Перайсьці да зьместу

Бутан

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Бутан (дзяржава)»)
Бутан
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн
Друк Цэндэн[d]
Дата заснаваньня: 8 жніўня 1949
Афіцыйная мова: дзонг-кэ
Сталіца: Тхімпху
Форма кіраваньня: канстытуцыйная манархія
кароль Бутану[d]: Джыгмэ Кхесар Намг’ял Вангчук
прэм’ер-міністар Бутану[d]: Лотай Цэрынг[d]
Заканадаўчы орган: парлямэнт Бутану[d]
Выканаўчы орган: урад Бутану[d]
Плошча:
  • 38 394 км²
Насельніцтва:
Валюта: нгултрум
СУП (2022)
па ППЗ: 9,853 млрд $
па ППЗ на душу насельніцтва: 12 967 $
намінальны: 2,653 млрд $
намінальны на душу насельніцтва: 3 491 $
Мэдыянны прыбытак: 115 787 Nu[2]
Індэкс дэмакратыі: 5,71[3]
Каэфіцыент Джыні: 37,4[4]
ІРЧП: 0,666[5]
Часавы пас: UTC+6 і BTT[d][6]
Аўтамабільны знак: BHT
Бок аўтамабільнага руху: леваруч
Дамэн верхняга ўзроўню: .bt
Тэлефонны код: +975
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
bhutan.gov.bt

Каралеўства Бута́н (на дзонг-кэ: འབྲུག་ཡུལ) — дзяржава ў паўднёвай Азіі ва ўсходніх Гімалаях. На поўначы і захадзе мяжуе з Кітаем, а таксама краіна мяжуе з рознымі штатамі Індыі, як то з захаду з Сыкімам (да 1975 году незалежная краіна), з усходу з Аруначал-Прадэшам, на поўдні мае мяжу з Асамам, на паўднёвым захадзе з Заходняй Бэнгаліяй. Нэпал і Банглядэш месьціцца недалёка ад Бутану, але ня маюць сумежных граніц зь ім. Насельніцтва Бутану складае больш за 777 тысяч чалавек[7], маючы тэрыторыю ў 38,394 тысяч км². Мясцовая назва краіны Друк Юл ці Друк Цэдэн пераскладецца як «краіна цмока-перуна». Паводле адной з вэрсіяў назва «Бутан» паходзіць ад Бгу-Утан (Bhu-Uttan), што ў перакладзе з санскрыту азначае «высакагор’е» ці «горная краіна». Паводле іншай вэрсіі, назва паходзіць ад Бгот-Анг (Bhots-ant), што азначае «край Тыбэту» ці «поўдзень Тыбэту». Бутан таксама ёсьць і гістарычнай назвай памежнай тэрыторыі ў Індыі ў штаце Заходняя Бэнгалія з цэнтрам Калімпонгу.

Бутан, як і суседні Тыбэт, здавён зьведалі распаўсюд будызму, які паўстаў на індыйскім субкантынэнтам за часам жыцьця Гаўтамы Буды. У першым тысячагодзьдзі школа будызму ваджраяна атрымала распаўсюд на Бутан з імпэрыі Пала з Бэнгаліі. На працягу XVI стагодзьдзя Шабдрунг Нгаванг Намг’ял абъяднаў даліны Бутану пад сваім уладарствам, разграміўшы тры тыбэцкія ўварваньні. Намг’ял падпарадкаваў сабе рэлігійныя школы, кадыфікаваў прававую сыстэму і стварыў нешта кшталту ўраду. Ён стаў першым духоўным лідэрам краіны на ўзро тыбэцкіх ламаў. У XVI стагодзьдзі Бутан пашырыў свой кантроль на вялікую частку Паўночна-Ўсходняй Індыі, Сыкіму і Нэпалу. Аднак ужо ў XIX стагодзьдзі Бутан саступіў кантроль над Бэнгальскімі Дуарамі Брытанскай Індыі. Напачатку XX стагодзьдзя каралём стаў Уг’ен Вангчук, першы з роду Вангчукаў. Ён пашырыў сувязі зь Вялікабрытаніяй і нават патрапіў у іхны пратэктарат, які гарантаваў брытанскую ахову ў замежнай палітыцы. Добрыя стасункі зь Індыяй працягнуліся па абвяшчэньню незалежнасьці Індыі ў 1949 годзе. Абедзьве краіны прызналі сувэрэнітэт адзін аднаго. Бутан далучыўся да Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у 1971 годзе. З тых часоў ён толькі пашырыў свае дачыньненьні зь іншымі краінамі. Гэтак краіна ёсьць сябрам Арганізацыі рэгіянальнай супрацы краінаў Паўднёвай Азіі. Тым ня менш, Бутан доўгі час праводзіў палітыку жорсткага ізаляцыянізму, прыкметы якога можна пабачыць і сёньня. Такім чынам Бутан ёсьць адной з найменш вывучаных і найменш дасяжных краінаў у сьвеце, праз тое, што ўрад абмяжоўвае турызм і ўмяшальніцтва іншых краінаў, з мэтай захаваньня культуры і традыцыяў.

