 году. Ва ўзросьце 13 гадоў супраць волі была выдадзена замуж за рыцара Ульфа Гудмарсана, ад якога мела 8 дзяцей. Паводле паданьняў была набожнай і на працягу жыцьця надыктоўвала духоўнікам думкі, якія пасьля сьмерці былі складзеныя ў асобны твор, які ў 1492 годзе быў выдадзены пад назвай «Адкрыцьцё Сьвятой Брыгіты».

«Мроі Брыгіты». Уваскрэсшы Хрыстос паказвае Свой бок, працяты дзідай, і натхняе Брыгіту на напісаньне яе «Адкрыцьцяў». Каля 1530 году, мініятура з кляштара Сіён, Ангельшчына

Твор «Адкрыцьцё Сьвятой Брыгіты» можна характарызаваць ня толькі як апавяданьне пра трансцэндныя перажываньні, але прыпавесьць. Мроі Брыгіты зьяўляюцца па сутнасьці алегорыямі, паэтычнымі фігурамі, уласьцівымі жанру Адкрыцьця. Каталіцкая царква хоць і прызнала «Адкрыцьцё» карысным для навучаньня вернікаў, але не прызнала яго праўдзіва дагматычным[3].

У 1346 годзе пасьля сьмерці мужа Брыгіта заснавала ордэн Збаўцы ў мястэчку Вадстэна ў Паўднёвай Швэцыі, які пасьля стаў называцца брыгіцкім. У 1349 годзе ордэн зацьверджаны Папам Рымскім. Паводле статуту ордэну, які напісала сама Брыгіта, асноўнаю мэтаю ордэну было пашырэньне культу пакутаў Хрыста і культу Маці Боскай. Статут новага ордэну ня быў вельмі суровым і набліжаўся да статута Сьвятога Аўгустына. Наадварот, суровым было стаўленьне да разьвітаньня са сьветам праз сталы напамін пра сьмерць. Таму перад уваходам на хоры ў касьцёлах брыгітак стаялі катафалкі, а абатысы штодзённа праводзілі манашак на мясцовыя могілкі. Само заснаваньне ордэну лічылася праявай культу Панны Марыі. У статуце было закладзенае імкненьне адпавядаць дуалізму чалавецтва — пажадана было ў кожным горадзе засноўваць парныя кляштары — жаночы і мужчынскі. Але найчасьцей кляштары ўзьнікалі толькі жаночыя, так сталася й на Беларусі[3].

Ордэн атрымаў пашырэньне ў паўночнай Эўропе. Нягледзячы на тое, што некалькі кляштараў брыгітак мелася ў Францыі і Італіі, у асноўным ордэн пашырыўся ў Швэцыі, Ангельшчыне і Паўночнай Нямеччыне. Але зь перамогай Рэфармацыі ў вышэйазначаных краінах, маёмасьць ордэну была канфіскаваная, а кляштары распушчаныя. Ордэну быў нанесены моцны ўдар, ад якога ён так і не аправіўся, таму брыгіцкія кляштары былі даволі рэдкімі і малавядомымі.

На Беларусі існавалі толькі два кляштары брыгітак: у Горадні і ў Берасьці. Аднак кляштар зь Берасьця быў перанесены ў Луцак і зьвестак пра яго амаль не захавалася. Таму адзіны кляштар брыгітак на Беларусі захаваўся толькі ў Горадні[9].

Гісторыя касьцёла і кляштару брыгітак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У часы Рэчы Паспалітай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заснавальнік касьцёла Крыштап Весялоўскі
Лічыцца, што на малюнку Гілярыя Хаецкага «Сьвятое сямейства», намалявана сям’я Весялоўскіх — фундатараў касьцёла
Грызэльда Сапега (1630-я гады, невядомы мастак)

Заснавальнікамі кляштара брыгітак лічыцца надворны маршалак Вялікага Княства Літоўскага Крыштап Весялоўскі і ягоная жонка Аляксандра Марыяна з роду Сабескіх, якія ў 1634 годзе запрасілі ў Горадню ордэн брыгітак і падаравалі яму некалькі зямельных участкаў у самім горадзе і фальваркі ў Гарадзенскім і Ваўкавыскім паветах[5]. Магчымым вынікам такога рашэньня магла быць сьмерць жонкі і прыёмнае дачкі Грызэльды. Дзякуючы фундацыі Весялоўскага ў 1636 годзе быў пастаўлены спачатку драўляны, а потым у 1642 годзе і мураваны будынак касьцёла паводле праекту італьянскага архітэктара Бэнэдэта Молі ў стылі раньняга барока[5][10]. Зь Любліну ў 1634 годзе прыбылі ў Горадню і пасяліліся напачатку ў драўляным лямусе, які быў пабудаваны ў тым жа годзе[5], першыя 8 сясьцёр-брыгітак на чале з Даротай Фірлей[10]. Ужо 6 сьнежня 1636 году адбылася сьвяточная інтрадыкцыя васьмі сясьцёр-брыгітак. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Горадні захоўваецца «Рэестар маёмасьці кляштару брыгітак» 1636 году, у якім пералічаныя званы, літургічныя шаты, палатно, посуд, скрыні і зялёная шафа[11]. У студзені 1637 году ў касьцёл быў перавезены зь Вільні прах Грызэльды, а ў красавіку тут пахавалі Крыштапа Весялоўскага. Кароль Уладзіслаў Ваза выдаў кляштару прывілеі ў 1638 і 1643 гадох[12].

