Перайсьці да зьместу

Аляксандар Шумілін

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аляксандар Шумілін
8-ы старшыня Дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналёгіях Рэспублікі Беларусь
15 кастрычніка 2013  21 снежня 2021
Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч, Андрэй Кабякоў, Сяргей Румас
Папярэднік Ігар Войтаў
Наступнік Сяргей Шлычкоў
Кіраўнік Беларускага інавацыйнага фонду
сьнежань 2012  15 кастрычніка 2013
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся16 траўня 1971 (55 гадоў)
вёска Куроўшчына, Бярозаўскі раён, Берасьцейская вобласьць, Беларуская ССР, СССР
АдукацыяБеларуская дзяржаўная політэхнічная акадэмія (1993; асьпірантура, 1996), Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы (перападрыхтоўка, 2008)
Бацька Генадзь Шумілін
Узнагароды
ордэн Сяброўства

Алякса́ндар Гена́дзевіч Шумі́лін (нар. 1971, в. Куроўшчына, Бярозаўскі раён, Берасьцейская вобласьць, цяпер Беларусь) — дзяржаўны дзяяч Рэспублікі Беларусь.

Восьмы старшыня Дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналёгіях Рэспублікі Беларусь (2013—2021). Доктар эканамічных навук (2016), дацэнт[1].

Дзяцінства правёў у Віцебскай вобласьці, дзе часта выяжджаў з бацькамі ў грыбы. Першыя грошы зарабіў у 12 гадоў на ўборцы збожжа, якія выдаткаваў на набыцьцё паяльнай станцыі. У школе атрымаў 2-і разрад па радыёкаструяваньні. Быў пераможцам абласных алімпіядаў па фізыцы і хіміі. Скончыў школу на выдатна з залатым мэдалём. У 1988 годзе паступіў на факультэт робататэхнікі ў Беларускі політэхнічны інстытут. Студэнтам падпрацоўваў на гаспадарчых дамоўных тэмах па электрапрывадзе, на якіх зарабляў яшчэ адну стыпэндыю дзённага аддзяленьня[2]. Скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію ў 1993 годзе па спэцыяльнасьці «электрапрывад і аўтаматызацыя прамысловых установак і тэхналягічных комплексаў». Зь ліпеня па сьнежань 1993 году працаваў інжынэрам катэдры Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі (БДПА). Са сьнежня 1993 — па сьнежань 1996 году навучаўся ў асьпірантуры БДПА. Са студзеня 1997 — да кастрычніка 2008 году займаў пасады асыстэнта, старэйшага выкладніка, дацэнта і загадніка катэдры БНТУ. У 2008 годзе прайшоў перападрыхтоўку ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы па спэцыяльнасьці «мэнэджмэнт установаў прафэсійнай адукацыі». У кастрычніку — лістападзе 2008 году быў прарэктарам па навучальнай працы Рэспубліканскага інстытуту інавацыйных тэхналёгіяў БНТУ. Са сьнежня 2008 па жнівень 2010 году — галоўны дарадца сакратарыяту прэм’ер-міністра Беларусі і кіраўніцтва навукі і інавацыйнага разьвіцьця Апарату Савета міністраў Рэспублікі Беларусь. Зь верасьня 2010 па чэрвень 2011 году — прафэсар катэдры дзяржаўнага будаўніцтва Інстытуту дзяржаўнай службы Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь (АКПРБ). З чэрвенгя 2011 па сьнежань 2012 году — загаднік катэдры дзяржаўнага будаўніцтва Інстытуту дзяржаўнай службы АКПРБ. Са сьнежня 2012 па кастрычнік 2013 году — кіраўнік Беларускага інавацыйнага фонду[3].