Адзін з дзонгаў, пабудаваных у даліне Паро ў 1646 годзе.
Трашыганскі дзонг быў узьведзены ў 1659 годзе.

Знаходкі каменных інструмэнтаў, зброі, косткі сланоў і парэшткі буйных каменных збудаваньняў ёсьць доказамі таго, што Бутан быў населены яшчэ ў 2000 годзе да н. э., аднак, захаваных запісаў гэтага бракуе. Тыбэцкі ўладар Сунцэн Гампо[8], навернуты ў будызм, пашырыў Тыбэцкую імпэрыю на Сыкім і Бутан[9][10]. Ён загадаў пабудаваць два будыйскія храмы, адзін у Бумтангу ў цэнтральным Бутане, а іншы ў Кічу ў даліне Паро[11]. Аднак толькі ў XVIII стагодзьдзі індыйскі ёгін Гуру Рынпочэ (Падмасамбзава) больш шырока распаўсюдзіў у Бутане будызм.

Большая частка раньняй гісторыі краіны не вядома, паколькі большасьць запісаў былі зьнішчаныя, калі агонь ператварыў старажытную сталіцу, Пунакгу, у папялішча ў 1827 годзе. Да X стагодзьдзя на палітычнае разьвіцьцё Бутану моцна ўплывала рэлігія. Тутака зьявіліся розныя кірункі будызму, на абарону якіх выступалі розныя мангольскі вайскаводы. На Бутан, магчыма, паўплывала кітайская дынастыя Юань, зь якой паміж імі існуюць некаторыя культурныя і рэлігійныя падабенствы. Па заняпадзе дынастыі Юань у XIV стагодзьдзі гэтыя будыйскія кірункі сутыкнуліся адзін з адным з мэтай усталяваньня вяршэнства ў палітычным і рэлігійным пляне. У выніку да ўздыму прыйшоў род Друкпы да XVI стагодзьдзя[11].

Бутан быў вядомы паводле шматлікіх імёнах. Самая раньняя ўзгадка краіны эўрапейцамі датуецца 1627 годам, калі партугальскія езуіты Эстэван Касэльля і Жуан Кабрал[12] зрабілі нататкі аб краіне, ужыўшы такія ейныя імёны, як то Камбіразі, Патэнці і Мон (эндонім Паўднёвага Тыбэту)[13]. Да пачатку XVII стагодзьдзя Бутан існаваў як сукупнасьць нязначных княстваў, але потым рэгіён быў аб’яднаны пад уладай тыбэцкага ламы і вайсковым лідэрам Шабдрунгам Нгавангам Намг’ялам, які ўцёк з Тыбэту праз рэлігійны перасьлед. Ён у 1616 годзе аб’яднаў краіну, увёў сыстэму падзелу сьвецкай і рэлігійнай улады, цэнтралізаваўшы ўладу, а таксама стварыў сыстэму абарончых фортаў, або гэтак званых дзонгаў. Нават на сёньня некаторыя з гэтых дзонгаў шырока выкарыстоўваюцца як рэлігійныя цэнтры і цэнтры мясцовых адміністрацыяў. Згаданыя партугальскія езуіты Эстэван Касэльля і Жуан Кабрал наведалі ў 1627 годзе Бутан, калі ладзілі падарожжа ў Тыбэт[14]. Яны сустрэліся з Нгавангам Намг’ялам і пазнаёмілі яго з пальнай зброяй, порахам і тэлескопам, і нават прапанавалі яму свае паслугі ў вайне супраць Тыбэту, але бутанскі лідэр адмовіўся ад прапановы. Па знаходжаньні ў манастыры, якое доўжылася 8 гадоў, Касэльля напісаў вялікі твор, у якім распавёў пра свае падарожжы. Калі Нгаванг Намг’ял памёр у 1651 годзе, ягоная сьмерць захоўвалася пад сакрэтам яшчэ 54 гады. Пасьля пэрыяду кансалідацыі Бутан перайшоў да грамадзянскіх войнаў. У 1711 годзе Бутан распачаў вайну з княствам Коч-Бігарам, што месьцілася на поўдзень ад Бутану. Падчас хаосу, які рушыў усьлед, беспасьпяхова спрабавалі захапіць краіну тыбэтцы ў 1714 годзе[11].

Краявіды Бутану на малюнку 1813 году.

У XVIII стагодзьдзі зноў уварваўся ў Коч-Бігар і нават захапіў яго, але ў 1772 годзе магараджа Коч-Бігару зьвярнуўся па дапамогу да Брытанскай Ост-Індзкай кампаніі, якая дапамагала ня толькі вызваліць княства, але і ажыцьцявіла напад уласна на сам Бутан у 1774 годзе. Паводле укладзенай мірнай дамовы Бутан пагадзіўся адступіць да межаў 1730 году, але памежныя канфлікты з ангельцамі мелі месца яшчэ сто гадоў. Новая брытанска-бутанская вайна за кантроль над Дуарамі, паўднёвай часткай Бутану, распачалася ў 1864 годзе. Але ўжо ў наступным годзе празь пяць месяцаў вайны бутанцы былі вымушаныя падпісаць Сынчульскі мір, паводле якога Вялікабрытанія атрымала Дуары ў арэнду ў абмен на 50 тысяч рупіяй. Дамова скончыла ваенныя дзеяньні паміж Брытанскай Індыяй і Бутанам. У 1870-я гады барацьба за ўладу паміж цэнтрамі Паро і Тронгса прывяла да грамадзянскай вайны, у выніку чаго прывяло да ўздыму Уг’ена Вангчука, уладара Тронгсы. У наступным ён перамог усіх іншых сваіх палітычных ворагаў і аб’яднаў краіну пасьля шэрагу грамадзянскіх войнаў і паўстаньняў на працягу 1882—1885 гадоў[11].