У 1646 мастак Яган Шрэтэр стварыў для касьцёла алтарныя карціны: «Дабравешчаньне», «Сьвятая Брыгіта», «Сьвятая Ганна», «Беззаганнае зачацьце Панны Марыі» і іншыя[13].

«Зьвеставаньне», ікона XVIII стагодзьдзя

19 кастрычніка 1651 году храм быў асьвечаны віленскім біскупам Юрыем Тышкевічам і атрымаў назву Дабравешчаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі[10]. Касьцёл меў сем алтароў, галоўны называўся — Зьвеставаньня[14], назвы іншых былі: Сьвятога Аўгустына, Сьвятога Язэпа, Сьвятой Брыгіты, Сьвятой Ганны, Сьвятога Казімера, Сьвятой Катарыны Швэдзкай. А таксама ў касьцёле захоўваліся рэліквіі Сьвятога Клімэнта, які лічыўся заступнікам Горадні, сапраўднасьць рэліквіі пацьвярджалі дакумэнты Рымскай курыі (1768) і віленскага біскупа (1780)[15].

Першай ігуменьняй у 1640 годзе была люблінская ваяводзіна Ганна Сабеская, родная сястра Аляксандры Весялоўскай. Пры ёй кляштару былі адпісаныя мястэчка Крамяніца, фальваркі Князева, Мартынаўшчына, Вузлаўцы, Шылавічы, Задвор’е, Рагозьніца, вылучаныя грошы на шпіталь[10].

Кляштар значна пацярпеў падчас швэдзкай акупацыі Горадні ў час вайна Расеі з Рэччу Паспалітай, калі манахіні былі вымушаныя пакінуць Горадню і тры гады жыць у Гданьску, пакуль кляштар ня быў адноўлены[16].

Паводле Статуту і практыкі брыгіцкага ордэну, у кляштар прымалі дзяўчат са шляхецкіх і магнацкіх сем’яў, звычайна іх колькасьць была каля 20—30 чалавек, а максымальная іх колькасьць была 40. Так, у 1745 годзе іх колькасьць была 31. Духоўнікамі гарадзенскіх брыгітак былі ксяндзы-бэрнардыны. Аднак у 1752 годзе брыгіткі адмовіліся ад паслуг бэрнардынаў праз тое, што іх правінцыял Мадэст Унароўскі зьмяніў духоўніка бяз згоды манашак. Некаторы час духоўнікамі брыгітак былі дамініканцы, кармэліты, езуіты. З 1759 году брыгіткі зноў вярнуліся да паслуг бэрнардынаў. З канца XVIII стагодзьдзя ў кляштары выхоўваліся дзяўчынкі-сіраты са шляхецкіх сем’яў[17].

Галоўнымі храмавымі сьвятамі былі Зьвеставаньне Панны Марыі, сьвятых Катарыны, Клімэнта, Аўгустына і Брыгіты, апостала Пятра.

У 1684 годзе ў Вільні для манашак спэцыяльна быў выпушчаны малітоўнік «Breviarium monialum» (спэцыяльны дапаможнік з малітвамі і апісаньнем правядзеньня багаслужэньня). Займаліся манашкі і гаспадарчай працай, выраблялі прадукты для жыхароў Горадні і навакольля. Кожны год у Караляўцы з маёнткаў, якія належалі кляштару, водным шляхам адпраўлялася збожжа, назад везлася соль, жалеза, посуд, духмяныя карані. Таксама кляштар брыгітак быў вядомы для жыхароў Горадні і навакольля вытворчасьцю воску[18].

У складзе Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля пажару 1827 году ў комплексе праводзіліся рамонтныя работы, дабудоўваецца яшчэ адна частка кляштару з боку касьцёла, якая замкнула кляштарны будынак і касьцёл, утварыўшы прамавугольны ўнутраны падворак[11].

Плян 1830 году. Тэрыторыі ў Горадні, якія належалі кляштару брыгітак
Касьцёл на фота пачатку XX стагодзьдзя

У 1842 годзе расейскія ўлады выдалі загад аб касацыі кляштару ордэну Сьвятой Брыгіты ў Горадні. Самім сёстрам аднак дазволілі заставацца ў старых мурах да канца іх жыцьця. Акрамя таго, у кляштары пасялілі манашак з зачыненых кляштараў: бэнэдыктынак зь Нясьвіжу, брыгітак з Луцку і дамініканак з Наваградку[10][19].

