Перайсьці да зьместу

Служба вонкавай выведкі Расеі

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Замежны аддзел УНК»)

Каардынаты: 54°44′14″ пн. ш. 37°35′44″ у. д. / 54.73722° пн. ш. 37.59556° у. д. / 54.73722; 37.59556

Служба вонкавай выведкі Расеі
рас. Служба внешней разведки Российской Федерации

Эмблема
Абрэвіятура СВВ РФ
Дата ўтварэньня 20 сьнежня 1920 (104 гады таму)
Тып ведамства
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта бясьпека ад вонкавых пагрозаў
Штаб-кватэра Масква, Цэнтральная адміністрацыйная акруга, раён Хамоўнікі, вул. Астожанка, д. 51, корп. 1
Месцазнаходжаньне Расея
Афіцыйныя мовы расейская
Кіраўнік Сяргей Нарышкін[1]
Кіроўны орган Калегія
Матчына кампанія прэзыдэнт Расеі
Зьвязаныя кампаніі Акадэмія вонкавай выведкі (Мыцішчы, Маскоўская вобласьць)
Колькасьць супрацоўнікаў 13 000 (2008 год)
Сайт svr.gov.ru
Колішняя назва Цэнтральная служба выведкі (да 18 сьнежня 1991 г.), 1-я галоўная ўправа КДБ (да 22 кастрычніка 1991 г.), 2-я галоўная ўправа МУС СССР (да 13 сакавіка 1954 г.), 1-я управа ГВУ (да 5 сакавіка 1953 г.), 1-я галоўная ўправа МДБ СССР (да 5 студзеня 1953 г.), Камітэт інфармацыі (да 2 лістапада 1951 г.), 1-я галоўная ўправа МДБ (да 30 траўня 1947 г.), 1-я ўправа НКДБ (да 5 сакавіка 1946 г.), 5-ы аддзел ГУДБ НКУС (да 3 лютага 1941 г.), 7-ы аддзел ГУДБ НКУС (да 9 верасьня 1938 г.), Замежны аддзел Галоўнай управы дзяржаўнай бясьпекі (да 25 сьнежня 1936 г.)[2]

Слу́жба во́нкавай выве́дкі Расе́і — выведвальнае ведамства Расеі, заснаванае ў сьнежні 1920 году ў якасьці Замежнага аддзелу Ўсерасейскай надзвычайнай камісіі па барацьбе з контрарэвалюцыяй і сабатажам.

На 2021 год прэс-бюро СВВ Расеі месьцілася ў Цэнтральнай адміністрацыйнай акрузе Масквы па вуліцы Астожанка, д. 51, корп. 1 (раён Хамоўнікі)[3]. У сьнежні 2000 году ў Маскве кіраўнікі выведак Садружнасьці незалежных дзяржаваў падпісалі Пагадненьне «Аб прынцыпах і асноўных напрамках супрацы органаў бясьпекі і выведвальных службаў дзяржаваў-удзельніцаў СНД у галіне выведвальнай дзейнасьці». Таксама бакі зацьвердзілі Палажэньне аб штогадовай Нарадзе іх кіраўнікоў. Зь 2006 году кіраўнік СВВ Расеі таксама ўваходзіць у склад Нацыянальнага антытэрарыстычнага камітэту і прэзыдыюм Міжведамаснай камісіі супрацьдзеяньня экстрэмізму ў Расеі[4]. Цэнтральны апарат СВВ Расеі месьціўся ў Новамаскоўскай адміністрацыйнай акрузе ў вёсцы Бачурына Сосенскага пасяленьня.

На 2021 год Служба вонкавай выведкі Расеі ўлучала:

На 2021 год задачамі Службы вонкавай выведкі Расеі былі:

  • спрыяньне вайскова-тэхнічнай бясьпецы, гаспадарчаму і навукова-тэхнічнаму разьвіцьцю Расеі;
  • пасьпяховае ажыцьцяўленьне дзяржаўнай палітыкі ў галіне бясьпекі;
  • забесьпячэньне прэзыдэнта Расеі інфармацыяй для разьвязаньня праблемаў у 5 галінах — вайскова-стратэгічнай, гаспадарчай, навукова-тэхнічнай, палітычнай і экалягічнай[4].

