Перайсьці да зьместу

Босьнія і Герцагавіна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Босьнія і Герцагавіна
Bosna i Hercegovina
Босна и Херцеговина
Сьцяг Босьніі і Герцагавіны Герб Босьніі і Герцагавіны
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн: «Intermeco»
Месцазнаходжаньне Босьніі і Герцагавіны
Афіцыйная мова Басьнійская, харвацкая, сэрбская
Сталіца Сараева
Найбуйнейшы горад Сараева
Форма кіраваньня
Старшыня прэзыдэнтаў
Сябры прэзыдэнта

Прэм’ер-міністар
фэдэратыўная парлямэнцкая рэспубліка
Сэфік Джафэравіч (ад басьнійцаў)
  • Жэлька Косьміч (ад харватаў)
  • Міларад Додзік
Зоран Тэгельція[1]
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
127-е месца ў сьвеце
51 129[2] км²
нязначны
Насельніцтва
 • агульнае (2013)
 • шчыльнасьць
130-е месца ў сьвеце
3 791 622[3]
90,2/км²
Канфэсійны склад мусульмане (44%),
сэрбскія праваслаўныя (31%),
каталікі (17%)[4]
Пісьменнасьць 86%[4]
СУП
 • агульны (2017)
 • на душу насельніцтва
113-е месца ў сьвеце
$ 44,83 млрд
$ 12 800
Валюта Канвэртаваная марка (BAM)
Часавы пас
 • улетку
CET (UTC+1)
СEST (UTC+2)
Незалежнасьць
ад Югаславіі

5 красавіка 1992
Аўтамабільны знак BIH
Дамэн верхняга ўзроўню .ba
Тэлефонны код +387
Мапа Босьніі і Герцагавіны
Мапа Босьніі і Герцагавіны

Бо́сьнія і Герцагаві́на (БіГ, па-сэрбску: Босна и Херцеговина/Bosna i Hercegovina, па-басьнійску: Bosna i Hercegovina, скарочана BiH) — краіна на паўднёвым усходзе Эўропы, у заходняй частцы Балканскай паўвыспы. Босьнія і Герцагавіна мае агульныя межы з Сэрбіяй (345 км), Чарнагорыяй (242 км) і Харватыяй (932 км). Краіна дэцэнтралізаваная і адміністрацыйна падзеленая на дзьве часткі — Фэдэрацыя Босьніі і Герцагавіны і Рэспубліка Сэрбская. Босьнія ды Герцагавіна — гэта толькі гістарычна-геаграфічныя рэгіёны, якія сёньня ня маюць палітычнага статусу. Да 1992 году Босьнія і Герцагавіна была адной з шасьці фэдэральных адзінак Югаславіі. Рэспубліка набыла незалежнасьць пасьля войнаў у Югаславіі 1990-х гадоў у выніку Дэйтанскіх пагадненьняў 1995 году. Фактычна дзяржава сёньня зьяўляецца пратэктаратам міжнароднай супольнасьці. Зяўляецца сябрам Рады Эўропы.

Назва краіны паходзіць ад назвы ракі Босьнія на поўначы. Слова «Герцагавіна» ўтворанае ад нямецкага «герцаг» + «-авіна» (зямля).

Тэрыторыі сучаснай Босьніі і Герцагавіны былі заселеныя ілірыйцамі, а ў 9 годзе новай эры ўвайшлі ў склад Рымскай імпэрыі. У 395 годзе тэрыторыя сучаснай Босьніі і Герцагавіны адышла да Заходняй Рымскай імпэрыі. На пэўны час тэрыторыю заваявалі остготы. У 536 адышла да Бізантыі. У 6 стагодзьдзі на гэтых тэрыторыях зьявіліся славяне[5][6]. У 9 стагодзьдзі землі Босьніі належалі Харвацкаму і Сэрбскаму каралеўствам. У 11 стагодзьдзі тэрыторыя сучаснай Босьніі перайшла да Вугоршчыны. У 12 стагодзьдзі, нягледзячы на тэрытарыяльныя прэтэнзіі суседніх дзяржаваў, было створанае самастойнае Басьнійскае княства, якое заставалася незалежным да 1463 году, калі трапіла пад уладу Асманскай імпэрыі. Зьнік і княскі род Катраманічаў, які валадарыў у Босьніі тры стагодзьдзі.

Падчас турэцкай улады шмат басьнійцаў зракліся хрысьціянства і прынялі іслам.

