Першая сусьветная вайна
Першая сусьветная (усясьветная[1]) вайна — вайна 1914—1918 гадоў між Антантай (Вялікабрытанія, Францыя, Расея, Сэрбія, Японія, Італія (з 1915 г.), ЗША) і Цэнтральнымі дзяржавамі (Аўстра-Вугоршчына, Нямеччына ды Турэччына і Баўгарыя), у якой удзельнічалі 38 з 59 існых на той час незалежных дзяржаваў[2] з усяго сьвету.
Напачатку называлася «Вялікая вайна», назву «Першая сусьветная вайна» атрымала ў 1920 годзе. Непасрэдным повадам да вайны было забойства аўстрыйскага эрцгерцага Фэрдынанда басьнійцам Гаўрылам Прынцыпам у Сараеве.
У выніку вайны зьніклі чатыры імпэрыі: Расейская, Аўстра-Вугорская, Асманская і Нямецкая (хоць узьніклая замест кайзэраўскай Нямеччыны Ваймарская рэспубліка фармальна працягвала называцца Нямецкай імпэрыяй). Краіны-ўдзельніцы згубілі 12 млн чалавек забітымі (разам з цывільнымі жыхарамі), каля 55 млн былі параненыя.[3]
Чыньнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Перадгісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Венскі кангрэс, які тэрытарыяльна ўладкаваў Эўропу, не даваў правоў на самавызнаньне й свабоду іншым народам, аддаючы ім месца пад патранажам магутных дзяржаваў. Доўгі час пастанаўленьні кангрэса існавалі дзякуючы гэтак званаму Сьвятому зьвязу, але з часам паміж эўрапейскімі краінамі сталі ўзьнікаць непаразуменьні. Аб’яднаньне Італіі ў 1861 годзе й Нямеччыны ў 1871 годзе, дасягнутае нацыяналістамі, прывяло да перастаноўкі сілаў. У выніку франка-прускай вайны Францыя страціла на карысьць Нямеччыны Эльзас і Лятарынгію, што пасеяла сярод французаў жаданьне помсты суседзям. У Аўстра-Вугоршчыне й на Балканах усе часьцей успыхалі канфлікты на этнічнай глебе. У асноўным хваляваньні адбываліся ў паўднёвай частцы імпэрыі, якую насялялі славяне, прыхільнікі панславянізму, пашыраны Сэрбіяй і Расейскай імпэрыяй. Аналягічнай дактрынай панславянізму зьяўлялася дактрына пангерманізму, якая была пашырана сярод урада Нямеччыны й Аўстра-вугоршчыны, што безумоўна вяло да абастрэньня канфлікта.
Адным з фактараў напружаньня паміж дзяржавамі быў імпэралізм. У выніку прагрэса індустрыяльнай рэвалюцыі, Вялікабрытаніі, Францыі й Нямеччыне, былі неабходныя вялікія рынкі сбыту, для сваіх тавараў, колькасьць якіх павялічвалася з кожным разам. Гэтыя краіны актыўна ўдзельнічалі ў эканамічнай экспансіі Афрыкі, Азіі й Акіяніі. Ангельшчына й Францыя здолелі мірна вырашыць любыя пытаньні, датычныя сваіх калёніяў, але не жадалі мірыцца з агрэсіўнай каляніяльнай палітыкай, якую праводзіў Другі Райх, што яшчэ больш павялічыла напружаньне. На Блізкім Усходзе за паслабелай Асманскай імпэрыяй, уважліва назіралі Расея й Аўстра-Вугоршчына, якія рыхтаваліся да падзелу тэрыторыяў саслабелага суседа.
Напрыканцы XIX стагодзьдзя ўзьнікла новая сацыяльная й філязофская дактрына, якая атрымала назву сацыяльны дарвінізм. Паводле гэтай тэорыі ўсе нацыі, народы й этнічныя групы, павінны былі весьці канкурэнцыю за сусьветнае першынство. Будавалася гэтая тэорыя на думках Дарвіна, а менавіта на біялягічнай эвалюцыі й міжвідавай канкурэнцыі, што разумелася як «выжываньне найбольш прыстасаваных». Такая ідэалёгія выдатна ўпісвалася ў імпэрскую палітыку, правадзімую эўрапейскімі дзяржавамі. Апраўданая жорсткая «бітва за выжываньне» паміж краінамі, вымушала мацнейшых «зьядаць» слабейшых, што пазьней, у міжваенны пэрыяд, дало пачатак нацыскаму расізму. Сацыяльны дарвінізм, таксама служыў апраўданьнем правадзімай калянізацыі ў Азіі й Афрыцы.