Паводле 6-га артыкула Закону Расеі «Аб вонкавай выведцы», Служба вонкавай выведкі Расеі мела 12 паўнамоцтваў на:

  1. усталяваньне на таемнай аснове дачыненьняў супрацы з асобамі, якія добраахвотна далі на гэта згоду;
  2. зашыфроўку кадравага складу і ладжаньне яго дзейнасьці з выкарыстаньнем іншай ведамаснай прыналежнасьці;
  3. выкарыстаньне дакумэнтаў, якія шыфруюць супрацоўнікаў кадравага складу, ведамасную прыналежнасьць падразьдзяленьняў, арганізацыяў, памяшканьняў і транспартных сродкаў;
  4. узаемадзеяньне з фэдэральнымі органамі контравыведкі і фэдэральнымі органамі дзяржаўнай аховы Расеі;
  5. заключэньне пагадненьняў для выведкі з фэдэральнымі органамі выканаўчай улады, прадпрыемствамі, установамі і арганізацыямі Расеі;
  6. вызначэньне парадку фізычнай і інжынэрна-тэхнічнай аховы дзяржаўнай таямніцы ў замежных установах Расеі і прадухіленьне яе ўцечкі па тэхнічных каналах;
  7. ахова за мяжой расейскіх дыпляматаў і іх сем’яў;
  8. ахова накіраваных за мяжу грамадзянаў з допускам да дзяржаўнай таямніцы, а таксама іх сем’яў;
  9. узаемадзеяньне з выведкамі і контравыведкамі замежных дзяржаваў;
  10. стварэньне навучальных і дасьледчых установаў, архіваў, а таксама выпуск выданьняў;
  11. ахова ўласных сілаў, сродкаў і зьвестак пад пагрозай;
  12. стварэньне падразьдзяленьняў для вонкавай выведкі пры дапамозе сыстэмаў сувязі[6].

Паводле 17-га артыкула Закону Расеі «Аб вонкавай выведцы», гранічны ўзрост знаходжаньня на службе для вайскоўцаў Службы вонкавай выведкі Расеі складаў:

20 сьнежня 1920 году старшыня Усерасейскай надзвычайнай камісіі па барацьбе з контрарэвалюцыяй і сабатажам (УНК) Фэлікс Дзяржынскі падпісаў Загад № 169 «Аб стварэньні Замежнага аддзелу УНК». Першым яго кіраўніком стаў Якаў Даўцян. 30 сьнежня 1920 году Дзяржынскі зацьвердзіў яго будову, якая ўлучала аддзел візаў з 11 чалавек[8]. 23 студзеня 1922 году УНК пераўтварылі ў Дзяржаўную палітычную ўправу (ДПУ) пры Народным камісарыяце ўнутраных справаў Расейскай СФСР. Па стварэньні Савецкага Саюзу 30 сьнежня 1922 году ДПУ пераўтварылі ў Аб’яднаную дзяржаўную палітычную ўправу (АДПУ) пры Савеце народных камісараў СССР. На 1922 год у Замежным аддзеле АДПУ працавала 70 чалавек. Каб кіраваць выведвальнымі апаратамі за мяжой стварылі 6 сэктараў:

Мясцовыя рэзыдэнтуры складаліся з 2-4 асобаў. Асноўнымі напрамкамі былі: гаспадарчая і дыпляматычная выведка, вонкавая контравыведка і пранікненьне ў расейскія эмігранцкія суполкі[9].

У студзені 1923 году савецкі рэзыдэнт у Кітаі Якаў Даўцян вывез з Харбіну белагвардзейскі архіў. 15 жніўня 1924 году савецкі выведнік Андрэй Фёдараў пад выглядам удзельніка руху «Лібэральныя дэмакраты» перавёў праз польска-савецкую мяжу заснавальніка Расейскага палітычнага камітэту Барыса Савінкава. У СССР яго зьняволілі на 10 гадоў за стварэньне 3-й арміі Ўрангеля падчас Польска-савецкай вайны. 25 верасьня 1925 году савецкі выведнік Аляксандар Якушаў, які ўдаваў кіраўніка «Манархічнай арганізацыі цэнтральнай Расеі» («МАЦР»), перавёў праз савецка-фінскую мяжу брытанскага выведніка Сіднэя Рэйлі родам з Адэсы. 5 лістапада 1925 году Рэйлі расстралялі па прыезьдзе ў Маскву паводле прысуду 1918 году за ўдзел у змове брытанскага консула Бруса Локарта з мэтай подкупу латыскіх стралкоў у Крамлі[9].

30 студзеня 1930 году Палітычнае бюро Цэнтральнага камітэту Ўсесаюзнай камуністычнай партыі зацьвердзіла Пастанову аб пераўтварэньні вонкавай выведкі, паводле якой стварылі 8 аддзяленьняў у складзе 121 супрацоўніка:

  • нелегальнай працы ў замежных краінах,
  • пытаньняў уезду і выезду з СССР,
  • палітычнай выедкі ў асноўных краінах Эўропы і ЗША,
  • працы ў краінах Прыбалтыкі і Фінляндыі,
  • працы ў белай эміграцыі,
  • выведкі ва ўсходніх краінах,
  • гаспадарчай выведкі,
  • навукова-тэхнічнай выведкі.