Туркі валодалі Босьніяй да 1878 году, калі пасьля процітурэцкага паўстаньня, паводле пастановы Бэрлінскага кангрэсу, быў усталяваны пратэктарат Аўстра-Вугоршчыны. Пратэктарат скончыўся анэксіяй Босьніі і Герцагавіны ў 1908 годзе.

28 чэрвеня 1914 году ў Сараеве чальцом рэвалюцыйнай арганізацыі Млада Босна быў ажыцьцёўлены замах на нашчадка аўстравугорскай кароны Франца Фэрдынанда. З гэтай падзеі пачалася Першая сусьветная вайна. Пасьля заканчэньня вайны Босьнія і Герцагавіна ўвайшла ў склад Каралеўства сэрбаў, харватаў і славенцаў1929 году называлася Каралеўства Югаславія). Падчас Другой сусьветнай вайны была ў складзе Незалежнай Дзяржавы Харватыі, а потым перайшла да Сацыялістычнай Югаславіі (СФРЮ). Ад 1943 году 25 лістапада сьвяткуецца як Нацыянальны дзень Босьніі ды Герцагавіны (толькі ў Фэдэрацыі Босьніі і Герцагавіны). У Рэспубліцы Сэрбскай сьвяткуецца дзень перамогі 9 мая. Да 1991 года Босьнія і Герцагавіна была досыць разьвітой часткай былой Югаславіі.

Сувэрэнітэт Босьніі і Герцагавіны быў абвешчаны ў кастрычніку 1991 году[5][7]. 29 лютага і 1 сакавіка 1992 году быў праведзены рэфэрэндум па пытаньні выхаду зь Югаславіі. Падчас рэфэрэндуму большасьць насельніцтва — басьнійцы і харваты — выказаліся за незалежнасьць краіны, якая была абвешчаная 3 сакавіка 1992 году. 1 сакавіка абвешчаны днём незалежнасьці Босьніі і Герцагавіны (дзень рэфэрэндуму). 6 красавіка краіны Эўропы і ЗША прызналі незалежнасьць Босьніі і Герцагавіны. Басьнійскія сэрбы аб’явілі байкот рэфэрэндуму і 7 красавіка 1992 году заявілі пра стварэньне ўласнай рэспублікі пры падтрымцы суседніх Сэрбіі і Чарнагорыі. Палітычны канфлікт перарос ва ўзброеныя сутыкненьні і этнічныя чысткі (1992—1995), ахвярамі якіх сталася шмат жыхароў Босьніі і Герцагавіны. Паводле розных падлікаў ад двух[8] да трох[5] мільёнаў жыхароў Босьніі сталі бежанцамі. ААН накіравала ў Босьнію міратворчыя сілы. Праз 42 месяцы пад ціскам ЗША ў Дэйтане (штат Агаё) было заключана пагадненьне, паводле якога Босьнія і Герцагавіна падзяляецца на дзьве часткі: басьнійска-харвацкую Фэдэрацыю Босьніі і Герцагавіны (51% тэрыторыі) і Рэспубліку Сэрбскую (49%). 21 лістапада сьвяткуецца ў Рэспубліцы Сэрбскай як дзень Дэйтанскіх пагадненьняў. 14 сьнежня 1995 году ў Парыжы падпісаная мірная дамова. Часткай дэйтанскіх пагадненьняў зьяўляецца канстытуцыя Босьніі і Герцагавіны, якая прадугледжвала стварэньне плюралістычнага грамадзтва. Зараз Фэдэрацыя Босьніі і Герцагавіны і Рэспубліка Сэрбская маюць асобныя канстытуцыі. Колькасьць міратворчага кантынгэнту НАТО першапачаткова складала 60 000 салдат. У 2004 годзе замест міратворцаў НАТО у Босьнію і Герцагавіну былі ўведзеныя 600 вайскоўцаў Эўразьвязу, якія працягваюць падтрымліваюць бясьпеку і займаюцца трэніроўкай. Па сёньняшні дзень у Босьніі і Герцагавіне застаюцца сьляды вайны — разбураная інфарструктура і мінныя палі ў сельскай мясцовасьці[9][7]. Першыя выбары пасьля вайны прайшлі 2 верасьня 1996 году. 10 лютага 1998 году былі прынятыя сучасныя сьцяг і герб.

Адміністрацыйны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Сіні колер — Фэдэрацыя Босьніі і Герцагавіны, чырвоным — Рэспубліка Сэрбская, жоўтым — акруга Брчка

Босьнія і Герцагавіна складаецца зь дзьвюх частак: Фэдэрацыя Босьніі і Герцагавіны і Рэспублікі Сэрбскай. На тэрыторыі абедзьвюх частак знаходзіцца акруга Брчка, якая знаходзіцца пад міжнародным кантролем.

У наш час у палітычным жыцьці Босьніі і Герцагавіны існуе пастаянная пагроза абвяшчэньня незалежнасьці Рэспублікі Сэрбскай ці яе аддзяленьня і далучэньня да Сэрбіі. Зь іншага боку басьнякі заўсёды помняць масавыя забойствы, якія адбываліся пад час грамадзянскай вайны ў імя «Вялікай Сэрбіі»[7] і пастаянна ўзьнікаюць спробы ліквідацыі такога падзела краіны.

12 кастрычніка 2008 году, у прамове Міраслава Лайчака (галоўнага міжнароднага прадстаўніка для Босьніі і Герцагавіны) у Сараеве, пасьля выбараў у мясцовыя органы кіраваньня, прагучала ўпэўненасьць, што Рэспубліка Сэрбская ня зьнікне, і ня будзе аддзеленая ад Босьніі і Герцагавіны.

Падзел Фэдэрацыі Босьніі і Герцагавіны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Падзел Фэдэрацыі Босьніі і Герцагавіны

Фэдэрацыя Босьніі і Герцагавіны дзеліцца на 10 кантонаў, якія, у сваю чаргу, дзеляцца на 74 раёны-абшчыны (па-басьнійску: općina):

  1. Уна-Сана
  2. Пасавіна
  3. Тузла
  4. Зэніца-Дабой
  5. Босьнія Падрынье
  6. Цэнтральная Босьнія
  7. Герцагавіна-Нерэтва
  8. Заходняя Герцагавіна
  9. Сараева (кантон)
  10. Заходняя Босьнія

Падзел Рэспублікі Сэрбскай

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Падзел Рэспублікі Сэрбскай

Рэспубліка Сэрбска дзеліцца на 7 рэгіёнаў, якія, у сваю чаргу, дзеляцца на 63 раёны:

  1. Банья Лука (рэгіён)
  2. Дабой
  3. Біельіна
  4. Власяніца
  5. Сараева-Раманья
  6. Фока
  7. Трэбінье

Тэрыторыя — 51 тыс. км². Сталіца — Сараева ( каля 345 тыс. чал. у 2018 годзе). Буйныя гарады — Тузла, Баня-Лука, Мостар, Зэніца. Босьнія і Герцагавіна разьмяшчаецца на тэрыторыі дзьвюх гістарычных абласьцей — Босьніі, якая займае даліну ракі Савы і яе прытокаў, і Герцагавіны, разьмешчанай крыху паўднёвей, у басэйне ракі Нерэтвы. Плошча Босьніі складае 42 тыс. км², Герцагавіны — 9,1 тыс. км²[10]. Сярэдняя вышыня тэрыторыі — 500 м. Найвышэйны пункт Босьніі і Герцагавіны — гара Маглыч (2386 м). На тэрыторыі Босьніі і Герцагавіны здараюцца разбуральныя землятрусы.

Клімат умерана-кантынэнтальны: цёплае лета і халодная зіма (600-800 мм ападкаў), у горных раёнах кароткае халаднаватае лета і працяглая лютая зіма (1500-2000 мм ападкаў). На марскім узьбярэжжы мяккая, дажджлівая зіма.

Босьнія і Герцагавіна мае пераходную эканоміку, рынкавыя рэформы носяць абмежаваны характар.

Банкаўскі сэктар кантралюецца замежнымі банкамі, пераважна аўстрыйскімі і італьянскімі, хоць найбольшы банк і зьяўляецца ўласна басьнійскім.

Асноўная валюта ў краіне — канвэртуемая марка (каля 0,51 эўра) — уведзеная ўлетку 1998 года. Да гэтага часу валюта мела назву дынар Босьніі і Герцагавіны. У населеных харватамі раёнах мае абарот харвацкая куна.