Новае каралеўства

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Брытанскія пасланцы пры каралеўскім двары Бутану ў 1905 годзе.

17 сьнежня 1907 году сход прадстаўнікоў будыйскіх мніхаў, дзяржаўных дзеячаў і іншых прадстаўнікоў насельніцтва абраў першага спадчыннага караля, якім стаў падтрымліваемы брытанцамі Уг’ен Вангчук. Цырымонію каранацыі сфатаграфаваў Джон Клод Ўайт, брытанскі палітычны агент у Бутане[15]. У 1910 годзе кароль падпісаў дамову зь Вялікабрытаніяй, у якой згадзіўся з пратэктаратам. То бок, брытанцы атрымалі кантроль на замежнымі дачыненьнямі Бутану. Дамова азначала, што Бутан разглядаўся брытанцымі як індыйскай княжацкай дзяржавай. На самай справе страта кантролю над дачыненнямі мела мала рэальнага эфэкту, улічваючы гістарычную стрыманасьць Бутану, а таксама не паўплывала на традыцыйныя адносіны Бутану з Тыбэтам. Пас атрыманьні незалежнасьці Індыяй у 1947 годзе Бутан стаў адной зь першых дзяржаваў, якія прызналі незалежнасьць Індыі. У 1949 годзе быў падпісаны бутана-індыйскі трактат аб сяброўстве, згодна зь якім заваяваныя брытанцамі бутанскія правінцыі былі зьвернутыя Бутану, а Індыя была абавязаная весьці абаронную і памежную палітыку Бутану, а таксама дапамагаць эканамічна.

Лідэры Аўганістану, Бутану, Банглядэшу, Індыі, Пакістану, Шры-Ланкі, Мальдываў і Нэпалу на саміце ў Бутане ў 2010 годзе.

У 1953 годзе кароль Джыгмэ Дорджы Вангчук стварыў заканадаўчы орган краіны, Нацыянальную раду, для прасоўваньня больш дэмакратычнай формы кіраваньня. У 1965 годзе ён утварыў каралеўскую кансультатыўную раду, а ў 1968 годзе быў стварыў кабінэт міністраў. У 1971 годзе Бутан быў прыняты ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацыяў, правёўшы тры гады ў статусе назіральніка. У ліпені 1972 году Джыгмэ Сынг’е Вангчук узышоў на трон ва ўзросьце шаснаццаці гадоў пасьля сьмерці свайго бацькі. Цэнтральным пунктам палітыкі ўраду Бутану з канца 1960-х гадоў ёсьць прасоўваньне выкарыстаньня мовы дзонг-кэ. Адным з пунктаў гэтае праграмы была адмова з 1964 году выкарыстаньня мовы гіндзі, якая ў свой час пачала выкарыстоўвацца з мэтай закладу фармальнай сьвецкай адукацыі[16]. У выніку на пачатку навучальнага году ў сакавіку 1990 году выкладаньне нэпальскай мовы, якая мае падабенства з гіндзі, на якой размаўляюць этнічная меншасьць лгоцампы ў паўднёвым Бутане, было спыненае, а ўсе нэпальскія навучальныя матэрыялы былі замененыя на матэрыялы мовай дзонг-кэ ў бутанскіх школах[17]. У 1988 годзе Бутан правёў перапіс на поўдні краіну, з мэтай барацьбы ад нелегальнай іміграцыі зь Індыі[17]. Кожная сям’я павінна была прадставіць супрацоўніку арганізацыі перапісу насельніцтва альбо падатковыя дакумэнты за 1958 год, альбо пасьведчаньне нараджэньне дзеля спраўджваньня грамадзянства. Такія жорсткія патрабаваньні выклікалі абурэньня і пратэстаў грамадзян. У адказ урад гвалтоўна здушыў пратэсты. Людзі, якія прысутнічалі на пратэстах, былі пазначаны «антынацыянальнымі тэрарыстамі»[18]. Пасьля дэманстрацыяў армія і паліцыя пачала выкананьне задачы выўленьня ўсіх удзельнікаў і прыхільнікаў пратэстаў. Шмат людзей былі арыштаваныя і месяцамі утрымліваліся за кратамі без судовых паседжаньняў[17]. Урад Бутану выявіў больш чым 100 тысяч нелегальных мігрантаў, якія былі вымушаныя ўцячы ў Нэпал. Большасьць зь іх былі прастаўнікамі этнічнай меншасьці лгоцампаў. З 2008 году многія краіны, як то Канада, Нарвэгія, Вялікабрытанія, Аўстралія і ЗША, дазволілі перасяленьню большасьці ўцекачоў лгоцампаў да сябе[18].