Падпольныя рэзыдэнтуры стварылі ў 2 краінах Азіі — Кітаі і Турэччыне, а таксама ў ЗША і 4-х краінах Эўропы — Ангельшчыне, Аўстрыі, Нямеччыне і Францыі. За 1920-я гады выведнік Васіль Пудзін выняў з сэйфа японскага дыплямата ў Манчжурыі каля 20 шыфраў. На 1930 год савецкімі агентамі сталі 15 нямецкіх дыпляматаў. У 1933—1937 гадах выведнік Арнольд Дойч завербаваў звыш 20 брытанскіх чыноўнікаў, у тым ліку «Кембрыдзкую пяцёрку» на чале зь Кімам Філбі. У 1934 годзе савецкі выведнік Зьміцер Быстралетаў завербаваў шыфравальніка Міністэрства замежных справаў Вялікабрытаніі. У 1935 годзе празь вярбоўку камэрдынэра японскага дыплямата ў Нідэрляндах удалося сфатаграфаваць коды і шыфры ў яго сэйфе. У 1938-м у японскага дыплямата ў Вене (Аўстрыя) набылі шыфры амбасады Японіі[10].

10 ліпеня 1934 году Цэнтральны выканаўчы камітэт СССР ухваліў Пастанову аб утварэньні Народнага камісарыяту ўнутраных справаў (НКУС), у склад якога перадалі АДПУ пад назвай Галоўная ўправа дзяржаўнай бясьпекі (ГУДБ). Спадарожна Замежны аддзел пераўтварылі ў 5-ы аддзел ГУДБ. У 1938 годзе Загадам НКУС 5-ы аддзел пашырылі да 12 аддзяленьняў:

Таксама ў 1938 годзе стварылі Школу асаблівага прызначэньня.

На 1941 год у 5-м аддзеле ГУДБ працавала 210 чалавек. Чыстка 5-га аддзелу народнымі камісарамі ўнутраных справаў Мікалаем Яжовым і Лаўрэнціем Берыяй прывяла да рэпрэсіяў супраць 275 з 450 выведнікаў у 1935—1940 гадах. На 1939 год за мяжой дзейнічала 45 калядыпляматычных і 14 падпольных рэзыдэнтураў, аднак пасьля рэпрэсіяў у іх засталося па 1-2 чалавекі. У 1939—1940 гадах з ЗША даслалі каля 30 000 аркушаў тэхнічнай дакумэнтацыі пра больш як 150 прамысловых узораў. 16 чэрвеня 1941 год савецкі выведнік Аляксандар Караткоў даслаў паведамленьне: «Усе вайсковыя мерапрыемствы Нямеччыны па падрыхтоўцы ўзброенага выступу супраць СССР цалкам скончаныя і ўдар можна чакаць ва ўсялякі час». Агулам са студзеня 1941 году выведнікі даслалі звыш 100 паведамленьняў пра нямецкі напад у чэрвені. Сярод іншага, у чэрвені 1941 году вайсковы аташэ Кітаю ў Нямеччыне перадаў апэратыўны плян нямецкага камандаваньня наконт галоўных напрамкаў прасоўваньня войска пры нападзе на СССР[11].

3 лютага 1941 году 5-ы аддзел ГУДБ пераўтварылі ў 1-ю ўправу Народнага камісарыяту дзяржаўнай бясьпекі. 12 жнівень 1941 году Загадам НКУС, якому перадалі 1-ю ўправу, будову выведкі спрасьцілі да 9 аддзелаў:

  • Цэнтральна-эўрапейскі (з аддзяленьнямі Нямеччыны, Польшчы, Чэхаславаччыны, Вугоршчыны і ўкраінскае),
  • Балканскі (Баўгарыя, Румынія, Югаславія і Грэцыя),
  • Заходне-эўрапейскі (Францыя, Італія, Швайцарыя, Бэльгія і Партугалія),
  • Скандынаўскі (Фінляндыя, Швэцыя, Нарвэгія, Данія і Нідэрлянды),
  • Англа-амэрыканскі (Ангельшчына, ЗША і Канада, а таксама аддзяленьні — паўднёваамэрыканскае і навукова-тэхнічнай выведкі),
  • 1-ы далёкаўсходні (Японія, Манчжурыя і Карэя),
  • 2-і далёкаўсходні (Кітай, Тайлянд і Сіньцзян),
  • Сярэднеўсходні (Турэччына, Іран, арабскія краіны, Аўганістан і Брытанская Індыя),
  • савецкая калёнія (дыяспара).