У XIX стагодзьдзі царскія ўлады выкарыстоўвалі брыгіцкі кляштар як турму (гэтак жа як і езуіцкі). Сюды ў 1827 годзе зьмясьцілі паводле рашэньня суда Карнэлію і Ксавэрыю Рукевіч, удзельніц руху дзекабрыстаў і сясьцёр вядомага філямата і сябра таварыства «Ваенныя сябры» Міхала Рукевіча (1794—1841). Паводле царскага прысуду «сясьцёр шляхціца Рукевіча Ксавэрыю і Карнэлію замест вызначанай ім Яго Высокасьцю кары трымаць у кляштары: Ксавэрыю — адзін год, Карнэлію — шэсьць месяцаў». Сёстры правялі ў кляштары брыгітак тэрміны: Ксавэрыя — з 22 траўня 1827 па 3 чэрвеня 1828 году, Карнэлія — з 22 траўня па пачатак сьнежня 1827 году[20].

За ўдзел у паўстаньні Кастуся Каліноўскага 1863 году расейскія ўлады наклалі кантрыбуцыю на рымска-каталіцкае сьвятарства. Гарадзенскі брыгіцкі кляштар, як кляштар першай катэгорыі, павінен быў унесьці ў казну 553 рублі, што зьяўлялася вялікай сумай[11]. Касьцёл і кляштар ацалелі падчас пажару 1885 году, хоць была пашкоджаная пажарам званіца, аплавіліся званы і нават згарэлі знадворныя дзьверы касьцёла. У 1891 годзе ў кляштары засталося 5 манашак, а ў 1907 годзе ўсяго 2 састарэлыя сястры (і яшчэ дзьве так званыя «асьпіранткі»), для апекі над якімі архібіскуп віленскі Эдуард Роп дамогся ад уладаў прыняцьця кандыдатак. Апошняй зь сясьцёр-брыгітак была Элеанора Скжэндзеўская[21].

У 1908 годзе кляштар перададзены пад апеку ордэну Сьвятой сям’і з Назарэту. Першай абатысай кляштара назарэтанак у Горадні стала маці Паўла. У верасьні 1908 году маці Паўла (да гэтага даволі вядомая мастачка Марыя Гажыч, якая прадала свой маёнтак Тапаляны і ўсе атрыманыя грошы прызначыла на рэканструкцыю касьцёла і кляштару брыгітак; пасьля сьмерці пахаваная на старых каталіцкіх могілках на вуліцы Антонава)[22], атрымала ад уладаў пацьвярджэньне становішча ігуменьні брыгітак. Разам зь ёй прыехалі ў Горадню яшчэ дзьве сястры, а пазьней яшчэ тры[23]. 3 1909 году пробашчам пры кляштары быў Францішак Грынкевіч (1884—1933) — беларускі рэлігійны і культурны дзяяч. У той жа год у касьцёле адбываецца першая так званая «чэрвеньская служба».

XX стагодзьдзе і наш час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Від на касьцёл і кляштар брыгітак з паўночна-ўсходняга боку, фота пачатку XX стагодзьдзя
Від у наш час

Падчас нямецкай акупацыі сёстры адкрылі першую ў Горадні польскую гімназію, і да пачатку другой Сусьветнай вайны ў будынках кляштару знаходзілася школа назарэтанак[10], у якой вучылася 200 дзяцей. У 1935 годзе гарадзкія ўлады разглядалі пытаньне аб выдзяленьні сродкаў на рэстаўрацыю будынка кляштару[24].

Падчас Другой Сусьветнай вайны сёстры-назарэтанкі былі дэпартаваныя ў Старабельск (Варашылаўградзкая вобласьць)[25].

25 сакавіка 1950 году рашэньнем гарвыканкаму касьцёл быў зачынены, а кляштар выкарыстоўваўся спачатку як дзіцячы садок, а пасьля як псыхіятрычная лячэбніца і іншыя мэдычныя ўстановы. У 1961 годзе дасьледніцай архітэктуры Аленай Квітніцкай у падвалах касьцёла быў знойдзены архіў кляштара, мастацтвазнаўцай Аленай Аладавай — партрэты Крыштапа і Аляксандры Весялоўскіх, Грызэльды Вадынскай. Яны былі адрэстаўраваныя ў Дзяржаўным Расейскім музэі і дэманструюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусь ў Менску. У 19701980 гадох у касьцёле вяліся рэстаўрацыйныя працы, з прычыны добрай акустыкі памяшканьня плянавалася выкарыстоўваць касьцёл пад канцэртную залю[10].

У 1990 годзе храм перададзены каталіцкаму касьцёлу і 2 чэрвеня 1992 году асьвечаны архібіскупам Тадэвушам Кандрусевічам як касьцёл Зьвеставаньня Панны Марыі, а пасьля пабудовы новага будынка псыхіятрычнай лячэбніцы ў Горадні, будынак кляштару таксама перададзены вернікам.

Роля комплексу ў горадабудаўнічай забудове Горадні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя дамінанты гораду — Фарны касьцёл (зялёны колер), Езуіцкі касьцёл (сіні колер) і Брыгіцкі касьцёл. Жоўтым колерам пазначаная вуліца Язерская

XVII стагодзьдзе было для Горадні часам інтэнсіўнага будаўніцтва касьцёлаў і кляштараў. Да ўжо існаваўшых Фарнага касьцёла (не захаваўся), касьцёла Сьвятога Духа (не захаваўся) і Бэрнандынскага мужчынскага кляштару з касьцёлам дадаліся Бэрнандынскі жаночы (не захаваўся), Брыгіцкі, Езуіцкі, Дамініканскі (не захаваўся), Францішканскі, Кармэліцкі (не захаваўся), Баніфатэрскі (не захаваўся) кляштары і касьцёлы. Яны зьяўляліся апорнымі кропкамі ўсёй пляніроўкі гораду і адыгрывалі вырашальную ролю ў будове ягонай пляніровачнай структуры і ўсяго архітэктурнага вобліку гораду.

