Перайсьці да зьместу

Бярозаўка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бярозаўка
лац. Biarozaŭka
Герб Бярозаўкі Сьцяг Бярозаўкі
Першыя згадкі: 19 стагодзьдзе
Горад з: 1990
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гарадзенская
Раён: Лідзкі
Вышыня: 126 м н. у. м.
Насельніцтва: 10 311 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1561
Паштовы індэкс: 231306
СААТА: 4236506000
Нумарны знак: 4
Геаграфічныя каардынаты: 53°43′0″ пн. ш. 25°30′0″ у. д. / 53.71667° пн. ш. 25.5° у. д. / 53.71667; 25.5Каардынаты: 53°43′0″ пн. ш. 25°30′0″ у. д. / 53.71667° пн. ш. 25.5° у. д. / 53.71667; 25.5
Бярозаўка на мапе Беларусі ±
Бярозаўка
Бярозаўка
Бярозаўка
Бярозаўка
Бярозаўка
Бярозаўка
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Бяро́заўка — места ў Беларусі, на левым беразе ракі Нёмана (за 1,5 км ад яе). Уваходзіць у склад Лідзкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 10 311 чалавек[1]. Знаходзіцца за 27 км на паўднёвы ўсход ад Ліды, за 7 км ад чыгуначнай станцыі Нёман, на аўтамабільнай дарозе Ліда — Наваградак.

Бярозаўка ўзьнікла ў канцы XIX стагодзьдзя на месцы некалькіх гутаў, першая зь якіх ўтварылася ў 1875 годзе. У 1883 годзе мясцовы шляхціч Зянон Ленскі зьвярнуўся да ўладаў з просьбай адчыніць гуту. У канцы 1884 году зямяніну выдалі дазвол на будаваньне ў ягоным маёнтку Заенчыцах (дзялянку вылучылі ў лесе каля хутару Старой Гуты, пры ўтоку ў Нёман рэчкі Чорнай). Першую прадукцыю завод вырабіў у 1885 годзе. У 1891 годзе арандатарамі гуты сталі Вільгельм Краеўскі і Юліюс Столе — дасьведчаныя тэхнолягі і арганізатыры шкляной вытворчасьці. Ужо ў 1892 годзе яны правялі першыя ўдалыя варкі крыштальнага шкла. У 1894 годзе В. Краеўскі і Ю. Столе пачалі будаваць уласны завод за 4 км ад арэндаванага, у 1896 годзе атрымалі тут першую прадукцыю. З таго часу завод Ленскага пачалі называць «Нёман-А» ці «Старая гута», а новы — «Нёман-Б» ці «Новая гута». На кожным з заводаў у 1897 годзе працавала больш за 100 чалавек. У 1898 годзе за 3 км ад ракі Нёман ва ўрочышчы Бярозаўцы А. Квяцінскі збудаваў яшчэ адзін завод, які неўзабаве ў 1900 годзе перайшоў да Краеўскага і Столе. У 1902 годзе апошнія закрылі «Старую гуту», а яе назву «Нёман-А» прысвоілі заводу ў Бярозаўцы, які стаў галоўным. У наш час на месцы «Старой гуты» захавалася толькі вялікая колькасьць шклобою і вогнетрывалага лому ад збураных печаў ды асобныя кусты бэзу, парэчак і агрэсту. А вакол дзейнага заводу вырасла места Бярозаўка.

У Першую сусьветную вайну Бярозаўку занялі нямецкія войскі. 25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бярозаўка абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[2]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году вёска апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Лідзкім павеце Наваградзкага ваяводзтва.

У 1939 годзе Бярозаўка ўвайшла ў БССР, з 15 студзеня 1940 году ў Наваградзкім раёне. 12 кастрычніка 1940 году яна стала цэнтрам сельсавету. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да 9 ліпеня 1944 году вёска знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

15 траўня 1959 году Бярозаўка атрымала афіцыйны статус працоўнага пасёлку Наваградзкага, з 1962 году — Лідзкага раёну. 24 чэрвеня 1968 году паселішча атрымала афіцыйны статус гарадзкога пасёлку. У 1990 годзе Бярозаўка атрымала статус места.

  • XX стагодзьдзе: 1969 год — 5,1 тыс. чал.; 1991 год — 11,8 тыс. чал.[3]; 1996 год — 12,8 тыс. чал.[4]; 1999 год — 12 156 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 12 тыс. чал.; 2006 год — 11,8 тыс. чал.[5]; 2009 год — 10 835 чал.[6] (перапіс); 2015 год — 10 533 чал.[7]; 2016 год — 10 478 чал.[8]; 2017 год — 10 393 чал.[9]; 2018 год — 10 311 чал.[1]

У Бярозаўцы працуюць дашкольныя ўстановы, сярэднія школы, лякарня, бібліятэка, дом культуры. У 1990—2000-я гады ў месьце збудавалі Касьцёл Спасланьня Сьвятога Духа.

Найбуйнейшае прадпрыемства — завод «Нёман». Гута выпускае посуд, вазы, дэкаратыўна-мастацкія вырабы. Частка вырабаў экспартуецца за мяжу. Таксама працуюць хлебазавод, прадпрыемствы сацыяльна-побытавага абслугоўваньня.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічае музэй Бярозаўскай гуты, дзе турысты могуць пабачыць разнастайную прадукцыю прадпрыемства, а таксама музэі гісторыі Бярозаўкі і «Сялянская хатка» ў 3-й школе. Спыніцца можна ў гатэлі шклозаводу.

  • Заводзкі будынак гуты (1925)
  • Сядзібна-паркавы комплекс Стольлеў «Новы Дворык» (пач. XX стагодзьдзя)

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Касьцёл (1924—1932; зьнішчаны савецкімі ўладамі ў 1954 годзе)
  • Сядзібна-паркавы комплекс Стольлеў «Белы Дворык» (1930-я)
  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  3. ^ Несцярэнка А. Бярозаўка // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 171.
  4. ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 410.
  5. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  6. ^ Перепись населения — 2009. Гродненская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  7. ^ Статистический бюллетень «Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа»
  8. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  9. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бярозаўкасховішча мультымэдыйных матэрыялаў