Старшыня Дзяржкамітэту па навуцы і тэхналёгіях

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

15 кастрычніка 2013 году А. Лукашэнка прызначыў Аляксандра Шуміліна 8-м старшынём Дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналёгіях Рэспублікі Беларусь (ДКНТ Беларусі)[4]. 25 сакавіка 2014 году Аляксандар Шумілін прапанаваў Савету міністраў Беларусі скараціць лік праектаў Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага разьвіцьця Беларусі на 2011—2015 гады, вызначаных на 2 апошнія гады, са 169 да 51. Шумілін патлумачыў: «Мы зьбіраемся сканцэнтраваць рэсурсы на рэалізацыі толькі тых праектаў, у якіх прагназуем рэальны эфэкт»[5]. 3 кастрычніка 2014 году ў Менску Шумілін дамовіўся з намесьніцай міністра адукацыі і навукі Летувы Сьвятланай Каўзаненяй пра фінансаваньне Эўрапейскай камісіяй распрацовак дасьледнікаў Беларусі. Сродкі вылучалі ў рамках 7-гадовай праграмы Эўразьвязу па навуцы і інавацыях «Гарызонт 2020», выкананьне якой пачалося ў студзені 2014 году. Старшыня ДКНТ Беларусі адзначыў: «У фокусе праграмы такія тэматычныя прыярытэты, як энэргетыка, зьмяненьне клімату, новыя матэрыялы, мэдыцына і фармацыя». У папярэдняй 7-й праграме ЭЗ дасьледчыя ўстановы Беларусі ўдзельнічалі ў 55 праектах, у рамках якіх атрымалі каля 4 млн эўра[6]. 7 лістапада 2014 году пры правядзеньні Рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў Шумілін заўважыў: «Мы праводзім конкурс ужо ў 5-ы раз, і ў гэтым годзе да нас прыйшла найбольшая колькасьць заявак — мы атрымалі на разгляд 162 інавацыйныя праекты». Па яго словах, лік удзельнікаў вырас разам з узнагародай: «За 1-е месца, да прыкладу, мы даем 60 тарыфных ставак, а раней было 22». Пагатоў за 2-е месца давалі 40 тарыфных ставак (было 13), за 3-е — 20 ставак (было 9). Конкурс праводзілі ў намінацыях «Лепшы інавацыйны праект» (45 заявак) і «Лепшы моладзевы інавацыйны праект» (117 заявак). Найбольшы лік заявак атрымалі ў галіне прыродакарыстаньня, будаўніцтва, энэргетыкі, інфармацыйных тэхналёгіяў і аховы здароўя. Для падрыхтоўкі ўдзельнікаў конкурсу ДКНТ і Беларускі інавацыйны фонд прыцягвалі вэнчурных адмыслоўцаў у галіне бізнэс-плянаваньня, якія ладзілі сэмінар наконт разгляду і абароны інавацыйных праектаў. Старшыня ДКНТ адзначыў, што дзякуючы гэтаму «больш за 70% праектаў пераможцаў конкурсу 2010—2012 гадоў пасьпяхова ўкаранёныя». Ён таксама дадаў, што «пераможцы 2013 году, якія занялі 1-е і 2-е месцы, пасьпяхова ўкараняюць праекты»[7].

