Перайсьці да зьместу

Юры Бязьменаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Юры Бязьменаў
рас. Юрий Александрович Безменов
Род дзейнасьці выведнік, журналіст
Дата нараджэньня 1939(1939)
Месца нараджэньня Мыцішчы, Маскоўская вобласьць, Расейская СФСР, СССР
Дата сьмерці 5 студзеня 1993
Месца сьмерці Ўіндзор, правінцыя Антарыё, Канада
Прычына сьмерці сардэчны прыступ
Грамадзянства Савецкі Саюз
Адукацыя вышэйшая
Месца вучобы Інстытут усходніх моваў Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1962), Таронтаўскі ўнівэрсытэт (1972)
Прафэсія перакладнік, палітоляг
Месца працы Агенцтва друку «Навіны» і 1-я галоўная ўправа КДБ (1965—1970), Канадзкая вяшчальная карпарацыя (1972—1976), СІС «Панарама» (1980—1990)
Гады дзейнасьці 1962—1993
Вядомы як ракрывальнік актыўных захадаў КДБ у брашуры «Любоўны ліст Амэрыцы» (1984)
Псэўданім Томас Давыд Шуман
Пасада гаспадарчы рэдактар часопіса «Савецкая краіна» па-ангельску
Тэрмін 1965—1969
Бацька Аляксандар Бязьменаў
Жонка Тэса
Дзеці 2: дачка Тацяна і сын Джонатан

Ю́ры Алякса́ндравіч Бязьме́наў (1939, Мыцішчы, Маскоўская вобласьць, цяпер Расея — 1993, Віндзор, правінцыя Антарыё, Канада) — савецкі выведнік часоў Халоднай вайны, які ўцёк у Канаду ў 1970 годзе.

У 1984 годзе выдаў у ЗША брашуру «Любоўны ліст Амэрыцы», у якой апісаў 4 ступені падрыўной дзейнасьці 1-й галоўнай ўправы КДБ за межамі СССР.

Нарадзіўся ў сям'і старэйшага афіцэра Генэральнага штабу Чырвонай арміі. Маленства падчас Нямецка-савецкай вайны правёў у азіяцкай частцы СССР. Пазьней навучаўся ў адмысловых школах Масквы. Бацька працаваў інспэктарам сухапутных войскаў СССР у Манголіі, на Кубе і ва Ўсходняй Нямеччыне. У 17 гадоў паступіў у Інстытут усходніх моваў Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, які знаходзіўся пад кіраўніцтвам Камітэту дзяржаўнай бясьпекі СССР і Цэнтральнага камітэту (ЦК Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу (КПСС). Вывучаў у Інстытуце некалькі замежных моваў і журналістыку. Адначасна праходзіў абавязковую вайсковую падрыхтоўку са стратэгічнымі ваеннымі гульнямі на мапах замежных краінаў. Сярод іншага, праходзіў падрыхтоўку грамадзянскай абароне і супрацьядзерную падрыхтоўку, а таксама ўрокі допыту ваеннапалонных наконт стаўленьня да савецкага ядзернага ўдару па іх краіне. Пасьля ўнівэрсытэту ў 1963 годзе працаваў у Агенцтве друку «Навіны». Пазьней 2 гады працаваў перакладнікам Групы савецкай гаспадарчай дапамогі на будоўлях нафтаперапрацоўчых заводаў у 2-х штатах ІндыіБігары і Гуджараце. У 1965 годзе вярнуўся ў агенцтва «Навіны», дзе ўладкаваўся гаспадарчым рэдактарам выданьняў часопіса «Савецкая краіна» (анг. Sovietland) на 3-х мовах — ангельскай гіндзійскай і ўрду. Працаваў у таемным аддзеле палітычных публікацыяў пад кіраўніцтвам Нормана Барадзіна. Выявіў, што 75 % супрацоўнікаў агенцтва «Навіны» былі супрацоўнікамі КДБ, а рэшту складалі іх інфарматары, якім ён сам стаў празь некалькі месяцаў у выніку вярбоўкі. Падчас працы таксама суправаджаў замежных прадпрымальнікаў і чыноўнікаў, пісьменьнікаў і выдаўцоў у паказных падарожжах па Савецкім Саюзе. У 1968 годзе прачытаў паведамленьне Інфармацыйнай службы ЗША пра разьню ў Хюэ (Паўднёвы Віетнам) 28 лютага. У той дзень жаўнеры камуністычнага Войска вызваленьня Паўднёвага Віетнаму расстралялі звыш 2800 бяззбройных месьцічаў зь ліку настаўнікаў, прадпрымальнікаў і сьвятароў пры захопе гораду падчас бітвы за Хюэ (Вайна ў Віетнаме). Пазьней на яго погляды паўплывала здушэньне Праскай вясны праз савецкае ўварваньне ў Чэхаславаччыну 21 жніўня 1968 году[1].