Падчас вайны дзейнічала 90 рэзыдэнтураў. На пачатак 1943 году звыш 100 апэратыўных атрадаў учыняла падрывы. У 1942 годзе ў нямецкі тыл пад Роўнам закінулі выведніка Мікалая Кузьняцова, які выкрыў падрыхтоўку замаху на ўдзельнікаў Тэгеранскай канфэрэнцыі і нямецкі плян падчас Курскай бітвы. 15 лістапада 1943 году Кузьняцоў загадваў партызанскім выкраданьнем камандзіра асаблівымі войскамі Нямеччыны Макса Ільгена, а на наступны дзень забіў у Роўне старшыню Вярхоўнага суду райхскамісарыяту Ўкраіны Альфрэда Функа[12].

Увесну 1942 году нямецкі агент савецкай выведкі Арвід Гарнак, які працаваў рэфэрэнтам Міністэрства гаспадаркі Нямеччыны, і іншы агент Гаро Шульцэ-Бойзэн, які працаваў у 5-м аддзяленьні апэратыўнага аддзелу штабу Вайскова-паветраных сілаў Нямеччыны, паведамілі пра галоўны ўдар нямецкага войска ў напрамку ў Сталінграда. У жніўні 1942 году нямецкая контравыведка запэленгавала і захапіла радыёстанцыю падпольнікаў групы «Чырвоная капэла», якіх арыштавалі ў Бэльгіі, Нямеччыне і Францыі. Агулам асудзілі звыш 600 падпольнікаў, большасьць якіх расстралялі. За 1943 год савецкія выведнікі паведамілі ў вайсковую контравыведку пра 1260 агентаў нямецкай Управы замежнай выведкі і абароны, якія дзейнічалі ў Чырвонай арміі. На пачатак 1944 году ў 27 краінах дзейнічала 190 падпольных выведнікаў, сярод якіх 97 у Нямеччыне і саюзных ёй дзяржавах, у тым ліку 10 немцаў. За гады вайны памер рэзыдэнтуры ў Лёндане вырас з 4-х да 12 чалавек, якія даслалі звыш 20 000 выведвальных паведамленьняў, сярод якіх 90% апынуліся праўдзівымі. У Кітаі знаходзілася 12 калядыпляматычных рэзыдэнтураў, у тым ліку ў Чунцыне, Ланьчжоў, Харбіне і Шанхаі, а таксама некалькі ў Сінцьзяне. Падчас Нямецка-савецкай вайны ў СССР выкрылі каля 200 ангельскіх выведнікаў, зь іх 110 у Маскве, 30 у Мурманску і 20 у складзе дэлегацыяў[12].

На пачатку чэрвеня 1945 году нямецкі фізык Кляўс Фукс, які ўдзельнічаў у «Мангэтанскім праекце» ў ЗША, перадаў савецкаму агенту падрабязную дакумэнтацыю атамнай бомбы[13]. У верасьні 1945 году згарнулі выведку ў Канадзе праз выдачу кодаў з боку мясцовага шыфравальніка Галоўнай выведвальнай управы Гузенкі. 15 сакавіка 1946 году 1-ю ўправу НКДБ, перададзеную яму 14 красавіка 1943 году ад НКУС, пераўтварылі ў 1-ю галоўную ўправу Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі (МДБ) СССР. 30 траўня 1947 году 1-ю галоўную ўправу МДБ пераўтварылі ў Камітэт інфармацыі пры Савеце міністраў СССР, у склад якога таксама ўлучылі Галоўную выведвальную ўправу Генэральнага штабу Савецкай арміі. 29 студзеня 1949 году Камітэт інфармацыі падпарадкавалі Міністэрству замежных справаў СССР. У вонкавай выведцы ўвялі галоўных рэзыдэнтаў, якіх прызначалі амбасадары. 1 кастрычніка 1949 году згарнулі выведку ў Кітаі ў сувязі з абвяшчэньнем Кітайскай Народнай Рэспублікі. У 1950—1951 гадах савецкая выведка атрымала звыш 200 паведамленьняў ад агентуры ў Ізраілі, у тым ліку пратаколы таемных паседжаньняў ураду Ізраілю[14].

5 сакавіка 1953 году 1-ю ўправу Галоўнай выведвальнай управы МДБ пераўтварылі ў 2-ю галоўную ўправу Міністэрства ўнутраных справаў СССР. У траўні 1953 году міністар унутраных справаў Лаўрэнці Берыя пераўтварыў амэрыканскі аддзел 2-й галоўнай управы ў аддзел ЗША, Канады, Ангельшчыны, Мэксыкі і Аргентыны са скарочаным штатам у 24 чалавекі. Управу Заходняй Эўропы Берыя пераўтварыў у аддзел. 13 сакавіка 1954 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету СССР ухваліў Пастанову аб стварэньні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі пры СМ СССР. КДБ перадалі 2-ю галоўную ўправу МУС, якую пераўтварылі ў 1-ю галоўную ўправу. Яе ранейшую будову ў складзе МДБ аднавілі. На 1954 год 1-я галоўная ўправа КДБ налічвала 3 (пад-)управы:

  • нелегальнай выведкі,
  • навукова-тэхнічнай выведкі,
  • вонкавай контравыведкі.

