Перайсьці да зьместу

Зграфіта

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Зграфіта ў кляштары брыгітак (Горадня)

Зграфі́та ці графі́та (па-італьянску: sgraffito, graffito — літ. выдрапаны) — від манумэнтальнага дэкаратыўнага жывапісу, прынцыпы і тэхніка якога заснаваныя на прадрапваньні верхняга тонкага слою тынкоўкі да наступнага слою, паводле колеру кантраснага першаму. Вылучаецца трываласьцю і ўстойлівасьцю да атмасфэрных зьмен. Выкарыстоўваецца пераважна для аздабленьня фасадаў і інтэр’ераў будынкаў.

Тэхніка зьявілася ў эпоху Адраджэньня ў Італіі. На Беларусі зьявілася ў XVI стагодзьдзі ў помніках рэнэсансавае архітэктуры.

Італьянскае слова sgraffito паходзіць ад graffiare («драпаць»), якое ў сваю чаргу паходзіць ад грэцкага γράφειν (gráphein, «пісаць»). Падобнае паходжаньне маюць і графіта(d) ды графіці.

На Беларусі рэшткі зграфіта захаваліся на мурох Старога замку (XVI стагодзьдзе, цяпер затынкаваны) і фрызе касьцёлу кляштара брыгітак (сярэдзіна XVII стагодзьдзя, рэстаўраваны ў 1978) у Горадні. Цікавасьць да сграфіта ў пэўнай ступені адрадзілася ў творах стылю клясыцызму, прыкладам чаго могуць служыць фрагмэнты сграфітавага дэкору ў Ружанскім палацы.

З другой паловы XX стагодзьдзя выкарыстоўвалася ў манумэнтальным мастацтве: дэкаратыўныя кампазыцыі ў фае кінатэатру «Кіеў» у Менску (мастакі Г. Гаркуноў, А. Кішчанка), у кінатэатры «Беларусь» у Берасьці (маст. Я. Крупскі), палацы культуры Менскага камвольнага камбінату (мастакі Г. Вашчанка, У. Стальмашонак) і інш. У тэхніцы зграфіта працавалі беларускія мастакі Г. Вашчанка, С. Дамарад, Г. Жарын, А. Жгун, Л. Каленік, А. Кішчанка, У. Крываблоцкі, З. Літвінава, С. Рабашчук, С. Сакалоў, У. Стальмашонак, В. Чайка.