22 студзеня 2015 году Аляксандар Шумілін заявіў, што з 2011 году ў рамках 23 дзяржаўных навукова-тэхнічных праграмаў Беларусі стварылі 413 найменьняў абсталяваньня, машынаў і прыбораў, распрацавалі 324 найменьні матэрыялаў і рэчываў, прыладаў і дэталяў машынаў, 282 тэхналягічныя працэсы, 225 аўтаматызаваных сыстэмаў і комплексаў, 696 гатункаў расьлінаў і пародаў жывёлы. У выніку атрымалі 544 патэнты і падалі 612 заявак на патэнт[8]. 6 траўня 2015 году Шумілін паведаміў, што стэнд ДКНТ на Беларускім прамысловым форуме 12—15 траўня будзе зьмяшчаць 22 установы, 134 экспанаты і 248 распрацовак. Пагатоў агульны лік удзельнікаў меў скласьці 220 установаў[9]. 9 верасьня 2015 году старшыня ДКНТ Беларусі Аляксандар Шумілін і амбасадар Эквадору Карляс Лярэа ад імя прадпрыемства «Ячай» падпісалі Мэмарандум «Аб узаемаразуменьні і супрацы» на 5 гадоў, што прадугледжваў сумесныя дасьледаваньні ў галіне біятэхналёгіяў, нанапрамысловасьці, сувязі і энэргетыкі[10]. 29—30 верасьня 2015 году Аляксандар Шумілін правёў Дні беларускай навукі на Сусьветнай выставе ў Міляне (Італія). У якасьці дасягненьня ДКНТ прадставіў 58-е месца Беларусі ў Глябальным індэксе інавацыяў Сусьветнага банку за 2014 год, у тым ліку 14-е месца паводле паказьніка «Стварэньне новых ведаў» і 30-е — паводле паказьніка «Прырост новых ведаў і тэхналёгіяў»[11]. 7 кастрычніка старшыня ДКНТ Беларусі адчыніў 2-і комплекс Гомельскага тэхнапарку. Ён адзначыў, што ў краіне дзейнічала 12 тэхнапаркаў, і падкрэсьліў: «Сума дзяржаўнай падтрымкі ва ўтварэньне гэтых структураў у 2014 годзе склала каля 100 млрд рублёў. Прадукцыя, якую стварылі тэхнапаркі, ацэньваецца ў памеры 200 млрд рублёў» ($19,493 млн). Шумілін назваў Гомельскі тэхнапарк, адным зь лепшых у Беларусі, бо каля паловы яго рэзыдэнтаў працавала ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў. Ён дадаў: «Дзякуючы 2-у пускавому комплексу ўжо створана 87 новых працоўных месцаў. У пэрспэктыве тут змогуць працаваць увогуле 350 чалавек»[12]. 23 сьнежня 2015 году Аляксандар Шумілін паведаміў на Рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў: «У гэтым годзе мы ўпершыню выдзелім 4 гранты для праектаў. Яны атрымаюць па 116,8 млн рублёў ($7186) для пачатку рэалізацыі сваёй распрацоўкі. Акрамя грантаў пераможцы атрымаюць прызы, якія ў гэтым годзе значна павялічаныя. За 3-е месца ўзнагарода складзе крыху больш за 5 млн рублёў, уладальнік першага месца атрымае 17 млн рублёў» ($1046). У выніку гранты вылучылі: 1) пераможцы папярэдняга году Яўгеніі Лісіцы з БДУ на праект «Праграмны пакет CellDataMiner [Вузавы зьвестказдабывальнік] для аналізу выяваў ракавых вузаў»; 2) менскаму 11-клясьніку Аляксандру Дубавіцкаму на праект «Унівэрсальны робат: Альтрон», які перамог у намінацыі «Лепшы моладзевы інавацыйны праект»; 3) Аляксандру Кірыенку з Полацкага ўнівэрсытэту на «3-вымерны друк элястычнага шліфавальнага інструмэнту з арыентаванымі зернямі абразіву», які заняў 3-е месца ў намінацыі «Лепшы інавацыйны праект»; 4) Уладзімеру Пасаўцу на «Нанакампазыты трыбатэхнічнага прызначэньня», які заняў 3-е месца сярод моладзевых праектаў[13].