Таксама ў яе складзе дзейнічалі 10 аддзелаў:

20 ліпеня 1954 году старшыня Ведамства аховы канстытуцыйнага ладу (ВАКЛ) Заходняй Нямеччыны Ота Ён пасьля сустрэчы з супрацоўнікам КДБ Вадзімам Кучыным вырашыў перайсьці ва Ўсходні Бэрлін і застацца ў Нямецкай Дэмакратычнай Рэспубліцы. У сьнежні 1954 году ва Ўсходні Бэрлін вывелі начальніка выведвальнага аддзелу ВАКЛ Хайнца і начальніка яго філіі ў Заходнім Бэрліне Кольба. У выніку ў НДР выкрылі 36 агентаў Заходняй Нямеччыны[15].

Сядзіба ў Ясеневе (2008 год)

На 1960 год у будове вонкавай выведкі дадаліся: управа апэратыўнай тэхнікі, служба інфармацыйна-аналітычнай працы. Таксама аддзел «Д» павысілі да службы актыўных мерапрыемстваў, а шыфраддзел — да шыфравальнай службы. Пазьней стварылі афрыканскі аддзел. Пасьля правалу амэрыканскай высадкі на Кубу ў красавіку 1961 году ў заліве Сьвіней савецкая выведка паведаміла старшыні ўраду СССР Мікіту Хрушчову пра падрыхтоўку паўторнай спробы. У выніку ўвесну 1962 году ў Маскве Хрушчоў перамовіў зь міністрам узброеных сілаў Кубы Раулем Кастрам пра разьмяшчэньне балістычных ракетаў сярэдняй далёкасьці, што выклікала Кубінскі крызіс[16]. На 1970 год лік аддзелаў вырас да 20, у тым ліку за кошт Сярэдняй Азіі. Цэнтральны апарат разьмясьцілі ў мікрараёне Ясенева (Чаромушкінскі раён). На пачатку лістапада 1975 году савецкія выведнікі перамовілі са старшынёй Народнага руху за вызваленьне Анголы Агуштыньню Нэту наконт уварваньня з Паўднёвай Афрыкі праз Намібію. У выніку 10 лістапада ў Луандзе самалётам высадзілі кубінскі батальён, які ў баі пад Кіфандонга на рацэ Бэнгу разьбіў бронетанкавую калёну ПАР. У выніку Грамадзянская вайна ў Анголе доўжылася да 2002 году[17].

У 1984 годзе былы агент КДБ Юры Бязьменаў, які ўцёк у 1970 годзе ў Канаду, выдаў у ЗША брашуру «Любоўны ліст Амэрыцы», у якой апісаў 4 ступені падрыўной дзейнасьці 1-й галоўнай ўправы КДБ за межамі СССР. Ён выкрыў, што «актыўныя мерапрыемствы» («псыхалягічная вайна») займалі 85% часу, грошай і людзей КДБ. 20 ліпеня 1985 году начальнік Лёнданскай рэзыдэнтуры Алег Гардзіеўскі ўцёк з Масквы ў Лёндан праз савецка-фінскую мяжу. Гэта прывяло да паралюшу вонкавай выведкі ў Ангельшчыне. 30 кастрычніка 1985 году ў Бэйруце (Лібан) вызвалілі 3-х савецкіх закладнікаў пасьля закліку кіраўніка Арганізацыі вызваленьня Палестыны Ясіра Арафата, да якога зьвярнуліся савецкія выведнікі. У студзені 1986 году рэзыдэнтура ў Емэне зладзіла вываз з Адэну 8000 савецкіх і 2000 іншаземных грамадзянаў пасьля пачатку баёў у горадзе[18].