Сыстэма разьмяшчэньня кляштараў была такой, што яны займалі ўсе важныя стратэгічныя кропкі на подступах да гарадзкога цэнтру і стаялі на галоўных магістралях. Апроч абарончай ролі, будаўнікі кляштараў улічвалі і ансамбль вулічнай архітэктуры, плошчаў і гораду ў цэлым. Касьцёлы разьмяшчаліся так, што пры руху ў цэнтар гораду іх памеры павялічваліся, дзякуючы чаму стваралася паступовае нарошчваньне моцы архітэктурнага ўзьдзеяньня[26].

Малюнак касьцёла паводле эскізаў пачатку XIX стагодзьдзя. Від з вуліцы Язерскай

Для пабудовы комплексу касьцёла і кляштару брыгітак спатрэбіўся даволі вялікі кавалак зямлі. Патрэбная тэрыторыя знайшлася ў самым канцы вуліцы Язерскай (сучасная Карла Маркса), на рагу вуліцы Наваікаўскай (сучасная вуліца Моладзевая). Нягледзячы на тое, што плошча кавалку была даволі вялікай, знайшліся акалічнасьці, якія вымусілі праектоўніка адступіць ад канонаў будаўніцтва.

Замест кананічнага трохнэфавага храму невядомы архітэктар паставіў аднанэфавы касьцёл алтаром на ўсход, а бакавым фасадам да вуліцы Язерскай. Галоўны заходні фасад быў выкананы як манумэнтальная трохчасткавая кампазыцыя, акцэнтаваная па вэртыкалі. Пры гэтым касьцёл замыкаў пэрспэктыву вуліцы Наваікаўскай, якая ў тым месцы рабіла выгіб. Замест двух будынкаў для манахаў і манашак, якія па статуту ордэну павінны прымыкаць да храму з поўдня і поўначы, тут быў арганізаваны адзін разьвіты двухпавярховы кляштар з замкнутым нутраным дворыкам. Паколькі кляштар разьмяшчаўся з паўднёвага боку касьцёла, зьявілася магчымасьць прысунуць касьцёл бліжэй да вуліцы Язерскай, каб храм лепш успрымаўся ў пэрспэктыве. Аднак ён усё ж не выходзіў на лінію забудовы вуліцы, таму што тэрыторыя комплексу была абнесена мурам з каменнымі вежамі па вуглах. Высокі мур закрываў ніжні ярус касьцёла, і пры гэтым выглядаў як яго моцны п’едэстал. З-за агароджы да неба рытмічна цягнуўся шэраг вузкіх аконных праёмаў і тонкіх пілястраў. Высокая і гладкая абарончая сьцяна з плястычнымі акцэнтамі надавала касьцёлу яшчэ больш велічнасьці[4].

Як і іншыя архітэктурныя дамінанты, комплекс кляштару брыгітак добра суадносіўся ня толькі з прылеглай забудовай, але і з усім горадам. На былой вуліцы Язерскай стаялі два кляштары — Езуіцкі і Брыгіцкі. На плошчы гэты напрамак замыкаўся Фарным касьцёлам. Усе касьцёлы былі арыентаваныя ўздоўж вуліцы і былі нібы выцягнутыя ў кільватэрную лінію ў напрамку да замкаў[27]. Дзьве архітэктурныя дамінанты на адной вуліцы фармавалі комплекс зь лякальнай восьсю, які падкрэсьліваў напрамак да гарадзкога цэнтру[28].

Архітэктура касьцёла[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл — помнік архітэктуры раньняга барока. Разьмешчаны ў паўночнай частцы комплексу. Зрух усяго манастырскага комплексу да паўночна-заходняга вугла плошчы быў прадыктаваны як абарончымі разьлікамі (такім чынам ажыцьцяўляўся кантроль важнага раздарожжа на подступах да гарадзкога цэнтру), таксама ўлічвалася і ансамблевая пабудова вуліцы. У пляне комплексу касьцёл арганічна зьвязаны з кляштарам і ўтварае зь ім адзінае цэлае[29].