У далейшным палітычная сыстэма краіны зьмянілася, то бок Бутан перайшоў ад абсалютнай манархіі да канстытуцыйнай манархіі. У 1999 годзе ўрад скасаваў забарону на тэлебачаньне і Сеціва, то бок гэта зрабіла Бутан адной з апошніх краінаў сьвету, якія пачалі тэлетрансляваньне. У сваёй прамове кароль зазначыў, што тэлебачаньне ёсьць крытычным крокам да мадэрнізацыі краіны[19], але папярэдзіў і заклікаў да асьцярожнасьці выкарыстаньня новай для краіны тэхналёгіі, бо яна можа зьнішчыць традыцыйныя каштоўнасьці[20]. Новая канстытуцыя краіны набыла сілу напачатку 2005 году, а ў 2007—2008 гадах былі праведзеныя першыя выбары ў Нацыянальную раду. 6 лістапада 2008 году новым каралём стаў 28-гадовы Джыгмэ Кхесар Намг’ял Вангчук[21]. У ліпені 2021 году за часам пандэміі каранавірусу, Бутан здолеў зрабіць прышчэпкі 470 тысячам сваіх жыхароў з 770 тысяч чалавек агульнага насельніцтва.

Гімалайскія краявіды Бутану.
Тапаграфічная мапа Бутану.

Бутан месьціцца на паўднёвых схілах усходніх Гімалаяў, замкнёны паміж аўтаномным рэгіёнам Кітаю Тыбэтам на поўначы і індыйскімі штатамі Сыкім, Заходняй Бэнгаліяй, Асам на захадзе і поўдні, і індыйскім штатам Аруначал-Прадэш на ўсходзе. Тэрыторыя краю ў асноўным складаецца з стромкіх і высокіх гор, перакрыжаваных сеткай рэк, якія ўтвараюць глыбокія даліны, перш чым яны сьцякаць на індыйскія раўніны. Узвышэньне павялічваецца з 200 мэтраў у паўднёвых перадгор’ях да больш чым 7000 мэтраў. Гэта вялікая геаграфічная разнастайнасьць у спалучэньні з разнастайнымі кліматычнымі ўмовамі паспрыяла шырокай біяразнастайнасьці экасыстэмаў Бутану[22].

Паўночны рэгіён Бутану складаецца з Ўсходне-гімалайскіх альпійскіх лугоў і хмызьнякоў, якія дасягаюць ледзяных горных вяршыняў з надзвычай халодным кліматам. Большасьць вяршыняў у гэтым месцы перавышаюць 7000 мэтраў над узроўнем мора, а найвышэйшым пунктам ёсьць гара Ганкар-Пунсум (7,57 км). Самы нізкі пункт знаходзіцца ў даліне ракі Манас, дзе рака перасякае мяжу зь Індыяй. Ейная вышыня скаладае 98 мэтраў над узроўнем мора[23]. Сілкуючыся рэкамі, даліны ў гэтым рэгіёне забясьпечваюць пашу для жывёлы. Чорныя горы ў цэнтральным рэгіёне Бутану ўтвараюць натуральную мяжу водападзелу паміж дзьвюма асноўнымі рачнымі сыстэмамі. Вяршыні Чорных гор вагаюцца ад 1500 да 4925 мэтраў над узроўнем мора, а шпаркаплыўныя рэкі высеклі глыбокія цясьніны ў гэтым горным рэгіёне. Лясы цэнтральнага Бутану складаюцца з усходне-гімалайскіх субальпійскіх іглічных лясоў на больш высокіх узвышшах і ўсходне-гімалайскіх шырокалістых лясоў на ніжэйшых узвышшах. Большая частка насельніцтва жыве менавіта ў цэнтральным нагор’і. На поўдні горны сьцяг Шывалік пакрыты густымі гімалайскімі субтрапічнымі шырокалістымі лясамі, наноснымі далінамі рэк і гарамі вышынёю да 1500 мэтраў над узроўнем мора. Прыгор’е спускаецца ў субтрапічную раўніну Дуары[24]. Большая частка гэтай раўніны месьціцца ў Індыі, але шнур у 10—15 км месьціцца ў Бутане.

Гімалайскі байбак ля возера ў Бутане.

Бутан мае багатую колькасьць прыматаў, у тым ліку такія рэдкія віды, як то залаты лангур[25]. Таксама быў выяўлены асамскі макак, нават некаторыя навукоўцы разглядаюць іхны новы від[26]. Бэнгальскі тыгр, пантэра дымчатая, асамскі заяц і лянівы мядзьведзь жывуць у трапічных нізінах і лісьцяным лесе на поўдні. Ва ўмеранай зоне знаходзяцца арэалы малпачкак, тыгры, горалы і сэраў, якія жывуць ў зьмяшаных іглічных, шыраколістых лясах і хвойніках. Плодныя дрэвы і бамбук забясьпечваюць асяродзьдзе да жыцьця белагрудага мядзьведзя, чырвонай панды, вавёрак, індыйскага замбара, дзікоў і мунтжакаў. У больш высакагорных рэгіёнах на поўначы краіны можна пабачыць сьнежнага барса, нагура блакітнага, байбака гімалайскага, гімалайскага воўка, антылёпаў, гімалайскую кабаргу і такіна, апошні зь якіх ёсьць нацыянальнай жывёлаў Бутану. Зьнікаючы дзікі вадзяны буйвал жыве ў паўднёвым Бутане, аднак толькі ў невялікай колькасьці[27]. У Бутане зафіксавана больш за 770 відаў птушак.