Самастойная служба

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Прэс-бюро СВВ Расеі (2013 год)

25 лістапада 1991 году прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў зацьвердзіў сваім Указам «Палажэньне аб Цэнтральнай службе выведкі» (ЦСВ), якую ўтварылі зь 1-й галоўнай управы КДБ. 13 сьнежня 1991 году стварылі прэс-бюро ЦСВ. 18 сьнежня 1991 году расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын перайменаваў сваім Указам ЦСВ у Службу вонкавай выведкі Расейскай Фэдэрацыі. У 1992 годзе ўхвалілі Закон Расеі «Аб вонкавай выведцы» і зацьвердзілі «Палажэньне аб СВВ Расеі», што замацавала яе наўпроставае падначаленьне прэзыдэнту Расеі. 4 красавіка 1993 году ў Алмаце (Казахстан) кіраўнікі выведак Садружнасьці незалежных дзяржаваў падпісалі Пагадненьне «Аб супрацы ў галіне вонкавай выведкі», паводле якога адпаведныя выведкі наладзілі абмен выведанымі зьвесткамі і адмовіліся ад выведкі супраць адно аднаго. 8 сьнежня 1995 году зацьвердзілі новую рэдакцыю Закону «Аб вонкавай выведцы». На пачатку 1990-х гадоў зачынілі звыш 30 рэзыдэнтураў у Афрыцы, Лацінскай Амэрыцы і Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Таксама скарацілі 30% супрацоўнікаў. У 2-й палове 1990-х гадоў заключылі пагадненьні аб супрацы з выведкамі Ангельшчыны, ЗША, Нямеччыны, Паўднёвай Карэі і Аргентыны наконт тэрарызму, наркагандлю, распаўсюду зброі масавага паражэньня і экалёгіі[19].

На 1995 году рэзыдэнтура ў Нью-Ёрку (ЗША) складалася зь 7 падразьдзяленьняў:

  • палітычнай выведкі (ПВ),
  • вонкавай контравыведкі (ВКВ),
  • навукова-тэхнічнай выведкі (НТВ),
  • радыёперахопу (РП),
  • гаспадарчай выведкі (ГВ),
  • незаконнай выведкі (НВ),
  • тэхнічных апэрацыяў (ТА)[20].

У сакавіку 1998 году Служба вонкавай выведкі Расеі ўтварыла атрад спэцыяльнага прызначэньня «Заслона» дзеля вывазу расейскіх грамадзянаў з краінаў, дзе ішла вайна. Такі вываз у выглядзе апэрацыі «Прарыў» праводзілі ў Іране, Іраку (Ірацкая вайна, 2003 год), Лібіі (Грамадзянская вайна ў Лібіі, 2011 год), Сырыі (Дамаск, Грамадзянская вайна ў Сырыі, 2011 год) і Емэне (Сана, красавік 2015 году), у тым ліку дыпляматаў ЗША ў апошнім выпадку. Пастаяннымі задачамі атраду былі: ахова расейскіх амбасадараў, носьбітаў дзяржаўнай таямніцы і ўтойваньне агентаў. Гэтыя задачы былі больш надзённымі для амбасадаў Расеі ў Нямеччыне, Ангельшчыне і Францыі[21].

У верасьні 1999 году расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын заявіў, што Служба вонкавай выведкі Расеі адыгрывае большую ролю ў акрэсьленьні расейскай замежнай палітыкі, чым Міністэрства замежных справаў Расеі[22].

На чэрвень 2000 году ў СВВ Расеі налічвалася 12 000 супрацоўнікаў[23]. Улетку 2006 году зацьвердзілі Закон, паводле якога СВВ Расеі ўпаўнаважвалася забіваць за мяжой падазраваных у тэрарызьме на загад прэзыдэнта Расеі[24]. 28 чэрвеня 2010 году супрацоўнікі Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў ЗША арыштавалі 11 агентаў СВВ Расеі, у тым ліку Ганну Чапман. Зь іх 10 затрымалі ў ЗША і аднаго на Кіпры. Іх абвінавацілі «ў змове дзеля дзеяньня ў якасьці агентаў чужой дзяржавы» і адмываньні грошай[25].

27 чэрвеня 2011 году Маскоўскі акруговы вайсковы суд завочна вырак намесьніка начальніка ўправы «С» у СВВ Аляксандра Пацеева (нар. 1952, Лунінец, цяпер Беларусь) да 25 гадоў пазбаўленьня волі за дэзэртэрства ў ЗША і дзяржаўную здраду ў выглядзе раскрыцьця 11 расейскіх агентаў, арыштаваных ФБР[26]. 27 жніўня 2012 году СВВ Расеі абвясьціла 3 тэндэры на распрацоўку апраграмаваньня коштам 30 млн расейскіх рублёў (943 тыс. $ дзеля: сачэньня «Дыспут» і кіраваньня супольнасьцю «Манітор-3», а таксама ўкідваньня ў сацыяльныя сеткі і блогі «Шторм-12». Выпрабаваньні прызначылі на блогах ва Ўкраіне і Беларусі[27].

18 красавіка 2021 году міністар замежных справаў Чэхіі Ян Гамачак заявіў пра высылку 18 расейскіх дыпляматаў, сярод якіх выявілі выведнікаў Службы вонкавай выведкі Расеі[28].