Экстэр’ер[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян касьцёла і кляштару брыгітак
Галоўны фасад касьцёла

Касьцёл уяўляе сабой аднанэфавы дзьвюхвежавы храм з паўцыркульнай апсыдай накрыты агульным высокім чарапічным дахам. Фасады разьдзеленыя паўцыркульнымі высокімі аконнымі праёмамі і крапаваныя ў прасьценках карынцкімі пілястрамі, аб’яднаныя агульным антаблемэнтам. Асаблівую цікавасьць уяўляе сьцяна галоўнага фасаду, вырашаная па-барочнаму пышна, яна больш шырокая за нэф, таму што арганічна ўключае ў сабе бакавыя вежачкі, дэкаратыўна аздобленыя вуглы збудаваньня[30]. Франтальны фасад храму вырашаны плазаватасьцю, якая ў складаным рытме крапуецца карынцкімі пілястрамі, трыма ярусамі, прафіляванымі антаблемэнтамі, арачнымі праёмамі і нішамі для скульптуры. На ўзроўні карнізу нэфа галоўны фасад падзелены магутным двух’ярусным антаблемэнтам, ніжні фрыз якога аздоблены расьлінным арнамэнтам у тэхніцы зграфіта (рэнэсансны элемэнт), верхні фрыз у цэнтры ўпрыгожаны сэгмэнтным франтонам з дынамічным скульптурным рэльефам (барочны элемэнт). Фасад завяршае тарча з трохвугольным франтонам, які бакавымі вітымі валютамі аб’ядноўваецца з чатырохграннымі ярусамі бакавых вежаў з партатыўнымі сыгнатуркамі. Роўная вышыня вежаў і франтонаў надае фасаду тэктанічную цэласнасьць і завершанасьць[31]. На асноўным заходнім фасадзе можна вылучыць кампазыцыйныя прыёмы, якія адрозьніваюць яго ад іншых гарадзенскіх касьцёлаў, у першую чаргу Бэрнандынскага і Езуіцкага. Так, трохвугольнае разьмяшчэньне нішаў атрымала ў брыгіцкім касьцёле адваротную пабудову. Аснова трохвугольніка зьмясьцілася ўгору, а вяршыня данізу. Такім парадкам, уся кампазыцыя атрымала большую дынамічнасьць і вастрыню[32].

Дэкор фасаднага фрызу выкананы ў тэхніцы зграфіты (расьлінны арнамэнт у спалучэньні з выявамі міталягічных істотаў). Ужываньне фантастычных алегорыяў, гратэску, наданьне натуральным формам штучных дэфармацыяў гавораць пра значны ўплыў маньерызму — вапняковыя парталы брыгіцкага касьцёла маюць элемэнты арнамэнтаў у форме акантоўкі, фантастычных грыфонаў і расьлінаў. Бадай самай адметнай рысаю касьцёла зьяўляецца зграфітавы фрыз: на ўсім фасадзе цягнецца арнамэнты пас, утвораны выскрэбваньнем верхняй белай тынкоўкі, пад якой знаходзіцца амаль чорная (у вапну дадаваўся драўнінны вугаль). Такім чынам атрымліваліся даволі яскравыя і рэльефныя выявы анёлаў, цмокаў, расьлінаў — на чорным тле. Зграфітавы фрыз касьцёла быў створаны на завяршальным этапе аздабленьня касьцёла (1643—1645). Паколькі зграфіта зьяўляецца тыповай рэнэсанснай тэхнікай, то з разьвіцьцём барока зграфіту затынкавалі. У 1980-я гады пад час дасьледаваньняў архітэктуры касьцёла былі знойдзеныя парэшткі зграфіты. Фрыз цалкам рэстаўравалі[33].

На бакавых фасадах паўцыркулярныя вокны[34]. Цэнтральны і бакавы ўваходы ў касьцёл абрамленыя парталамі. Усе элемэнты добра зьвязаныя паміж сабой і складаюць адзінае цэлае[35].

Інтэр’ер[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нутраны выгляд касьцёла

Ва ўнутраным аздабленьні брыгіцкага касьцёла вылучаецца з аднаго боку большая прастата і стрыманасьць у адрозьненьне ад іншых гарадзенскіх касьцёлаў, з другога боку — тонкае хараство дэкаратыўнага ўбраньня[36].

Будынак мае аднанэфавую структуру з паўкруглым алтарным завяршэньнем, якое ўпісваецца ў агульны прамавугольны плян. Унутры нэф перакрыты цыліндрычным скляпеньнем даволі значнага пралёту з распарубкамі без падпружных арак. Адзіная падпружная арка на моцна высунутых пілёнах аддзяляе алтарную частку, перакрытую конхавым скляпеньнем з чатырма радыяльнымі распарубкамі. Ва ўваходнай частцы (адпаведна кроку капітальнай сьцяны кляштару) вылучаны ніжні неканструкцыйны нартэкс.[37]

Унутраны выгляд касьцёла на фота 1930 гадоў

Заля храма перакрытая цыліндрычным скляпеньнем, умацаваным падпружнымі аркамі і прарэзаным над вокнамі распалубкамі. Паўцыркулярная апсыда аддзеленая ад залі бакавымі пілёнамі і перакінутай паміж імі аркай, мае аднолькавую з нэфам вышыню. Над уваходам — узьнятая на два гранёныя слупы і патроеную аркаду шырокая галерэя хораў, якая злучаная з кансольным бакавым бальконам зь вітой лесьвіцай. Архітэктурная плястыка інтэр’еру, як і фасаду храма, заснаваная на крапоўцы сьценаў пілястрамі стылізаванага карынцкага ордару. Такім чынам, тут готыка-рэнэсансны элемэнт падаецца ў новай барочнай трактоўцы[38]. Па бакавых нэфах і пад хорамі разьмешчана 14 барэльефных сюжэтна-скульптурных пано на тэму Крыжовага шляху Хрыста. У глыбокай арачнай нішы бакавой сьцяны разьмешчаная скульптурная кампазыцыя «Хрыстос, які пакутуе і Марыя». Цікавай асаблівасьцю інтэр’еру брыгіцкага касьцёла зьяўляецца тое, што ў ім арган разьмяшчаецца не на хорах, а на бальконе з правага боку сьцяны[39].