Больш за 5400 відаў расьлін сустракаюцца ў Бутане[28], уключаючы Pedicularis cacuminidenta. Грыбы гуляюць ключавую ролю ў функцыянаваньні бутанскіх экасыстэмаў, як то дзякуючы мікарызе лясныя дрэвы забясьпечваюцца мінэральнымі пажыўнымі рэчывамі, неабходнымі для росту.

Ахова навакольнага асяродзьдзя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Усходнія Гімалаі ўважаюцца рэгіёнам шырокай біяразнастайнасьці і ўваходзяць да ліку 234 сусьветна выбітных экарэгіёнаў сьвету паводле комплекснага аналізу глябальнай біяразнастайнасьці, зладжанага Сусьветным фондам дзікай прыроды паміж 1995 і 1997 гадамі.

Паводле зьвестак Швайцарскага міжнароднага зьвяза захаваньня прыроды, Бутан разглядаюць як узор актыўных ініцыятыў па ахове і захаваньню прыроды, бо каралеўства прыхільна ставіцца да падтрыманьня сваёй біяразнастайнасьці[29]. Гэтак, паводле рашэньняў ураду, менш сама 60% тэрыторыі дзяржавы мае лясное покрыва, а 40%[30] тэрыторыяў аддадзеныя пад нацыянальныя паркі, заказьнікі ды іншыя ахоўныя рэгіёны. Акрамя таго, яшчэ 9% тэрыторыяў былі вылучаныя пад калідоры, якія зьвязваюць ахоўныя тэрыторыі. Такім чынам, усе заказьнікі і паркі зьвязаныя адзін з адным празь велізарную сетку біялягічных калідораў, што дазваляе жывёлам свабодна міграваць па ўсёй краіне[31]. Канстытуцыя краіны згадвае экалягічныя стандарты ў некалькіх сваіх разьдзелах.

Мадэрновы і традыцыйны масты па-над ракой у Панбангу.

Нгултрум ёсьць нацыянальнай валютай Бутану, якая прывязаная да курсу індыйскай рупіі. Індыйская рупія таксама прымаецца як законны сродак аплаты ў краіне. Не зважаюцца на тое, што эканоміка Бутану ёсьць адной з самых маленькіх у сьвеце[32], яна хутка вырасла ў апошнія гады, як то 8% у 2005 годзе і 14% у 2006 годзе. У 2007 годзе Бутан меў другую паводле хуткасьці росту эканоміку ў сьвеце з гадавым эканамічным ростам у 22,4%. У асноўным гэта было зьвязанае з уводам у эксплюатацыю гіганцкай Таласкай гідраэлектрастанцыі. Паводле стану на 2012 год, прыбытак на душу насельніцтва ў Бутане складаў 2420 даляраў[33]. Эканоміка Бутану грунтуецца на сельскай гаспадарцы, лясной гаспадарцы, турызьме і продажы электрычнасьці ў Індыю. Большая частка насельніцтва краіны займаецца сельскай гаспадаркай (каля 91%). Вырошчваецца ў асноўным рыс, пшаніца, бавоўна, а таксама ячмень, грэчка, чылі, цытрусы і кукуруза.

Офіс Арганізацыі рэгіянальнай супрацы краінаў Паўднёвай Азіі ў сталіцы Бутану.

Складаны ляндшафт краіны зрабіў будаўніцтва дарог ды іншай інфраструктуры даволі дарагой справай. Гэта, і адсутнасьць доступу да мора, азначае, што Бутан ня можа скарыстацца разьвіцьцём гандлю сваёй прадукцыі. У Бутане бракуе чыгунак, аднак Індыйская чыгунка плянуе зьвязаць паўднёвы Бутан з сваёй велізарнай сеткай у адпаведнасьці з пагадненьнем, падпісаным паміж краінамі ў студзені 2005 году[34]. У 2008 годзе Бутан і Індыя падпісалі пагадненьне аб свабодным гандлі, якое дадаткова дазволіла Бутану транзытам без дадатковых спалатаў транспартаваць тавары ў і з трэціх рынкаў[35]. Раней Бутан меў гандлёвыя сувязі з кітайскім аўтаномным рэгіёнам Тыбэтам да 1960 году, але потым мяжа паміж імі была зачыненая[36]. У цяперашні час прамысловы сэктар краіны знаходзіцца ў стадыі зараджэньня. Зважаючы на тое, што рямёствы здавён існавалі ў Бутане, разьвіцьцё буйных галінаў прамысловасьці апошнім часам заахвочваецца ўрадам, а некаторыя галіны былі толькі ўтвораныя, як то вытворчасьць цэмэнту і сталі. Большасьць праектаў па разьвіцьці, як то будаўніцтва дарог, разьлічваюць на супрацу з суседняй Індыі.