29 сакавіка 2016 году Шумілін паведаміў, што Беларусь увайшла ў 10-ку краінаў з найбольш імклівым разьвіцьцём інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў паводле Глябальнага індэксу інавацыяў, які склаў Сусьветны банк. У самім індэксе Беларусь за 5 гадоў узьнялася з 78-га на 53-і радок, у тым ліку заняла 15-е месца ў стварэньні новых ведаў і 32-е — па выніках навукова-тэхнічнай дзейнасьці. Гэтаму паспрыялі: удзел беларускіх дасьледнікаў у адкрыцьці базона Гігса ў складзе аб’яднаньня «Атляс», распрацоўка матэматычнага дызайну хімічных злучэньняў для нэўтралізаваньня віруса імунадэфіцыту чалавека І тыпу, лінейкі бесьпілётнікаў, сьвятлодыёдных выпраменьвальнікаў для расьлінаводзтва, цеплавой стэрылізацыі хлеба і кампазытаў для 3-вымернага друку[14]. 19 красавіка 2016 году пры разглядзе ў Савеце міністраў Беларусі вынікаў Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага разьвіцьця на 2011—2015 гады Аляксандар Шумілін паведаміў, што ў яе рамках стварылі 191 вытворчасьць пры пляне 194, зь якіх вывелі на поўную магутнасьць 112 пры пляне 116. Старшыня ДКНТ адзначыў, што абсяг укладаньняў у рамках праграмы склаў каля 77 трлн рублёў ($4,737 млрд), зь іх толькі 11% — бюджэтныя сродкі. Пагатоў абсяг вытворчасьці, створанай у ходзе праграмы, перавысіў 107 трлн рублёў ($6,583 млрд), што склала траціну інавацыйнай вытворчасьці Беларусі. Звыш 25% вырабаў, створаных у рамках праграмы, паставілі за мяжу. Шумілін заўважыў, што ў выніку праграмы стварылі звыш 19 000 працоўных месцаў, а экспарт навукаёмістых вырабаў за 5 гадоў перавысіў $37 млрд (146 % ад пляну). Аднак старшыня ДКНТ прызнаў недасягненьне асобных прагнозных мэтавых паказьнікаў праграмы: «удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі склала 12,9% пры пляне 20—21%, інавацыйна-актыўных арганізацыяў — 19% пры пляне 40%»[15]. Урэшце Шумілін падкрэсьліў: «За 2015 год у краіне было выраблена праграмнага прадукту на 13 трлн рублёў ($799,822 млн). Гэта амаль на 19% больш, чым годам раней. Гэта значыць, што запатрабавана, тое і дае стабільны рост»[16]. 20 кастрычніка 2016 году на 10-м зьезьдзе Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Аляксандар Шумілін заўважыў: «У 2016 годзе мы правялі 10 міжнародных выставаў, у тым ліку з БелГПП, — у Расеі, Віетнаме, Нямеччыне, Іране, Кітаі, Грузіі. Па выніках удзелу беларускіх арганізацыяў у выставачных мерапрыемствах заключаныя кантракты і пратаколы аб намерах на пастаўку высокатэхналягічных абсталяваньня і тавараў на суму больш як $15 млн»[17].

6 студзеня 2017 году на прэзэнтацыі Году навукі Шумілін нагадаў пра пераднавагодні ўказ аб стварэньні рэспубліканскага інавацыйнага фонду: «акрамя бюджэту, зьяўляецца яшчэ адна крыніца фінансаваньня дастасоўных навуковых распрацовак. Таму ў Год навукі ўсе праекты ў рамках дзяржаўных навукова-тэхнічных праграмаў будуць прафінансаваныя ў поўным аб’ёме. Таксама ў канцы году быў створаны Расейска-беларускі фонд вэнчурных інвэстыцыяў, у 2017-м ён выдзеліць сродкі на першыя праекты». Таксама старшыня ДКНТ прапанаваў накіраваць 20% сродкаў на рызыковыя распрацоўкі, бо: «мы ў пэўнай ступені забюракратызавалі многія навуковыя рашэньні і навуковую адказнасьць. Жорстка патрабуем вяртаньня сродкаў ў бюджэт, нават калі штосьці і не атрымалася. Гэта прыводзіць да таго, што навукоўцы баяцца брацца за новыя распрацоўкі. У сувязі з гэтым ДКНТ рыхтуе зьмяненьні ў заканадаўства, і пятая частка сродкаў будзе накіроўвацца на знакавыя праекты, дзе немагчыма гарантаваць стопрацэнтны посьпех»[18]. 29 студзеня 2017 году на тэлеканале «АНТ» Шумілін паведаміў, што ўстановы Беларусі далучыліся да 25 праектаў і заключылі кантракты на 4,5 млн эўра за 2 гады ўдзелу ў праграме навуковых дасьледаваньняў ЭЗ «Гарызонт 2020»[19]. Ён таксама адзначыў, што ДКНТ плянуе арганізаваць у чэрвені ў Маямі выставу высокіх тэхналёгіяў, і заўважыў: «За апошнія 15 гадоў, а то і больш, гэта першы раз, калі нашыя беларускія навукоўцы змогуць прэзэнтаваць свае дасягненьні на амэрыканскім рынку». Урэшце Шумілін выказаў меркаваньне наконт беларускага электробуса «Вітаўт Макс Электра»: «Вельмі важна, што 60 % у электробусе — гэта беларускія распрацоўкі»[20]. 17 сакавіка 2017 году Аляксандар Шумілін паведаміў, што з 1 студзеня набыла моц папраўка ў Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь, якая ўсталявала патэнтнае мыта ў беларускіх рублях у базавых велічынях на дату аплаты. Таксама ён згадаў стварэньне сайту для электроннай падачы заявак на аб’екты інтэлектуальнай уласнасьці, які да канца 2017 году дазволіць зьвяртацца ў Нацыянальны цэнтар інтэлектуальнай уласнасьці з выкарыстаньнем электроннага лічбавага подпісу[21]. 5 траўня 2017 году Аляксандар Шумілін заявіў: «Штомесяц да сайта нашага патэнтнага органа зьвяртаюцца каля 25 тысяч чалавек з 50 краін. У 2016 годзе было заключана больш за 750 дамоваў аб перадачы правоў на аб’екты прамысловай уласнасьці: іх колькасьць павялічылася на 20%»[22].

