Перайсьці да зьместу

Харчовая соль

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Каменная соль»)
Соль
Крышталі солі пад павелічэньнем

Соль, кухе́нная соль, каме́нная соль (хлярыд натру, NaCl) — мінэрал, харчовы прадукт. Бясколерны, празрысты, можа мець розныя адценьні з-за прымесяў. У здробненым выглядзе ўяўляе сабой дробныя крышталі белага колеру.

На Беларусі прамысловыя паклады вядомы на Прыпяцкім прагіне. Распрацоўваецца Мазырскае радовішча ў Гомельскай вобласьці. Са здабытай сыравіны вырабляюць кухонную соль у Мазыры.

Соль жыцьцёва неабходная для чалавека: удзельнічае ў падтрыманьні водна-салявога балянсу ў арганізьме, натра-каліевага іённага абмену, зьяўляецца асноўным мэханізмам транспартацыі ў клетку пажыўных рэчываў і вываду прадуктаў жыцьцядзейнасьці. Недахоп натру (аднаго з кампанэнтаў хімічнай формулы солі) вядзе да абязводжаньня арганізму і ўтварэньня маршчынаў, іён хлёру зьяўляецца асноўным матэрыялам для выпрацоўкі важнага кампанэнту страўнікавага соку — салянай кіслаты. Сутачная норма ўжываньня солі — 5—6 г. Пры яе ўжываньні ў большай колькасьці ўзрастае рызыка гіпэртаніі, цяжкіх захворваньняў нырак, сардэчна-судзіннай сыстэмы.

Каменная соль выкарыстоўваецца ў харчовай, тэкстыльнай, фармацэўтычнай, хімічнай прамысловасьці, халадзільнай справе, вытворчасьці плястмасаў і інш.

Сярэдняе дзённае спажываньне солі бяз шкоды здароўю складае блізу 2 грамаў[1]. Ёдаваную соль лепей ужываць у салатах, бо пры тэрмічнай апрацоўцы зь яе выпарваецца ёд, які зьяўляецца адным са значных элемэнтаў для нармальнага росту і разьвіцьця чалавека. Яшчэ болей за павараную карысная марская соль, якая ўтрымлівае ў сваім складзе прымесі (каля 5%) іншых мінэралаў: магну, кальцу, калю і да т. п.

  1. ^ Людзі ядуць зашмат солі і паміраюць ад яе // Радыё «Свабода», 25 сакавіка 2013 г. Праверана 29 сакавіка 2013 г.
  • Вольга Кулінковіч. Соль у меру — добра // «Звязда» №7 (26871) 14 студзеня 2011