Удзел у катаваньнях удзельнікаў пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі у Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

6 кастрычніка 2021 году Ўладзімер Асечкін, заснавальнік расейскага праекту Gulagu.net — дзе раней апублікавалі відэаархіў расейскай Фэдэральнай службы выкананьня пакаранняў зь відэафіксацыяй жорсткіх катаваньняў у расейскіх турмах — паведаміў, што мае зьвесткі пра удзел Службы вонкавай выведкі Расеі і іншых спэцслужбаў у катаваньнях у Беларусі[29]:

« Нам вядома, што ў тым ліку байцы атрадаў спэцыяльнага прызначэньня ФСІН перамяшчаліся ў Беларусь для таго, каб ужываць жорсткія, бесчалавечныя мэтады адносна мірных дэманстрантаў »
Міхаіл Фрадкоў — 4-ы старшыня СВВ Расеі (2007—2016)
Яўген Прымакоў — 1-ы старшыня СВВ Расеі (1991—1996)

3 верасьня 1992 году Служба вонкавай выведкі Расеі і Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі заключылі Пагадненьне «Аб супрацы ў галіне выведвальнай дзейнасьці»[31]. 19 траўня 2016 году ў Менску прайшло 40-е паседжаньне Рады кіраўнікоў органаў бясьпекі і спэцыяльных службаў дзяржаваў-удзельніцаў Садружнасьці незалежных дзяржаваў (РОВБ) з удзелам СВВ Расеі. Пры РОВБ дзейнічалі 4 камісіі: 1) навукова-тэхнічнай супрацы, 2) інфармацыйнай бясьпекі, 3) супрацы ў галіне папярэдняга сьледзтва, 4) забесьпячэньня бясьпекі міжнародных транспартных зносін[32].

17 траўня 2017 году кіраўнік СВВ Расеі Сяргей Нарышкін сустрэўся з А. Лукашэнкам у Менску[33]. На сустрэчы ўзгаднілі напрамкі супрацы выведак у галіне абароны дзяржаўных зацікаўленасьцяў[34]. 22 кастрычніка 2020 году Сяргей Нарышкін паўторна сустрэўся з А. Лукашэнкам у Палацы незалежнасьці, дзе падзякаваў за правядзеньне ў Менску Калегіі выведак Беларусі і Расеі[35]. 3 чэрвеня 2021 году ў Віцебску адбылося 20-е сумеснае паседжаньне КДБ Беларусі і СВВ Расеі, якое прайшло з удзелам старшыні СВВ Сяргеем Нарышкіным[36].

