Перайсьці да зьместу

Вэнэды

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Старажытныя народы у пачатку эры на тэрыторыі Рэчы Паспалітай (мапа 1740 г.; упершыню выдадзеная ў 1655 г.), у тым ліку вэнэды — у межах этнічнай тэрыторыі беларусаў

Вэнэ́ды, таксама вэнэты, вэнды, вінды — найбольш старажытная зафіксаваная ў пісьмовых крыніцах назва славянаў. Сустракаецца ў працах Плініюса Старэйшага, Тацыта, Пталемэя ды іншых. Сучасныя дасьледнікі адзначаюць складанасьць гэтай назвы ў гістарычным аспэкце[1].

Назва вэнэды ўзыходзіць да індаэўрапейскай моўнай агульнасьці. У гістарычных крыніцах сустракаецца ў формах Venety, Vinety, Venedy, Venty, Henety, Anty, Vannes, Winitha, Winetes ды іншых, якія хутчэй за ўсё маю повязь з словам «вада» (праслав. venda) — 'водныя людзі'[2].

Празь землі вэнэдаў з Балтыйскага мора ракой Віслай і Карпацкім перавалам у Рымскую імпэрыю прыходзіў Бурштынавы шлях. Вэнэды адыгрывалі важную ролю ў асваеньні гэтага шляху, таму рымляне пашырылі назву вэнэды на ўсе тыя народы, якія насялялі басэйн Віслы. У Заходняй Эўропе назва вэнэды за славянамі захавалася ад Рымскай імпэрыі да позьняга сярэднявечча (напрыклад, Вэнэдзкія горы, Вэнэдзкая затока у Балтыйскім моры, Паўночныя Вэнэды на берагох Балтыйскага мора ды іншыя).

У XIII ст. прускі храніст Хрысьціян сьведчыў: «калісьці звалася Вэнэдыяй, а цяпер гэта Літва, адсюль і назва Вэнэдзкай затокі»[3] (лац. «Wenedia olim, nunc Lithphania, hinc sinus Venedicus dicitur»)[4]. Нямецкі гуманіст XVI ст. Філіп Мэлянхтон разумеў пад вэнэдамі ўсе тыя народы, якія карысталіся славянскай мовай, а дакладней, якія «гутараць на польскай мове». Але тут жа ўдакладняў, што вэнэды мелі агульную мову, якая магла адрозьнівацца асаблівасьцямі маўленьня ў залежнасьці ад мясьцінаў, дзе яны расьсяліліся. У пераліку краінаў, дзе жылі вэнэды, ён вылучыў Русь, Літву і Польшчу[5].

Нямецкі дыплямат Жыгімонт Гербэрштайн у XVI стагодзьдзі адзначаў, што народ, які размаўляў на славянскай мове, немцы за Лабай называлі «вэндамі» і «віндамі» (Wenden, Winden)[6]. Там жа існавалі землі Вэнэдыя і Славія, жыхарамі якіх былі вільцы-люцічы[7].

Нямецкі навуковец Герман Фаброніюс(de) у сваёй этнаграфічнай працы 1614 году («Newe Summarische Welt-Historia…») зазначаў: «Мова ў іх, у палякаў і ліцьвінаў — вэндзкая, у русінаў таксама, а ў прусаў нямецкая каля мора, усярэдзіне краіны — вэндзкая. У Лівоніі, аднак, маюць часткова нямецкую, часткова асаблівую мову, але зь некаторымі словамі вэндзкага паходжаньня, як то „нябёсы“ называюцца па-славянску nebesih, па-польску niebiessich, па-лівонску debbessis[a]… „Імя“ называецца па-вэндзку або па-славянску imi, па-польску imie… але па-лівонску waarz[b]. „Дзяржава“ называецца па-вэндзку Krailestuo, па-польску Krolestuvo, па-лівонску Walstibe[c]… „Хлеб“ называе лівонец Mayse[d]… паляк і багемец — Chlieba»[8].

Лічыцца, што назва ўсходнеславянскага племя вяцічаў мае повязь з вэнэдамі. Паводле адной з вэрсіяў, места Вэндэн заснавалі вэнэды, якія раней жылі ў зямлі куршаў[9]. У сучаснай фінскай мове сугучную з вэнэдамі назву (Venaja) маюць расейцы.

Гістарычныя крыніцы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вэнэды ў 125 годзе

Рымскі консул, гісторык Публіюс Карнэліюс Тацыт (58—117 гады) пісаў, што вэнэды «перанялі шмат з нораваў германцаў», падобна «будуюць сабе дамы, носяць шчыты і падарожнічаюць пешшу». Ён разьмяшчаў вэнэдаў паміж пеўкінамі (востраў Пеўкі ў вусьці Дунаю) і фенамі (продкі паўночнага народа саамаў)[10].