У 1969 годзе вярнуўся ў Індыю, дзе працаваў на агенцтва «Навіны» ў Новым Дэлі. Адначасна стаў намесьнікам таемнага аддзелу дасьледаваньняў і контарпрапаганды Амбасады СССР у Індыі пад кіраўніцтвам афіцэра КДБ Валерыя Неева. Такія аддзелы ў 1969 годзе адчынілі ва ўсіх савецкіх амбасадах паводле таемнага загаду ЦК КПСС. Супрацоўнікі аддзелу зьбіралі зьвесткі пра ўсіх вызначальнікаў грамадзкай думкі ад чыноўнікаў да выкладнікаў, ад пісьменьнікаў да вайскаводаў і ад прадпрымальнікаў да журналістаў. Іх адорвалі бясплатным алькаголем і грашовымі ўзнагародамі за пісьменства, а таксама накіроўвалі на лячэньне ад плоцевых хваробаў у СССР. Падчас працы даведаўся пра намер 1-й галоўнай ўправы КДБ ачарніць журналіста ўплывовай газэты Індыі, які быў ягоным сябрам. У сьнежні 1969 году даведаўся ад афіцэра КДБ пра накіраваньне з Савецкага Саюзу празь Індыю падрыхтаваных падрыўнікоў ва Ўсходні Пакістан. Таксама калега згадаў выкрыцьцё ў савецкім кансуляце ў Дацы скрыняў з кулямётамі, на якіх былі надпісы «Друкаваная прадукцыя для Ўнівэрсытэту Дакі»[1]. Будучы супрацоўнікам Камітэту дзяржаўнай бясьпекі (КДБ) СССР, 8 лютага 1970 году пад выглядам гіпі ўцёк у Атэны (Грэцыя) разам з групай падарожнікаў пры дапамозе журналіста. Зьвярнуўся ў Амбасаду ЗША ў Грэцыі, дзе перамовіў з выведнікамі. У ліпені 1972 году вылецеў у Канаду, дзе атрымаў права прытулку пад псэўданімам Томас Давыд Шуман[2]. Цягам 2-х гадоў вывучаў гісторыю і паліталёгію ў Таронтаўскім унівэрсытэце (правінцыя Антарыё), дзе выкладаў расейскую літаратуру і мову. У 1972 годзе ўладкаваўся дыктарам і прадусарам у Міжнародную службу Канадзкай вяшчальнай карпарацыі (КВК, Атава), якая вяшчала на Савецкі Саюз. У 1976 годзе быў звольнены ў выніку скаргі савецкага амбасадара ў Канадзе Аляксандра Якаўлева канадзкаму прэ’меру П’еру Трудо[1]. Выкладаў славяназнаўства ва Ўнівэрсытэце Макгіла ў Манрэалі (правінцыя Квэбэк), а затым на факультэце журналістыкі Карлтанскага ўнівэрсытэту ў Атаве[3].

