Рымская курыя
Рымская курыя (лат., іт. Curia Romana) — адміністрацыйны орган Сьвятога Пасаду і галоўны кіруючы орган у Каталіцкай царкве, празь які папа рэалізуе сваю ўладу. Найбольш важнымі дыкастэрыямі (інакш — падразьдзяленьнямі, дэпартамэнтамі) Курыі зьяўляюцца Дзяржаўны сакратарыят і кангрэгацыі. Наступныя месцы ў герархіі Курыі займаюць папскія рады і камісіі. Курыю складае асабісты пэрсанал папы і яе арганізацыя цалкам залежыць ад яго. Асобныя ведамствы Рымскай курыі ад імя і ўладай папы рымскага адказваюць на пытаньні, разглядаюць прапановы, апэляцыі, скаргі або просьбы, накіраваныя на адрас Сьвятога Пасаду, выносяць распараджэньні, рашэньні або прысуды, выступаюць з рознымі ініцыятывамі і інш. У Курыі (перад Вярхоўным трыбуналам Апостальскай сыгнатуры) можна абскардзіць як судовыя рашэньні вярхоўнага суда па царкоўных справах, так і асобныя адміністрацыйныя акты іншых ведамстваў.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першапачаткова памочнікамі Заходняй Царквы былі духоўныя асобы з Рымскай дыяцэзіі і біскупы, неўзабаве зьявіўся шэраг папскіх супрацоўнікаў — натарыюсы, апостальскія адвакаты, палацінскія дыяканы і судзьдзі, папскія капэляны і іншыя, пазьней былі створаны сталыя ведамствы тыпу пэнітэнцыярыі, канцылярыі, апостальскай палаты ці папскай канцылярыі, крыху пазьней паўстала Калегія кардыналаў. Рэформу разрослай адміністрацыі зрабіў Папа Сыкст V, які надаў ёй абмежаваныя юрыдычныя паўнамоцтвы, акрэсьленыя ў Апостальскай канстытуцыі «Immensa aeterni Dei» 1588 году. У ХХ ст. Курыя рэфармавалася тройчы. Першы раз — пасьля абвяшчэньня Апостальскай канстытуцыі Пія X «Sapienti consilio» ў 1908 годзе, якая бяз зьменаў была пацьверджаная «Кодэксам кананічнага права» ў 1917 годзе. У канстытуцыі былі вызначаныя тры катэгорыі ведамстваў: кангрэгацыі, трыбуналы і кіраўніцтвы. У пастанове «Christus Dominus» (9) Другога Ватыканскага сабору было выказана пажаданьне, каб яны былі падвергнутыя рэарганізацыі і інтэрнацыяналізацыі, гэта значыць, каб да іх працы былі далучаны асобныя біскупы памесных Цэркваў і прадстаўнікі з сьвецкіх вернікаў. Гэтыя рэкамэндацыі задаволіў Павал VI, які абвясьціў 15 жніўня 1967 году Апостальскую канстытуцыю «Regimini Ecclesiae universae». Апошняя рэформа, распачатая Паўлам VI у 1974 годзе, была завершаная ў духу саборнай эклезіялёгіі Апостальскай канстытуцыяй Яна Паўла II «Pastor bonus» ад 28 чэрвеня 1988 году. Паводле артыкула 38, кожнае ведамства Курыі абавязанае было распрацаваць адмысловы статут або спэцыяльныя нарматывы і падаць іх для публічнага азнаямленьня. Канстытуцыю дапоўнілі два Motu proprio (папскія рэскрыпты) — «Iusti iudicis» той жа даты (аб курыяльных адвакатах) і «Nil primo anniversario» ад 1 студзеня 1989 году (аб засанаваньні Кіраўніцтва справамі Апостальскай Сталіцы і ягоным статусе ды аб агульным статуце Курыі, які быў ухвалены папам 4 лютага 1992 году).
Структура Рымскай курыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На дадзены момант Рымская курыя складаецца з:
- Дзяржаўнага сакратарыяту,
- 9 кангрэгацыяў, якія ўключаюць 2 камісіі,
- 3 трыбуналаў,
- 10 папскіх камісіяў і 12 папскіх радаў.
Апроч гэтага ёсьць таксама 5 міжведамасных камісіяў, Сынод біскупаў і кадравая служба.
Дзяржаўны сакратарыят Сьвятога Пасаду (Secretaria Status)
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзяржаўны сакратарыят зьяўляецца найстарэйшай дыкастэрыяй у Рымскай курыі, гэта ёсьць урад Каталіцкай Царквы. Сёньня на чале Дзяржсакратарыяту знаходзіцца кардынал П’етра Паралін.
Дзяржаўны сакратарыят Сьвятога Пасаду складаецца з 2-х сэкцыяў:
- Сэкцыя агульных справаў (Sectio de generalibus negotiis),
- Сэкцыя па стасунках з дзяржавамі (Sectio pro relationis cum civitatibus).
Кангрэгацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На чале кожнай кангрэгацыі знаходзіцца прэфэкт. Ад нядаўняга часу ім абавязкова павінен быць кардынал.
- Кангрэгацыя навукі веры;
- Кангрэгацыя Ўсходніх Цэркваў;
- Кангрэгацыя богаслужэньня і дысцыпліны таінстваў;
- Кангрэгацыя па справах кананізацыі;
- Кангрэгацыя эвангелізацыі народаў;
- Кангрэгацыя па справах духавенства;
- Кангрэгацыя інстытутаў пасьвячанага жыцьця і таварыстваў апостальскага жыцьця;
- Кангрэгацыя каталіцкай адукацыі (па справах сэмінарыяў і навучальных ўстановаў);
- Кангрэгацыя па справах біскупаў.
Трыбуналы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Папскія рады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Папская Рада па справах сьвецкіх
- Папская Рада па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў
- Папская Рада па справах сям’і
- Папская Рада «Iustitia et Pax»
- Папская Рада «Cor Unum»
- Папская Рада па справах душпастырства мігрантаў і падарожнікаў
- Папская Рада па справах душпастырства работнікаў сфэры аховы здароўя
- Папская Рада па інтэрпрэтацыі праўных тэкстаў
- Папская Рада па міжрэлігійным дыялогу
- Папская Рада па культуры
- Папская Рада па сродках масавай камунікацыі
- Папская Рада па спрыяньні новай эвангелізацыі
Папскія камісіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Папская камісія па культурнай спадчыне Царквы
- Папская камісія па сакральнай археалёгіі
- Папская Біблейская камісія
- Папская камісія па пераглядзе Вульгаты
- Папская Міжнародная тэалягічная камісія
- Папская камісія па Міжнародных эўхарыстычных кангрэсах
- Папскі камітэт па гістарычных навуках
- Папская камісія «Ecclesia Dei»
- Папская камісія па справах гораду-дзяржавы Ватыкан
- Дысцыплінарная камісія
- Камісія па Катэхізьме
- Камісія па справах Лацінскай Амэрыкі