У дадатак, у такіх краінах, як Аўстра-Вугоршчына й Нямецкая імпэрыя, ішла барацьба паміж нямецкай і славянскай культурамі. Менавіта ў гэты час ваенная перавага над суседзямі стала ключом разьвіцьця для шматлікіх эўрапейскіх цывілізацыяў. Тупік у імпэрскай палітыцы азначаў бы толькі адно — крах і катастрофу. Такая філязофія была каталізатарам для фармаваньня патрабавальных адносінаў паміж дзяржавамі. Большасьць краінаў пачало праводзіць агрэсіўную прапагандысцкую кампанію, выклікаючы такім чынам у грамадзтве нянавісьць і агрэсію да ворага. Любыя дыпляматычныя крокі разглядаліся як правакацыя.
Унутраная палітыка Нямеччыны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На парплямэнцкіх выбарах 1912 году ў Нямеччыне адносна вялікую колькасьць галасоў атрымала партыя левых сацыял-дэмакратаў, то бок Сацыял-дэмакратычная партыя Нямеччыны. Прускія юнкеры, якія склалі большасьць новага парлямэнту, асьцерагаючыся ўзрастаючай папулярнасьці левых, імкнуліся адцягнуць увагу грамадзтва ад палітычных справаў. Правыя пачалі шукаць зьнешняга канфлікту, які б зьяднаў народ і выклікаў патрыятычныя пачуцьці да ўрада. Некаторыя крыніцы сьцьвярджаюць, што шматлікія прускія кансэрватары выступалі супраць любых ваенных дзеяньняў, нават пераможных, лічачы што вайна можа выклікаць рэвалюцыйны настрой, калі б яна была доўгай і зьнішчальнай.
Крах зьвязаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першая сусьветная вайна часткова была справакавана існаваньнем дзьвюх варожых зьвязаў Антанты (Велікабрытанія, Францыя й Расея) і Траістага зьвязу (Нямеччына, Аўстра-Вугоршчына й Італія), якія зарадзіліся дзякуючы канцлеру Райха — Бісмарку, пасьля франка-прускай вайны. Бісмарк, жадаючы ізаляваць Францыю, у 1879 годзе склаў з Астра-Вугоршчынай вайсковую дамову супраць Расеі, паводле якой у выніку вайны паміж Нямеччынай і Францыяй, Аўстра-Вугоршчына павінна была захаваць нэўтральнасьць. У 1882 годзе скарыстаўшы становішча «жалезны канцлер» уцягнуў у альянс супраць Францыі Італію, якая была незадаволена захопам французамі Тунісу. Італія павінна была застацца нэўтральнай калі б Расея атакавала Аўстра-Вугоршчыну, а немцы й аўстра-вугорцы ў сваю чаргу згаджаліся дапамагчы італьянцам, калі б яны падвергліся нападу з боку Францыі. Тым часам адносіны паміж Аўстра-Вугоршчынай і Расеяй, пагаршаліся праз сытуацыю на Балканах, аднак да адкрытай вайны не даходзіла. Справа ў тым, што яшчэ перад адстаўкай Бісмарк склаў з Расейскай імпэрыяй мірную дамову, паводле якой абодва бакі павінны былі захоўваць нэўтральнасьць у выпадку, калі адзін з бакоў знаходзіўся ў стане вайны.
Пасьля сыходу Бісмарка зьнешняй палітыкай займаўся сам кайзэр Вільгельм II, які зьмяніў кірунак зьнешняй палітыкі Райху. Новыя прадстаўнікі ўраду былі нецярпімыя да славянаў, а менавіта да Расеі, такім чынам нядаўняя мірная дамова ня мела шанцаў на далейшае існаваньне. Францыя выкарыстала гэтую магчымасьць, і знайшла сабе новага хаўрусьніка ў асобе Мікалая II, расейскага імпэратара, склаўшы зь ім шэраг абаронных трактатаў у 1892 годзе. Тым часам, Вялікабрытанія пачала насьцярожана ставіца да нямецкіх палітычных праграмаў, у прыватнасьці велізарнае пашырэньне нямецкага флёту, якое ставіла пад пагрозу панаваньне ангельскага флёту.