У 1980 годзе пераехаў у ЗША, дзе ўладкаваўся палітычным аналітыкам штотыднёвіка «Панарама» ў Ўэстлэйк Віладжы (Лос-Анджэлеская акруга, штат Каліфорнія)[1]. У 1983 годзе ў Лос-Анджэлесе даў лекцыю аб савецкім падрыўніцтве з прэзэнтацыяй і інтэрвію[3]. Таксама ў 1983 годзе прачытаў лекцыю «Псыхалягічны падрыў і кантроль Заходняга грамадзтва»[4].

У 1984 годзе даў інтэрвію «Савецкі падрыў вольнага друку сьвету» Эдварду Грыфіну пра вядзеньне Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі (КДБ) СССР псыхалягічнай вайны дзеля зьмяненьня ўспрыманьня рэчаіснасьці за мяжой праз шматгадовую ідэалягічную падрыўную дзейнасьць. Бязьменаў адзначыў, што гэта было значна важней для КДБ, чым шпіянаж[5]. У сваіх публікацыях і тэлевыступах распавёў пра спосабы маральнай дэстабілізацыі грамадзтваў за мяжой з боку КДБ у некалькі ступеняў[2]. Гэтыя ступені ўлучалі ўкіданьне памылковых ідэяў, паступовую дэстабілізацыю, арганізацыю крызісу і «нармалізацыю»[6]. У тым інтэрвію Бязьменаў адзначыў: «асноўны націск КДБ робіць зусім не на выведцы. ... толькі каля 15 % часу, грошай і людзей занятыя шпіянажам. Іншыя 85 % занятыя павольным працэсам, які мы называем «ідэалягічны падрыў» або «актыўныя захады» на мове КДБ ці «псыхалягічная вайна». Гэта абазначае зьмяненьне ўспрыманьня рэчаіснасьці кожнага амэрыканца настолькі, што, нягледзячы на дастатак зьвестак, ніхто ня здольны прыйсьці да відавочных высноваў у зацікаўленасьцях абароны сябе, сваіх сем'яў, супольнасьці і краіны»[7]. Таксама Бязьменаў патлумачыў: «Гэта вялізны працэс прамыўкі мазгоў, які ідзе вельмі павольна і падзяляецца на 4 асноўныя ступені. Першая — дэмаралізацыя. Ад 15 да 20 гадоў займае дэмаралізацыя народу. Чаму так шмат гадоў? Бо гэта найменшы лік гадоў, каб навучыць адно пакаленьне студэнтаў у краіне вашага ворага, падвержаных ідэалёгіі ворага. Іншымі словамі, марксісцка-ленінісцкая ідэалёгія пампуецца ў мяккія галовы прынамсі 3-х пакаленьняў амэрыканскіх студэнтаў без выкліку і супрацьвагі асноўных каштоўнасьцяў амэрыканскага патрыятызму. І вынік? Вынік вы можаце бачыць. Большасьць людзей, якія выпусьціліся ў 1960-я гады (якіх выключылі або напалову інтэлектуалы), цяпер займае ўладныя пасады ва ўразе, грамадзянскай службе, на прадпрыемствах, у СМІ і адукацыйнай сыстэме. Вы загразьлі зь імі. Вы ня можаце ад іх пазбавіцца. Яны — забруджаныя. Яны запраграмаваныя думаць і адказваць на пэўныя пабуджальнікі пэўным чынам. Вы ня можаце зьмяніць іх мысьленьне, нават калі пакажаце ім сапраўдныя зьвесткі і дакажаце, што белае ёсьць белым, а чорнае чорным. Вы ўсё адно ня можаце зьмяніць падставовае ўспрыманьне і лёгіку паводзінаў. Іншымі словамі, гэтыя людзі... хада дэмаралізаваньня скончаная і незваротная. Каб пазбавіцца ад таварыства такіх людзей, Вам спатрэбіцца яшчэ 20 або 15 гадоў, каб навучыць новае пакаленьне патрыятычна-настроеных людзей здаровага сэнсу, якія будуць дзейнічаць на карысьць і ў зацікаўленасьцях грамадзтва ЗША»[8].