13 траўня 2017 году ў Пэкіне (Кітай) старшыня ДКНТ Беларусі Аляксандар Шумілін і міністар навукі і тэхнікі Кітаю Вань Ган падпісалі Пагадненьне «Аб стварэньні і арганізацыі дзейнасьці сумеснага цэнтру інкубаваньня інавацыйных праектаў». Пасьля падпісаньня Шумілін адзначыў, што ажыцьцяўлялася 28 беларуска-кітайскіх дасьледчых праектаў, у тым ліку ў галіне мікраэлектронікі, оптыкі, лазэрных прыладаў, біятэхналёгіі і новых матэрыялаў[23]. 3 жніўня 2017 году Аляксандар Шумілін адчыніў будынак міжнароднага цэнтру ў тэхнапарку БНТУ «Палітэхнік». На ўрачыстасьці ён адзначыў: «Сёньня ў тэхнапарках працуюць ужо 1,5 тыс. чалавек. Прынятае рашэньне аб стварэньні тэхнапарку ў Горадні. У мінулым годзе ўсе тэхнапаркі вырабілі інавацыйнай прадукцыі амаль на $40 млн». Пагатоў за папярэднія 5 гадоў установы тэхнапаркаў Беларусі ўдвая павялічылі лік занятых і абсяг вытворчасьці[24]. 31 кастрычніка 2017 году ў этэры тэлеканал «Беларусь 1» Шумілін паведаміў, што 10-ы тэхнапарк Беларусі стварылі ў Пінску. Ён таксама зьвярнуў увагу, што ў 2017 годзе ўпершыню за 5 гадоў прафінансавалі ўсе дастасоўныя дасьледаваньні навукоўцаў, якія прайшлі дзяржаўную ацэнку[25].

23 студзеня 2018 году Аляксандар Шумілін заявіў, што згодна зь Дзяржаўнай праграмай інавацыйнага разьвіцьця Беларусі на 2016—2020 гады, у 2017-м запусьцілі 20 вытворчасьцяў. Ён адзначыў, што «да ліку самых значных, вядома, адносіцца вытворчасьць па зборцы легкавых аўтамабіляў на прадпрыемстве „Белджы“». Сярод іншых Шумілін назваў біятэхналягічны комплекс мікраклянальнага размнажэньня расьлінаў у Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі і новы дражджавы завод у Слуцку. Ён заўважыў, што на поўную магутнасьць вывелі 10 вытворчасьцяў, у тым ліку вытворчасьць кампазытаў з тэрмаплястаў для экструзійнага 3-вымернага друку і вытворчасьць цьвёрдых лекаў з бэта-ляктамнымі антыбіётыкамі[26]. 3 траўня 2018 году Шумілін паведаміў: «На 2018 год з цэнтралізаванага інавацыйнага фонду мы выдзелілі 95 млн рублёў ($46,6 млн) на дастасоўныя дасьледаваньні павялічыўшы фінансаваньне амаль у 2,5 разу ў параўнаньні з 2017 годам». Таксама ён адзначыў рост выніковасьці ўкладаньняў: «Трэці год пяцігодкі аддача па дзяржаўных навукова-тэхнічных праграмах у сярэднім у нас перасягае 7 рублёў на рубель дзяржаўных укладаньняў»[27]. 22 траўня 2018 году ў Ерусаліме (Ізраіль) старшыня ДКНТ Беларусі Аляксандар Шумілін і міністар навукі і тэхналёгіяў Ізраілю Афір Акуніс падпісалі Пагадненьне «Аб навукова-тэхнічнай супрацы». Паводле Пагадненьня, бакі мелі праводзіць конкурс беларуска-ізраільскіх навукова-тэхнічных праектаў і ладзіць сумесныя выставы[28].