Гоцкі гісторык і царкоўны дзяяч Ярдан (першая палова VI ст.) у кнізе «Аб паходжаньні і дзеях готаў» зьмяшчаў вэнэдаў ня на тэрыторыі Беларусі, а на тэрыторыі сучаснай Польшчы, у раёне Кракава. Вэнэдаў нібыта перамог у IV ст. гоцкі кароль Германарых[11].

На думку польскага гісторыка і археоляга В. Генсаля, народ пад назвай вэнэці ў 1400 да н. э. засяляў паўночную Францыю, у 1200 да н. э. — Адрыятычнае ўзьбярэжжа паўночнай Італіі. Каля 1000 гадоў да н. э. народ пад назвай енатоі фіксуецца старажытнымі гісторыкамі ў Малой Азіі, у VI ст. да н. э. — на берагох Чорнага мора і ў басэйне ніжняй Віслы. Паводле зьвестак старажытнагрэцкага гісторыка Скалака Карыяндзкага, (в)энэты адрыятычныя — ілірыйскага паходжаньня або блізкія да кельтаў. У сярэдзіне I тысячагодзьдзя да н. э. да прыходу кельтаў у паўночную Італію яны займалі тэрыторыю Адрыятычнага ўзьбярэжжа паміж рэкамі По і Ізонца да Альпаў.

Паводле зьвестак старажытнагрэцкага гісторыка Палібіюса (III—II ст. да н. э.), які жыў у Рымскай імпэрыі і добра ведаў народы, што лякалізаваліся на тэрыторыі сучаснай Італіі, вэнэды ўжо ў канцы II тысячагодзьдзя да н. э. насялялі землі на поўнач ад Пічэны (Адрыятычнае ўзьбярэжжа). Адзеньнем і звычаямі яны не адрозьніваліся ад кельтаў, але размаўлялі на асаблівай мове (захавалася 200 кароткіх запісаў іх мовы).

Паводле высноваў расейскага гісторыка Аляксандра Неміроўскага, паганскае славянскае сьвята Купальле мае свае карані ў Купавоне — вобразе чалавека-лебедзя, створаным рымскім паэтам I т. да н. э. Вэргіліюсам[6].

Швэдзкі гісторык Ёган Тунман(en) у сваёй працы «Дасьледаваньні старажытнай гісторыі некаторых паўночных народаў» (Бэрлін, 1772 год) зазначаў наконт паходжаньня «лецкіх народаў» (летувісаў і латышоў), што паўднёва-заходняя Русь, Літва, большая частка Прусіі і Польшчы былі пачатковым месцам пражываньня славянаў або вэнэдаў і што «леты», якія насяляюць частку гэтых краін — гэта «не асобны народ, не старажытная нацыя, а славяне, зьмяшаныя зь фінамі і готамі»[e][12].

Археалягічна немагчыма зьвязаць адпаведныя рэчавыя комплексы з прыведзенымі пісьмовымі зьвесткамі. На ўсіх названых тэрыторыях у шырокім храналягічным дыяпазоне, напрыклад, у жалезным веку, вылучаюцца розныя археалягічныя культуры, якія ня маюць паміж сабой тыпалягічнх і храналягічных зьвязкаў. У польскай археалягічнай навуцы зь вэнэдамі звычайна зьвязваюць пшэворскую культуру. З вэнэдамі можа мець повязь таксама зарубінецкая культура і шэраг культураў у Заходняй Эўропе[13].

  1. ^ лет. debesis — воблака
  2. ^ лет. vardas — імя
  3. ^ лет. valstybė — дзяржава
  4. ^ лат. maize — хлеб
  5. ^ ням. «Die erste betrift den Ursprung der alten Preußen und übrigen Lettischen Völker. Das südwestliche Rußland, Litauen, und der größte Theil von Preußen und Polen, ist der ursprüngliche Wohnsitz der Slawe oder Wenden gewesen. Die Letten, welche jetzt ein Stück von diesen Ländern bewohnen, sind kein eigenes Volk, keine alte Nation, sondern Slawen, vermischt mit Finnen und Gothen»
  1. ^ Побаль Л. Венеды // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 244—245.
  2. ^ Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы. — Менск, 2014. С. 70.
  3. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 6.
  4. ^ Voigt J. Geschichte Preussens, von den ältesten Zeiten bis zum Untergange der Herrschaft des deutschen Ordens. Band 1. — Königsberg, 1827. S. 621.
  5. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 19—20.
  6. ^ а б Побаль Л. Венеды // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 244.
  7. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 70.
  8. ^ Fabronius H. Newe Summarische Welt-Historia vnd Beschreibung aller Keyserthum, Königreiche, Fürstenthumb, vnd Völcker heutiges Tages auff Erden. — Ketzel, 1614. S. 396.
  9. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 29.
  10. ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 28—29.
  11. ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 29.
  12. ^ Thunmanns M. J. Untersuchungen über die alte Geschichte einiger Nordischen Völker. — Berlin, 1772. S. V.
  13. ^ Побаль Л. Венеды // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 245.