Перайсьці да зьместу

Маргарыта Латышкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Маргарыта Латышкевіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 19 студзеня 1989(1989-01-19) (35 гадоў)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці рэдактарка, пісьменьніца, бібліятэкарка, паэтка
Кірунак фэнтэзі
Жанр апавяданьне, верш, гумарэска, навэла, нарыс, эсэ[1]
Дэбют 2007 год[2]Берасьцейская газэта»)
Значныя творы раман «Век людзей» (2019)
Узнагароды

Маргары́та Ю́р’еўна Латышке́віч (нар. 1989, Берасьце, цяпер Беларусь) — беларуская пісьменьніца.

Выдала кнігу вершаў «Пульс навальніц» (2012), кнігу прозы «Яблыкі» (2016), кнігі вершаў і прозы «Наш дом» (2018), «Вараціш-гара» (электронная, 2019), «Там, дзе сэрца» (2020), кнігі аповесьцяў «Уласны крыж» (2021) і «Вершнікі на дарозе» (2022). У 2020 годзе ў часопісе «Маладосьць» выйшаў яе першы фэнтэзійны раман «Век людзей». Ляўрэатка Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Найлепшы дэбют» (2017) за кнігу «Яблыкі»[3]. Сяброўка Менскага гарадзкога аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі[4].

Улетку 2007 году скончыла гімназію № 1 у Берасьці і паступіла на філялягічны факультэт БДУ. У лютым 2010 году рэктар БДУ прызначыў ёй стыпэндыю імя Кандрата Крапівы на 2-м сэмэстры 4-га курсу[5]. У 2011 годзе скончыла Філялягічны факультэт БДУ[6]. У 2012 годзе скончыла магістратуру ў галіне філялёгіі і працаўладкавалася ў Вучэбна-навуковую лябараторыю беларускага фальклёру пры Філфаку БДУ[7]. Адначасна паступіла ў асьпірантуру БДУ, дзе на катэдры тэорыі літаратуры стала пісаць кандыдацкую дысэртацыю на тэму паданьняў у фантастыцы і казках, а таксама наадварот згадкі казак у фэнтэзі[8]. Адна зь яе публікацыяў тычылася граняў эстэтызацыі жорсткасьці ў рамансе і фэнтэзі[9]. У 2015 годзе скончыла асьпірантуру БДУ і ўладкавалася рэдактаркай аддзелу прозы ў часопіс «Маладосьць»[10].

3 сакавіка 2020 году стала вядоўцай відэачасопісу «Бярозка»[11]. 27 ліпеня 2020 году стварыла «Блог прафэсійнага чытача» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі[12]. На 2022 год жыла ў Полацку (Віцебская вобласьць), дзе працавала ў галіне распрацоўкі мабільных гульняў. Выйшла замуж за перакладчыка Яўгена Папакуля[13].

У сакавіку 2007 году ў 18-гадовым узросьце зьмясьціла ў часопісе «Маладосьць» нізку легендаў «З народнай міталёгіі»[14]. У лістападзе 2007 году абнародавала тамсама вершы[15]. На фэстывалі «Лунінская восень» перамагла на конкурсе творчых і літаратурна-дасьледчых працаў[16]. У 2009 годзе стала дыпляманткай літаратурнага конкурсу «Паглядзі на Берасьце над Бугам, колькі хараства», які ладзіла Берасьцейскае абласное аддзяленьне Саюзу пісьменьнікаў Беларусі[17]. У лістападзе 2010 году ў часопісе «Маладосьць» выйшла нізка яе вершаў «Трымаць руку на пульсе навальніц». На лістапад 2010 году друкавалася ў «Берасьцейскай газэце» і часопісах «Бярозка», «Маладосьць» і штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва»[18]. У 2011 годзе часопіс «Маладосьць» зьмясьціў фота Маргарыты Латышкевіч на сваю вокладку пры выданьні чарговай нізкі яе вершаў[19]. У 2012 годзе выдала кнігу паэзіі «Пульс навальніц»[20] і яе творы ўвайшлі ў супольны зборнік «Мы — маладыя» (2012).