У касьцёле захоўваліся рэліквіі Сьвятога Клімэнта — заступніка гораду[40]. Багаты ўнутраны строй касьцёла складаўся зь велізарных скульптурных кампазыцыяў і больш чым за 40 абразоў. Алтарныя выявы для яго пісаў вядомы віленскі мастак Яган Шрэтэр, а таксама мясцовыя мастакі: Гіляры Хаецкі, Францішак Лякшынскі, Якуб з Тыкоціну. Мастак-дамініканец Гіляры Хаецкі, які жыў у XVII стагодзьдзі, вядомы сваёй працай «Сьвятога сямейства», на якім, як лічыцца, намаляваная сям’я Весялоўскіх — фундатараў касьцёла. Зараз твор захоўваецца ў Гарадзенскім дзяржаўным музэі гісторыі рэлігіі.

Галоўны алтар касьцёла — драўляны, гэтак жа як і чатыры бакавых. Амвон выраблены накшталт тых, што ў віленскай капліцы Сьвятога Казімера. Арган быў выраблены вядомымі гданьскімі майстрамі. У 1964 годзе ў скрыптах касьцёла была знойдзеная вялікая колькасьць абразоў і малюнкаў (у тым ліку і заснавальнікаў кляштару) якія пасьля рэстаўрацыі ў Эрмітажы ўпрыгожылі экспазыцыю Нацыянальнага мастацкага музэю ў Менску[41].

Архітэктура кляштару[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пляне комплексу кляштар арганічна зьвязаны з касьцёлам і ўтварае зь ім адзінае цэлае.

Архітэктура манастырскага будынка, які знаходзіцца за сьцяной, простая і ляканічная. Двухпавярховы жылы корпус — помнік архітэктуры барока, прамавугольны ў пляне будынак з унутраным дворыкам, злучаны з паўночна-заходняй сьцяной касьцёла. Невялікія скляпеністыя памяшканьні традыцыйна аб’яднаныя нутранымі калідорамі-галерэямі па пэрымэтры замкнёнага прамавугольнага двара. Фасады рытмічна падзелены маленькімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі з простымі ліштвамі, аб’яднанымі шырокім карнізам. На паўночным фасадзе захаваўся партал, аздоблены мастацкай тынкоўкай. Па пэрымэтры будынка з боку двара праходзіць калідор з кельлямі. У паўднёва-ўсходнім вуглу кляштарнага комплексу стаіць асобная прыбудова, на першым паверсе якой была трапэзная, на другім — бібліятэка[40].

Забудова кляштару мае даволі добрую захаванасьць і да нашых дзён.

Драўляны лямус[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Драўляны лямус
Фасад лямуса
Фота з боку

Ва двары кляштару захавалася ўнікальная драўляная двухпавярховая пабудова гаспадарчага прызначэньня XVII стагодзьдзя  — лямус. Лямус уяўляе сабой двухпавярховы прамавугольны ў пляне будынак з высокім вальмавым дахам (магчыма першапачаткова дах быў чарапічны). Лямус пабудаваны ў 1630-я гады[b] на бутавым падмурку з масіўных драўляных брусаў без адзінага цьвіка. Усе канструктыўныя элемэнты зьвязаныя ўрубкамі і/ці драўлянымі клінамі. Галоўны паўночны фасад аформлены двух’яруснай арачнай галерэяй (падсенцамі) з балюстрадай на другім паверсе. Ніжнюю плоскасьць падкосаў і балак над імі складаюць суцэльныя паўцыркулярныя праёмы. Лямус спалучаў у сабе гаспадарчыя і жылыя якасьці. Першы паверх выкарыстоўваўся як складзкое памяшканьне, другі быў жылым. Пазьней пляніроўка была зьмененая[42].

Паводле дасьледваньняў В. І. Кудрашова, двухпавярховы лямус будаваўся спачатку як манаскі жылы дом, паводле дасьледваньняў гісторыка архітэктуры У. А. Чантурыя, у якасьці жылога быў толькі другі паверх, першы выкарыстоўвалі як сховішча. Пасьля збудаваньня мураванага корпусу кляштару, другі паверх лямуса заняла абслуга[5]. На сёньняшні час лямус зьяўляецца адным з самых старых драўляных збудаваньняў на тэрыторыі сучаснай Беларусі[43].

Да нашых дзён у Горадні захаваўся яшчэ адзін лямус XVIII стагодзьдзя (у адрозьненьне ад кляштару брыгітак — каменны), які разьмяшчаецца паміж тэатрам лялек і гарадзкім домам культуры Горадні[44].