Экспарт Бутану ў асноўным складаецца з электраэнэргіі, кардамону, гіпсу, драўніны, вырабаў рамёстваў, цэмэнту, садавіны, каштоўных камянёў і спэцыяў. Пры гэтым імпарт у краіны ведьмі невялікі, і складаецца ў асноўным з імпартаваньня паліва, збожжа, машынаў, транспартных сродкаў, тканіны і рысу. Асноўным экспартным партнэрам краю ёсьць Індыя, на долю якой прыпадае каля 58,6% усяго экспарту. Другімі паводле значнасьці партнэрамі ёсьць Ганконг (30,1%) і Банглядэш (7,3%)[23]. Паколькі дзяржаўная мяжа з аўтаномным рэгіёнам Тыбэтам зачыненая, гандаль паміж Бутанам і Кітаем цяпер фактычна адсутнічае. Імпарт Бутану ў асноўным паходзіць зь Індыі (74,5%), Японіі (7,4%) і Швэцыі (3,2%).

У 1967 годзе пачала выходзіць першая бутанская газэта — «Куенсэль». У наш час у Бутане налічваецца 15 000 карыстальнікаў Інтэрнэту і 23 000 уладальнікаў мабільных тэлефонаў. Існуюць і радыёстанцыі (Bhutan Broadcasting Service). Бутанскі лама, Дзонгсар Джам’янг Кхэнтсэ Рынпочэ, вядомы як рэжысэр, які напісаў сцэнары фільму «The Cup» (1999) і іншых.

У Бутане станам на 2021 год налічвалася 777 486 жыхароў[7]. Сярэдні ўзрост насельніцтва складае 24,8 года[23]. На кожныя 1070 мужчынаў прыпадае 1000 жанчынаў. Пісьменнасьцю валодаюць 59,5% жыхароў краіны[37].

Бутанцы ў традыцыйных строях на адным зь мясцовых фэстываляў.

Этнічна бутанцы ў большасьці складаюцца з двух этнічных групаў — нгалопы і шарчопы, якія таксама маюць назвы заходнія бутанцы і ўсходнія бутанцы адпаведна. Не зважаючы на тое, што колькасьць шарчопаў перавышае колькасьць нгалопаў, менавіта апошнія дамінуюць у палітычнай сфэры, то бок кароль і палітычная эліта належаць менавіта да гэтай этнічнай групы[38]. Нгалопы пераважна жывуць у заходняй частцы краіны. Іхняя культура цесна зьвязаная з Тыбэтам. У сваю чаргу, шарчопы традыцыйна прытрымліваюцца будыйскую школу ньінгма. У сучасны час, з палепшанай транспартнай інфраструктурай, паміж групамі часта ўтвараюцца міжэтнічныя шлюбы.

Лгоцампы, які жывуць на поўдні краіны, ёсьць неаднастайная групай пераважна нэпальскага паходжаньня. Яны працягваюць дамагацца палітычнага і культурнага прызнаньня, у тым ліку роўнасьць у правай частцы, мове і апрананьні. Паводле неафіцыйных крыніцаў сьцьвярджалася, што на 1988 год іхняя колькасьць складала ажно 45% насельніцтва[39]. Пачынаючы з 1980-х гадоў Бутан праводзіць палітыку «адзінага народу», прасоўваючы культуру, мову, рэлігіі і палітычнае панаваньне кіроўнай этнічнай групы[40]. Палітыка выяўляецца ў забароне выкладаньня нэпальскай мовы ў школах і адмове ў грамадзянстве тым, хто ня здолеў пацьвердзіць сваё нараджэньне ў краіне[41]. Такая палітыка прывяла да шырокіх хваляваньняў і палітычных дэманстрацыяў[41]. У выніку ўлады гвалтоўна дэпартавалі 107 тысяч лгоцампаў, прыблізна шостую частку ад усёй іхняй колькасьці ў Бутане[42]. Бутанская паліцыя і армія спальвалі дамы лгоцампаў, арыштоўвалі, катавалі і гвалцілі іх[42].

Паводле ацэнак, дзьве трацінамі альбо тры чвэрці насельніцтва Бутану ёсьць пасьлядоўнікамі будызму школы ваджраяна. Будызм вызначаецца як дзяржаўная рэлігія краіны, бо пачаў пашырацца ў рэгіёне яшчэ з VII стагодзьдзя. Ад адной чвэрці да траціны ёсьць вернікамі індуізму. На іншыя рэлігіі прыпадае менш за 1% насельніцтва[43]. Паводле бутанскіх законаў Бутан гарантуе свабоду веравызнаньня, аднак празэлітызм забаронены паводле рышэньню каралеўскага ўраду[43] і судовай інтэрпрэтацыяй канстытуцыі[44].

