Перайсьці да зьместу

Гарадзенскі езуіцкі калегіюм

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Гарадзенскі езуіцкі калегіюм — адукацыйная ўстанова ордэну езуітаў у Горадні, заснаваная з ініцыятывы караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя ў 1584 годзе. Адзін з трох самых вялікіх касьцёлаў эпохі барока ў Рэчы Паспалітай[1], Касьцёл Сьвятога Францішка Ксаверыя, быў узьведзены ў 1675-1700 гады.

Даваенны пэрыяд існаваньня калегіюму

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заснаваньне калегіюму пры Стэфаны Баторыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У лютым — пачатку траўня 1584 году Стэфан Баторы выклікаў у Горадню правінцыяла Польскай правінцыі ордэну Джавані Паола Кампана[2] і прапанаваў яму праект заснаваньня двух калегіюмаў — у Горадні і Берасьці. Кампана доўгі часаў адкладваў мамэнт прыняцьця фундацыі, апраўдаваючыся недахопам людзкіх сродкаў[3]. Аднак кароль, ужо адмовіўшыся ад ідэі заснаваньня двух калегіюмаў, усё ж запісаў 10,000 польскіх злотых у якасьці фундацыі Гарадзенскага калегіюму і прыступіў да будаўніцтва касьцёла. Стэфан Баторы зьвярнуўся наўпрост да папы Грыгорыя XIII, а той ужо настойліва рэкамэндаваў генэралу Клаўдыё Аквавіву прыняць фундацыю ў якасьці выключэньня з правілаў[4].

Фундаваны касьцёл будаваўся вельмі хутка, але заўчасная сьмерць Стэфана Баторыя ізноў перанесла цэнтар палітычнага жыцьця Рэчы Паспалітай з Горадні ў Кракаў і Вільню[5]. Праз два гады пасьля сьмерці караля яго цела было перанесеная ў Вавэльскі катэдральны сабор у Кракаве. Недабудаваны касьцёл быў перададзены прыходу, а пажалаваныя каралём угодзьдзі былі зданы ў арэдну з накіраваньнем плацяжоў на забясьпячэньне Віленскай акадэміі[6].

Пэрыяд прыватнага фундаваньня калегіюму

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У другі раз езуіцкая місія зьявілася ў Горадні толькі ў 1623 годзе[7] (па іншых зьвестках у 1622 годзе)[5], дзякуючы старосьце гарадзенскаму Станіславу Касабуцкаму, які, выпраўляючыся на вайну з туркамі, запісаў у завяшчаньні на выпадак яго сьмерці вёску Сухая Баля езуітам, але даходаў ад гэтае фундацыі хапала толькі для адкрыцьця ў горадзе місіянэрскай станцыі[5].

Ужо ў 1558 годзе быў устаноўлены мінімум матэрыяльнай базы для адкрыцьця калегіюму[8]. Ён уключаў наяўнасьць жылога памяшканьня для саміх езуітаў, памяшканьне для заняткаў, касьцёла і набажэнстваў. Фундацыя павінна была забясьпечваць утрыманьне 14 чалавек (гэткі мінімум патрабаваўся для г. зв. граматыкальнай школы). У 1565 годзе мінімальны склад пэрсанала для калегіюмe павялічылі да 20 чалавек[8]. З-за магдэбурскага права Горадні і разьмяшчэньня яго сярод «каралеўскіх сталовых маёнткаў» такога буйнога патрона, як Радзівілы ў Нясьвіжы, гарадзенскаму дому ордэну езуітаў знайсьці не ўдалося. Пагэтаму далейшае яго разьвіцьцё зьвязвалася з паступовым назапашваньнем невялікіх фундацый[9]. Першымі буйнымі фундацыямі зьяўляліся:[10]

Фундатар Статус фундатара Фундацыя
Францішак Ісайкоўскі
(Franciszek Dołmat Isajkowski)
Мінулы настаяцель гарадзенскага прыходу, затым — смаленскі біскуп Угодзьдзі Сьвіслач
Кшыштаф Халецкі
(Krzysztof Chalecki)
Запісаныя на імя езуітаў угодзьдзі Харастоў (Horostów), Калбасіна (Kiełbasin) і Малахавічы (Małachowie)
Гіеронім Дзевалтоўскі
(Hieronim Dziewałtowski)
Чалец езуіцкага ордэну Запісаная Таварыству свая радавая вёска Шупене (Szupienie)

У 1630 годзе ў школе была заснаваная Марыянская Кангрэгацыя студэнтаў — самакіравальная грамадзкая арганізацыя навучэнцаў і бурса музыкантаў, якія ўпрыгожвалі ігрой прадстаўленьні школьнага тэатру. Праз тры гады, у 1633 годзе былі створаныя ўмовы, каб дадаць у адукацыйную праграму школы кляс паэтыкі. У 1645 годзе дадаўся кляс рыторыкі, пасьля чаго плянавалася цягам некалькіх год узьняць школу да ўзроўню поўнага калегіюму[11], але ў выніку войнаў, якія пачаліся ў 1648 годзе з паўстаньня Багдана Хмяльніцкага і, у прыватнасьці, нашэсьцяў маскоўскіх войскаў 1655—1662 гадоў горад быў спустошаным дашчэнту, а рэзыдэнцыя езуітаў прыпыніла сваю дзейнасьць.