У жніўні 2013 году зьмясьціла ў часопісе «Маладосьць» нізку вершаў «Рэха магутнага пачуцьця»[21]. У верасьні 2013 году яе творы ўвайшлі ў беларуска-расейскі літаратурны альманах «Мост дружбы»[22]. 23 кастрычніка 2013 году перамагла на 1-м міжнародным конкурсе маладых пісьменьнікаў «Мост дружбы»[23]. 25 кастрычніка пераможцаў узнагародзілі дыплёмамі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі[24]. У 2013 годзе яе творы ўвайшлі ў супольны зборнік «Кахаць і верыць». 16 красавіка 2014 году стала ляўрэаткай у намінацыі «Паэзія» на Рэспубліканскім літаратурным конкурсе імя Максіма Багдановіча, які ладзілі Саюз пісьменьнікаў Беларусі і Рэспубліканская канфэдэрацыя прадпрымальніцтва[25]. У красавіку 2014 году ў часопісе «Маладосьць» выйшла яе апавяданьне «Радыёмаўчаньне»[20].

У 2015 годзе яе творы ўвайшлі ў супольны зборнік «Мой дзень пачынаецца». У ліпені 2016 году часопіс «Маладосьць» абнародаваў нізку яе вершаў «Люстра сну». Тамсама выйшла пара апавяданьняў Леаніда Левіна ў яе перакладзе на беларускую[10]. Таксама ў ліпені 2016 году яе апавяданьні ўпершыню выйшлі ў часопісе «Полымя»[26]. У 2016 годзе выйшла яе першая кніга прозы «Яблыкі». 18 лютага 2017 году заняла 2-е месца на літаратурным конкурсе ў газэце «Зьвязда» за 2016 год з апавяданьнем «У.» ад 6 кастрычніка 2016 году[27]. У траўні 2017 году выдала нізку апавяданьняў у часопісе «Полымя»[28]. 3 верасьня 2017 году атрымала Нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі «Найлепшы дэбют» за зборнік «Яблыкі» 2016 году[29].

У кастрычніку 2017 году абнародавала ў часопісе «Полымя» нізку вершаў «Пад 300 кіль уражаньняў»[30]. У 2017 годзе яе творы ўвайшлі ў альманах пераможцаў конкурсу «Першацьвет»[31]. У 2018 годзе шэраг яе вершаў на сэрбскую пераклала Даяна Лазаравіч[32]. У траўні 2018 году абнародавала ў часопісе «Маладосьць» аповесьць «Вараціш-гара»[33], а таксама выпусьціла зборнік «Менск назаўжды» супольна зь 19 пісьменьніцамі і пісьменьнікамі ў межах фэстывалю «Горад і кнігі»[34]. У зборніку Латышкевіч пераклала з расейскай апавяданьні Міхаіла Валодзіна «Пліты крычаць, або Гісторыя пра менскага Герадота», а таксама Яўгеніі Пастарнак і Андрэя Жвалеўскага «Цагліна перапоны». Сама ж зьмясьціла ў зборніку апавяданьне «Тры месяцы да вясны»[35].

У 2018 годзе выдала зборнік прозы «Наш дом»[36], які 23 студзеня 2019 году прадставіла ў Цэнтральнай гарадзкой бібліятэцы імя Янкі Купалы ў Менску[37]. 9 лютага 2019 году прадставіла кнігу «Наш дом» на 28-й Менскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы[38]. 16 сакавіка 2019 году выступіла на тэлеканале «Беларусь 3» у перадачы Навума Гальпяровіча «Суразмоўцы»[39]. У красавіку 2019 году перамагла на біяграфічным конкурсе «Слаўная кампанія: рэанімацыя» з жыцьцяпісам Яна Баршчэўскага «Цень крыжа на каляінах» і атрымала прэмію «За багатую вобразнасьць у паказе жыцьця героя на фоне часу»[40].