Бутанская культура заснаваная на тыбэцкай культуры і на будызьме[45] . Дзякуючы свайму месцазнаходжаньню Бутан пазьбег замежнага культурнага ўплыву. Улады краіны працяглы час да сярэдзіны XX стагодзьдзя прытрымлівалісь палітыкі строгага ізаляцыянізму, як культурнага, гэтак і эканамічнага. Яшчэ ў другой палове XX стагодзьдзя толькі некалькі іншаземцаў мелі магчымасьць наведаць Бутан. Дзякуючы ўсяму гэтаму бутанскія традыцыі і звычаі захаваліся ў амаль нязьменным стане. Урад усё часьцей намагае высілкі з мэтай захаваньня і падтрымкі культуры і традыцыяў краіны. У зьвязку з у значнай ступені некранутай прыродай і культурнай спадчынай Бутан часам клічуць апошнім Шанры-Ла[46].

Будынак Нацыянальнай бібліятэкі Бутану падчас сьнегападу.

Бутанская традыцыйная архітэктура грунтуецца на выкарыстваньні тэхналёгіяў ляпянкі і землябіту, а таксама каменных муроў і мудрагелістыя драўляных вырабаў, якія атачаюць вокна і дзьверы. Традыцыйная архітэктура не выкарыстоўвае аніякіх жалезных папярочак і бэлек[47][48]. Характэрным для рэгіёну ёсьць тып замкавай крэпасьці, вядомай як дзонг. Здавён дзогі служылі цэнтрамі рэлігійных і сьвецкіх адміністрацыяў у сваіх раёнах[49].

Сямейныя стасункі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У бутанскіх сем’ях спадчыннасьць звычайна пераходзіць па жаночай, а не мужчынскай лініі. Дочкі атрымліваюць у спадчыну бацькоўскі дом. Чакаецца, што мужчына сам уладкуецца ў сьвеце і часта пераязджае да дому жонкі. Шлюбы праз каханьне больш распаўсюджаныя ў гарадах, але традыцыя дамоўленых шлюбаў паміж знаёмымі сем’ямі па-ранейшаму больш распаўсюджаная ў сельскай мясцовасьці. Не зважаючы на тое, што палігамія ёсьць рэдкасьцю, яна не знаходзіцца пад забаронай і звычайна ёсьць прыладай захаваньня маёмасьці сям’і[50]. У караля Джыгмэ Сынг’е Вангчук, які на ўласнае рашэньне сышоў з пасады ў 2006 году, было чатыры жонкі, пры гэтым усе яны былі сёстрамі адна да адной.

Традыцыйная бутанская страва, якая складаецца з чырвонага рысу, шпіната і глазураванай у цытрыне курцы.

Папулярнымі прадуктамі ў Бутане ёсьць рыс і грэчка. Апошнім чынам да гэтых крупаў папулярнасьць набывае кукуруза. Сярод мяса бутанцы аддаюць перавагу сьвініне, ялавічыне, куры, мясу яка і бараніне. Эма даці можна назваць нацыянальнай стравай краіны празь ягоную паўсюднасьць і пашану. Яна гатуецца з сыру і перца чылі. Малочныя прадукты, асабліва сьметанковае масла і сыр з якаў і кароў, таксама досыць папулярныя. Амаль усё малако, якое здабываецца ў краіне ідзе на біцьцё масла і выраб сыру. Да распаўсюджаных напояў адносяцца часуйма, чорная гарбата, рысавае віно і піва[51].

Нацыянальным і самым папулярным відам спорту Бутану ёсьць стральба з лука[52]. У большасьці вёсак такія спаборніцтвы ладзяцца рэгулярна, але спартовая праграма адрозьніваецца ад алімпійскіх стандартаў у тэхнічных дэталях, як то разьмяшчэньні цэльніку і атмасфэры. Традыцыйная бутанская стральба з лука ёсьць падзеяй у першую чаргу сацыяльнай, то бок за часам спаборніцтва ладзяцца бяседы разам зь сьпевамі і танцамі. Такія падзеі ладзяцца на ўзроўняў як гарадоў, гэтак і вёсак.

Яшчэ адным папулярным відам спорту ёсьць баскетбол[52]. Крыкет таксама мае сваіх прыхільнікаў сярод бутанцаў, асабліва пасьля зьяўленьня ў этэры краіны індыйскіх тэлеканалаў.