Агароджа кляштару[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Увесь кляштар быў абнесены вялізнымі каменнымі сьценамі, знутры быў разьбіты сад. У 1950-я гады была разабраная ўся агароджа з паўднёвага боку разам зь дзьвюма зьнешнімі вежамі, брамай і часткай усходняй сьцяны.[45]

Будынкі кляштару адгароджаныя ад вуліцы глухімі каменнымі сьценамі вышынёй каля пяці мэтраў з квадратнымі ў пляне вежамі па вуглах. Агароджа ўяўляе сабой глухую цагляную тынкаваную сьцяну, па вуглах якой стаялі невялікія шасьціграневыя вежы. Сьцяну праразалі чатыры брамы, аформленыя ў стылі барока (захавалася тры зь іх). У глухой сьцяне, якая ідзе ўздоўж Моладзевай вуліцы, на якую выходзяць галоўныя фасады касьцёла і кляштару, разьмяшчаюцца дзьве брамы, яшчэ адна брама разьмешчана ў бок вуліцы Язерскай (Карла Маркса). Брамы манастыра — адна з самых эфэктных частак комплексу. Найбольш манумэнтальная з брамаў разьмешчана перад цэнтральным уваходам у касьцёл і арганічна суадносіцца зь ім сваім ідэнтычным барочным архітэктурным рашэньнем.

На другім баку вуліцы Язерскай раней існавала званіца касьцёла брыгітак. За савецкім часам, у 1950-я яна была зьнесеная савецкімі ўладамі ў рамках праграмы барацьбы з рэлігіяй. Хутчэй за ўсё час пабудовы званіцы ў стылі клясыцызму прыходзіўся на канец XVIII — пачатак XIX стагодзьдзя і агульных рысаў з архітэктурай асноўнага комплексу будынкаў не існавала. Падмурак званіцы захаваўся да нашых дзён і знаходзіцца ля дому № 26 па вуліцы Маркса.

Комплекс на старых фотакартках[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кляштар на фота Яна Булгака

Фатаграфія зьявілася ў Горадні на пачатку 1870-х гадоў. Аднак аж да 20-х гадоў XX стагодзьдзя комплекс кляштару брыгітак не сустракаўся на старых фота, што было зьвязана зь пераважна варожымі адносінамі да каталіцкай царквы з боку ўладаў. Сытуацыя зьмянілася пасьля ўваходу Заходняй Беларусі ў склад Польшчы. З гэтага часу былы касьцёл брыгітак, гэтаксама як і вуліца Купецкая-Брыгіцкая, стае папулярным аб’ектам для гарадзенскіх фатографаў.

Кампазыцыйным цэнтрам Купецкай вуліцы на старых фота часта служыў касьцёл Сьвятой Брыгіты. Ён быў адзіным буйным будынкам і зьмяшчаўся якраз пасярэдзіне кадра. Для выразных дзяленьняў вуліцы па глыбіні выкарыстоўваліся бальконы дамоў справа і вежы агароджы зьлева. Лёгкі прадольны выгіб вуліцы таксама садзейнічаў таму, што брыгіцкі касьцёл аказваўся кульмінацыйным цэнтрам выявы.

Калі чалавек праходзіў пару дзясяткаў мэтраў у бок цэнтру, на грэбні невялікага ўзвышша і ізноў у цэнтры кадра стаяў касьцёл Сьвятой Брыгіты. На другім баку з-за невысокіх збудаваньняў высунулася да восі вуліцы другая архітэктурная вэртыкаль — званіца кляштару. Цікавая і роля гладкай агароджы кляштара, па кантрасьце супрацьпастаўленай плястычнай насычанасьці будынкаў другога боку вуліцы. У выніку вуліца як бы працісквалася паміж двума акцэнтамі.

Вядомы фатограф Ян Булгак зрабіў фота, прайшоўшы яшчэ далей у цэнтар. Галоўным зьвяном у відавай пэрспэктыве стала званіца брыгіцкага кляштару, якая як бы праходзіць праз вуліцу, падзяляючы яе па глыбіні[46].

Дзейнасьць суполкі. Набажэнствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Сьвятая Імша ў нядзелю і сьвяты — 12.00, 17.00 (кожную другую нядзелю на ангельскай мове) 19.00
  • Сьвятая Імша ў будні — 7.30, 19.00 (травень, чэрвень, кастрычнік)

Адпуст: 25 сакавіка, 23 ліпеня, першы панядзелак пасьля ўрачыстасьці Спасланьня Сьвятога Духу[47].

Комплекс касьцёла і кляштару брыгітак у мастацкай літаратуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

« У 17—18 стст. магутна раскінула каменныя хвалі франтонаў і мачты сваіх званіц барока. Той, хто ня бачыў гродзенскага Фарнага, комплексу манастыра Брыгітак або Францісканскага касьцёла над Нёманам — уяўленьне таго ад нашага захаду заўсёды будзе ня поўным. »

Уладзімер Караткевіч. «Зямля пад белымі крыламі[48]»