12 верасьня 2019 году перамагла на конкурсе апавяданьняў газэты «Зьвязда» з «Казкай пра ваўка»[41]. У 2020 годзе абнародавала аповесьць «Першая песьня» ў некалькіх нумарах часопісу «Бярозка»[42]. У красавіку—лістападзе 2020 году ў часопісе «Маладосьць» (№ 4—11) выйшаў першы фэнтэзійны раман Латышкевіч «Век людзей». Яго аздобіла мастачка Валерыя Дзяткова, якая працуе пад псэўданімам «Бестрамвайнасьць»[43]. Памерам раман перавысіў 1,5 млн знакаў[44].

14 кастрычніка 2011 году галоўная рэдактарка часопісу «Маладосьць» Тацяна Сівец адзначыла: «Як 50 гадоў таму выходзілі першыя кніжкі нашых сёньняшніх клясыкаў, так мы спадзяемся, што кніжкі Маргарыты Латышкевіч, Ганны Федарук, Арцёма Кавалеўскага і іншых, каго друкуе сёньняшняя „Маладосьць“, калісьці будуць першымі нізкамі вядомых беларускіх аўтараў»[45]. У траўні 2014 году ў часопісе «Маладосьць» Ірына Шаўлякова падкрэсьліла: «У аповедзе Маргарыты Латышкевіч „Радыёмаўчаньне“… маем справу з „касьмічнай опэрай“ практычна ў чыстым выглядзе, калі быць больш дакладным — з эпізодам патэнцыяльнай касьмічнай — лёгіі. Тэматычная адметнасьць твору зьвязаная з канцэнтраванай авантурнасьцю фабулы: гэта своеасаблівы абразок з жыцьця працоўных будняў касьмічных кантрабандыстаў, што спэцыялізуюцца на акарскім шоўку, сіліронскіх спэцыях». Пры гэтым Шаўлякова адзначыла: «Фантастычна-авантурны аповед з амаль дасканалай кальцавой кампазыцыяй фінішуе як лірычна-мэдытацыйны абразок»[46].