У 1991 годзе пачаў выкладаць міжнародныя дачыненьні ў Ўіндзорскім унівэрсытэце (правінцыя Антарыё).

Любоўны ліст Амэрыцы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1984 годзе выдаў брашуру «Любоўны ліст Амэрыцы», дзе прывёў 4 ступені падрыўной дзейнасьці: 1) дэмаралізацыя, 2) дэстабілізацыя, 3) крызіс, 4) «нармалізацыя». Таксама Бязьменаў прывёў пасьлядоўнасьць руху ад адкрытага да закрытага грамадзтва за 14 крокаў: 1) адкрытае грамадзтва, 2) ураўнілаўка, 3) завышанае чаканьне, 4) супярэчнасьць імкненьня і рэчаіснасьці, 5) незадаволенасьць, 6) спад прадукцыйнасьці, 7) рэцэсія празь інфляцыю і беспрацоўе, 8) грамадзкае забурэньне, 9) нестабільнасьць, 10) радыкальнасьць, 11) змаганьне за ўладу, 12) зьмена ўлады, 13) грамадзянская вайна, дзяржаўны пераварот і замежнае ўварваньне, 14) закрытае грамадзтва. На 22-й старонцы брашуры разьмясьціў табліцу «Хада падрыўніцтва» ў 4 ступені. Першай ступеняй была дэмаралізацыя, якую у КДБ называлі актыўнымі захадамі, што мелі іншыя назвы: ідэалягічная агрэсія, прапагандысцкая або псыхалягічная вайна[1].

Галіны Спосабы Вынікі
Дэмаралізацыя (15—20 гадоў)
Погляды
Рэлігія Палітызаваць і камэрцыялізаваць дзеля забавы Жаданьне сьмерці
Асьвета Паблажлівасьць і абмежаванасьць Невуцтва
СМІ Манапалізаваць, маніпуляваць і зьняславіць дзеля малаважнасьці Блізарукая неапавешчанасьць
Культура Фальшывыя героі і ўзоры паводзінаў Узалежнівальныя захапленьні і масоўка
Будова
Закон і парадак Адвольны, а не маральны Недавер да правасудзьдзя
Грамадзкія дачыненьні Супрацьпаставіць правы і абавязкі Менш асабістай адказнасьці
Бясьпека Выведка, паліцыя і войска Безабароннасьць
Унутраная палітыка Міжпартыйныя супярэчнасьці Разьяднанасьць
Замежныя справы Рэзкія сябры Самота
Жыцьцё
Сям'я і грамадзтва Разьвесьці Стан нявернасьці
Здароўе Дрэнныя спорт, ахова здароўя і ежа Зьняможаны народ
Род Прынізіць вярхі і Біблію, супрацьпаставіць паходжаньне і навакольле Нянавісьць і падзел
Насельніцтва Абезьзямеліць і ўрбанізаваць Адчужэньне
Праца Супрацьпаставіць прафсаюзы і грамадзтва Перасьлед
Дэстабілізацыя (2—5 гадоў)
Змаганьне за ўладу Папулізм і безадказнасьць «Вялікі брат» (дзяржава)
Гаспадарка Разбурэньне гандлёвых дачыненьняў Саступіць «вялікаму брату»
Грамадзкая тканка і закон Нізавы ўдзел Улада натоўпу
Замежныя справы Самота, шматнароднасьць і галоўнасьць камунізму Самаўслаўленьне і варожае акружэньне
Крызіс (2—6 месяцаў)
Радыкальныя і ўтоеныя агенты хутка і люта захопліваюць уладу пры разгубленасьці большасьці грамадзтва, мяняюць дзяржаўны лад празь дзяржаўны пераварот і грамадзянскую вайну з замежным вайсковым уварваньнем, нацыяналізуюць прыватныя прадпрыемствы.
«Нармалізацыя»
Пасобніцтва замежнаму войску, зьняволеньне і расстрэл радыкалаў як карысных дурняў, забарона нізавых рухаў і крытыкі ўраду, самацэнзура друку.

Сярод іншага, у «Любоўным лісьце Амэрыцы» Бязьменаў цытуе старажытнакітайскага філёзафа Сунь Цзы: «Усялякая вайна грунтуецца найперш на падмане ворага. Змаганьне на полі бою — гэта найпрасьцейшы спосаб вядзеньня вайны. Ням вышэйшага мастацтва, чым разбураць вашага ворага бяз бою праз падрыў усялякай вартасьці ў краіне ворага». Таксама аўтар прыводзіў пакрокавую 7-узроўневую схему ўзаемінаў падрыўніка і мэтавага народу, што вядзе да сусьветнай вайны[1].

У Савецкім Саюзе быў тройчы жанаты на загад аддзелу кадраў Камітэту дзяржаўнай бясьпекі СССР дзеля прадухіленьня ўцёкаў падчас працы за мяжой. Кожны раз жонку прызначаў аддзел кадраў КДБ, каб тая выступала інфарматаркай пра яго[9].

Агульнавайсковы ўнівэрсытэт адмысловых апэрацыяў (АУАА), заснаваны ў верасьні 2000 году на авіябазе Макдыл у штаце Флорыда (ЗША), выкарыстоўвае табліцу Бязьменава «Хада падрыўніцтва» ў 4 ступені для аналізу гістарычных падзеяў. Сярод іншага, «Хаду падрыўніцтва» Бязьменава выкарыстоўвалі для разгляду 10 гадоў расейскага падрыўніцтва ў Грузіі, якое папярэднічала грузінска-расейскай вайне 2008 году[10]. 21 траўня 2019 году старэйшы супрацоўнік Цэнтру дыпляматыі і глябальнага ўцягненьня (ЦДГУ) Майкл Карпэнтэр, які працаваў у Пэнсыльванскім ўнівэрсытэце (Філадэлфія), цытаваў «Любоўны ліст Амэрыцы» Бязьменава у сваёй прамове перад Палатай прадстаўнікоў ЗША[11]. Улетку 2019 году ў Ельскім унівэрсытэце (Нью Гэйвэн, штат Канэктыкут) выкладнік Аша Рангапа скарыстаў лекцыю Бязьменава «Псыхалягічны падрыў і кантроль Заходняга грамадзтва» для ілюстраваньня актыўных захадаў Службы вонкавай выведкі Расеі ў ЗША падчас мінулых кампаніяў дэзынфармацыі[12].

19 жніўня 2020 году амэрыканскае выдавецтва «Актывіжн» (Санта Моніка, Лос-Анджэлеская акруга, штат Каліфорнія) выпусьціла папярэдні трэйлер відэагульні «Кліч абавязку: таемныя апэрацыі Халоднай вайны». Гэты трэйлер улучаў урыўкі інтэрвію Бязьменава ў 1984 годзе пра 4 ступені актыўных захадаў 1-й галоўнай ўправы КДБ за мяжой[13]. 21 жніўня 2020 году гэтыя ўрыўкі інтэрвію Бязьменава ўвайшлі ў 1-хвілінны трэйлер «Ведайце Вашую гісторыю» да той жа відэагульні[14].

  1. ^ а б в г д е Томас Шуман. Любоўны ліст Амэрыцы = Love Letter To America. — Лос-Анджэлес: Альманак Панарама, 1984. — 48 с. — ISBN 0-935090-13-4
  2. ^ а б Былы дарадца Пуціна: Лукашэнка і Беларусь у небясьпецы — супрацьстаяньне з Пуціным ня скончылася // Беларуская служба Радыё «Свабода», 18 сакавіка 2020 г. Праверана 16 чэрвеня 2021 г.
  3. ^ а б Юры Бязьменаў. Поўнае інтэрвію і лекцыя (1983 год, Лос-Анджэлес, Каліфорнія) (анг.) // Яма памяці «Дубовыя прысакі», 20 сакавіка 2017 г. Праверана 16 чэрвеня 2021 г.
  4. ^ Юры Бязьменаў. «Псыхалягічны падрыў і кантроль Заходняга грамадзтва» (поўная лекцыя 1983 году ў Лос-Анджэлесе, Каліфорнія) (анг.) // «ППР Грын Бэя» (штат Вісконсін), 23 лютага 2011 г. Праверана 16 чэрвеня 2021 г.
  5. ^ Джон Кэмпфнэр, часопіс «Таймз» (Ангельшчына). Усё зьмянілася для расейскай дэзінфармацыі і расейскіх грошай // Прэс-цэнтар «Хартыі’97», 26 траўня 2019 г. Праверана 16 чэрвеня 2021 г.
  6. ^ Запамінаем: ёсьць дзьве Амэрыкі, і паміж імі – вайна (частка 4: інфармацыя А.Іларыёнава) // Партал «Беларусь - наша зямля», 20 чэрвеня 2020 г. Праверана 16 чэрвеня 2021 г.
  7. ^ Эдвард Грыфін. Інтэрвію зь Юрыем Бязьменавым: частка 3 (1984 год, Ўэстлэйк Віладж) (анг.) // Блог «Бескарысны дысідэнт», 25 лістапада 2008 г. Праверана 16 чэрвеня 2021 г.
  8. ^ Эдвард Грыфін. «Падман быў маёй працай» або «Савецкі падрыў вольнага друку сьвету» (поўнае відэаінтэрвію Бязьменава 1984 году ў Ўэстлэйк Віладжы, Каліфорнія) (анг.) // Кевін Гайнэ, 11 красавіка 2013 г. Праверана 16 чэрвеня 2021 г.
  9. ^ Эдвард Грыфін. Інтэрвію зь Юрыем Бязьменавым: частка 2 (1984 год, Ўэстлэйк Віладж) (анг.) // Блог «Бескарысны дысідэнт», 25 лістапада 2008 г. Праверана 16 чэрвеня 2021 г.
  10. ^ Расейска-грузінская вайна 2008 году // Рэгулярныя і спэцыяльныя сілы Расеі ў рэгіянальнай і сусьветнай вайне з тэрорам = Russia's Regular And Special Forces In The Regional And Global War On Terror. — Хэрлбэрт Філд (штат Флорыда): Агульнавайсковы ўнівэрсытэт адмысловых апэрацыяў, 2020. — С. 165.
  11. ^ Майкл Карпэнтэр. Падрыў народаўладзьдзя: прылады шкоднага палітычнага ўплыву Крамля (анг.) // Кангрэс ЗША, 21 траўня 2019 г. Праверана 16 чэрвеня 2021 г.
  12. ^ Аша Рангапа. Народаўладзьдзе і дэзынфармацыя (анг.) // Ельскі ўнівэрсытэт, 2019 г. Праверана 16 чэрвеня 2021 г.
  13. ^ «Актывіжн». Афіцыйны папярэдні трэйлер «Кліч абавязку: таемныя апэрацыі Халоднай вайны» (анг.) // «Сетка ўявы гульняў» (Сан-Францыска, ЗША), 19 жніўня 2020 г. Праверана 16 чэрвеня 2021 г.
  14. ^ «Актывіжн». Афіцыйны трэйлер «Ведайце Вашую гісторыю» да «Кліча абавязку: таемныя апэрацыі Халоднай вайны» (анг.) // «Кліч абавязку», 21 жніўня 2020 г. Праверана 16 чэрвеня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]