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Яна ж Азёрная, у крыніцах падаецца і як Язерская, і як Азёрная. Для папярэджаньня блытаніны тут і надалей выкарыстоўваецца Язерская.
  2. ^ Паводле меркаваньня дасьледнікаў, лямус, як і большая частка драўляных збудаваньняў Горадні, быў моцна пашкоджаны пажарам у 1753 годзе.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ catholic.by Гродна — рэктаральны касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгідскі касцёл)
  2. ^ А. М. Кулагін Каталіцкія храмы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2000. — С. 45.
  3. ^ а б в Памяць. — Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1999. — Т. Гродна. — С. 96. — ISBN 985-11-0147-8.
  4. ^ а б Кишик Ю. Н. Градостроительная культура Гродно. — Мн: Белорусская наука, 2007. — С. 130. — 303 с. — ISBN 978-985-08-0830-1.
  5. ^ а б в г д Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В.Я. Абламскі, І.М. Чарняўскі, Ю.А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978-985-6828-35-8
  6. ^ Чантурия В.А., Чантурия Ю.В. Памятники и памятные места Беларуси. — Смоленск: Русич, 2007. — С. 231. — 416 с. — ISBN 978-5-8138-0792-3.
  7. ^ Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Мн.: Ураджай, 2001. — С. 100. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-X.
  8. ^ Чантурия В.А. Архитектурные памятники Гродно. — «Полымя». — Мн.: БелСЭ, 1983. — С. 11. — 31 с..
  9. ^ А. Марціновіч Горадна, Горадзен, Гродна. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2008. — С. 44. — 112 с. — ISBN 978-985-02-0921-4.
  10. ^ а б в г д е ё Кляштар на важнай магістралі
  11. ^ а б в Т. Р. Маліноўская, Н. А. Маліноўская-Франке Гродзенскі брыгіцкі кляштар і назарэтанкі (1790-я — 1930-я гг.)..
  12. ^ Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 224. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  13. ^ Лугаваене А. Шрэтэр // БЭ ў 18 т. Т. 17. Мн., 2003. С. 466—467.
  14. ^ А. Марціновіч Горадна, Горадзен, Гродна. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2008. — С. 45. — 112 с. — ISBN 978-985-02-0921-4.
  15. ^ Памяць. — Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1999. — Т. Гродна. — С. 697. — ISBN 985-11-0147-8.
  16. ^ Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 224. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  17. ^ Памяць. — Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1999. — Т. Гродна. — С. 697. — ISBN 985-11-0147-8
  18. ^ Гардзееў Ю. Рамантык эпохі Асьветніцтва: Антон Тызенгаўз. — Мн.: Тэхналёгія, 2008. — С. 36. — 67 с. — ISBN 978-985-458-171-2.
  19. ^ Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 224. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  20. ^ Калектыў аўтараў: Карнялюк В., Швэд В. і інш. Гродназнаўства. Гісторыя эўрапейскага горада.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 167..
  21. ^ Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 224. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  22. ^ Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 225. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  23. ^ Дом Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Паньне Марыі ў Горадні (са знойдзеных запісаў сястры назарэтанкі)
  24. ^ Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 225. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  25. ^ Памяць. — Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1999. — Т. Гродна. — С. 697. — ISBN 985-11-0147-8.
  26. ^ Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 44. — 127 с.
  27. ^ Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 45. — 127 с.
  28. ^ Кишик Ю. Н. Градостроительная культура Гродно. — Мн: Белорусская наука, 2007. — С. 131. — 303 с. — ISBN 978-985-08-0830-1
  29. ^ Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 55. — 127 с..
  30. ^ Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Мн.: Ураджай, 2001. — С. 99. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-X
  31. ^ Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Мн.: Ураджай, 2001. — С. 100. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-X
  32. ^ Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 56. — 127 с.
  33. ^ Памяць. — Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1999. — Т. Гродна. — С. 97. — ISBN 985-11-0147-8
  34. ^ Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И. П. Шамякин (гл.ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с.
  35. ^ Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 56. — 127 с.
  36. ^ Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 56. — 127 с.
  37. ^ Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Мн.: Ураджай, 2001. — С. 99. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-X
  38. ^ Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Мн.: Ураджай, 2001. — С. 99. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-X
  39. ^ Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 58. — 127 с.
  40. ^ а б Архітэктура Гродна
  41. ^ Семенчук А. А., Гостев и др. Королевский город Гродно. — Рифтур, 2010. — С. 34. — 70 с. — ISBN 9-78956-919230
  42. ^ Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И. П. Шамякин (гл.ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с.
  43. ^ Монастырю бригиток в Гродно 377 лет
  44. ^ Семенчук А. А., Гостев и др. Королевский город Гродно. — Рифтур, 2010. — С. 35. — 70 с. — ISBN 9-78956-919230.
  45. ^ Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 223. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  46. ^ Кишик Ю. Н. Градостроительная культура Гродно. — Мн: Белорусская наука, 2007. — С. 208. — 303 с. — ISBN 978-985-08-0830-1.
  47. ^ Рымакаталіцкі касьцёл на Беларусі
  48. ^ Уладзімер Караткевіч, «Зямля пад белымі крыламі».

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Семенчук А. А., Гостев и др. Королевский город Гродно. — Рифтур, 2010. — 70 с. — ISBN 9-78956-919230
  • Горадна, Горадзен, Гродна. А. Марціновіч. Мінск, Мастацкая літаратура, 2008 г. 112 с ISBN 978-985-02-0921-4

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Histvalue sign export.svg Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  412Г000017

Commons-logo.svg Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак (Горадня)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў