Перайсьці да зьместу

Гандлёва-вытворчая ўправа пры Міністэрстве абароны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «ГВУ»)

Каардынаты: 53°55′50″ пн. ш. 27°36′8″ у. д. / 53.93056° пн. ш. 27.60222° у. д. / 53.93056; 27.60222

«Гандлёва-вытворчая ўправа пры Міністэрстве абароны»
Тып унітарнае прадпрыемства
Дэвіз Мы закліканыя служыць вам
Заснаваная 1992
Заснавальнікі Міністэрства абароны Беларусі
Уласьнікі Міністэрства абароны Беларусі
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Менск
Адрас Першамайскі раён, мікрараён Валгаградзкая, вул. Калініна, д. 30а
Ключавыя фігуры Юры Мацяюк (генэральны дырэктар), Аляксандар Філіповіч (1-ы намесьнік)[1]
Галіна сфэра паслугаў
Паслугі грамадзкае харчаваньне, раздробны гандаль, шыцьцё, стрыжка, масаж
Лік супрацоўнікаў 1700 (2014 год)
Матчына кампанія Міністэрства абароны Беларусі

«Гандлёва-вытворчая ўправа пры Міністэрстве абароны» — дзяржаўнае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў 1992 годзе ў якасьці аддзелу гандлю Міністэрства абароны Беларусі.

На 2024 год налічвала 221 кропку гандлю, грамадзкага харчаваньня і побытавых паслугаў, у тым ліку краму вайсковай вопраткі «Зорачка» і атэлье «Дом вайсковага адзеньня» на галаўной сядзібе. Улучала 6 падразьдзяленьняў «Ваенсэрвіс» у Баранавічах, Берасьці, Віцебску, Горадні, Маладэчне і Слуцку, а таксама зь 2015 году гасьцініцу «40 гадоў Перамогі» па вуліцы Азгура, д. 3 у Менску. Аснову дзейнасьці забясьпечвалі салдацкія страўні пры вайсковых часьцях[2]. Сярод іншага, працавалі станцыя тэхнічнага абслугоўваньня «ВаенАўтасэрвіс» у Валяр'янаве (Менскі раён) і 3 цырульні ў Менску, у тым ліку агульнадаступная на праспэкце Незалежнасьці, д. 117[3].

У 1992 годзе Міністэрства абароны Беларусі ўтварыла аддзел гандлю. 16 студзеня 1997 году прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка падпісаў Указ № 64, якім пераўтварыў аддзел у Гандлёва-вытворчую ўправу пры Міністэрстве абароны. 23 ліпеня 2004 году міністар абароны Беларусі Леанід Мальцаў зацьвердзіў Загад № 659, якім пераўтварыў управу ва ўнітарнае прадпрыемства «Гандлёва-вытворчая ўправа пры Міністэрстве абароны»[2].

На 2014 год прадпрыемства налічвала 135 кропак гандлю і грамадзкага харчаваньня, зь якіх каля 90 % месьцілася па-за вайсковымі часьцямі, а таксама 13 кропак побытавага абслугоўваньня. У склад прадпрыемства ўваходзілі падразьдзяленьні «Ваенсэрвіс» у Віцебску, Маладэчне, Берасьці, Горадні, Баранавічах і Слуцку. На ўсіх кропках працавала звыш 1700 чалавек. «ГВУ пры Мінабароны» аказвала гандлёва-побытавыя паслугі Міністэрству абароны і іншым сілавым ведамствам Беларусі, а таксама цывільнаму насельніцтву. Атэлье «Дом вайсковага адзеньня», дзе працавала 44 чалавекі, шыла для цывільных вопратку лясьнічага, паляўнічага і рыбалова. Асабісты пашыў ладзілі для вайскоўцаў-жанчынаў, афіцэраў і прапаршчыкаў. На «Дом вайсковага адзеньня» прыпадала каля 3 % таваразвароту прадпрыемства. На грамадзкае харчаваньне і гандаль прыпадала 50 і 47 %. Грамадзкае харчаваньне ажыцьцяўлялі ў 28 салдацкіх страўнях у гарнізонах, якія забясьпечвалі каля 25 % жаўнераў тэрміновай службы, а таксама ў 8 афіцэрскіх страўнях, якія падавалі толькі абед. Гандаль ладзілі праз буфэты і крамы пры вайсковых часьцях. У фірмовай краме «Зорачка» прадавалі берцы і фуражкі, дарожныя сумкі і сумкі заклічніка, пагоны і шаўроны, зорачкі і эмблемы, а таксама кнігі. Сярод іншага, пачалі ажыцьцяўляць грузаперавозкі і шынамантаж праз цэнтар «ВаенАўтасэрвіс», дзе таксама прадавалі шыны і дыскі. Вайскоўцам запасу ўсіх сілавых ведамстваў прапаноўвалі зьніжку. Дзейнічала сетка цырульняў у двух карпусах Міністэрства абароны Беларусі, Вайсковай акадэміі Беларусі, вайсковым мястэчку ў Масюкоўшчыне і агульнадаступная на Чырвонай вуліцы, д. 1, дзе таксама працаваў манікюрна-пэдыкюрны кабінэт. У верасьні 2014 году адчынілі масажны кабінэт, дзе таксама была зьніжка 5 % для вайскоўцаў[4].

На 2023 год Гандлёвы рэестар Беларусі згадваў 30 крамаў «ГВУ пры Мінабароны»[5].

  1. ^ Зьвесткі для сувязі (рас.) // УП «Гандлёва-вытворчая ўправа пры Міністэрстве абароны», 2024 г. Праверана 15 ліпеня 2024 г.
  2. ^ а б Аб прадпрыемстве (рас.) // УП «Гандлёва-вытворчая ўправа пры Міністэрстве абароны», 2024 г. Праверана 15 ліпеня 2024 г.
  3. ^ Нашыя паслугі (рас.) // УП «Гандлёва-вытворчая ўправа пры Міністэрстве абароны», 2024 г. Праверана 15 ліпеня 2024 г.
  4. ^ Вераніка Канюта. Ваенгандаль сучаснага пакаленьня // Пляцдарм. — 27 траўня 2014. — № 5 (34). — С. 1, 2.
  5. ^ Алесь Наваборскі. Чаго больш у Беларусі: «Табакерак» ці «Саюздрукаў», «Эўраоптаў» ці райст // Тэлеканал «Белсат», 24 лістапада 2023 г. Праверана 15 ліпеня 2024 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]