6 студзеня 2017 году ў газэце «Літаратура і мастацтва» Наста Грышчук зьмясьціла творы Латышкевіч у рэйтынг найлепшых часопісных публікацыяў прозы за 2016 год: «У „Полымі“ спадарыня Маргарыта выступіла з кароткай формай: апавяданьні „Інструкцыя для хворых“, „Муза“, „Піястры“, „Шчасьце“, „Быць Каралевай“ (№ 7). Усе яны ўвайшлі ў дэбютны зборнік прозы „Яблыкі“. Маргарыта Латышкевіч глядзіць і на радасьці чалавека, і на яго няўдачы з гумарам. Гэта дазваляе прыўзьняцца над апісанай сытуацыяй, зьмяншае маштаб трагедыі ці шчасьця, але ўсё на карысьць: так на прадмет гаворкі можна паглядзець у цэлым, здалёк»[47]. 20 студзеня 2017 году Наста Грышчук зрабіла разгорнуты агляд яе кнігі: «Па вялікім рахунку, кніга Маргарыты Латышкевіч „Яблыкі“ якраз пра тое — пра сьвет дзяцей. Дзецям гэтым — ад 5 да 50 з гакам. Але незалежна ад узросту ўсе яны хочуць аднаго: самасьцьвердзіцца, быць шчасьлівымі, любімымі, прызнанымі ды прынятымі ў сваёй супольнасьці. Але ўзрост навязвае свае правілы, і хітры ўнутраны голас падказвае: будзь сур’ёзны, будзь дзелавіты, рабі як усе, і ніхто не здагадаецца, што ты так і застаўся зарумзаным дзіцём з савочкам». Грышчук заўважыла, што «паэтычны зборнік… „Пульс навальніц“ і „Яблыкі“ лучыць нязьменна аптымістычны і рамантычны погляд аўтаркі на сьвет. Аднак рамантычнасьць тут ня тоесная ружовым акулярам. Гэта хутчэй здольнасьць прымаць чалавечыя слабасьці. Вера ў тое, што чытач прызнае ў сабе крыўдлівае эгаістычнае дзіця і пасьмяецца разам з аўтаркай». Наста Грышчук таксама адзначыла: «Адметнасьць прозы спадарыні Маргарыты — у дзьвюх вызначальных рысах. Па-першае, гумар, які выступае адначасова павелічальным шклом, зброяй і абаронай. Сьмех, які часам даходзіць да гіпэрбалы і гратэску, дазваляе павялічыць дробныя рысы чалавечай натуры да памераў, неабходных для прэпарацыі. Перабольшваючы, ты дасьледуеш зьяву, не такую й заўважную ў штодзённасьці. Гэты ж сьмех вынішчае нэгатыў: пасьмяяўшыся, прыкладам, з чужое сквапнасьці, ты ўжо ня зможаш усур’ёз абараняць гэтую рысу ў самім сабе. … Другая адметнасьць прозы Маргарыты Латышкевіч — знарочыстая простасьць сьветаўспрыманьня». Надалей Грышчук падкрэсьліла: «герой спадарыні Маргарыты паводзіцца нелягічна, пацешна, разам з тым — міла і кранальна. … супастаўленьне „павінна“ і „ёсьць“ у апавяданьнях Маргарыты Латышкевіч адбываецца на двух узроўнях. Першы — вонкавы: пэрсанажы чакаюць ад галоўнага героя адзін крок, а ён выдае зусім іншы. Другі ўзровень больш складаны і, адпаведна, камічны эфэкт ад яго большы: калі герой хоча зрабіць адно, а робіць зусім іншае, чаго вымагаюць пасада, узрост, гендэр і г. д. Ёсьць яшчэ адно несупадзеньне поглядаў, якое выклікае і сьмех, і роздум: гэта вайна сьветаў дарослага і дзіцячага». Урэшце Грышчук палічыла апавяданьне «Зямля» за «самае глыбокае і самае „маштабнае“ тэматычна» ў кнізе і патлумачыла: «Яна распавядае выключна пра дзіцячую гульню. Усё галоўнае — па-за тэкстам. У гэтым палягае прыкмета вялікага таленту, які, маю спадзеў, яшчэ ня раз дасьць пра сябе ведаць»[48].

7 красавіка 2017 году ў «Літаратуры і мастацтве» Алеся Лапіцкая і Наста Грышчук назвалі паэтычную нізку Латышкевіч «Па лесьвіцы з месяцовых промняў» лепшай публікацыяй у сакавіцкім нумары часопіса «Маладосьць». Яны адзначылі, што «верш пра „кніжных дзяцей“… немінуча мусіць увайсьці аднойчы ў зборнік вершаў М. Латышкевіч»[49]. 6 чэрвеня 2017 году ў «ЛіМе» Жанна Капуста заўважыла апавяданьні Латышкевіч ў травеньскім нумары часопіса «Полымя»: «Зьмешчаныя ў часопісе творы лёгка падзяляюцца паводле тэматыкі: пра дзяцей, але не зусім для дзяцей („Два літры мора“, „Доктар Ціханава“, „Пачатак восені“) і пра дарослых („Званіў“, „Раман з наёмнікам“). Жанна Капуста згадала, што гэтыя „творы могуць быць выдатнай ілюстрацыяй да артыкулаў па псыхалёгіі[50]. 31 жніўня 2018 году ў газэце „Беларусь сёньня“ зьявіўся агляд на кнігу Латышкевіч „Наш дом“, у якую ўвайшлі апавяданьні і 2 аповесьці ў жанры фэнтэзі. У 1-й аповесьці эльфы „жывуць у пячорах, у лясным краі пад назвай Курганова Поле“. У „Дзікім Гоне“ курганны рыцар вартуе межы. У аглядзе таксама згадвалася разуменьне Латышкевіч у апавяданьнях, што „праблемы дзяцей ня менш важныя, чым у дарослых, бо менавіта цяпер акрэсьліваецца лёс, даюцца вартасьці і заганы“. Аглядальнік выказвае: „Уражаньне, нібы пад адной вокладкай — тры кнігі“[51]. 20 верасьня 2019 году пісьменьніца Станіслава Ўмец у інтэрвію „ЛіМу“ назвала сярод „цудоўных прыкладаў містычных твораў“ у жанры фэнтэзі кнігу Латышкевіч „Наш дом“[52].

У чэрвені 2020 году ў часопісе „Маладосьць“ Алена Кісель адзначыла пра кнігу Латышкевіч „Там, дзе сэрца“: „Гэты намер — пабачыць у кожным нешта нечаканае, адкрыць новае, напомніць чытачу пра ўнутранае хараство тых, сярод каго жывеш, — вельмі прыкметны ў зборніку“. Алена Кісель падкрэсьліла: „Там, дзе сэрца“ сапраўды прыемна чытаць, таму што кніга не толькі выкарыстоўвае патэнцыял беларускай мовы, але і імкнецца пашырыць яе мастацкія магчымасьці. Адсутнасць русізмаў, паўната лексыкі, пэўныя аўтарскія новатворы — з моўнага боку; клясычны строй вершаў з арыгінальнай і прыгожай рыфмоўкай і слушны „разлом“ вершаванага радка, інтанацыйная „лесьвічка“ — з боку літаратурнага; нечаканасьць і глыбіня сродкаў выразнасьці — з абодвух бакоў. Асабліва зьвяртае на сябе ўвагу жаданьне паэткі ажывіць зьявы і прадметы вакол сябе — з дапамогай мэтафараў, увасабленняў і параўнаньняў»[53].

  1. ^ Алеся Лапіцкая. У чым смак яблыкаў // Літаратура і мастацтва. — 25 жніўня 2017. — № 34 (4937). — С. 10.
  2. ^ Маргарыта Латышкевіч. 100 словаў // Маладосьць : часопіс. — Травень 2019. — № 5. — С. 8.
  3. ^ Латышкевіч Маргарыта Юр’еўна // Нацыянальная літаратурная прэмія, 2021 г. Праверана 3 лютага 2021 г.
  4. ^ Менскае гарадзкое аддзяленьне // Саюз пісьменьнікаў Беларусі, 7 верасьня 2020 г. Праверана 3 лютага 2021 г.
  5. ^ Віншуем // Унівэрсытэт : газэта. — 26 лютага 2010. — № 3 (2019). — С. 2.
  6. ^ Маргарыта Латышкевіч. Насустрач вечнасьці // Маладосьць. — Жнівень 2011. — № 8 (693). — С. 6—7.
  7. ^ Маргарыта Латышкевіч. Уцёкі ад смутку // Маладосьць. — Лістапад 2012. — № 11 (708). — С. 5—6.
  8. ^ Людміла Мінкевіч. «Кінг нэрвова курыць убаку» // Народная газэта. — 26 лістапада 2013. — № 6128.
  9. ^ Канфэрэнцыя «Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў» (28-29 лістапада 2013 г.) // Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру НАНБ, 28 лістапада 2013 г. Праверана 3 лютага 2021 г.
  10. ^ а б Маргарыта Латышкевіч. Люстра сну // Маладосьць. — Ліпень 2016. — № 7 (752). — С. 30—33.
  11. ^ «Бярозка» – цяпер і відэачасопіс // УП «Дом прэсы», 3 сакавіка 2020 г. Праверана 3 лютага 2021 г.
  12. ^ Маргарыта Латышкевіч. Блог прафэсійнага чытача // Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 27 студзеня 2021 г. Праверана 3 лютага 2021 г.
  13. ^ Маргарыта Латышкевіч. Пра аўтара // Вершнікі на дарозе: аповесьці / рэд. Яўген Папакуль, граф. Ірына Андрэева. — Менск: Чатыры чвэрці, 2022. — С. 268—269. — 272 с. — (Фантастыка і фэнтэзі). — 300 ас. — ISBN 978-985-581-526-7
  14. ^ Маргарыта Латышкевіч. З народнай міталёгіі // Маладосьць : часопіс. — Сакавік 2007. — № 3 (640). — С. 54—60. — ISSN 0131-2308.
  15. ^ Маргарыта Латышкевіч. Вершы // Маладосьць. — Лістапад 2007. — № 11 (648). — С. 95—96.
  16. ^ Юлія Бальшакова. Ня менш ураджайная за Болдзінскую // Беларуская ніва : газэта. — 4 сьнежня 2013.
  17. ^ Анатоль Крэйдзіч. Адкрыцьцё! Ізноў адкрыцьцё // Адкрыцьцё-2009. — Берасьце: Берасьцейская друкарня, 2010. — С. 3—5. — 30 с.
  18. ^ Маргарыта Латышкевіч. Трымаць руку на пульсе навальніц // Маладосьць. — Лістапад 2010. — № 11 (684). — С. 46—48.
  19. ^ Чытаць, каб жыць // Народная газэта. — 19 кастрычніка 2011. — № 5614.
  20. ^ а б Маргарыта Латышкевіч. Радыёмаўчаньне // Маладосьць. — Красавік 2014. — № 4 (725). — С. 71—82.
  21. ^ Маргарыта Латышкевіч. Рэха магутнага пачуцьця // Маладосьць. — Жнівень 2013. — № 8 (717). — С. 35—66.
  22. ^ Кастусь Ладуцька. Жаданьне агледзець увесь сьвет // Голас Радзімы : газэта. — 26 верасьня 2013. — № 3349.
  23. ^ Натальля Сьцяпура. Літаратурны мост будуе моладзь // Рэспубліка : газэта. — 23 кастрычніка 2013. — № 5860. — ISSN 1991-5322.
  24. ^ Узнагароджаныя лепшыя майстры кароткага апавяданьня // Газэта «Зьвязда», 25 кастрычніка 2013 г. Праверана 3 лютага 2021 г.
  25. ^ Янка Натавец. Прадпрымальнікі — за паэзію // Літаратура і мастацтва : газэта. — 25 красавіка 2014. — № 17 (4766). — С. 3. — ISSN 0024-4686.
  26. ^ Маргарыта Латышкевіч. Апавяданьні // Полымя : часопіс. — Ліпень 2016. — № 7 (1041). — С. 106—118. — ISSN 0130-8068.
  27. ^ Увага! Конкурс працягваецца // Жырандоля. — 18 лютага 2017. — № 6 (353).
  28. ^ Маргарыта Латышкевіч. Апавяданьні // Полымя : часопіс. — Травень 2017. — № 5 (1051). — С. 75—89.
  29. ^ Вольга Багачова. Пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2016 года ўшаноўвалі ў Полацку // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 4 верасьня 2017 г. Праверана 3 лютага 2021 г.
  30. ^ Маргарыта Латышкевіч. Пад трыста кіль уражаньняў // Полымя. — Кастрычнік 2017. — № 10 (1056). — С. 88—92.
  31. ^ Сяргей Паўлаў. Люстэрка часу // Літаратура і мастацтва. — 23 лютага 2017. — № 8 (4963). — С. 2.
  32. ^ Алесь Карлюкевіч. Алесь Бачыла: вершы на сэрбскай мове // Партал «Сугучча», 28 траўня 2018 г. Праверана 3 лютага 2021 г.
  33. ^ Кірыл Мяцеліца. Навучыцца новаму: агляд сьвежай «Маладосьці» // Газэта «Зьвязда», 30 траўня 2018 г. Праверана 3 лютага 2021 г.
  34. ^ Дар’я Сьмірнова. Вядомыя і невядомыя літаратары пра тое, чаму Менск — назаўжды // Літаратура і мастацтва. — 13 ліпеня 2018. — № 27 (4982). — С. 10.
