Базон Гігса

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мадэляваньне, якое паказвае зьяўленьне базона Гігса пры сутыкненьні двух пратонаў

Базон Гігса, Гігсаўскі базон, гігсон — тэарэтычна прадказаная элемэнтарная часьцінка, элемэнтарны базон, квант поля Гігса, які зь неабходнасьцю ўзьнікае ў стандартнай мадэлі праз гігсаўскі мэханізм спантаннага парушэньня электраслабай сымэтрыі. Паводле будовы, гігсаўскі базон зьяўляецца скалярнай часьцінкай, гэта значыць валодае нулявым сьпінам. Пастуляваны Пітэрам Гігсам у ягоных фундамэнтальных артыкулах, якія выйшлі ў 1964 годзе. У рамках стандартнай мадэлі адказвае за масу элемэнтарных часьцінак.

Базон Гігса першапачаткова быў прадказаны ў тэорыі, і пасьля некалькіх дзясяткаў гадоў пошуку 4 ліпеня 2012 году прадстаўнікі ЦЭРН заявілі, што кожны з двух асноўных дэтэктараў БАК назіраў новую часьцінку з масай каля 125—126 ГэВ. Ёсьць важкія падставы лічыць, што гэтая часьцінка і ёсьць базонам Гігса.

Прадказаньне адкрыцьця[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У тэорыі, пры мінімальнай рэалізацыі гігсаўскага мэханізму павінен узьнікаць адзін нэўтральны гігсаўскі базон (у навуковых працах такую часьцінку называюць SM Higgs); у пашыраных мадэлях спантаннага парушэньня сымэтрыі можа ўзьнікнуць некалькі гігсаўскіх базонаў рознай масы, у тым ліку і зараджаныя.

Аднак існуюць мадэлі, якія не патрабуюць увядзеньня базона Гігса для тлумачэньня мас назіраных часьцінак Стандартнай мадэлі, гэтак званыя бязгігсаўскія мадэлі. Адмоўны вынік пошукаў базона Гігса паслужыў бы ўскосным аргумэнтам на карысьць падобных мадэлей.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]