12 сакавіка 2019 году Шумілін заявіў рост экспарту ў 2018 годзе высокатэхналягічных вырабаў на 20 % да $14 млрд. Пагатоў іх доля ў агульным экспарце вырасла да 33,2 % на 1 адсоткавы пункт параўнальна з 2017 годам. Шумілін адзначыў найбольшы попыт за мяжой на беларускія інтэгральныя схемы і мэдычнае абсталяваньне, а таксама згадаў стварэньне ў Беларусі кампутарнага тамографа ў 2018 годзе[29]. 29 красавіка 2019 год Аляксандар Шумілін паведаміў пра рост удзелу беларускіх дасьледнікаў у праграме Эўразьвязу «Гарызонт 2020»: «На працягу 2018 году прынятыя да фінансаваньня 7 новых праектаў з удзелам беларускіх арганізацыяў з агульным аб’ёмам фінансаваньня амаль 1 млн эўра. Такім чынам, агульны аб’ём прыцягнутых сродкаў для беларускага боку склаў з пачатку праграмы 6,4 млн эўра па 41 праекце». У прыватнасьці НДІ фізыка-хімічных праблемаў БДУ атрымаў 108 000 эўра на 4 гады для распрацоўкі неарганічных электродных матэрыялаў для запасаньня і пераўтварэньня энэргіі. Інстытут фізыкі НАН Беларусі ўдзельнічаў у стварэньні мікраскопа «Звышблізьнюк» на аснове квантавых станаў сьвятла для прадухіленьня пашкоджаньня тканак празь ніжэйшую інтэнсіўнасьць насьвятленьня. УП «Адані» ўдзельнічала ў распрацоўцы сканэра «Зачараваньне» для распазнаваньня ўнутры цела чалавека хімікатаў і прадметаў вагой ад 100 грамаў[30]. 4 чэрвеня 2019 году Шумілін заўважыў, што прадпрыемствы Беларусі за мінулы год на продажы інтэлектуальнай уласнасьці, на патэнтах, ліцэнзійных і іншых дамовах зарабілі каля $65 млн. Ён адзначыў: «У пачатку пяцігодкі гэта лічба была $15—20 млн, гэта значыць за 4 гады мы практычна патроілі лічбу». Таксама Шумілін згадаў у ліку самых вядомых распрацовак за папярэднія 3 гады самазвал «БелАЗ» грузападымальнасьцю 450 тонаў, занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса (Ірляндыя) як самы вялікі аўтамабіль у сьвеце. Шумілін падкрэсьліў, што ў Беларусі зарадзіліся прадпрыемствы «Вайбэр» і «Маскарад», набыты «Фэйсбукам», а таксама кампутарная стралялка «Сьвет танкаў» з больш як 120 млн гульцоў[31]. 5 чэрвеня Аляксандар Шумілін і гендырэктар Сусьветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасьці Фрэнсіс Гары падпісалі Мэмарандум аб супрацы[32].