  35. ^ Жанна Капуста. На скрыжаваньні Сьвіслачы і Нямігі // Літаратура і мастацтва. — 10 жніўня 2018. — № 31 (4986). — С. 6.
  36. ^ Алена Сіняковіч. «Лепей апрануць штонікі навырост»: як знайсьці ў сабе пісьменьніка // Партал «Тынэйдж», 11 ліпеня 2018 г. Праверана 3 лютага 2021 г.
  37. ^ В. Ляўчук. Юбілейная імпрэза Маргарыты Латышкевіч // Саюз пісьменьнікаў Беларусі, 28 студзеня 2019 г. Праверана 3 лютага 2021 г.
  38. ^ Алег Грушэцкі. Цікавосткі на XXVI Міжнароднай кніжнай выставе // Газэта «Новы час», 5 лютага 2019 г. Праверана 3 лютага 2021 г.
  39. ^ Навум Гальпяровіч. Суразмоўцы. Маргарыта Латышкевіч // Тэлеканал «Беларусь 3», 16 сакавіка 2019 г. Праверана 3 лютага 2021 г.
  40. ^ Увага! Конкурс! Слаўная кампанія: рэанімацыя // Газэта «Зьвязда», 22 красавіка 2019 г. Праверана 3 лютага 2021 г.
  41. ^ Конкурс апавяданьняў «Зьвязды»: падводзім вынікі // Зьвязда : газэта. — 12 верасьня 2019. — № 173 (29040). — С. 1, 13. — ISSN 1990-763x.
  42. ^ Маргарыта Латышкевіч. Першая песьня (заканчэньне) // Бярозка : часопіс. — Кастрычнік 2020. — С. 21—30. — ISSN 0320-7579.
  43. ^ Беларускі фальклор і «Век людзей» // Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 13 жніўня 2020 г. Праверана 3 лютага 2021 г.
  44. ^ Ганна Варонка. «Люблю марыць, а часам і падурэць» // Чырвоная зьмена. — Кастрычнік 2020. — № 17 (15894). — С. 1, 4.
  45. ^ Ларыса Цімошык. Эпатажныя паэткі, «віртуальныя» пісьменьнікі // Зьвязда : газэта. — 15 кастрычніка 2011.
  46. ^ Ірына Шаўлякова. Фантастыка як суровая рэальнасьць // Маладосьць. — Травень 2014. — № 5 (726). — С. 108—116.
  47. ^ Наста Грышчук. Што згубілася між радкоў // Літаратура і мастацтва : газэта. — 6 студзеня 2017. — № 1 (4904). — С. 6. — ISSN 0024-4686.
  48. ^ Наста Грышчук. Неразьменныя піястры // Літаратура і мастацтва. — 20 студзеня 2017. — № 3 (4906). — С. 7.
  49. ^ Алеся Лапіцкая, Наста Грышчук. 77 магчымасьцяў знаёмства // Літаратура і мастацтва. — 7 красавіка 2017. — № 14 (4917). — С. 6.
  50. ^ Жанна Капуста. Чакацьмем ураджаю // Літаратура і мастацтва. — 9 чэрвеня 2017. — № 23 (4926). — С. 6.
  51. ^ Курганы і пялёсткі // Беларусь сёньня : газэта. — 31 жніўня 2018. — № 25554. — ISSN 1991-2978.
  52. ^ Дар’я Сьмірнова. «Героі самі вядуць мяне» // Літаратура і мастацтва. — 20 верасьня 2019. — № 37 (5043). — С. 4.
  53. ^ Алена Кісель. Кніга-шматпавярхоўка // Маладосьць. — Чэрвень 2020. — № 6. — С. 98—99. — ISSN 1991-2978.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]