У 1904 годзе Францыя й Вялікабрытанія вырашылі пераадолець узаемную варожасьць і аб’яднацца ў палітычна-ваенны зьвяз, які атрымаў назву Антанта. У 1907 годзе да зьвязу далучылася Расея. Вялікабрытанія таксама мела хаўрусьніцкія адносіны зь Японіяй. Гэтак Эўропа на пачатку XX стагодзьдзя была падзелена на два варожыя лягеры: Антанта й Траісты зьвяз.
Плян Шліфэна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Напружаньне нарастала, вайны было не пазьбегнуць. Тэарэтыкі пачалі распрацоўваць ваенныя пляны. Большасьць зь іх лічыла, што для перамогі неабходна напасьць першым і такім чынам атрымаць перавагу над праціўнікам. Для ажыцяўленьня гэтага пляну, неабходна было як мага хутчэй аб’явіць мабілізацыю й не патрапіць зьнянацку, аказаўшыся ў абароне.
Нямецкае вярхоўнае кіраўніцтва ў выпадку вайны паміж дзяржавамі разьлічвала першым чынам хутка разабрацца з Францыяй, для таго каб Расея не пасьпела мабілізаваць свае грамадныя людзкія рэсурсы. Пасьля ліквідацыі аднаго праціўніка ўсе нямецкія войскі павінны былі перайсьці на ўсходні фронт. Хоць плян бліцкрыга быў распрацаваны яшчэ ў 1905 годзе, графам Адольфам Шліфэнам, нямецкае кіраўніцтва ўскладала на яго велізарныя надзеі, асабліва пасьля расейска-японскай вайны, якая агаліла ўсе слабыя месцы царскай Расеі.
Гонка ўзбраеньняў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Эўропа рыхтавалася да вайны. Большасьць краінаў увялі воінскую павіннасьць, распрацавалі пляны-дзеяньні ў выпадку пачатка канфлікту. Тэхналягічнае й арганізацыйнае разьвіцьцё прывялі да стварэньня генэральных штабаў з выразным раскладам для мабілізацыі й наступальных апэрацыяў.
Войскі Францыі й Нямеччыны павялічылі сваю колькасьць амаль ўдвая. Гонка ўзбраеньняў на моры была відавочнай, асабліва паміж Вялікабрытаніяй і Нямеччынай. Дзеля забесьпячэньня марскога панаваньня былі распрацаваны новыя мадэлі ваеннай марской тэхнікі. Вайна 1905 году паміж Расеяй і Японіяй паказала ўсю моц сучаснага флёту й падштурхнула эўрапейскія дзяржавы да стварэньня вялікай колькасьці браняванных, буйнакаліберных караблёў. Калі Велікабрытанія павялічыла вытворчасьць ваенных суднаў, Нямеччына ў адказ зрабіла тое ж самае, таксама наладзіўшы вытворчасьць караблёў. Між тым, міжнародныя высілкі былі накіраваныя на спыненьне й запавольваньне гонкі ўзбраеньняў, у тым ліку Гаагаўскія канвэнцыі 1899 і 1907 гадоў, якія, на жаль, ня мелі посьпеху.
Асноўныя падзеі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]1914
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 28 ліпеня: Аўстра-Вугоршчына абвясьціла вайну супраць Сэрбіі
- 1 жніўня: Нямеччына абвясьціла вайну Расеі.