Самую значную ролю ў эканоміцы краіны граюць: лясная гаспадарка, горная гаспадарка ды энэргетыка. Таксама разьвітыя тэкстыльная прамысловасьць і вытворчасьць мэблі. Істотную падтрымку эканоміцы робіць замежная фінансавая дапамога. Моцная дэцэнтралізацыя ўлады перашкаджае каардынацыі дзеяньняў у палітыцы і правядзеньню рэформаў. Высокі ўзровень бюракратыі і раз'яднаны рынак стрымліваюць замежныя інвэстыцыі. Пасьля 2007 году яны рэзка паменшыліся і застаюцца на нізкім узроўні. Эканоміка Босьніі і Герцагавіны адна з самых неканкурэнтаздольных у рэгіёне.

Каля 42,2% тэрыторыі краіны выкарыстоўваецца ў мэтах сельскай гаспадаркі, у тым ліку 19,7% пад раллю, 2% тэрыторыі занята садамі, 20,5% — пашой. 42,8% тэрыторыі займаюць лясы (ацэнка 2011 году)[7]. На тэрыторыі Босьніі і Герцагавіны знаходзяцца радовішчы жалезнай руды (руднікі Вараш і Любія), каменнай солі, вугалю, цынкавай руды і волава, а таксама асбэсту. Транспарт слаба разьвіты, асноўным відам транспарту зьяўляецца чыгунка. Прыватны сэктар разьвіваецца марудна.

Вонкавы доўг Босьніі і Герцагавіны складаў $ 10,45 млрд у 2017 годзе (112-е месца ў сьвеце). Ад 2007 году Босьнія і Герцагавіна зьяўляецца сябрам Цэнтральнаэўрапейскага пагадненьня аб вольным гандлі[11]. Моладзевае беспрацоўе ацэньваецца ў 40-60% (першае месца ў сьвеце). Гэта зьяўляецца самай сур’ёзнай макраэканамічнай праблемай. Пасьпяховы ўвод падатку на дадатковую вартасьць у 2006 годзе прынёс ураду стабільны даход і дазволіў паменшыць шэры рынак. Але ўспрыманьне грамадзтвам карупцыі і немэтазгоднага выкарыстаньня грошай падаткаплацельшчыкаў падтрымлівае існаваньне вялікай ценявой эканомікі. Агульнанацыянальныя паказчыкі з цягам часу паляпшаюцца, але вялікая частка эканамічнай актыўнасьці застаецца неафіцыйнай і не кантралюецца.

Колькасьць насельніцтва складае 3,85 млн чалавек (ацэнка 2018 году). Штогадовае памяншэньне насельніцтва складала −0,17% (адзін з самых горшых паказчыкаў у сьвеце). Нараджальнасьць 8,7 на 1000 чалавек насельніцтва, сьмяротнасьць — 10,1 на 1000 чалавек. Гарадзкое насельніцтва складае 48,2%[7]. Найбольш шчыльна заселеныя паўночная і цэнтральная часткі краіны. Насельніцтва Босьніі і Герцагавіны складаюць галоўным чынам тры этнічныя групы: басьнійцы (48%), сэрбы (37,1%) і харваты (14,3%). Паводле веравызнаньня насельніцтва таксама падзяляецца на тры буйныя групы: мусульмане складаюць 44%, хрысьціяне Сэрбскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы — 31%, хрысьціяне-каталікі — 17%[4]. 14% насельніцтва вызнаюць іншыя рэлігіі. Тры народы звычайна характарызуюцца адпаведнымі веравызнаньнямі: басьніцы пераважна мусульмане, сэрбы — праваслаўныя, харваты — рыма-каталікі.

  1. ^ Новы прэм'ер-міністр назначаны ў Босніі і Герцагавіне // БелТА, 6 сьнежня 2019 г.
  2. ^ Bosnia News (анг.)
  3. ^ Перапіс насельніцтва 2013
  4. ^ а б в Die Welt. Atlas & Almanach. Freitag & Berndt, 1999. (ням.)
  5. ^ а б в Боснія і Герцагавіна // БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 220
  6. ^ History in Bosnia & Hercegovina. (анг.) Lonely Planet
  7. ^ а б в г д Europe :: Bosnia and Herzegovina(анг.) The World Factbook. Central Intelligence Agency
  8. ^ Bosnia and Herzegovina. (анг.) Britannica.com
  9. ^ Bosnia and Herzegovina Travel Guide and Travel Information. (анг.) World Travel Guide
  10. ^ Боснія і Герцагавіна // БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 219
  11. ^ The World Factbook(анг.) Central Intelligence Agency

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Босьнія і Герцагавінасховішча мультымэдыйных матэрыялаў