  1. ^ Кіраўнік (рас.) // Служба вонкавай выведкі Расеі, 2021 г. Праверана 15 чэрвеня 2021 г.
  2. ^ Назвы (рас.) // Служба вонкавай выведкі Расеі, 2021 г. Праверана 22 траўня 2021 г.
  3. ^ Пра прэс-бюро (рас.) // Служба вонкавай выведкі Расеі, 2021 г. Праверана 22 траўня 2021 г.
  4. ^ а б Мэты і задачы (рас.) // Служба вонкавай выведкі Расеі, 2021 г. Праверана 22 траўня 2021 г.
  5. ^ Будова і кіраўніцтва (рас.) // Служба вонкавай выведкі Расеі, 2021 г. Праверана 22 траўня 2021 г.
  6. ^ Паўнамоцтвы (рас.) // Служба вонкавай выведкі Расеі, 2021 г. Праверана 22 траўня 2021 г.
  7. ^ Фэдэральны закон Расеі «Аб вонкавай выведцы» ад 8 сьнежня 1995 г. (рас.) // Афіцыйны інтэрнэт-партал прававых зьвестак Расеі, 9 лістапада 2020 г. Праверана 22 траўня 2021 г.
  8. ^ Зараджэньне вонкавай выведкі (1917-1920) (рас.) // Служба вонкавай выведкі Расеі, 2021 г. Праверана 22 траўня 2021 г.
  9. ^ а б Станаўленьне вонкавай выведкі (1921—1925) (рас.) // Служба вонкавай выведкі Расеі, 2021 г. Праверана 22 траўня 2021 г.
  10. ^ Вонкавая выведка на мяжы 1930-х гадоў (рас.) // Служба вонкавай выведкі Расеі, 2021 г. Праверана 22 траўня 2021 г.
  11. ^ Вонкавая выведка ў перадваенны пэрыяд (1935-1941) (рас.) // Служба вонкавай выведкі Расеі, 2021 г. Праверана 22 траўня 2021 г.
  12. ^ а б Дзейнасьць у гады Вялікай Айчыннай вайны (1941-1945) (рас.) // Служба вонкавай выведкі Расеі, 2021 г. Праверана 22 траўня 2021 г.
  13. ^ Выведка і стварэньне атамнай бомбы (рас.) // Служба вонкавай выведкі Расеі, 2021 г. Праверана 22 траўня 2021 г.
  14. ^ Вонкавая выведка ў паваенны час (1945-1953) (рас.) // Служба вонкавай выведкі Расеі, 2021 г. Праверана 22 траўня 2021 г.
  15. ^ Вонкавая выведка ў 50-х пачатку — 60-х гадоў (рас.) // Служба вонкавай выведкі Расеі, 2021 г. Праверана 22 траўня 2021 г.
  16. ^ Вонкавая выведка ў 60-х гадах (рас.) // Служба вонкавай выведкі Расеі, 2021 г. Праверана 22 траўня 2021 г.
  17. ^ Вонкавая выведка ў 70-х гадах (рас.) // Служба вонкавай выведкі Расеі, 2021 г. Праверана 22 траўня 2021 г.
  18. ^ Вонкавая выведка ў 80-х гадах (рас.) // Служба вонкавай выведкі Расеі, 2021 г. Праверана 22 траўня 2021 г.
  19. ^ Вонкавая выведка ў 90-х гадах (рас.) // Служба вонкавай выведкі Расеі, 2021 г. Праверана 22 траўня 2021 г.
  20. ^ Піт Эрлі. Таварыш Джэй: Нераскрытыя таямніцы галоўнага шпега Расеі ў Амэрыцы пасьля сканчэньня Халоднай вайны = Comrade J: The Untold Secrets of Russia's Master Spy in America after the End of the Cold War. — Нью-Ёрк: Путнам, 2008. — С. 23. — 352 с. — ISBN 978-0-399-15439-33
  21. ^ Віктар Сакірка. «Заслона» ад варожых агентаў (рас.) // Тэлерадыёкампанія «Зорка» (Расея), 22 кастрычніка 2015 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  22. ^ Стужка навінаў за 2 чэрвеня 2000 году (Будучыня расейскай замежнай выведкі пры Пуціне) (анг.) // Радыё «Свабода» і «Свабодная Эўропа», 2 чэрвеня 2000 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  23. ^ Сяргей Навумчык. 2000, Алена Бонэр: Дакумэнт з КГБ ёсьць, што КГБ — злодзеі // Беларуская служба Радыё «Свабода», 6 чэрвеня 2020 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  24. ^ 78% расейскай палітычнай эліты – з КДБ або ФСБ // Партал «Беларуская салідарнасьць», 14 сьнежня 2006 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  25. ^ Ян Максімюк. Паляваньне на расейскіх шпіёнаў // Беларуская служба Радыё «Свабода», 20 чэрвеня 2010 г. Праверана 24 траўня 2021 г.
  26. ^ Расейскі дэзертыр Пацееў выехаў у ЗША празь Беларусь // Газэта «Наша ніва», 27 чэрвеня 2011 г. Праверана 24 траўня 2021 г.
  27. ^ Расейская разьведка апрабуе новую сыстэму на блогах беларусаў і ўкраінцаў // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 27 жніўня 2012 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  28. ^ АД. Улады Чэхіі высылаюць з краіны 18 расейскіх дыпляматаў // Тэлеканал «Белсат», 18 красавіка 2021 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  29. ^ Gulagu.net: Расейскія спецслужбы дапамагалі беларускім у катаваннях жніўня-2020, Белсат, 6 кастрычніка 2021 г.
  30. ^ Кіраўнікі (рас.) // Служба вонкавай выведкі Расеі, 2021 г. Праверана 22 траўня 2021 г.
  31. ^ Міжнародная супраца // Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі, 2021 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  32. ^ Аб выніках 40-га пасяджэньня РОВБ // Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі, 19 траўня 2016 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  33. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з дырэктарам Службы зьнешняй разьведкі Расеі // Белтэлерадыёкампанія, 17 кастрычніка 2017 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  34. ^ Разьведвальныя службы Беларусі і Расеі наладзілі цеснае супрацоўніцтва // Радыё «Беларусь», 17 кастрычніка 2017 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  35. ^ Сустрэча з дырэктарам Службы зьнешняй разьведкі Расеі Сяргеем Нарышкіным // Прэс-служба прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, 22 кастрычніка 2020 г. Праверана 23 траўня 2021 г.
  36. ^ Алеся Пушнякова. Нарышкін: мы высока ацэньваем узровень узаемадзеяньня паміж спэцслужбамі Расеі і Беларусі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 4 чэрвеня 2021 г. Праверана 5 чэрвеня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]