- 2 жніўня: Нямеччына захоплівае Люксэмбург
- 3 жніўня: Нямеччына абвясьціла вайну Францыі
- 4 жніўня: Нямеччына напала на Бэльгію. Вялікабрытанія абвясьціла вайну супраць Нямеччыны, калі немцы адмовіліся прызнаваць нэўтралітэт Бэльгіі. Аўстралія, Канада, Новая Зэляндыя абвясьцілі вайну супраць Нямеччыны
- 10 жніўня: Аўстра-Вугоршчына абвясьціла вайну супраць Расеі
- 12 жніўня: Брытанія і Францыя абвясьцілі вайну супраць Аўстра-Вугоршчыны
- 12 жніўня: Бітва пад Халенам
- 23 жніўня: Японія абвясьціла вайну супраць Нямеччыны
- 5 верасьня : Бітва на Марне
- 29 кастрычніка: Асманская імпэрыя ўступае ў вайну на баку Нямеччыны і Аўстра-Вугоршчыны
- 2 лістапада: Расея абвясьціла вайну супраць Турэччыны
- 5 лістапада: Францыя і Брытанія абвясьцілі вайну супраць Турэччыны
- 24 сьнежня: Каляднае замірэньне
1915
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 24 красавіка: улады Асманскай імпэрыі разьвязалі генацыд армянаў
- 23 траўня: Італія абвясьціла вайну супраць Аўстра-Вугоршчыны
- 14 верасьня: пачалася Бітва пад Маладэчнам (1915)
- 14 кастрычніка: Баўгарыя абвясьціла вайну супраць Сэрбіі, і ўвайшла ў вайну на баку Нямеччыны і Аўстра-Вугоршчыны
1916
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 21 лютага — 20 сьнежня: Бітва пад Вэрдэнам — адна з самых вялікіх вайсковых апэрацыяў на Заходнім фронце.
- 5 сакавіка — 17 сакавіка: Нарачанская апэрацыя расейскіх войскаў. Беспасьпяховая спроба наступу, дазволіла спыніць актыўныя дзеяньні немцаў пад Вэрдэнам.
- 9 сакавіка: Нямеччына абвясьціла вайну супраць Партугаліі
- 21 траўня — 2 жніўня: Брусілаўскі прарыў, расейскім войскам занаятая Галіцыя і Букавіна.
- 13 чэрвеня — 29 ліпеня: Скробава-Гарадзішчанская апэрацыя, няўдалая спроба прарыву расейскімі войскамі нямцкага фронту пад Баранавічамі
- 24 чэрвеня — сярэдзіна лістападу: Бітва на Соме, на Заходнім фронце.
- 27 жніўня: Румынія абвясьціла вайну супраць Аўстра-Вугоршчыны
- 28 жніўня: Італія абвясьціла вайну супраць Нямеччыны
1917
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 27 чэрвеня: Грэцыя ўваходзіць у вайну на баку Антанты
- 27 жніўня: Кітай абвясьціў вайну супраць Нямеччыны
- 26 красавіка: Бразылія абвясьціла вайну супраць Нямеччыны
- 7 сьнежня: ЗША абвясьцілі вайну супраць Аўстра-Вугоршчыны
1918
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 11 лістапада: падпісана замірэньне. Вайна скончылася.
Беларусь у гады вайны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Згодна з распрацаванымі плянамі ваенных дзеяньняў Нямеччына разьлічвала спачатку разьбіць Францыю, а затым Расею. Уварваўшыся праз тэрыторыю нэўтральнай Бэльгіі ў межы Францыі, немцы стварылі рэальную пагрозу для Парыжу. Расея плянавала нанесьці галоўны ўдар па Аўстра-Вугоршчыне ў напрамку Галіцыі, што давала магчымасьць пранікнуць на Балканы і да праліваў Басфор і Дарданэлы. З пачатку 1915 году асноўныя сілы Нямеччыны знаходзіліся на Ўсходнім фронце. У выніку нямецкага наступленьня расейскія войскі ў чэрвені 1915 году пакінулі Галіцыю, страціўшы каля 600 тыс. палоннымі, забітымі, параненымі. Захапіўшы Галіцыю, Нямеччына сканцэнтравала галоўныя сілы на польскім тэатры ваенных дзеяньняў. Расейскія войскі, церпячы паражэньне за паражэньнем у Польшчы, у ліпені 1915 г. здалі Варшаву. Фронт імкліва набліжаўся да Беларусі. У жніўні 1915 г. пачалося нямецкае наступленьне ў напрамку Коўна-Вільня-Менск. У пачатку верасьня 1915 г. расейская армія пакінула Вільню, Горадню, Ліду, Берасьце і іншыя гарады Заходняй Беларусі. Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага была пераведзена з Баранавіч у Магілёў. У кастрычніку 1915 г. фронт стабілізаваўся на лініі Дзьвінск-Паставы-Баранавічы-Пінск. Частка тэрыторыі Беларусі апынулася пад нямецкай акупацыяй. Напярэдадні і ў першыя дні вайны ў заходніх, у тым ліку беларускіх губэрнях, было аб’яўлена ваеннае становішча. Забараняліся забастоўкі, сходы, шэсьці, маніфэстацыі, уводзілася ваенная цэнзура. У сувязі з наступленьнем нямецкіх войскаў на ўсход рушыў вялікая плынь бежанцаў з Польшчы, Летувы і заходніх паветаў Беларусі (больш за 1320,5 тыс. чалавек). На захопленай Нямеччынай тэрыторыі Беларусі ўводзіліся розныя вайсковыя павіннасьці. На абаронныя работы (капаньне акопаў, будаўніцтва мастоў, рамонт дарог, ахову вайсковых аб’ектаў і г. д.) прыцягвалася ўсё насельніцтва прыфрантавой паласы. Пачаліся масавыя рэквізіцыі жывёлы, прадуктаў харчаваньня і фуражу. У Віцебскай губэрні з 1 чэрвеня 1914 г. да 1 чэрвеня 1915 г. было рэквізавана для арміі 120 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, у выніку яе пагалоўе скарацілася на 21,5%. Рэквізіцыі і прымусовыя работы на патрэбу фронту праводзілі і нямецкія ўлады. Акупанты сілаю забіралі ў сялянаў коней, кароваў, іншую хатнюю жывёлу, прадукты, фураж, адзеньне, абутак, прымушалі выконваць розныя павіннасьці.
Сельская гаспадарка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выключна цяжкім становішчы апынулася сельская гаспадарка Беларусі. Больш як палова ўсіх працаздольных мужчынаў беларускай вёскі была мабілізавана і адпраўлена на фронт. Толькі зь Менскай, Магілёўскай і Віцебскай губэрняў было прызвана ў армію 634 400 чалавек. За гады вайны скараціліся пасяўныя плошчы Беларусі: жыта — на 18,7%, пшаніцы — на 22,1%, бульбы — на 34,2%. Ва ўмовах неверагоднай галечы, вялікай скучанасьці насельніцтва і голаду ў прыфрантавых губэрнёх шырока распаўсюдзіліся розныя эпідэмічныя хваробы — тыф, халера ды іншыя. Пачынаючы з 1915 году на Беларусі назіраецца нарастаньне рабочага руху. У красавіку 1915 году адбылося выступленьне рабочых і служачых Гомельскага чыгуначнага вузла. Летам таго ж году страйкавалі рабочыя дэпо Лібава-Роменскай чыгункі ў Гомелі. У 1916 годзе стачачны рух ахапіў 11 населеных пунктаў Беларусі, у якім удзельнічала 1800 чалавек. Асноўным патрабаваньнем стачачнікаў зьяўлялася павышэньне заработнай платы.
Сялянскія хваляваньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Значна ўзрасьлі сялянскія хваляваньні ў 1915 годзе. У сувязі зь перанясеньнем баявых дзеяньняў на тэрыторыю Беларусі і ростам рэквізіцыяў сярод сялянаў поруч з антыпамешчыцкімі ўзмацніліся антыўрадавыя настроі. На працягу 1915 году адбылося 99 сялянскіх выступленьняў. Аднак у 1916—1917 гадох іхняя колькасьць значна зьменшылася. У 1916 годзе іх было 60, а ў студзені — лютым 1917 году толькі 7.
