Перайсьці да зьместу

Аруначал-Прадэш

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аруначал-Прадэш
анг. Arunachal Pradesh
Агульныя зьвесткі
Краіна Індыя
Статус штат
Адміністрацыйны цэнтар Ітанагар
Улучае 17 акругаў
Дата ўтварэньня 20 лютага 1987
Губэрнатар Нірбгай Шарма
Галоўны міністар Набам Тукі
Афіцыйныя мовы ангельская
Насельніцтва (2011)
1 382 611 чал. (27-е месца)
Шчыльнасьць 17 чал./км²
Плошча 83 743 км² (15-е месца)
Месцазнаходжаньне Аруначал-Прадэшу
Аруначал-Прадэш на мапе
Мэдыя-зьвесткі
Часавы пас +5:30
Код ISO 3166-2 IN-AR
Афіцыйны сайт
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Арунача́л-Прадэ́ш (па-ангельску: Arunachal Pradesh) — штат на паўночным усходзе Індыі, мяжуе са штатамі Асам на поўдні і Нагалэнд на паўднёвым усходзе, з М’янмай на ўсходзе, Бутанам на захадзе, Кітаем (Тыбэт) на поўначы. Займае 14-е месца сярод штатаў паводле плошчы (83 743 км²) і 26-е паводле насельніцтва (1 382 611 чалавек, 2011). Адміністрацыйны цэнтар — Ітанагар. Амаль уся тэрыторыя штату — прадмет тэрытарыяльных спрэчак паміж Індыяй і Кітаем.

«Аруначал-Прадэш» азначае «краіна ўсходу Сонца» («прадэш» — краіна, дзяржава, рэгіён) з-за свайго самага ўсходняга разьмяшчэньня сярод іншых штатаў Індыі. Большасьць насельніцтва тыбэта-бірманскага паходжаньня, каля 16% насельніцтва — імігранты ў рэгіён зь іншых штатаў (пераважна з Асаму і Нагалэнду), а таксама з Банглядэш.

Гісторыя сучаснага штату Аруначал-Прадэш пакладзеная дзякуючы дзейнасьці брытанскай адміністрацыі ў Індастане й ейным дыпляматычным кантактам.

Да пачатку ХХ ст. амаль уся тэрыторыя сучаснага штату Аруначал-Прадэш (за выняткам невялікага лапіку зямлі на паўднёвым усходзе) належала імпэрыі Цын, а дакладней Тыбэту. У 1911 імпэрыя сканчвае сваё існаваньне, на зьмену ёй прыходзіць Кітайская Рэспубліка. Тыбэт абвяшчае ўласную незалежнасьць, хоць яна была прызнаная толькі Манголіяй, а Кітай, як і астатнія краіны сьвету, працягваў лічыць рэгіён часткай Кітаю незважаючы на страту кітайскім урадам кантролю над Тыбэтам. У склад Тыбэту ўваходзіла ў тым ліку й большая частка Аруначал-Прадэшу.

У 1914 годзе брытанскі ўрад падпісвае з Тыбэтам Сымлскую канвэнцыю, згодна зь якім апошні перадаваў Вялікабрытаніі тэрыторыі крыху на поўнач ад тагачаснага паўночна-ўсходняга ўчастку брытанска-кітайскай мяжы: такім чынам, мяжа Брытанскай Індыі рушыла на поўнач і заняла большасьць тэрыторыі сучаснага Аруначал-Прадэшу. Дамова была складзеная ў абыход кітайскіх прадстаўнікоў (Тыбэт дэ-юрэ заставаўся часткай Кітаю), што спрычынілася да непрызнаньня кітайцамі перадачы гэтых тэрыторыяў. На набытых тэрыторыях брытанскі ўрад зацьвердзіў новую адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку — Палосы Паўночна-Ўсходняе Мяжы. Гэтая ж адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка захавалася па набыцьці Індыйскім Зьвязам незалежнасьці ў 1947 годзе.

У 1949 годзе ў Кітаі абвяшчаецца Кітайская Народная Рэспубліка, адбываецца фактычная акупацыя Тыбэту (Чамдоская апэрацыя), у выніку чаго кітайскія ўлады выйшлі да мяжы са спрэчнымі тэрыторыямі. У 1962 годзе адбываецца інда-кітайская вайна, падчас якой Кітай займае паўночны ўсход нованабытых індыйскіх тэрыторыяў, спадзеючыся на савецкую дапамогу, але, не атрымаўшы апошняй, КНР была вымушаная адступіць.

Пасьля інда-кітайскае вайны Індыя надае ўвагу ўладкаваньню тэрыторыяў. Напачатку назва адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі мяняецца на Агенцтва Паўночна-Ўсходняй Мяжы, пазьней тэрыторыя атрымлівае статус хаўруснае тэрыторыі, яшчэ пазьней — цяперашні статус штату.

Большасьць сучасных мапаў сьвету адзначае спрэчныя тэрыторыі штату як індыйскія з адзнакай спрэчнага статусу мяжы штату. На мапах СССР тэрыторыя адзначалася як кітайская, нягледзячы на шырокія зносіны з Індыяй і кепскі стан дачыненьняў з КНР[1]. Урад КНР і Кітайскай Рэспублікі дагэтуль не прызнаюць большую частку тэрыторыі штату як індыйскую. У Кітаі спрэчная тэрыторыя дэ-юрэ лічыцца некалькімі паветамі акругаў Ньігчы й Шаньнань Тыбэцкага аўтаномнага раёну, маючы неафіцыйнае найменьне Паўднёвы Тыбэт.

Паводле зьвестак на 2011 год насельніцтва штату складала 1 382 611 чалавек, што зьяўляецца адным з найменшых паказчыкаў сярод усіх штатаў і хаўрусных тэрыторыяў Індыі.

Большую частку ад насельніцтва складаюць плямёны й дробныя этнасы тыбэта-бірманскага паходжаньня, якія культурна й гістарычна блізкія тыбэтцам і размаўляюць на тыбэцкіх мовах тыбэта-бірманскае галіны сына-тыбэцкае сям'і моваў, што адрозьнівае рэгіён ад большай часткі астатняй Індыі, якая мае індаарыйскае паходжаньне й размаўляе на індаарыйскіх мовах індаэўрапейскае сям'і. Таксама адрозьнівае мясцовае жыхарства рэлігійны фактар з прычыны таго, што большасьць насельніцтва вызнае будызм або анімістычныя вераваньні.

Афіцыйная мова штату — ангельская, якая таксама зьяўляецца фэдэральнай мовай Індыі й мае фактычны статус лінгва-франка ў краіне.

  1. ^ Малый атлас мира. Главное управление геодезии и картографии при Совете Министров СССР. М., 1976.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аруначал-Прадэшсховішча мультымэдыйных матэрыялаў