20 сьнежня 2018 году старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч раскрытыкаваў Аляксандра Шуміліна за зацягваньне пабудовы заводу бульбы фры(be) ў Талачыне (Віцебская вобласьць). Старшыня ДКНТ згадаў абмеркаваньне цягам каля 3 месяцаў і паскардзіўся: «Мы ня можам знайсьці банк, які б крэдатаваў будаўніцтва такога прадпрыемства». Тады Мясьніковіч выказаў меркаваньне, што хуткія страўні маюць зацікаўленасьць у набыцьці такой бульбы ў Беларусі[33].

У сярэдзіне траўня 2019 году старшыня ДКНТ Шумілін станоўча ацаніў вытворчасьць шынаў з пасадачным дыямэтрам 57 і 63 цалі на ААТ «Белшына» ў Бабруйску (Магілёўская вобласьць). Аднак 31 траўня Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь абвясьціў, што гэтую вытворчасьць мелі запусьціць на 2 гады раней — у 2017 годзе[34].

  1. Шумілін Аляксандар Генадзевіч // Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналёгіях Рэспублікі Беларусь, 2019 г. Праверана 8 чэрвеня 2019 г.
  2. Вера Артэага, газэта «Рэспубліка». Старшыня Камітэта па навуцы і тэхналёгіях: На першыя грошы ў дзяцінстве купіў дарагую паяльную станцыю // Газэта «Наша ніва», 9 сьнежня 2017 г. Праверана 22 ліпеня 2019 г.
  3. Аляксандар Шумілін // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2019 г. Праверана 8 чэрвеня 2019 г.
  4. А.Лукашэнка зрабіў шэраг кадравых назначэньняў // БелТА, 15 кастрычніка 2013 г. Архіўная копія ад 16 кастрычніка 2013 г. Праверана 8 чэрвеня 2019 г.
  5. Уладзіслаў Кулецкі. Інавацыйнае разьвіцьцё ідзе // Зьвязда : газэта. — 26 сакавіка 2014. — № 55 (27665). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  6. Беларусь і Летува плянуюць супрацоўнічаць па навуковай праграме Эўрасаюза «Гарызонт 2020» // БелТА, 3 кастрычніка 2014 г. Архіўная копія ад 5 кастрычніка 2014 г. Праверана 8 чэрвеня 2019 г.
  7. Больш за 160 заявак пададзена на Рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў // Газэта «Зьвязда», 7 лістапада 2014 г. Праверана 8 чэрвеня 2019 г.
  8. Надзея Нікалаева. Навука — не ярмо на шыі дзяржавы // Зьвязда. — 23 студзеня 2015. — № 13 (27871). — С. 4.
  9. Сьвятлана Міховіч. Славаччына ўпершыню прадставіць на Беларускім прамысловым форуме сваю тэхніку // БелТА, 6 кастрычніка 2015 г. Архіўная копія ад 6 кастрычніка 2015 г. Праверана 8 чэрвеня 2019 г.
  10. ДКНТ і эквадорскае прадпрыемства «Ячай» падпісалі мэмарандум аб узаемаразуменьні і супрацоўніцтве // БелТА, 9 верасьня 2015 г. Архіўная копія ад 9 верасьня 2015 г. Праверана 8 чэрвеня 2019 г.
  11. Тацяна Ўладзімерава. Нам ёсьць што паказаць // Зьвязда. — 3 кастрычніка 2015. — № 190 (28048). — С. 6.
  12. Аляксандр Шумілін: Дзяржаўная падтрымка тэхнапаркаў эканамічна абгрунтавана // БелТА, 7 кастрычніка 2015 г. Праверана 8 чэрвеня 2019 г.
  13. ДКНТ выдзеліць чатыры гранты па Br116,8 млн на камэрцыялізацыю інавацыйных праектаў // БелТА, 23 сьнежня 2015 г. Архіўная копія ад 23 сьнежня 2015 г. Праверана 8 чэрвеня 2019 г.