Пасьляваенны пэрыяд існаваньня калегіюму

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Другая палова XVII ст.

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Новы этап разьвіцьця гарадзенскай школы езуітаў азнаменаваўся карэннымі зьменамі ў зьнешнім асяродзьдзі. Па заканчэньні паласы войнаў скончылася эпоха рэлігійнай талерантнасьці і наступіў час супрэмацыі каталіцызму. У адукацыйнай прасторы гэта садзейнічала суцэльнаму дамінаваньню езуіцкай школьнай сыстэмы[12].

Паводле форуму 1673 году Горадня была прызначаная месцам для кожнага трэцяга сойма Рэчы Паспалітай за выключэньнем элекцыйных, канвакацыйных і каронных[12]. Ведама, што ў час соймаў гарадзенскія езуіты прамаўлялі казані на польскай і нямецкай мовах[13].

Апошняя чвэрць XVII стагодзьдзя ў гісторыі гарадзенскага калегіюму характарызуецца буйным ростам[13]. Яго гадавы даход складаў у 1639 годзе — 300 злотых, у 1665 годзе — 1000 злотых, 1705 годзе — 3000 злотых, 1764 годзе — 8062 злотыя[13]. Для патрэбнасьцяў чальцоў калегіюму ў 1684 годзе было заснаванае новае структурнае падразьдзяленьне — аптэка. Чарговым сьведчаньнем росквіту гарадзенскага калегіюму езуітаў служыць ініцыяцыя місіянэрскіх станцыяў у Гольне, Котры, Дэмбрава, Мерачы, Ротніцы, Урдоміне і Ваўкавыску[14], даходы зь якіх былі пазьней выкарыстаныя на будаўніцтва Касьцёла Сьвятога Францішка Ксаверыя.

У час Паўночнай вайны ў 1709 годзе ў мурах гарадзенскага калегіюму стаў выкладацца курс філязофіі для клірыкаў[15] і быў пабудаваны асобны каменны будынак аптэкі. Курс філязофіі адносіў калегіюм да статусу вышэйшае школы, у выніку чаго ў 1713 годзе было арганізаванае абсталяваньне новага памяшканьня бібліятэкі і павялічэньня сабраных кнігаў[16]. Напярэдадні свайго закрыцьця ў 1773 годзе бібліятэка калегіюму налічвала 2311 тамоў[17].

Трыццатыя гады XVIII ст.

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Наступная фаза актыўнага росквіту гарадзенскага езуіцкага калегіюму пачалася ў трыццатыя гады XVIII стагодзьдзя, чыім пачаткам стала аздабленьне касьцёла Францішка Ксаверыя ў 1736—1737 гадах галоўным алтаром работы Яна Хрысьціяна Шміта з Рэшлю[18]. Трохузроўневы скульптурны алтар паводле дагавору ня мог мець сабе падобных[19].

У 1737—1738 гадах у адукацыйную праграму калегіюму была ўведзеная маральная тэалёгія, што ў навуковым пляне набліжала калегіюм усутыч да акадэміі або ўнівэрсытэту[16]. У 1744 годзе было скончана будаўніцтва ўсяго комплексу калегіюмных будынкаў. У 1752 годзе былі канчаткова надбудаваныя вежы і купала касьцёла. У 1763 годзе надбудаваны паверх над аптэкай, а ў 1765 годзе — ліхтар па-над галоўным купалам касьцёла[20].

Эпоха Антонія Тызэнгаўза і роспуск ордэну езуітаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1765 годзе Гарадзенскае староства ўзначаліў надворны падскарбі літоўскі Антоні Тызэнгаўз. Адначасова з навінкамі, якія ініцыяваліся Тызэнгаўзам, навацыі зьявіліся і ў езуіцкім калегіюме. У 1770—1773 гадах тут пачалі выкладаць матэматыку і сучасныя мовы: нямецкую і францускую[21]. У 1772 годзе быў адчынены шляхецкі канвікт (студэнцкі інтэрнат) і яго прэфэктарам быў прызначаны Францішак Ксаверы Богуш[22], які адыграў значную ролю ў пазьнейшым разьвіцьці сыстэмы адукацыі ў Рэчы Паспалітай[21].

Інавацыі, якія ўводзіліся новым гарадзенскім старостай былі апошнімі. У 1773 годзе ў Рыме папа выдаў булу аб роспуску Таварыства Ісуса. Пасьля гэтага гарадзенскі калегіюм езуітаў быў перададзены Камісіі нацыянальнай адукацыі, якая на яго базе ў Горадні стварыла акруговую школу, адну зь дзевяці ў Рэчы Паспалітай[21]. Гэта моцна адлюстравалася на кадравым складзе калегіюму. У 1772 годзе ён налічваў 42 чалавекі[21]. Месца для работы і пражываньня ў новай школе было дазволена толькі васьмі прафэсарам[21]. У часы Расейскай імпэрыі пераважная большасьць будынкаў калегіюму езуітаў была занятая пад казённыя ўстановы[17].