  1. ^ а б World Bank Open DataСусьветны банк.
  2. ^ National Statistics Bureau
  3. ^ а б 2021 Democracy Index (анг.)EIU, 2022.
  4. ^ а б https://data.worldbank.org/indicator/SI.POV.GINI
  5. ^ а б Human Development ReportПраграма разьвіцьця ААН, 2022.
  6. ^ а б https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/asia
  7. ^ а б «World Population Prospects 2022». United Nations Department of Economic and Social Affairs.
  8. ^ Padel, Ruth (2006). «Tigers in Red Weather: a Quest for the Last Wild Tigers». Bloomsbury Publishing USA. — С. 139—140. — ISBN 978-0-8027-1544-9.
  9. ^ Sailen Debnath. «Essays on Cultural History of North Bengal». — ISBN 978-81-86860-42-7.
  10. ^ Sailen Debnath. «The Dooars in Historical Transition». — ISBN 978-81-86860-44-1.
  11. ^ а б в г Worden, Robert L (1991). Savada, Andrea Matles (ed.). «Bhutan: A Country Study». Federal Research Division.
  12. ^ «Bengala e o Reino do Dragão — 37». O clarim.
  13. ^ «History of Bhutan: How Europe heard about Bhutan». Kuensel.
  14. ^ Karma Phuntsho (2013). «The History of Bhutan». Random House India. — С. 224—227. — ISBN 9788184003116.
  15. ^ Hannavy, John (2013). «Encyclopedia of Nineteenth-Century Photography». Routledge. — С. 1496. — ISBN 978-1-135-87327-1.
  16. ^ «Language policy in Bhutan». Research Gate.
  17. ^ а б в Hutt, Michael (December 1996). «Ethnic Nationalism, Refugees and Bhutan». Journal of Refugee Studies. 9 (4): С. 397—420. doi:10.1093/jrs/9.4.397.
  18. ^ а б Minkow, Anna (April 2011). «An Analysis of Bhutanese Refugees’ Experiences in the United States: Understanding the Differences between Urban and Rural Resettlement». BDoctoral Dissertation, Boston College. College of Arts and Sciences.
  19. ^ Larmer, Brook (March 2008). «Bhutan’s Enlightened Experiment». National Geographic.
  20. ^ Scott-Clark, Cathy; Levy, Adrian (14 June 2003). «Fast Forward into Trouble». The Guardian.
  21. ^ Kaul, Nitasha (10 November 2008). «Bhutan Crowns a Jewel». UPI Asia.
  22. ^ «National Portal of Bhutan». Department of Information Technology, Bhutan.
  23. ^ а б в «Bhutan». The World Factbook.
  24. ^ «Bhutan». Encyclopedia Britannica.
  25. ^ Choudhury, A.U. (1992). «Golden langur — Distribution Confusion». Oryx. 26 (3): С. 172—173. doi:10.1017/S0030605300023619.
  26. ^ Choudhury, A.U. (2008). «Primates of Bhutan and Observations of Hybrid Langurs». Primate Conservation. 23: С. 65—73. doi:10.1896/052.023.0107.
  27. ^ Choudhury, A.U. (2010). «The Vanishing Herds: Wild Water Buffalo». Guwahati, India: Gibbon Books & The Rhino Foundation for Nature in North East India. — ISBN 978-9380652009.
  28. ^ Bisht, Ramesh Chandra (2008). «International Encyclopaedia Of Himalayas (5 Vols. Set)». Mittal Publications. — С. 54. — ISBN 9788183242653.
  29. ^ «New IUCN State Members». Switzerland: IUCN Newsletter.
  30. ^ «Parks of Bhutan». Bhutan Trust Fund for Environmental Conservation online.
  31. ^ «This country isn’t just carbon neutral – it’s carbon negative». TED.
  32. ^ «World development indicators». The World Bank Group.
  33. ^ «World development indicators: size of economy». The World Bank Group.
  34. ^ Sharma, Rajeev (25 January 2011). «MoUs with Bhutan on Rail Links, Power Projects». The Tribune.
  35. ^ «Member Information: India and the WTO». World Trade Organization.
  36. ^ Balaji, Mohan (12 January 2008). «In Bhutan, China and India Collide». Asia Times.
  37. ^ «Report: Data Profile». World Bank.
  38. ^ «Ethnicity in Bhutan». ETH Zurich.
  39. ^ «People & Population». Bhutan News Service.
  40. ^ Mishra, Vidhyapati (28 June 2013). «Bhutan Is No Shangri-La». The New York times.
  41. ^ а б Schultz, Erika (15 October 2016). «Bhutanese refugee crisis: a brief history». The Seattle Times.
  42. ^ а б «History of the Bhutanese Refugee Situation in Nepal». Human Rights Watch.
  43. ^ а б «International Religious Freedom Report 2007–Bhutan». U.S. Department of State.
  44. ^ «Pastor Sentenced to Three Years in Prison». Bhutan News Service.
  45. ^ Kharat, Rajesh (200). «Bhutan’s Security Scenario». Contemporary South Asia. 13 (2): С. 171—185. doi:10.1080/0958493042000242954.
  46. ^ «Bhutan — the Last Shangri La». PBS online.
  47. ^ Rael, Ronald (2008). «Earth Architecture». Princeton Architectural Press. — С. 92. — ISBN 978-1-56898-767-5.
  48. ^ «Country profile — Bhutan: a land frozen in time». BBC News.
  49. ^ Amundsen, Ingun B (2001). «On Bhutanese and Tibetan Dzongs». Journal of Bhutan Studies (Winter ed.). 5: С. 8—41.
  50. ^ Coelho, V.H. (1970). «Sikkim and Bhutan». Vikas Publications, Indian Council for Cultural Relations. — С. 82.
  51. ^ Brown, Lindsay; Armington, Stan (2007). «Bhutan». Country Guides (3 ed.). Lonely Planet. — С. 26 і 36. ISBN 978-1-74059-529-2.
  52. ^ а б «Bhutan at Play». Impress Bhutan Travel.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]