Вайсковыя паразы расейскай арміі ў кампаніі 1915 году, няўдачы баявых дзеяньняў у 1916 годзе, велізарныя людзкія страты выклікалі нездаволенасьць жаўнераў. У войсках успыхнулі хваляваньні, якія былі зьвязаны з дрэнным забесьпячэньнем прадуктамі харчаваньня і абмундзіраваньнем, недахопам зброі і боепрыпасаў. Усяго ў Беларусі ў пэрыяд вайны адбыліся 62 значныя хваляваньні жаўнераў. Расло дэзэртэрства. Цэлыя вайсковыя часткі і злучэньні адмаўляліся ісьці ў наступ. Узмацнілася антыўрадавая агітацыя сярод вайскоўцаў. 22 кастрычніка 1916 году адбылося паўстаньне жаўнераў, казакоў і матросаў на разьмеркавальным пункце ў Гомлі. Паўстаньне ўспыхнула ў сувязі з арыштам аднаго з казакоў. На ягоную абарону выступілі каля 4 тыс. жаўнераў і матросаў, якія абяззброілі каравул гаўптвахты і вызвалілі з-пад арышту больш за 800 чалавек. 26 кастрычніка жаўнеры-паўстанцы разагналі паліцэйскі атрад, які займаўся вобыскамі. Паўстанцы былі жорстка пакараны. Да суду было прыцягнута 16 чалавек. Зь іх 9 было расстраляна, а астатнія адпраўлены на катаргу і ў арыштанцкія роты. Але спыніць працэс разлажэньня войска ўжо было нельга, яно паступова станавілася небаяздольным.
Балянс вайны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Страты па краінах[4] | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
Краіна | Змабілізавана | Загінулі і памерлі | Паранены | Палонныя і зьніклыя |
Агульныя страты |
Адсотак страт сярод змабілізаваных | |
Антанта | |||||||
Расея | 12 000 000 | 1 700 000 | 4 950 000 | 2 500 000 | 9 150 000 | 76,3 | |
Францыя | 8 410 000 | 1 357 800 | 4 266 000 | 537 000 | 6 160 800 | 76,3 | |
Вялікабрытанія (разам з калёніямі) | 8 904 467 | 908 371 | 2 090 212 | 191 652 | 3 190 235 | 35,8 | |
Італія | 5 615 000 | 650 000 | 947 000 | 600 000 | 2 197 000 | 39,1 | |
Злучаныя Штаты | 4 355 000 | 126 000 | 234 300 | 4500 | 364 800 | 8,2 | |
Японія | 800 000 | 300 | 907 | 3 | 1210 | 0,2 | |
Румынія | 750 000 | 335 706 | 120 000 | 80 000 | 535 706 | 71,4 | |
Сэрбія | 707 343 | 45 000 | 133 148 | 152 958 | 331 106 | 46,8 | |
Бэльгія | 267 000 | 13 716 | 44 686 | 34 659 | 93 061 | 34,9 | |
Грэцыя | 230 000 | 5000 | 21 000 | 1000 | 27 000 | 11,7 | |
Партугалія | 100 000 | 7222 | 13 751 | 12 318 | 33 291 | 33,3 | |
Чарнагорыя | 50 000 | 3000 | 10 000 | 7000 | 20 000 | 40,0 | |
Разам | 42 188 810 | 5 152 115 | 12 831 004 | 4 121 090 | 22 104 209 | 52,3 | |
Цэнтральныя Дзяржавы | |||||||
Нямеччына | 11 000 000 | 1 773 700 | 4 216 058 | 1 152 800 | 7 142 558 | 64,9 | |
Аўстра-Вугоршчына | 7 800 000 | 1 200 000 | 3 620 000 | 2 200 000 | 7 020 000 | 90,0 | |
Турэччына | 2 850 000 | 325 000 | 400 000 | 250 000 | 975 000 | 34,2 | |
Баўгарыя | 1 200 000 | 87 500 | 152 390 | 27 029 | 266 919 | 22,2 | |
Разам | 22 850 000 | 3 386 200 | 8 388 448 | 3 629 829 | 1 404 477 | 67,4 | |
Агулам | 65 038 810 | 8 538 315 | 21 219 452 | 7 750 919 | 37 508 686 | 57,6 |
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ежы Паячкоўскі-Дыдынскі — вэтэран першай і другой сусьветных войнаў
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ https://soundcloud.com/svaboda/viacorka0508usiasvietny?in=svaboda/sets/pa-belarusku
- ^ Вераніка Канюта. Першая сусьветная вайна: памяць павінна жыць // Зьвязда : газэта. — 9 ліпеня 2013. — № 124 (27489). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ Западный мир отмечает 90 лет со дня окончания Первой мировой войны
- ^ На падставе: Ian F. W. Beckett «The Great War 1914—1918)»