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ А.А. Ярашэвіч, В.Дз. Бажэнава. Гродзенскі кафедральны касцёл святога Францыска Ксаверыя. — Мн.: Беларусь, 2005. — С. 14. — 71 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0560-7
  2. ^ Kuźmina D Jakub Wujek Sj (1541-1597) - pisarz. tłumacz i misjonarz. — Warszawa: SBP, 2004. — С. 160.
  3. ^ Załęski S Jezuici w Polsce. — Kraków: 1905. — С. 370.
  4. ^ Sacchini Francesco Historiae Societatis Iesv Pars Qvinta Sive Clavdivs Tomvs Prior. Res extra Europam gestas, & alia quaedam supplevit Petrus Possinus [Poussines, Pierre; 1609-1686]. — Romae: Ex Typographia Varesij, 1661. — P. 184-185.
  5. ^ а б в Владимир Лявшук. Иезуитский коллегиум в Гродно XVII-XVIII стст.: очерк эволюции забытого образовательного учреждения // Гарадзенскі палімпсест. XII – XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Горадня — Беласток: 7 лістапада 2008. — С. 98. — 228 с.
  6. ^ Paszenda J. Budowie jezuickie w Polsce XV-XVII. — Kraków: WAM, 200. — Т. 2. — P. 39—41.
  7. ^ А.А. Ярашэвіч, В.Дз. Бажэнава. Гродзенскі кафедральны касцёл святога Францыска Ксаверыя. — Мн.: Беларусь, 2005. — С. 2. — 71 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0560-7
  8. ^ а б Владимир Лявшук. Иезуитский коллегиум в Гродно XVII—XVIII стст.: очерк эволюции забытого образовательного учреждения // Гарадзенскі палімпсест. XII—XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Горадня — Беласток: 7 лістапада 2008. — С. 99. — 228 с.
  9. ^ Borowik P. Jurydyki miasta Grodno w XV—XVIII wieku. Stanowy podział nieruchomości.. — Supraśl: Collegium Suprasliense, 2005. — P. 171—180.
  10. ^ Grzebień Ludwik SJ. Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1564-1995. — WAM. — P. 197. — 888 p..
  11. ^ Блинова Т.Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения. — Гродно: ГрГУ: 2002. — С. 292.
  12. ^ а б Владимир Лявшук. Иезуитский коллегиум в Гродно XVII-XVIII стст.: очерк эволюции забытого образовательного учреждения // Гарадзенскі палімпсест. XII – XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Горадня — Беласток: 7 лістапада 2008. — С. 100. — 228 с.
  13. ^ а б в Владимир Лявшук. Иезуитский коллегиум в Гродно XVII—XVIII стст.: очерк эволюции забытого образовательного учреждения // Гарадзенскі палімпсест. XII—XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Горадня — Беласток: 7 лістапада 2008. — С. 101. — 228 с.
  14. ^ Владимир Лявшук. Иезуитский коллегиум в Гродно XVII-XVIII стст.: очерк эволюции забытого образовательного учреждения // Гарадзенскі палімпсест. XII – XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Горадня — Беласток: 7 лістапада 2008. — С. 102. — 228 с.
  15. ^ Блинова Т.Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения. — Гродно: ГрГУ: 2002. — С. 298.
  16. ^ а б Владимир Лявшук. Иезуитский коллегиум в Гродно XVII—XVIII стст.: очерк эволюции забытого образовательного учреждения // Гарадзенскі палімпсест. XII—XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Горадня — Беласток: 7 лістапада 2008. — С. 103. — 228 с.
  17. ^ а б в А.А. Ярашэвіч, В.Дз. Бажэнава. Гродзенскі кафедральны касцёл святога Францыска Ксаверыя. — Мн.: Беларусь, 2005. — С. 5. — 71 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0560-7
  18. ^ Paszenda J. Kościół pojezuicki (farny) w Grodnie // Kultura artystyczna Wielkiego Księstwa Litewskego w epoce Baroku / pod red. J. Kowelczyka. — Warszawa: 1995. — P. 192—194.
  19. ^ А.А. Ярашэвіч, В.Дз. Бажэнава. Гродзенскі кафедральны касцёл святога Францыска Ксаверыя. — Мн.: Беларусь, 2005. — С. 32. — 71 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0560-7
  20. ^ Paszenda J. Kościół pojezuicki (farny) w Grodnie // Kultura artystyczna Wielkiego Księstwa Litewskego w epoce Baroku / pod red. J. Kowelczyka. — Warszawa: 1995. — P. 193.
  21. ^ а б в г д Владимир Лявшук. Иезуитский коллегиум в Гродно XVII-XVIII стст.: очерк эволюции забытого образовательного учреждения // Гарадзенскі палімпсест. XII – XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Горадня — Беласток: 7 лістапада 2008. — С. 104. — 228 с.
  22. ^ Блинова Т.Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения. — Гродно: ГрГУ: 2002. — С. 350.