  14. Яраслаў Лыскавец. Навука на службе эканомікі // Зьвязда. — 30 студзеня 2016. — № 18 (28128). — С. 1.
  15. На шляху інавацый // Зьвязда. — 20 красавіка 2016. — № 73 (28183). — С. 2.
  16. Цытата дня // Зьвязда. — 20 красавіка 2016. — № 73 (28183). — С. 1.
  17. Аксана Каруна. Шумілін: па выніках выставак на экспарт паставяць беларускае высокатэхналягічнае абсталяваньне на $15 млн // БелТА, 3 кастрычніка 2014 г. Праверана 8 чэрвеня 2019 г.
  18. Надзея Нікалаева. Спадарожнік, супэркамізэлька і штучная скура // Зьвязда. — 10 студзеня 2016. — № 5 (28369). — С. 3.
  19. Беларусь арганізуе маштабны форум па біятэхналёгіях // Газэта «Зьвязда», 20 студзеня 2017 г. Праверана 8 чэрвеня 2019 г.
  20. Новыя беларускія распрацоўкі дапамогуць значна рушыць наперад у лячэньні раку - Шумілін // БелТА, 20 студзеня 2017 г. Архіўная копія ад 20 студзеня 2017 г. Праверана 8 чэрвеня 2019 г.
  21. Стаўкі патэнтных пошлін будуць зніжаны ў Беларусі з 2018 года // БелТА, 17 сакавіка 2017 г. Архіўная копія ад 17 сакавіка 2017 г. Праверана 8 чэрвеня 2019 г.
  22. Цытата дня // Зьвязда. — 6 траўня 2017. — № 85 (28449). — С. 1.
  23. Беларусь і Кітай створаць цэнтар па інкубаваньні інавацыйных праектаў // БелТА, 13 траўня 2017 г. Праверана 8 чэрвеня 2019 г.
  24. Міжнародны цэнтр адкрыўся ў тэхнапарку БНТУ «Палітэхнік» // БелТА, 3 жніўня 2017 г. Архіўная копія ад 3 жніўня 2017 г. Праверана 8 чэрвеня 2019 г.
  25. У Беларусі будзе расьці колькасьць тэхнапаркаў - Шумілін // БелТА, 1 лістапада 2017 г. Архіўная копія ад 1 лістапада 2017 г. Праверана 8 чэрвеня 2019 г.
  26. Магчымасць вытворчасьці электрамабіляў на «Белджы» прапрацоўваецца - Шумілін // БелТА, 23 студзеня 2018 г. Праверана 8 чэрвеня 2019 г.
  27. Шумілін: аддача па навукова-тэхнічных праграмах перасягае 7 рублёў на рубель дзяржукладаньняў // БелТА, 3 траўня 2018 г. Праверана 8 чэрвеня 2019 г.
  28. Беларусь і Ізраіль будуць разьвіваць навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва // БелТА, 22 траўня 2018 г. Праверана 8 чэрвеня 2019 г.
  29. Беларусь у 2018 годзе павялічыла экспарт высокатэхналягічнай прадукцыі на 20 працэнтаў да $14 млрд // БелТА, 12 сакавіка 2019 г. Праверана 8 чэрвеня 2019 г.
  30. Беларускія вучоныя атрымалі 6,4 млн эўра па праграме Эўрасаюза «Гарызонт 2020» // БелТА, 29 красавіка 2019 г. Праверана 8 чэрвеня 2019 г.
  31. Каля $65 млн зарабіла Беларусь на продажы інтэлектуальнай уласнасьці ў 2018 годзе // БелТА, 4 чэрвеня 2019 г. Праверана 8 чэрвеня 2019 г.
  32. Тацяна Лісатовіч. Беларусь зацікаўлена ў разьвіцьці сеткі цэнтраў падтрымкі тэхналёгіяў і інавацыяў з удзелам САІУ // БелТА, 5 чэрвеня 2019 г. Праверана 12 чэрвеня 2019 г.
  33. Уладзімер Глод. Мясьніковіч: «Да чаго ж мы, бульбашы, дажыліся!» // Радыё «Свабода», 20 сьнежня 2018 г. Праверана 22 ліпеня 2019 г.
  34. Сяргей Сацук, «Штодзёньнік». Лукашэнка пралічыўся са сваімі «інавацыямі» // Партал «Хартыя’97», 3 чэрвеня 2019 г. Праверана 22 ліпеня 2019 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]